Лютаўскія сола

№ 8 (1291) 25.02.2017 - 02.03.2017 г

Літаральна ўчора ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў была адкрыта аўдыторыя імя Уладзіміра Мулявіна (фота 5, 6). А 22 лютага Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры — філіял Нацыянальнага гістарычнага — стаў багацейшым на 17 эскізаў касцюмаў, створаных мастачкамі Валянцінай Бартлавай і Галінай Крываблоцкай (фота 3). Аркушы, на адвароце якіх стаіць згода на пашыў строяў рукой Мулявіна, набытыя пры спонсарскай дапамозе кампаніі-партнёра музея, прадставілі публіцы ў рамках супольнага праекта “Уладзімір Мулявін. Спадчына вялікага маэстра” з Музеем музыканта ў Белдзяржфілармоніі і дзяржансамблем “Песняры”.

/i/content/pi/cult/626/13915/1-1.jpgВыдатныя навіны прыйшлі і са Шчучыншчыны, дзе амаратры творчасці Чэслава Немэна знайшлі новыя артэфакты, звязаныя з яго юнацтвам на Беларусі. Усе яны пасля адпаведнай прафесійнай апрацоўкі папоўняць фонды клуба-музея Немэна ў яго родных Старых Васілішках. Пра гэта, дарэчы, чытайце на старонках 6 — 7 (фота 2, 4).

21 лютага адбылося ўшанаванне народнага артыста Беларусі, прафесара, дырэктара — мастацкага кіраўніка Заслужанага калектыва Рэспублікі Беларусь Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра краіны Міхаіла Фінберга. Падрабязна — на старонцы 2 (фота 1).

Таксама днямі ў беларускім кантэксце ўзнікла яшчэ адна зорка — з сусветнай поп-рок-сцэны. Лідар амерыканскага гурта “Aerosmith” Стывен Тайлер мае карані з беларускай зямлі. Аказваецца, ён унук брата пісьменніка Фларыяна Чарнышэвіча, што паходзіць з арэалу Клічаўшчыны і Бабруйшчыны. Раман Чарнышэвіча “Надбярэзінцы” зусім нядаўна пераклалі з польскай мовы на беларускую. Нагадаем: “К” напрыканцы 2016-га ўжо знаёміла сваіх чытачоў з фрагментамі твора, датычнымі беларускіх мясцін... Так, насычанай на падзеі, датычныя знакамітых музыкантаў, аказаўся люты! І гэта не кажучы пра аншлагавае вяртанне на мінскую сцэну культавага супольнага музычнага праекта “Народны альбом”!.. Карацей, перадвясновы культурны настрой такі, як у адной з “песняроўскіх” песень: “Калі побач нараджаецца музыка…”

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА, Віталя РАКОВІЧА, Барыса КРЭПАКА і з архіваў "К"

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах