Урокі Курапатаў

№ 9 (1292) 04.03.2017 - 10.03.2017 г

Сітуацыя вакол будаўніцтва офіснага цэнтра непадалёк ад урочышча, чыя назва стала сімвалам сваёй эпохі, яўна перавысіла ўсе магчымыя чаканні. Лакальны, здавалася б, эпізод (інвестар атрымаў зямлю пад забудову на ўскрайку ахоўнай зоны, заступіўшы на яе літаральна адной нагой) набыў папраўдзе агульнаграмадскі рэзананс. Не будзем пакуль прагназаваць, чым яно ўсё скончыцца, але хочацца верыць, што гэты прыкры канфлікт займее, прынамсі, адзіны плён: ён паслужыць урокам на будучыню. Прычым не толькі для інвестараў.

/i/content/pi/cult/627/13927/4-111.JPG

Крыжы ў Курапатах. / Фота Ільі СВІРЫНА

Дыялог удзельнікаў канфлікту да пары да часу нагадваў размовы сляпога з глухім. Адзін бок казаў пра “звычайную гаспадарчую дзейнасць”, другі — пра “будоўлю на касцях”… Апошняе спецыялісты лічаць не болей чым спрэчнай метафарай: верагоднасць парушыць каўшом бульдозера спакой памерлых у дадзеным выпадку падаецца мізэрнай, бо той лапік паміж ускраінай гарадской забудовы ды МКАД ужо капаны-перакапаны. Да ўсяго, як сведчаць старыя карты, да вайны там былі вясковыя гароды…

Ці можна назваць гэтае новае будаўніцтва “знішчэннем Курапатаў”, “знявагай памяці продкаў” і сотнямі іншых пафасных выразаў, на якія ўжо расстараліся шматлікія публіцысты? Нагадаю, офісны цэнтр меўся паўстаць не на тэрыторыі самога ўрочышча і нават не ўсутыч да яго, а насупраць — па сутнасці, ва ўжо сфармаваным раней урбаністычным атачэнні.

Узнёслыя словы ўзбуджаюць пачуцці і матывуюць да дзеяння. Але, падазраю, тут варта казаць хіба пра будаўніцтва, якое мае пад сабой даволі плыткі юрыдычны падмурак. Зрэшты, ужо толькі гэта можа разглядацца як належная нагода для грамадскага абурэння. А калі ўлічыць, што пытанне, ці спрыяльным будзе для некропаля суседства з бізнес-цэнтрам, і наогул падаецца рытарычным…

Што папраўдзе здзіўляе, дык гэта бадай паталагічная цікавасць інвестараў да ваколіцаў Курапатаў — пагатоў, у ваколіцах Мінскай кальцавой аўтадарогі можна ўбачыць мноства іншых не засвоеных пакуль пляцовак, без усялякіх моцных канатацый. Здавалася б, першы ўрок ужо быў атрыманы. Загарадны комплекс, вядомы ў народзе пад кодавай назвай “Бульбаш-хол”, дасюль так і не распачаў сваю працу — нават пры тым, што з юрыдычнага пункту гледжання ён, нібыта, легітымізаваны. Цяжка сказаць, што стала таму прычынай: ці то проста крызіс, ці то адпаведны іміджавы шлейф, ад якога аб’екту ніколі ўжо не пазбыцца, ці то само яго размяшчэнне — амаль на ростанях дзвюх магістраляў са звышнасычаным трафікам.

І можна сабе толькі ўявіць, што здарылася б у тым выпадку, каб амаль усутыч з некропалем усё ж распачалося будаўніцтва вялізнага выставачнага комплексу. А такія планы, як вядома, былі, і замарожаны яны, трэба меркаваць, выключна праз эканамічныя, а не ідэалагічныя прычыны. Цяпер, хочацца верыць, замарожаны ўжо назаўсёды…

Відавочна, у дэталёвым планаванні гэтых тэрыторый неабходна ісці ад вялікага да малога, беручы за кутні камень сам помнік спадчыны — месца смутку агульнанацыянальнага значэння. А далей ужо вызначаць, якое атачэнне яму пасуе.

З іншага боку, няцяжка заўважыць яшчэ адну дзіўную акалічнасць. Датычныя Курапатаў гучныя інфармацыйныя нагоды апошніх гадоў звязаныя найперш з тым, што робіцца менавіта ў ваколіцах некропаля. Куды радзей мы чуем пра тое, што адбываецца непасрэдна на яго тэрыторыі. Напрыклад, пра талаку энтузіястаў, якія вырашылі прыбраць лес ад смецця. Дзіўна і тое, што гэтая справа дасюль застаецца прэрагатывай адных энтузіястаў — і, зразумела ж, сістэмнага характару так і не набыла.

Шматлікія размовы пра стварэнне нацыянальнага мемарыяла застаюцца размовамі вось ужо без малога тры дзесяцігоддзі. Натуральна, вызначэнне архітэктурнага аблічча гэтага месца памяці патрабуе немалых сродкаў ды ўдзелу ладнай кагорты прафесіяналаў. Без дзяржавы тут цяжка будзе абысціся. Але пастаянныя захады па добраўпарадкаванні, а таксама і забеспячэнне сякой-такой аховы парадку — гэта, напэўна, пад сілу і добра арганізаваным энтузіястам, асабліва пры належным спрыянні ўладаў таго раёна, на тэрыторыі якога знаходзіцца гісторыка-культурная каштоўнасць.

