Скансэн як досвед

№ 8 (1291) 25.02.2017 - 02.03.2017 г

У працяг тэмы аб захаванні забудовы Паўночнага завулка ў Мінску, узнятай Наталляй Гермацкай у “К” № 5, хачу падзяліцца назіраннямі аб ахове драўлянай архітэктуры ў Скандынавіі. Перад ад’ездам на вучобу ў Швецыю ў 2009 г. я працавала ў Музеі народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам, па вяртанні планавала туды вярнуцца, таму да помнікаў архітэктуры прыглядалася пільна, каб скарыстаць скандынаўскія ідэі на радзіме. Шмат вандравала, часта абіраючы пункт прызначэння па прыкмеце наяўнасці там музея на вольным паветры. Дарэчы, найменне “скансэн” для музеяў такога кшталту выкарыстоўваецца збольшага на постсавецкай прасторы. У Швецыі толькі адзін Скансэн — той самы першы ў свеце музей з помнікамі драўлянага дойлідства на вольным паветры ў Стакгольме. Хаця ў скандынаўскай навуковай літаратуры сустракаюцца версіі, што працы па перавозе будынкаў з сельскай мясцовасці першымі пачалі нарвежцы ў Осла.

/i/content/pi/cult/626/13906/13-1.jpgВёска ў горадзе

Бадай, самы распаўсюджаны тып скансэна паказвае сельскую забудову, як і родапачынальнік такіх музеяў у Стакгольме. На постсавецкай прасторы скансэны, што знаёмяць з рэканструяванай вёскай, часцей сустракаюцца за межамі вялікіх гарадоў. Вялікі скандынаўскі ж хутчэй знаходзіцца ў горадзе. Часам асобныя сельскія двары захоўваюць “in situ” (на месцы пабудовы). Апошні шлях аховы выкарыстоўваецца і для гарадской драўлянай архітэктуры: тады захоўваецца планіроўка дворыкаў, малыя архітэктурныя формы. Галоўнае, што кідаецца ў вочы ў скандынаўскіх музеях, — заможнасць сялян. Рэчы са срэбра, каляровая кафля, распісныя кераміка, мэбля, сцены ў хатах… Да чаго ж непадобна да сучаснага “скандынаўскага дызайну” з яго натуральнай фактурай дрэва і пераважна белым колерам!

Рагі будынкаў збольшага гладкія (бярвенне не выступае), стрэхі крытыя дахоўкай. Чарот на дахах бачыла толькі ў музеі пад шведскай Сігтунай — там у скансэне дэманстраваўся побыт ХVIII, а не ХІХ стагоддзя. А калі ў стакгольмскім скансэне пабачыла шпалеры на сценах, дык ледзь не заплакала, узгадаўшы, што беларускія сяляне і пасля Другой сусветнай яшчэ дзе-нідзе жылі з земляной падлогай.

Нават у “вясковых” скансэнах калі не палова, дык траціна будынкаў занятая крамамі, кавярнямі, галерэямі, не кажучы ўжо пра “гарадскія”. Пры скансэнах часта сустракаюцца заапаркі, што прывабліваюць наведвальнікаў з дзецьмі. Узгадвалася, як у беларускім музеі для сучасных гарадскіх дзяцей нават конік быў экзотыкай. Таму ідэя гатовая для выкарыстання: нават экзатычных жывёл купляць не абавязкова.

Горад у горадзе

Бывае, што гарадскія будынкі перавозяць у скансэн і там аднаўляюць ці будуюць наноў па абмерах. Тады сектар “Горад” узнаўляе побыт населенага пункта, дзе знаходзіцца музей, на пэўны перыяд (часцей ХІХ — пачатак ХХ стагоддзя) У скансэнах на постсавецкай прасторы часцей сустрэнеш сектар “Мястэчка”, што паказвае адаптацыю сельскіх будаўнічых прыёмаў да ўмоў абстрактнага невялікага гарадка.

Сектар “Горад” у нарвежскім народным музеі ў Осла паказвае экстэр’еры на пачатак ХХ стагоддзя, але ў інтэр’ерах можна пабачыць, як выглядалі кватэры нарвежцаў і ў даваенныя, і ў пасляваенныя дзесяцігоддзі, і нават даведацца, чым адрозніваецца сучаснае жытло імігрантаў ад дызайну, якому аддаюць перавагу карэнныя жыхары краіны. Настальгію нарвежскіх наведвальнікаў могуць выклікаць выстаўленыя пліты, краны, пральныя машыны ды іншыя прадметы побыту прамысловай вытворчасці розных гадоў выпуску. Натуральна, для стварэння экспазіцыі ўжываюцца самыя распаўсюджаныя ў свой час мадэлі. Эмоцыі старэйшых нарвежцаў мала адрозніваюцца ад назіраных мной у беларусаў падчас працы ў Музеі народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам: людзі ўзгадваюць, што “ў нас вось гэта было і гэта… маці мая і бабуля карысталіся” — і неістотна, ідзе размова пра традыцыйную маслабойку ці куханны камбайн нарвежскай вытворчасці.

