Прыгоды беларускіх бібліятэкараў за акіянам

№ 8 (1291) 25.02.2017 - 02.03.2017 г

Дэлегацыя айчынных бібліятэкараў пабывала ў ЗША. Нататкі ад візіту — ад адной з яго ўдзельніц.

/i/content/pi/cult/626/13907/12-2.jpg(Працяг. Пачатак у № 7.)

Мы наведалі Бібліятэку Кангрэса ЗША! Гэта сапраўдны храм кнігі! Фонд — 180 мільёнаў экзэмпляраў. Дарэчы, 25 тысяч з іх — дакументы, выдадзеныя ў Беларусі і пра Беларусь. Тры будынкі для абслугоўвання карыстальнікаў. 27 чытальных залаў. 3200 супрацоўнікаў. Аказваецца, адна з актуальных задач установы — пераход на каталагізацыю ў фармаце “Bibframe”, які закліканы прыйсці на замену фармату “Marc”. Па словах спецыялістаў, новы стандарт значна спросціць увод даных аб электронных інфармацыйных рэсурсах. І яшчэ — пры бібліятэцы ёсць структурнае падраздзяленне, якое працуе з аўтарамі і вырашае пытанні аўтарскага права. Акрамя таго, бібліятэка Кангрэса мае цэлы комплекс праграм (ад гадавых стажыровак, летніх тыднёвых курсаў да аднадзённых семінараў), якія дапамагаюць работнікам навучальных устаноў эфектыўна выкарыстоўваць бібліятэчныя рэсурсы ў выкладчыцкай дзейнасці. Вельмі цікавыя ідэі! Мы запрасілі дырэктара аддзела асветніцкай работы Лі Эн Потар прыняць удзел у міжнародным кангрэсе “500 гадоў беларускага кнігадрукавання”, які адбудзецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 14 — 16 верасня 2017 года.

Апошні дзень у Вашынгтоне выдаўся на дзіва цёплым ва ўсіх сэнсах гэтага слова. На тэрмометры +14, мноства ветлівых вачэй амерыканскіх спецыялістаў і пачуццё гонару за нашы беларускія бібліятэкі, якое наведвала мяне час ад часу. У бібліятэцы Дзярждэпартамента ЗША мы пазнаёміліся з супрацоўнікамі праграмы “American Spaces”. Аказваецца, па ўсім свеце налічваецца каля 700 “Амерыканскіх куткоў”. Мае калегі Ларыса Лотыш, Вольга Якубовіч і Марыя Ляцяга распавялі пра работу беларускіх.

Разам з прадстаўнікамі Амерыканскай бібліятэчнай асацыяцыі мы абмяркоўвалі пытанні аўтарскага права. У Штатах адпаведны закон датуецца 1976 годам і, безумоўна, не адлюстроўвае ўсіх рэалій сённяшняга дня. Пры гэтым амерыканскія калегі не надта спадзяюцца на вырашэнне пытання ў бліжэйшы час. Уяўляеце, якое я адчувала задавальненне, калі распавядала ім пра нашу новую рэдакцыю Закона аб аўтарскім праве і сумежных правах!

Мне здалося незвычайным тое, што праблемы, якія вырашае Амерыканская бібліятэчная асацыяцыя, выходзяць далёка за межы бібліятэчных. Да прыкладу, на зімовай канферэнцыі, дзе нам пашчасціла пабываць, была прынята рэзалюцыя, адзін з пунктаў якой тычыўся гвалту з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі.

Напрыканцы дня мы сустрэліся з прадстаўнікамі Інстытута музейных і бібліятэчных паслуг — арганізацыі, якая ажыццяўляе фінансавую падтрымку розным праектам бібліятэк і музеяў. Вось тут давялося пазайздросціць. Летась бюджэт арганізацыі склаў 230 мільёнаў долараў. Штогод сюды паступае каля 1500 — 2000 заявак ад бібліятэк усіх відаў. Зразумела, усе яны праходзяць двайны адбор. Але ў любым выпадку, гэта цудоўная магчымасць ажыццявіць цікавыя задумкі.

Штат Нявада сустрэў нас сонцам і марозцам. Для аматараў горных пейзажаў тут — раздолле. Але ў першую чаргу мы на ўласныя вочы пераканаліся ў практычнай рэалізацыі грантаў і праграм, пра якія нам распавялі ў Вашынгтоне, у Інстытуце музейных і бібліятэчных паслуг, а таксаміа ў Бібліятэцы Кангрэса ЗША. Да прыкладу, бібліятэка (і архіў) штата (штосьці кшталту нашай абласной установы) выконвае мноства функцый, у тым ліку і не зусім звыклых для нас. Скажам, займаецца размеркаваннем фінансавых сродкаў, атрыманых па праграме бібліятэчнага развіцця з федэральнага бюджэту.

Шмат робіцца па абслугоўванні невідушчых карыстальнікаў. Ёсць Нацыянальная праграма “Кнігі, якія размаўляюць”. Яе выкананне курыруе бібліятэка Кангрэса. Безліч аўдыякніг на спецыяльных флэшках: на корпусе шрыфтам Брайля пазначана інфармацыя пра кнігу. Спецыяльныя плэеры для іх прайгравання чытачы атрымліваюць бясплатна. Калі ж карыстальнік жыве ў іншым населеным пункце штата, перасылка таксама бясплатная (у адпаведнасці з праграмай, паштовыя расходы аплачвае спецыяльны фонд бібліятэкі Кангрэса). Для тых, хто любіць чытаць са свайго мабільнага прыстасавання, праграма прадугледзела распрацоўку спецыяльнага дадатка. Гэткая электронная аўдыябібліятэка. У бібліятэцы і архіве штата Нявада ёсць лабараторыя для агучвання кніг. Карацей, маштабы гэтай работы ўражваюць. Яшчэ больш здзівіла колькасць супрацоўнікаў: у аддзеле па рабоце з невідушчымі — 6 чалавек. А ўсяго ў бібліятэцы і архіве — 35 супрацоўнікаў. А аб’ём працы — велізарны: збор і захаванне дакументаў, алічбоўка фондаў, разгляд грантаў, размеркаванне сродкаў, павышэнне кваліфікацыі бібліятэкараў штата, архіўнае апісанне… Вось вам і аптымізацыя!

Марына ПШЫБЫТКА, загадчык навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Фота аўтара

 

Працяг — у наступных нумарах "К".