Адгукнуцца разам

№ 8 (1291) 25.02.2017 - 02.03.2017 г

Аляксандр ВІСЛАЎСКІ, спявак, аўтар песень, мультыінструменталіст, выкладчык вакалу і джазавага фартэпіяна
Як каардынатар з беларускага боку міжканфесійнага служэння прымірэння па Заходняй Еўропе, як прадстаўнік беларускай культуры я “наводжу масты” з рознымі дабрачыннымі фондамі.

/i/content/pi/cult/626/13919/5-3.jpgНядаўна разам з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа мы правялі ў Вілейцы акцыю, мэтай якой з’яўляўся збор сродкаў на лячэнне анкахворых дзяцей. Гэты канцэрт стаў першым у серыі падобных мерапрыемстваў, што запланаваны намі па ўсёй краіне. У ім удзельнічаў мой гурт “Studio Neman”, якi прадставіў заснаваную на Бібліі праграму “Маленне за Беларусь” на вершы Рыгора Барадуліна. Чыноўнікаў самых розных узроўняў, якія прысутнічалі на выступе, настолькі ён уразіў, што яны тут жа прапанавалі сваю дапамогу ў арганізацыі наступных канцэртаў. Адгукнуліся і “простыя людзі”, якiя ўжо далі тэхніку ды транспарт, паабяцаўшы, што мы можам разлічваць на іх і надалей.

Для далейшых выступаў я думаю пашырыць праграму за кошт запрошаных артыстаў. Стрыжнем яе застанецца “Studio Neman” з “Маленнем за Беларусь”, а да асноўнай часткі змогуць далучыцца выканаўцы, з якімі перамовы аб іх удзеле ўжо былі праведзены ці вось-вось адбудуцца. Хачу паклікаць і трох сваіх вучняў, імёны якіх пакуль мала што кажуць публiцы. Спадзяюся, акцыя выльецца і ў цэлы тэлемарафон, з падключэннем да беларускай аўдыторыі публікі замежнай, з прыцягненнем дабрачынцаў розных краін. У акцыю запросім айчынных мастакоў, паэтаў, акцёраў, чыё мастацтва ляжыць, безумоўна, у хрысціянскім рэчышчы.

Ёсць дакладнае разуменне таго, што за праект у перспектыве я хачу рэалізаваць, навошта ён, для чаго. Ёсць людзі са свету культуры, якія на яго адгукнуліся; ёсць органы ўлады, якія жадаюць аказаць яму садзейнічанне; бізнесмены і “людзі з вуліцы”, гатовыя ахвяраваць на яго і параўнальна буйныя сумы грошай, і 10-20 рублёў са сваёй 200-рублёвай пенсіі; валанцёры; радыё, тэлебачанне, друкаваныя СМІ, інтэрнэт-супольнасць. Усе мы ходзім пад Богам, настаў час паслужыць яму наяве. Паслужыць тым, хто мае вострую патрэбу ў божай ласцы ды нашай увазе.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"