У шведскім Эрэбру скансэн завецца “Вадшопінг”, апелюючы да назвы рамана Елмара Бергмана “Сям’я Маркурэл у Вадшопінгу”, дзе пісьменнік натхняецца ўспамінамі дзяцінства, праведзенага ў Эрэбру. Прыём “хавання” сапраўднай назвы месца дзеяння характэрны для літаратуры тых часоў, варта ўзгадаць Вончу Фларыяна Чарнышэвіча з “Надбярэзінцаў” ці шматлікія “павятовыя гарады N” рускіх класікаў. Скансэн у Эрэбру ўзнаўляе выгляд і атмасферу шведскага горада пачатку ХХ стагоддзя, хаця там ёсць і будынкі, перавезеныя з сельскай мясцовасці. Нягледзячы на тое, што дамы не стаяць на сваіх першапачатковых месцах, некаторыя з іх жылыя, у большасці — сувенірныя ды кніжныя крамы, галерэі. У сярэднім музеефікаваных пакояў столькі ж, колькі функцыянальных.

Агулам у Вадшопінгу акцэнт робіцца хутчэй на гісторыю, чым на этнаграфію. У экспазіцыі музейных будынкаў можна паглядзець фрагменты экранізацыі рамана Елмара Бергмана, даведацца пра аўтарку кулінарнай кнігі Кайсу Варг з ваколіц Эрэбру. Можна панюхаць розныя віды прыпраў, што выкарыстоўваліся ў яе час, і даведацца, што соль разглядалі адно як кансервант, не дадаючы штодзённа ў стравы. Адразу ўзнікаюць асацыяцыі з нашымі малаўшанаванымі Вінцэнтай Завадскай, аўтаркай кнігі “Літоўская кухарка”, і Ганнай Цюндзявіцкай, што напісала бадай энцыклапедыю па дамаводстве свайго часу “Літоўская гаспадыня”. Экспазіцыю, прысвечаную ім, можна стварыць у любым беларускім музеі, а ў якім драўляны шляхецкім маёнтку глядзелася б яна найбольш арганічна.

In situ

Не абавязкова дамы, што захоўваюцца на месцы пабудовы, музеефікаваныя. Напрыклад, у фінскім горадзе Раўма вялікі квартал драўлянай забудовы ахоўваецца UNESCO, але не мае статусу музея. Дамы застаюцца жылымі, там месцяцца крамы і кавярні. Гаспадары некаторых будынкаў па сваім жаданні пакідаюць адзін ці некалькі пакояў такімі ж, як яны былі ў пэўны перыяд часу, і тады гэтая частка дома выконвае музейныя функцыі.

Ахоўны статус UNESCO драўляная забудова Раўмы атрымала праз велічыню і добрую захаванасць: гэта самы вялікі драўляны гарадскі квартал у Фінляндыі, хаця ўвогуле старая драўляная архітэктура ў скандынаўскіх гарадах — з’ява нярэдкая. Могуць мяняцца матэрыялы, з якіх зроблены вокны і пакрыццё даху. Але пластыкавыя вокны будуць з імітацыяй старых рам з меншымі шкельцамі, а дахоўка — натуральных колераў, а не кіслотных. Унутры будуць усе сучасныя выгоды, але экстэр’ер дома застанецца такім жа, як падчас пабудовы. Можа быць, выкарыстаюць не фарбу з медзі, здабытай у шведскай правінцыі Даларна, але падбяруць сучасную, што дакладна перадае “фірмовы” шведскі руды колер.

Драўляную забудову мае галоўная гандлёвая вуліца ў шведскім горадзе Сігтуна. І ніхто не імкнецца пабудаваць там нешта больш сучаснае.

Спрабуючы “прыкласці” скандынаўскі вопыт да мінскага Паўночнага завулка, адразу сутыкаешся з цяжкасцямі. Драўляная забудова скандынаўскіх гарадоў ці захоўвае свае першапачатковыя функцыі, ці “пераязджае” ў скансэн. І ў першым, і ў другім выпадку дамкам забяспечана ўвага людзей: яны іх ашчадна рэстаўруюць, працягваюць там жыць ці гандляваць. Альбо ствараецца новая плынь людзей, што ідуць у музей. У Паўночным завулку не так: хаты без выгодаў, людзі адтуль з’язджаюць (але ёсць і ахвочыя застацца). Без музеефікацыі будынкі проста спарахнеюць з часам.

Можна зрабіць акцэнт на традыцыйных прыёмах будаўніцтва, што выкарыстоўваліся для сучасных на той час гарадскіх дамоў. Варта звярнуць увагу не толькі на побыт даўнейшых жыхароў Паўночнага завулка, а і на гісторыю раёна і ўсяго горада, магчыма, зрабіць экспазіцыю, прысвечаную развіццю чыгункі ў Мінску.

Бадай, галоўнае, што варта зразумець — падыход “няма будынкаў — няма праблемы” не панацэя, а, наадварот, крыніца праблем, галоўная з якіх — страта Мінскам свайго гістарычнага аблічча.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"