Гарнітура — нацыянальная

№ 8 (1291) 25.02.2017 - 02.03.2017 г

У “Галерэі” Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — выстава “Літары & Словы” дацэнта кафедры тэорыі і гісторыі дызайну БДАМ Усевалада Свентахоўскага “Літары & Словы”, аднаго з лепшых беларускіх мастакоў у галіне кніжнай графікі і графічнага дызайну.

У экспазіцыі прадстаўлены каліграфія, летэрынг, распрацоўкі аўтарскіх шрыфтоў, малюнкі. Каліграфія — улюбёная справа Усевалада. На выставе Свентахоўскага паказаны цэлы шэраг каліграфічных работ. У першую чаргу гэта выпісаныя пяром фрагменты твораў Максіма Багдановіча, Адама Міцкевіча, Францыска Скарыны. Амаль усе каліграфічныя кампазіцыі Свентахоўскага ўяўляюць той від мастацтва прыгожага пісьма, які мянуецца летэрынгам — малюнак, створаны на падставе літар, якія сплецены ў агульную гарманічную стылістычную кампазіцыю. Сёння летэрынг — галіна, якая дынамічна развіваецца, і валоданне ёй актуальнае для графічных дызайнераў. Звязана тое ў першую чаргу з яе ўніверсальнасцю і шматграннасцю.

Некаторыя каліграфічныя работы пераведзены аўтарам у лічбавую форму, зроблены з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій, якія дазваляюць ствараць эфекты, што часам недасягальныя для ручной каліграфіі. Напрыклад, на выставе Свентахоўскага мы можам бачыць лічбава друкаваны аркуш “Агінскі” — каліграфічна выяўленае прозвішча кампазітара з выкарыстаннем інверсіўнага напісання тэкста белымі літарамі на чорным фоне, што стварае эфект “вывараткі”.

Паказаў на сваёй выставе Свентахоўскі і шрыфтавыя работы, зробленыя непасрэдна з дапамогай лічбавага друку. Гэта серыя лістоў з распрацоўкай шрыфту па матывах шрыфтоў Францыска Скарыны, зробленая ў 2016-м. Створаныя мастаком шрыфты, з аднаго боку, базіруюцца непасрэдна на шрыфтавых абрысах літар скарынаўскіх тэкстаў, а з другога нясуць адбітак сённяшніх эстэтычных уяўленняў, сучаснай дызайнерскай стылістыкі. З выкарыстаннем тэхналогіі лічбавага друку выкананы і шрыфтавыя плакаты, прысвечаныя нашаму першадрукару — “Літары Скарыны” (2016) і “Доктар Скарына, навука & літары” (2016).

Асобнае месца на выставе Свентахоўскага займаюць шрыфтавыя кампазіцыі з выяўленчымі элементамі. Гаворка ідзе пра графічную серыю “Тэраталагічная азбука” (2014) — выявы літар, складзеных з раслінных элементаў: лісця, квектак, галінак. Самі ж літары ўяўляюць вобразы жывых істот. Напрыклад, літара “З” нагадвае птушку — ці то бусла, ці то чаплю.

Якаў ЛЕНСУ, кандыдат мастацтвазнаўства

/i/content/pi/cult/626/13913/7-2.jpgНеяк у размове з выкладчыкам кафедры графічнага дызайну нашай Акадэміі мастацтваў я пацікавіўся, ці можа, на ягоную думку, у глабальным свеце дызайн, у прыватнасці — графічны, быць выразна нацыянальным? Ці могуць знакі нацыянальнай тоеснасці канкураваць з сусветнымі трэндамі? “Могуць”, — адказаў мой суразмоўца.

Наўрад ці з аб’ектыўных прычын мы здолеем абагнаць сусветных лідараў у сферы матэрыяльнай вытворчасці. Тут мы мусім падпарадкоўвацца сусветнай уніфікацыі, крытэрыі якой вызначаны. На гэтым “фронце” мы рэальна можам змагацца толькі за тое, каб беларускі складнік у сістэме сусветнай кааперацыі быў большым, чым ёсць зараз. Нездарма ж нават нашы прамысловыя гіганты імкнуцца да супрацоўніцтва з замежнымі вытворцамі, якія валодаюць тэхналогіямі, якіх нам не стае. Прамысловы дызайн, што ні кажы, амаль цалкам вынікае з тэхналогій. І калі ты імпартуеш тэхналогію, дык дызайн бярэш у дадатак.

А вось мастацтва (у тым ліку візуальнае, да якога належыць і графічны дызайн) — іншая справа. Тут дзейнічаюць іншыя законы, і заўжды ёсць попыт на ўнікальнасць. На экзотыку, калі хочаце. Тут наша непаўторнасць, калі мы здолеем яе пераканаўча сцвердзіць, будзе гарантавана запатрабаванай. А для прыкладу спаслаўся на краіны, вядомыя ў свеце дызайнам паштовых марак, нацыянальнай школай мастацтва плаката, высокай культурай кнігадрукавання. Гэта таксама можа быць нацыянальным брэндам.

Ілюстрацыяй да згаданай тэзы можа быць персанальная выстава выкладчыка БДАМ Усевалада Свентахоўскага. Паколькі значная частка экспазіцыі прысвечана творчаму асэнсаванню Скарынавай спадчыны, выстава аказалася сугучнай вялікай культурнай падзеі — 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Шрыфт, з аднаго боку абсалютна звычайная рэч, а з другога  — вялікае мастацтва. Каб алфавіт стаў такім, якім яго ведаем мы, — менавіта ў такіх графемах і гарнітурах, — мусілі прайсці стагоддзі. Ад іншых цывілізацый сёння засталіся хіба што адна-дзве літары ў сучасных алфавітах. Адносна нядаўна па гістарычных мерках з’явіліся коска, кропка і іншыя знакі прыпынку, без якіх сучасны тэкст уявіць проста немагчыма. Наш Скарына, як слушна сцвярджаюць расійскія даследчыкі, здзейсніў у ХVI стагоддзі тое, што ў Расіі стала магчымым толькі ў XVIII — падарыў грамадзе чытэльны кірылічны шрыфт, канцэптуальна сумяшчальны з еўрапейскімі (лацініца) аналагамі.

Калі зыходзіць са здаровага сэнсу, дык падаецца дзіўным, што ў Беларусі дагэтуль нікому не прыходзіла ў галаву распрацаваць нацыянальную гарнітуру на падставе шрыфтоў Скарыны — так бы мовіць, “дзяржаўны” шрыфт, які мог бы стаць знакам нашай нацыянальнай тоеснасці разам са слуцкімі паясамі, славутымі помнікамі дойлідства і белавежскімі зубрамі. Да гэтага дадумаўся Усевалад Свентахоўскі. І не проста дадумаўся, а зрабіў. Кожны можа пабачыць плён гэтай працы на выставе — распрацоўка сучаснага шрыфту паводле шрыфтоў Францыска Скарыны. Пры гэтым скарыстаны сучасны інструментарый. Скарына і лічбавыя тэхналогіі цалкам сумяшчальныя.

З часоў сваёй маладосці памятаю, з якой пашанай у асяродку дызайнераў-графікаў згадвалі вялікіх майстроў шрыфту і каліграфіі  — немца Альфрэда Капра, эстонца Вілу Тоатса, амерыканца Херба Любаліна. Паглядзеўшы выставу Усевалада Свентахоўскага, я без ваганняў дадаў бы ягонае імя ў гэты шэраг.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"