Мінскі след сям’і Аксакава
“Знайшліся“, — з палёгкай выдыхнуў Іван Якімавіч. Ён трымаў у руках папку з надпісам “С.С. Аксакаў”, якая захоўвалася ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Нашы вочы запаліліся ціхай радасцю — які дзень мы шукалі гэтыя дакументы па архівах і бібліятэках! Тут былі сабраныя аўтабіяграфія, успаміны, спіс музычных твораў кампазітара, праўнука рускага пісьменніка Сяргея Цімафеевіча Аксакава. З глыбокім душэўным хваляваннем адкрывалі старонку за старонкай, зазіраючы ў гістарычныя імгненні сям’і нашчадкаў творцы. Нам здавалася, што адчуваем энергетыку аўтара, гаспадара гэтых радкоў. І было відаць, што да гэтага часу да іх мала хто дакранаўся. Мастак глыбока задумаўся і ціхенька папрасіў: “Прачытай успамін”. І проста ў музеі, па вушы, як дзеці, захопленыя сваёй гульнёй, мы павольна занурваліся ў аксакаўскі свет — час перыяду жыцця кампазітара Сяргея Сяргеевіча Аксакава.
“Я, вядома, не памятаю свайго прадзеда — знакамітага рускага пісьменніка-класіка С.Ц. Аксакава, ён памёр у 1859 годзе, за 32 гады да майго нараджэння. Але яго светлы вобраз, не толькі як выдатнага пісьменніка, але і як чалавека, вядомага сваёй непадкупнай сумленнасцю, дабрынёй і любоўю да людзей, палымянага змагара за справядлівасць, простага і дэмакратычнага ў асабістым жыцці, — гэты вобраз заўсёды жыў у нашай сям’і і служыў шляхаводнай зоркай для ўсіх яго нашчадкаў. Памятаю, калі мне было яшчэ 5-6 гадоў, мая бабулька-няня часта казала мне: “Ты, Сярожанька, будзь заўсёды такім жа, як твой прадзед, — а ён за ўсё сваё жыццё не сказаў ніводнага слова няпраўды”. I гэтыя словы простага рускага чалавека на ўсё жыццё запалі ў маю душу”.
Спыніўшы чытанне, я на імгненне падняў галаву і ўважліва паглядзеў на скульптара. Ён сядзеў нерухома, падпёршы галаву, яго погляд блукаў дзесьці ў іншай прасторы. Пазней я зразумеў: скульптар асэнсоўваў чарговы праект, фантазія мастака ўжо працавала над увасабленнем новай ідэі — помніка Аксакаву-пісьменніку. І яму было цікавым усё, што звязана з імем апошняга, калі мастацкі вобраз узрушыў душу. Балазе абодва нарадзіліся і правялі дзяцінства на беразе маленькай рачулкі з маляўнічымі берагамі, ведалі цану сялянскай працы, з любоўю ставіліся да людзей, сваёй Радзімы. Так, іх падзяляў пласт часу ў паўтара стагоддзя, але духоўныя каштоўнасці і творчасць аб’ядноўвалі. Так што Міско “прымерваўся” да сваёй будучыні — да твора. Мы папрасілі дазвол зняць копіі з гістарычных дакументаў для перадачы іх у музей Сяргея Цімафеевіча.
