Пленэр як з’ява. Сацыяльная

№ 8 (1291) 25.02.2017 - 02.03.2017 г

Што такое пленэр? Відавочна, гэта не толькі магчымасць мастакам сабрацца разам ды заняцца жывапісам на вызначаную тэму. Маю на ўвазе найперш прафесійных творцаў. Гэта яшчэ і прыцягненне ўвагі з боку шырокай грамадскасці да пэўнай тэмы ці праблемы. Фактычна пленэр — гэта сацыяльная замова, якая дазваляе адносна танна папоўніць музейныя і прыватныя калекцыі, а разам з тым папулярызаваць творчасць таго ці іншага мастака.

/i/content/pi/cult/626/13920/4-33.jpgПа шчырасці, да такога фармату я заўсёды ставіўся з пэўнай доляй скепсісу: проста неверагодна стварыць літаральна за пару дзён — ды яшчэ ў мітуслівай абстаноўцы, канкурэнцыі з боку калег — сапраўдны шэдэўр. Прызнаюся, леташні міжнародны мастацкі пленэр “Святасць зямлі беларускай”, які адбыўся ўлетку ў Івянцы, прымусіў скарэктаваць мае ранейшыя перакананні. Прынамсі ўсе працы атрымаліся высокага ўзроўню, якія, на маю думку, не сорамна дэманстраваць і ў Нацыянальным мастацкім. Але найбольш мяне тады ўразіла ўвага да пленэру мясцовых жыхароў — мастацкая галерэя, дзе праходзіў вернісаж па выніках арт-праекта, у будні дзень была цалкам запоўнена гледачамі, і што самае прыемнае, без усялякага прымусу. А калі ўлічыць, што палова жывапісных палотнаў засталася ў Івянцы і запачаткавала новую мастацкую калекцыю, дык выгодаў ад правядзення пленэру назбіралася багата.

На гэты год запланавана правесці пад эгідай Беларускага саюза мастакоў як мінімум пяць міжнародных мастацкіх пленэраў — на пачатку мая ў Івянцы, напрыканцы таго ж месяца на Гомельшчыне, у першай палове ліпеня ў Віцебску, у жніўні ў Мінску. Завершыцца ж пленэрны сезон у пачатку верасня ў Полацку — сталіцы сёлетняга Дня беларускага пісьменства. Калі казаць пра тэматыку, дык кожны з іх будзе прысвечаны адметнай падзеі альбо асобе. Да прыкладу, мінскі — 950-годдзю беларускай сталіцы, івянецкі, полацкі і віцебскі — славутым імёнам Полаччыны і 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, гомельскі — 100-годдзю памяці беларускага святога Іаана Кармянскага. Што да ўдзельнікаў, то традыцыйна аснову складуць прафесійныя мастакі (жывапісцы, графікі) з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, а таксама, магчыма, Італіі і Балгарыі. Маецца верагоднасць прыцягнуць да арт-пленэраў творчых прадстаўнікоў і з іншых краін.

Адным з ініцыятараў і арганізатараў міжнародных мастацкіх пленэраў у Беларусі з’яўляецца нядаўна абраны на пасаду першага намесніка старшыні Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык. Яго намаганнямі некалькі гадоў таму была створана міжнародная мастацкая пляцоўка “Аrt-rain”, мэта якой згуртаваць лепшых мастакоў свету найперш праз іх удзел у рэгулярных арт-пленэрах. Аднак кансалідацыя мастакоў не самае галоўнае: на думку Отчыка, у нашай краіне надзвычай актуальная тэма арт-турызму як адна з найбольш перспектыўных магчымасцей прыцягнення вандроўнікаў у Беларусь, асабліва цяпер — з адменай візавага рэжыму з многімі краінамі свету.

Словам, патрэбна, каб у нашу краіну людзі прыязджалі не па каўбасы, а па мастацтва. І я цалкам згодны, што поруч з адметнай архітэктурай нашых замкаў і сядзіб не менш цікавае для замежных турыстаў і наша мастацтва. Але тут вельмі важна, каб уласнікі прыватных галерэй гэта таксама разумелі і хаця б на час дзяліліся з музеямі сваімі экспанатамі. Ды і айчынныя мастакі не павінны чакаць выключна дзяржаўных заказаў, а ў літаральным сэнсе адчыняць турыстам дзверы сваіх майстэрняў. З гэтым згодны і ў Беларускім саюзе мастакоў, якія маюць задумку на дзень горада Мінска зрабіць інтэрактыўную карту з нанесенымі на яе адрасамі майстэрняў сталічных мастакоў, якія далучацца да акцыі з умоўнай назвай “Дзень адчыненых дзвярэй”. У гэтай справе важна не забыць правесці добрую піяр-кампанію, каб шырокая грамадскасць не засталася абыякавай, а турыстычныя кампаніі не праігнаравалі мастацкія праекты.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"