Магчымасці — на максімум

№ 8 (1291) 25.02.2017 - 02.03.2017 г

У студзені сталі вядомыя імёны ўладальнікаў грантаў Прэзідэнта Беларусі на 2017 год. Сярод дзевяноста трох кіраўнікоў і спецыялістаў арганізацый навукі, адукацыі аховы здароўя прагучалі шаснаццаць прозвішчаў работнікаў культуры. “К” завяршае знаёміць чытачоў з сёлетнімі ўзнагароджанымі (пачатак — у № 5, № 7).

Марыя ШАБАШОВА, дырэктар Гродзенскага абласнога тэатра лялек:

— Грант кіраўніка краіны прызначаны галоўнаму рэжысёру нашага тэатра Алегу ЖУГЖДУ на пастаноўку спектакля “Камедыя Юдзіфі”, які будзе прысвечаны 500-годдзю з часу выхаду першай друкаванай кнігі Францыска Скарыны. У тэатры ўпэўнены: пастаноўка будзе спрыяць захаванню нацыянальных духоўных традыцый і прагрэсіўнаму развіццю беларускай нацыянальнай культуры як неад’емнай часткі культуры сусветнай. Зараз ідзе падрыхтоўчы працэс, непасрэдна да рэпетыцый плануецца прыступіць у трэцім квартале.

Спектакль задуманы як даніна памяці нашаму знакамітаму земляку і як новая мастацкая інтэрпрэтацыя вядомага біблейскага сюжэта. Вобраз Юдзіфі на працягу стагоддзяў прыцягвае ўвагу мастакоў, кампазітараў і паэтаў. Стваральнікі спектакля — аўтар п’есы Сяргей Кавалёў, рэжысёр Алег Жугжда, мастак Ларыса Мікіна-Прабадзяк і кампазітар Віталь Лявонаў — на падставе скарынаўскага перакладу, з выкарыстаннем яго стылістыкі па-сучаснаму пераацэньваюць гісторыю подзвігу старазапаветнай гераіні. Нагадаем, што Сяргей Кавалёў з дадзеным матэрыялам стаў пераможцам у намінацыі “Сцэнічная ідэя” (для твораў, якія патрабуюць дапрацоўкі разам з тэатрам) у конкурсе “Францыск Скарына і сучаснасць”, што праводзіў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і “Беларусбанкам”.

Пастановачная група распавядзе пра трагічныя адносіны Юдзіфі з асірыйскім палкаводцам Алафернам, пра ўспрыняцце адважнага ўчынку сучаснікамі і наступнікамі. Драматызм падзей сівой даўніны дазваляе зразумець не толькі рэлігійную, але і псіхалагічную матывацыю паводзін біблейскіх герояў. Па меркаванні аўтараў, сказанне пра Юдзіф — гэта ўніверсальны аповед пра сутыкненне чалавечага лёсу і няўмольнага рухавіка гісторыі, прагі асабістага шчасця і грамадзянскіх абавязкаў.

Уладзімір ЗІНКЕВІЧ, загадчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:

— Навуковым саветам БДАМ ужо зацверджаны эскізы пяціўзроўневага вітража “Нараджэнне святла” для фае галоўнага вучэбнага корпуса нашай ВНУ. Аўтарамі эскізаў пад маім кіраўніцтвам і куратарствам выступаюць дыпломнікі кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Настасся Пакіна і Міхаіл Субцэльны. Для студэнтаў праца не толькі цікавая, але і пачэсная, бо яны назаўжды звяжуць свае імёны з alma mater. Аб’ект дастаткова маштабны і працаёмкі. Зараз дыпломнікі прыступілі да распрацоўкі кардонаў: вычэрчваюць у натуральным памеры шкло, якое будзе на вітражы. Тых грошай, што нам выдаткавалі, хопіць на набыццё матэрыялаў.

