Міхаіл Фінберг і Барыс Святлоў падчас віншавання маэстра. / Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА
Міністр культуры нашай дзяржавы Барыс Святлоў зачытаў віншаванне Прэзідэнта Беларусі ў адрас Міхаіла Фінберга. “Вы ўносіце вялікі ўклад у захаванне і развіццё лепшых музычных традыцый Беларусі, садзейнічаеце папулярызацыі нашай музыкі не толькі ў краіне, але і за яе межамі”, — гаворыцца ў віншаванні. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што высокі прафесіяналізм Міхаіла Фінберга, выключнае майстэрства і самаадданае служэнне мастацтву заваявалі сэрцы шматлікіх паклоннікаў. “Слоў шчырай удзячнасці заслугоўвае Ваша работа па пошуку і падтрымцы таленавітай моладзі, а таксама актыўная грамадская дзейнасць і ўдзел у важных сацыяльных праектах”, — агучыў словы Прэзідэнта міністр.
Таксама міністр культуры зачытаў віншаванне Фінбергу ад Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай.
“Народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг сваёй шматгадовай творчасцю паказвае прыклад высокага прафесіяналізму і працаздольнасці”, — пра гэта сказаў Барыс Святлоў, віншуючы маэстра. Таксама міністр уручыў Фінбергу дыплом “За ўклад у развіццё эстраднага музычнага мастацтва Беларусі” V Рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная музычная прэмія ў галіне папулярнай музыкі “Ліра”.
Міністр распавёў і пра сваё знаёмства з калектывам пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга: у той час аркестр, які працаваў у мінскім цырку, дзякуючы маэстра стаў лепшым у сістэме цыркаў СССР па сваім майстэрстве. Наогул, зазначыў Святлоў, пра калектыў і яго кіраўніка багата ўражанняў: сярод такіх Барыс Уладзіміравіч назваў рэпетыцыі калектыву на “Славянскім базары ў Віцебску”. Паводле слоў міністра, ці не штодня Міхаіл Фінберг трымае своеасаблівую справаздачу аб творчай, канцэртнай і праектнай дзейнасці калектыву.
Дарэчы, адзін з найбліжэйшых маштабных планаў — выкананне падчас адкрыцця Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2017” новай праграмы з 38 твораў да 135-годдзя народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа (нагадаем: “К” пісала пра яе прэс-прэзентацыю). Гэта як вядомыя рэчы ў абноўленых аранжыроўках, так і тыя, што выконваліся хіба некалькі разоў. Фінберг адзначыў: “Праграма гатовая, але будзе прадстаўлена шырокай публіцы толькі на фэсце ў Маладзечне: на пачатку чэрвеня”. А ў складзе яе выканаўцаў — 10 салістаў аркестра, у тым ліку маладых спевакоў.
Ну а на сцэне юбілеі калектыву і яго кіраўніка адзначаць падчас традыцыйнага мастацкага праекта “Шлягеры на ўсе часы” з 20 па 23 сакавіка ў Белдзяржфілармоніі.