А праўнук яго, Сяргей Сяргеевіч, на працягу тузіна гадоў (з 1955-га па 1968-ы) жыў і працаваў у Мінску. Тут і пайшоў з жыцця, пахаваны на Усходніх могілках. Надмагілле (хіба ж гэта не містыка?) рабіў Іван Міско па просьбе дачкі Аксакава Вольгі, з якой яны разам працавалі ў мастацкім музеі. Зрабіў і забыўся, як кажуць, — тады майстар яшчэ і не падазраваў, што шляхі сямейства Аксакава і беларускага скульптара зноў перасякуцца. Да таго ж з дакументаў даведаліся, што ў Мінску дасюль жывуць прамыя нашчадкі вядомай сям’і — Наталля, унучка Сяргея Сяргеевіча Аксакава, дачка Вольга са сваёй дачкой Воленькай. З імі мы пазнаёміліся на наступны дзень пасля візіту ў архіў-музей, сяброўскія адносіны падтрымліваем і цяпер. Пра музейную знаходку адразу паведамілі кіраўніку Аксакаўскага фонду Міхаілу Чванаву праз нашых сяброў Алега Ісаева і Ірыну Саракавік, якія ў той час працавалі ў аддзяленні Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ва Уфе (пры іх актыўнай дапамозе пасля і ствараўся помнік Сяргею Цімафеевічу Аксакаву). А літаральна праз пару тыдняў атрымалі запрашэнне паўдзельнічаць у XVIII Міжнародным Аксакаўскім свяце (19 — 21 верасня 2008-га).
На сустрэчу з Аксакавым
З аэрапорта Уфы па дарозе ў гасцініцу “Агідэль” мы любаваліся прыгажосцю вячэрняга горада, падзеленага шырокай ракой на дзве часткі, чымсьці ён нагадваў наш Мінск. Наступным днём прайшоў урачысты вечар XVIII Міжнароднага Аксакаўскага свята ў Башкірскім дзяржаўным тэатры оперы і балета, дзе нас прыняў кіраўнік рэспублікі. На сустрэчы з прэзідэнтам Башкартастана Муртазой Рахімавым Іван Міско ўручыў архіўныя дакументы Сяргея Сяргеевіча Аксакава башкірскаму боку, Аксакаўскаму фонду. Натуральна, паўстала ідэя-прапанова да мастака аб стварэнні помніка пісьменніку ў родавым маёнтку апошняга — сённяшнім гісторыка-культурным цэнтры “Надзеждзін” Белебееўскага раёна.
Але дзе музей, а дзе майстэрня скульптара? Ды як праўдзівы творца, мастак не мог не пагадзіцца з цікавай прапановай, тым больш унутры ён быў гатовы да інтрыг творчага выпрабавання. І гэта нягледзячы на тое, што не былі ўзгодненыя ні фінансавыя пытанні, ні многія тэхнічна-арганізацыйныя. Майстар ужо жыў у новым аксакаўскім праекце. Таму я ляцеў дадому нібыта з іншым чалавекам. Натхнёным, акрыялым душой і целам. І ні слова пра стомленасць, а яна была прыкметная ў час пералёту ва Уфу.
Дні сяброўства
Па запрашэнні Башкірскага аддзялення Міжнароднага фонду Славянскага пісьменства і культуры, Аксакаўскага фонду мы двойчы — у 2008 і 2012 гадах (а Іван Якімавіч яшчэ і ў 2010-м, на адкрыцці помніка) — паўдзельнічалі ў працы міжнародных Аксакаўскіх святаў. Для нас распрацавалі напружаную праграму. Паездкі па мясцінах, звязаных з сям’ёй Аксакава, выступы перад школьнымі калектывамі, на заводах, у калгасах, студэнцкіх аўдыторыях. І самае галоўнае — шматлікія сустрэчы, знаёмствы з жыхарамі Башкірскага краю. Усё было арганізавана маштабна, выразна і душэўна. Так сустракаюцца блізкія людзі, сапраўдныя сябры. Безумоўна, за пультам знаходзіўся вельмі таленавіты, валявы, глыбока закаханы ў свой твор дырыжор Міхаіл Андрэевіч Чванаў — старшыня Аксакаўскага фонду, віцэ-прэзідэнт Міжнароднага фонду Славянскага пісьменства і культуры, сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі, дырэктар Аксакаўскага музея.