Паводле задумкі, вітражы на кожным паверсе будуць сімвалічна адлюстроўваць вобразы таго ці іншага аддзялення. На першым пабачыце творчае абагульненне тэатральных муз. Другі паверх — адміністратыўны, таму прастора будзе насычана кангламератам агульных эмацыйных рэчаў. Шкло на трэцім паверсе распавядзе пра графіку, на чацвёртым — пра жывапіс, на пятым — пра манументальнае мастацтва. Мяне радуе, што ў праекце не будзе традыцыйных сімвалаў, напрыклад, масак для тэатра ці палітры для жывапісу. Перад намі стаяла ідэя стварыць абстрактнае палатно, якое будзе адлюстроўваць пэўныя эмацыйныя становішчы праз колер, пластыку. Пры розным асвятленні — у залежнасці ад часу сутак — мазаічныя шкляныя карціны будуць набываць новае прачытанне.

Нагадаю: калісьці фае БДАМ мела вітражы аўтарства Мікалая Лук’янава. У стылістыцы, уласцівай савецкаму часу, яны былі сабраны па тагачаснай тэхналогіі — на свінцовую жылу. Як паказала жыццё, пры актыўным сонечным выпраменьванні шкло награвалася, жыла расслаблялася, а вітраж пачынаў паступова рассыпацца. У нашым праекце будзе задзейнічана медная амерыканская жыла. Яна дазволіць пазбегнуць былых праблем: яна моцна спайваецца, таму “цеплавыя ін’екцыі” ёй не страшныя.

Таццяна ЛІТВІНАВА, загадчык мастацкага аддзела Гомельскага палацава-паркавага ансамбля:

— Сёння назіраецца павышаная ўвага дзяржавы і грамадскасці да захавання, папулярызацыі і годнай прызентацыі нацыянальнай спадчыны. Атрыманы грант дапаможа распрацаваць і рэалізаваць новую канцэпцыю праекта “Спасцігаючы палацавыя тайны”, што ў выніку паспрыяе павышэнню турыстычнай прыцягальнасці рэгіёна. Як вядома, гомельскі палац ствараўся па вядучых сусветных узорах і з’яўляецца сапраўднай спадчынай еўрапейскай культуры. Аднак за свой двухсотгадовы лёс ён неаднаразова змяняў гаспадароў, перажыў шмат узрушэнняў і разбурэнняў. У даследчыкаў яго гісторыі засталося нямала белых плямаў, якія не даюць нам заспакаення. Прынамсі неабходна дакладней ведаць, як, калі, пры якіх абставінах будаваўся палац як архітэктурны аб’ект, калі і на якіх этапах разбіваўся парк, якім чынам прыходзілі, перасоўваліся і куды зніклі прадметы мастацтва. Што да апошняга, то мастацкая спадчына палаца яшчэ недастаткова даследаваная. Нам неабходна зразумець, якой па напаўненні была калекцыя, па сведках розных крыніц — надзвычай багатая і разнастайная. Вядомыя нам прадметы сёння раскіданы па расійскіх музеях, пэўныя экзэмпляры можна сустрэць у беларускіх нацыянальных Мастацкім і Гістарычным. Таму ў задачы ўключаем больш падрабязнае даследаванне айчынных музейных фондаў, архіваў Варшавы, Масквы, Санкт-Пецярбурга.

Мне надзвычай цікавая гісторыя ўбрання палаца. У 2004 годзе мы адкрылі абноўленыя пасля рэстаўрацыі залы, аднак тэма тая яшчэ не закрытая. Прынамсі я правяла параўнальны аналіз нашых інтэр’ераў з убраннем рэзідэнцыі Паскевічаў на Англійскай набярэжнай у Санкт-Пецярбургу, што шыкоўна захавалася да нашага часу. Сёння ў былым княжацкім доме месціцца філіял банка, але мяне туды прапусцілі. Навуковыя параўнанні і паралелі далі нам матэрыял для правядзення некаторых рэканструкцый у колішніх гомельскіх уладаннях.

У 2013 годзе была прадстаўлена першая выстава “Спасцігаючы палацавыя тайны”. Тады мы прадставілі публіцы невядомыя раней фотаздымкі знешняга выгляду і інтэр’ераў палаца другой паловы XIX — пачатку ХХ стагоддзяў, а таксама арыгіналы адлюстраваных на іх прадметаў, архітэктурныя чарцяжы, партрэты ўладароў і іх сем’яў. Наступным годам выйшла ў свет кніга “Гомельскі палац”, якая ўжо перажыла перавыданне, бо карыстаецца вялікім попытам. У Палацава-паркавы ансамбль едзе шмат турыстаў, таму нам патрэбна насычаць прастору, паступова раскрываць наступныя палацавыя тайны і ўводзіць іх у жыццё і навуковы зварот.