Пра шашлыкі ў Курапатах напісана ўжо неаднаразова. Але варта задацца пытаннем: ці ўсё было зроблена, каб у ахвотнікаў іх адведаць кавалак устаў упоперак горла? Ды наўрад ці: нават жыхары бліжэйшых шматпавярховак не заўсёды могуць уцямна патлумачыць, што ж гэта такое за месца. Прыкра, што ў цяперашнім даволі агрэсіўным урбаністычным атачэнні той страшны гай дасюль выглядае нейкай невыразнай паводле свайго сэнсавага пасылу плямай. У адваротным выпадку, інвестар, пэўна, і сам сто разоў бы падумаў, ці варта яму мець такое суседства.

Парадаксальным чынам, інвестыцыйны праект на плошчы ўсяго ў 0,32 га ўзбудзіў глабальную праблему: грамадскае ўспрыняцце саміх Курапатаў. Здавалася б, на гэты конт ужо сказана ўсё, што толькі можна сказаць, даўно выпрацавана і афіцыйная пазіцыя, а спробы яе рэвізіі пацярпелі поўнае фіяска. Але публіцысты ўсё адно амаль слова ў слова паўтараюць пафасныя выразы сваіх папярэднікаў амаль трыццацігадовай даўніны. І здзіўляцца гэтаму не выпадае: шашлыкі ж па-ранейшаму смажаць…

Але ўсё ж згаданы інвестпраект мае шанец увайсці ў гісторыю. Парадаксальным чынам ён можа выступіць у ролі свайго кшталту “трыгера”, які зрушыць з месца даўно застаялы воз. У найбуйнейшых дзяржаўных СМІ зноў вядзецца гутарка пра стварэнне мемарыяла, грамадскія актывісты распачалі на краўдфандынг-платформе збор сродкаў на ўсталяванне па перыметры ўрочышча 120 металічных крыжоў… І вельмі хочацца верыць, што гэты рух не счэзне сам па сабе, як гэта нярэдка бывае — да наступнага скандальнага інвестпраекта. А Курапаты паступова і планамерна пачнуць набываць іншы статус — не “сякеры пад лавай”, якую пры нагодзе можна выкарыстаць для ўзбуджэння эмоцый, але месца памяці пра тыя жахлівыя падзеі, якія не выкрасліць з нашай гісторыі.

 

***

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на сваім афіцыйным сайце размясціла інфармацыю ў дачыненні да ўчастка па вуліцы Мірашнічэнка, 49 у горадзе Мiнску.

Участак, які прылягае да дома па вуліцы Мірашнічэнка, 49 у горадзе Мінску, размешчаны за межамі тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці “Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты Мінскага раёна Мінскай вобласці” і зон яе аховы. Дзеючы да ўступлення ў сілу названага тэхнічнага нарматыўнага прававога акта праект зон аховы названай гісторыка-культурнай каштоўнасці, зацверджаны пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 12 мая 2004 года № 15, прадугледжваў зацвярджэнне схемы зон аховы на перыяд да распрацоўкі горадабудаўнічага праекта ўчастка стадыі Дэталёвы план.

У сувязі з праектаваннем аб’екта “Горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання тэрыторыі ў межах: МКАД — мясцовы праезд — а/в Калодзішчы — Заслаўе — мяжа мемарыяла “Курапаты” (распрацоўшчык УП “Мінскграда”) выкананы навукова-даследчыя работы па вывучэнні ўмоў фарміравання тэрыторыі, натурныя даследаванні, вывучаны матэрыялы гісторыка-архіўных, бібліяграфічных і археалагічных даследаванняў, на падставе якіх ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку зроблена карэкціроўка межаў зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Прапанова па ўсталяванні зон аховы ў складзе горадабудаўнічага праекта разгледжана на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Межы ахоўнай зоны ўстаноўлены з усходняга боку гісторыка-культурнай каштоўнасці, у мэтах забеспячэння захаванасці ўчастка, на якім у адпаведнасці з выяўленымі звесткамі, існавала дарога. На ўчастку з паўднёва-ўсходняга боку ад помніка гісторыі (на ўчастку ад існуючага будынка па вуліцы Мірашнічэнка, 49 да МКАД) паводле матэрыялаў гісторыка-архіўнага плана праходзіла лінія ЛЭП (у цяперашні час адсутнічае), размяшчалася спартыўная пляцоўка, наяўнасць значных у гісторыка-культурным плане аб’ектаў на гэтым участку не выяўлена.

Названыя аб’екты, уключаючы выкананыя працы па прыладзе МКАД, мелі значнае ўздзеянне на земляны пласт, падчас якіх праведзенымі археалагічнымі даследаваннямі не было выяўлена чалавечых парэшткаў.

Атрыманыя звесткі дазволілі распрацоўнікам падрыхтаваць навукова абгрунтаванае рашэнне аб усталяванні межаў ахоўнай зоны з паўднёва-ўсходу па краі ляснога масіву, што адпавядае методыцы прывязкі межаў зон аховы да ўстойлівых аб’ектаў, забяспечваючы магчымасць іх выяўлення на мясцовасці.

Аўтар: Ілья СВІРЫН
аглядальнік газеты "Культура"