Рэальнасць і лабірынт

№ 8 (1291) 25.02.2017 - 02.03.2017 г

Фільм “Сляды на вадзе” створаны да юбілею беларускай міліцыі і задумваўся як гераічная сага. Гэтая акалічнасць была вызначальнай пры выбары сюжэта і пабудове вобразнага ладу.

/i/content/pi/cult/626/13924/2-3.jpgДзея адбываецца ў заходняй частцы Беларусі непасрэдна пасля заканчэння вайны. Як вядома, вайна людзей лепшымі не робіць. Хістанне на мяжы жыцця і смерці не спрыяе маральнасці і сумленнасці, а звычка вырашаць усе праблемы, што ўзнікаюць, праз гвалт не сыходзіць з надыходам мірных дзён. Ёсць нават тэрмін такі — ваенны (ці пасляваенны) сіндром. А пасляваенны бандытызм крыміналісты вылучаюць як асобную з’яву злачыннага шэрагу. Праваахоўнікам ва ўмовах такому экстрыму даводзіцца несалодка. Каб прымусіць людзей вярнуцца ў прававое поле, навучыць зноў паважыць закон і трымацца маральных норм, яны мусяць ісці, як прынята казаць, на непапулярныя меры, скарыстоўваць гвалт супраць гвалту. Бо на добры лад не атрымліваецца. І хоць праваахоўнікі рэальна рызыкуюць атрымаць кулю ў адказ, яны не маюць ні маральнага, ні юрыдычнага права выходзіць за межы законнасці і сумлення. Сітуацыі не пазайздросціш. Пра гэта, уласна кажучы, і распавядае фільм.

Заходнебеларускае мястэчка паблізу з польскай мяжой. Жыхароў тэрарызуе банда, што хаваецца ў навакольных лясах. Узброеныя асобы займаюцца рабаваннем і забойствамі, але фактычна ваююць супраць сацыяльнага ладу, што ўсталяваны на вызваленай землі, забіваюць прадстаўнікоў улады і тых, хто ўладу падтрымлівае. І вось тут першая сэнсавая нестыкоўка. Бандытызм можа быць спантанным, а вось тэрор, тым больш скіраваны супраць уладных структур, заўжды мае палітычную матывацыю. З фільма ж незразумела, чаму тэрарысты ненавідзяць чырвоны сцяг і пяцікутную зорку. Бандыты ў фільме выглядаюць гэткімі бармалеямі з дзіцячай казкі, якія рабуюць і забіваюць з прычыны прыроднай зласлівасці і кепскага выхавання. Аўтары фільма абмінаюць прынамсі палітычную прыналежнасць гэтых персанажаў. А лютавалі ў Беларусі падпольныя акупанты, інакш іх не назавеш, палілі беларускія вёскі і разбуралі храмы, фактычна тварылі генацыд у спадзяванні, што вайна ўсё спіша. А там, глядзіш, складуцца іншыя палітычныя ўмовы для перадзелу тэрыторый. Калі гэтага не ведаць, дык падзеі на экране не надта зразумелыя. Аўтарам жа даводзіцца нагрувашчваць неверагоднасць на недамоўленасць, каб неяк выруліць з лабірынта няўцямнасці. У выніку пры някепскай рабоце акцёраў, вельмі ўдалых асобных сцэнах, пры дакладным узнаўленні атмасферы пасляваеннай заходнебеларускай глыбінкі нават рэальны гераізм міліцыянераў у фільме глядзіцца не вельмі пераканаўча, бо подзвігі здзяйсняюцца ў варунках, якім не даеш веры.

Ды і персанажы дзеі падаюцца не ўзятымі з жыцця, а запазычанымі ў іншых фільмах. Так, напрыклад, галоўны станоўчы герой  — звольнены з войска афіцэр-франтавік, што прыйшоў працаваць у міліцыю, — вельмі нагадвае Шарапава з “Месца сустрэчы змяніць нельга”. Не вызначаецца арыгінальнасцю і любоўны трохкутнік, у якім задзейнічаны станоўчы герой, галоўны нягоднік і свавольная мясцовая жанчына. Але, нягледзячы на ўсё сказанае, фільм можа мець поспех у гледачоў і аб’ектыўна спрыяць прэстыжу прафесіі праваахоўніка.

…Мне вельмі спадабалася прэзентацыя фільма. На ўваходзе ў кінатэтр “Масква” і на яго лесвіцах урачыстасць стваралі міліцыянеры ў параднай форме. Іграў міліцэйскі аркестр. У фае было абсталявана са студыйнага рэквізіту рабочае месца следчага райаддзела міліцыі пасляваеннай пары. Можна было патрымаць у руках зброю, якую потым бачылі на экране. Маладыя хлопцы з вайсковай выпраўкай дэманстравалі ўніформу супрацоўнікаў органаў унутраных спраў за розныя перыяды гісторыі. Былі святочны настрой і адчуванне падзеі. І падзея насамрэч была. Фільм дае падставы для роздуму і пра гісторыю, і пра формы яе адлюстравання ў мастацтве.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"