Анатоль ТАРАН, артыст аркестра Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі:

— На бліжэйшы час у мяне шмат амбіцыйных планаў, а ўласна грант я выкарыстаю на падрыхтоўку і ўдзел у міжнародных і рэспубліканскіх творчых конкурсах і фестывалях. Напрыклад, у чэрвені разам з аўтарскім праектам “Morfe” выправімся ў Гамбург на знакаміты “Elbjazz Festival”. Там збяруцца самыя гучныя імёны сусветнага сучаснага джаза. Мы слухаем іх музыку, ходзім на іх канцэрты, а тут давядзецца іграць з нашымі кумірамі на адной сцэне — гэта так адказна! Будзем прадстаўляць Беларусь з прасунутым этна-ф’южнам з украпваннем розных стыляў — гэткая шалёная сумесь фольку, джаза і авангарда.

Аднойчы злавіў сябе на думцы, што мяне шмат запрашаюць на еўрапейскія фэсты, але айчынная акардэонная асацыяцыя мяне ні разу не запрасіла. Ці значыць гэта, што за мяжой мая выканальніцкая творчасць запатрабаваная, а на радзіме неактуальная? Я вырашыў самастойна заняцца гэтым пытаннем, стаў тэлефанаваць дырэктарам музычных каледжаў, школ мастацтваў і ДМШ. Высветлілася: на месцах хочуць чуць айчынных інструменталістаў, чыё імя ўжо вядомае ў свеце, аднак сумняваюцца, што суайчыннікі прамяняюць Парыж ці Вену на беларускія рэгіёны... У мяне няма канцэртнага дырэктара, і ўсё ж атрымалася зладзіць тур па дзесяці гарадах Беларусі. У сакавіку распачнем са Слуцка. Пляцоўка для старту была абрана невыпадкова: я родам з гэтага горада. Потым будзе сталіца, а далей — Пінск, Брэст, Драгічын, Гомель, Гродна, Рэчыца, Любань, Салігорск. Еду туды з праектам “Anatoly Taran trio”, заснаваным у 2016 годзе разам з перкусіяністам Аганэсам Аванесянам і бас-гітарыстам Аляксандрам Яфімавым. Наша трыа, мяркую, няблага прагучала на сталічных джазавых вечарах ля Ратушы.

Пасля леташняй перамогі на “Трафеі свету” мяне запрасілі ў журы гэтага буйнога міжнароднага конкурсу выканаўцаў на баяне і акардэоне. Гэта стане маім новым амплуа для прасоўвання ў замежжы беларускага акардэоннага мастацтва. Я нават думаў паставіць кропку на ўласным удзеле ў творчых спаборніцтвах, але кожны конкурс дае новы штуршок і адкрывае іншыя магчымасці. Таму цягам года я зноў буду змагацца за месца на п’едэсталах міжнародных спаборніцтваў у Літве, Бельгіі, Францыі.

Наталля ФІЛІПОВІЧ, вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны:

— У жніўні 2009 года рарытэтнаму збору рукапісных часопісаў беларускіх партызан быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці № 1. Намі быў падрыхтаваны і фотаальбом, які прадстаўляў факсімільныя старонкі з розных найменняў. Але ўсё гэта было толькі запеўкай да нашага сённяшняга праекта. З галоўным захавальнікам фондаў нашай установы Святланай Патупчык мы вырашылі распрацаваць канцэпцыю і падрыхтаваць поўнае выданне каталога ўнікальнай калекцыі. Сімвалічна, што ў 2017-м спаўняецца 75 гадоў з часу выхаду першага такога выдання на беларускай зямлі (усяго за ваеннае ліхалецце свет пабачыла 248 адзінак).

Мы запланавалі стварыць трылогію. Першая частка, прысвечаная 122-м выданням Магілёўшчыны, была прэзентавана на выніковай калегіі Міністэрства культуры ў Бабруйску. Пачалі з іх, бо менавіта магілёўцы былі пачынальнікамі гэтай справы. Дарэчы, на паўгода ў Бабруску засталася наша міні-выстава дзевяці выданяў іх рэгіёна. Зараз мы рыхтуем да выдання каталог партызанскіх рукапісных часопісаў Мінскай вобласці, які налічвае 102 адзінкі. Трэці этап работы выльецца ў каталог па часопісах усіх астатніх абласцей. Там, зазначу, з’явілася няшмат выданняў: шэсць на Брэстчыне, некалькі ў Гомельскай, Гродзенскай, літаральна адно-два на Віцебшчыне…

Мы бачым шмат мастацкіх фільмаў пра вайну, не менш чытаем літаратуру. Але якая доля ў гэтых творах праўды, а колькі там творчага домыслу? Па сутнасці, цяпер перад намі — своасаблівая справаздача аб баявой дзейнасці тых фарміраванняў, дакументальная крыніца пра партызанскую вайну на акупаванай тэрыторыі Беларусі. На стварэнне самаробных альбомаў ішла папера рознага кшталту: абрыўкі шпалер, фашысцкія дакументы, вучнёўскія сшыткі, канцылярскія кнігі... Іх вельмі асцярожна захоўвалі, трымалі разам з самым каштоўным — дакументамі партызанскага атрада. У выпадку небяспекі закручвалі ў мешкавіну ці хавалі ў металічных скрынях з-пад патронаў, а пасля знікнення пагрозы адкопвалі, высушвалі і адпраўлялі “ў жыццё”. У гэтых аркушах народныя байцы мо наіўна, але шчыра тлумачаць, чаму яны сталі на шлях барацьбы. Крохкія аркушы — унікальная з’ява ў сусветнай гісторыі і культуры. Усе яны — эксклюзіў, што існуе ў адзіным экзэмпляры.

Ігар КАЗАКОЎ, галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога тэатра лялек:

— На жаль, зараз надзвычай мала сямей, у якіх размаўляюць са сваімі дзецьмі з пялюшак па-беларуску. Тэатр жа хоча паспрабаваць прышчапіць дзеткам смак да роднай мовы літаральна з ясельнага ўзросту. Не праблема паставіць беларускамоўны спектакль, але мы хочам адкрыць малечы багацце лексікі, пагуляць з фанетычнымі нюансамі, агарнуць сюжэт маўленчай мілагучнасцю, каб дзеці адчулі асалоду ад кантакту з матчынай мовай. Праектам “Скарбонка беларускіх казак” мы паставілі перад сабой амбіцыйную задачу стварыць для такой катэгорыі гледачоў практычна поўны репертуар на беларускай мове. Умовы ёсць: у тэатры дзейнічае малая сцэна, дзе мы працуем у рамках праекта “Тэатр у хатніх пантофліках”. Ён разлічаны на самых маленькіх, якія з-за свайго ўзросту пакуль не могуць патрапіць у глядзельную залу на асноўны рэпертуар.

Тры спектаклі складуць паўнавартасны рэпертуар. Мы шукалі дзіцячую драматургію, маладых, дзёрзкіх, цікавых аўтараў. Аднак менавіта для самай юнай аўдыторыі піша не так і шмат айчынных драматургаў... Сёння гэты працэс знаходзіцца ў стане “кіпучкі”, мы абмяркоўваем з аўтарамі нюансы. Пакуль дакладна вядома імя Сяргея Кавалёва: на падмостках з’явіцца яго казка “Хохлік”. Мы ўпэўнены ў станоўчым выніку, бо з Кавалёвым тэатр ажыцявіў не адну пастаноўку, наша супрацоўніцтва выпрабавана часам. Напрыклад, апошняя сумесная работа — сцэнічнае ўвасабленне п’есы Сяргея Кавалёва і Пятра Васючэнкі “Дзівосныя авантуры паноў Кубліцкага ды Заблоцкага” — трыумфальна прайшла па шэрагу фестываляў, а зараз займае трывалае месца ў нашым рэпертуары.

Нам самім вельмі цікава, як дзеці гэтага ўзросту будуць усё ўспрымаць. У праекце будзе задзейнічана ўся трупа. Стварэнне трыпціху патрабуе дастаткова часу, таму мы імкнемся падабраць найбольш зручны, гібкі графік. Спектаклі будуць з’яўляцца адзін за адным. Апошні павінен выйсці восенню гэтага года.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"