Наш Аксакаў
Шмат напісана пра Сяргея Цімафеевіча Аксакава, яго веліч, пісьменніцкі дар, чалавечнасць. А які наш Аксакаў? Чаму для правядзення свята кансалідуюцца дзяржаўныя, духоўныя і грамадскія інстытуты Расіі і непасрэдна Башкартастану? Мяркую, перш за ўсё, Аксакаў — маральны, духоўны падмурак славянскіх і цюркскіх народаў, дзе гарантавана веравызнанне ўсім канфесіям. Шматлікія народнасці жывуць у адным сяле, суседнічаючы дварамі, падстаўляючы плячо суседу ў любым пытанні. Усмешка, павага, сардэчнасць, сяброўства — вось што сустрэнеш у кожным тутэйшым доме. Так прымалі і нас, беларусаў. І таму ўтварыўся круг выдатных сяброў з Башкартастану. Зносіны з імі дапамагалі мастаку больш глыбока зразумець вобраз пісьменніка, над стварэннем скульптурнага партрэта якога працавала яго прафесійная фантазія.
Пазней з гэткімі ж адкрытымі сэрцамі мы сустракалі ў Мінску дэлегацыю з Башкартастана. А ў ёй сярод іншых — згаданы Міхаіл Чванаў, чыімі працавітасцю, талентам, неспакойнай душой, цудоўнымі арганізатарскімі здольнасцямі перадусім падтрымліваецца аксакаўскі рух. Ён не проста прадаўжальнік тых аксакаўскіх традыцый, — ён духоўная скарбонка спадчыны класіка, што не толькі асцярожна яе захоўвае, але і напаўняе новым зместам, дапамагае тым, хто імкнецца судакрануцца з гэтым талентам. Завітаў у Беларусь і Вячаслаў Аброшанка, член апякунскай рады фонду, глыбока сімпатычны, душэўны, просты, адораны кіраўнік — нешматслоўны, аналітык, настроены на перспектыву і, разам з тым, рамантык. Мы, выхаваныя савецкай сістэмай, маем “кулацкую” спадчыну, расстраляных за працавітасць продкаў, выгадаваныя ў дзіцячых дамах. Вячаслаў, прарастаючы з глыбіні роднай зямлі скрозь абломкі сістэмы, не толькі не страціў сябе, але стаў адным з прыкметных людзей у краіне.
За некалькі дзён мы максімальна пазнаёмілі гэтых ды іншых сваіх сяброў з нашай Беларуссю. Пабывалі ў музеі Максіма Багдановіча, Хатыні, Мірскім замку, Белавежскай пушчы, нават атрымалася пераначаваць у саміх “Віскулях”, дзе было падпісана пагадненне аб спыненні існавання СССР. Правялі сустрэчу з творчымі саюзамі і дзяржаўнымі інстытутамі. А як цёпла і душэўна праходзілі нашы размовы ў майстэрні-музеі Івана Міско! Думаецца, гасцям наша краіна спадабалася.
А праз месяц, па запрашэнні беларускага боку, прыехалі цікавыя і жаданыя госці з уфімскай Аксакаўскай гімназіі № 11 — дырэктар Насіма Ганеева, настаўніца французскай мовы і кіраўнік школьнага музея Ніна Міхайлава, вучні. (Яшчэ падчас міжнароднага Аксакаўскага свята мы пабывалі ва ўстанове, уразіліся разнастайнасцю цікавых і карысных праграм і пасябравалі з ёй. Тады ж праслухалі Аксакаўскі ўрок, які традыцыйна вядзе хтосьці са знакамітых гасцей, пазнаёміліся з вучэбна-выхаваўчым працэсам.) І мы падрыхтавалі гасцям цікавыя сустрэчы, яны сутыкнуліся з беларускай культурай, традыцыямі, нацыянальнымі асаблівасцямі. Наведалі мой аўтарскі канцэрт у Палацы Рэспублікі, правялі майстар-клас (урок) у майстэрні народнага мастака Івана Міско, паслухалі яго займальныя аповеды, пакаштавалі чай, згатаваны майстрам.
З такой жа шчырасцю прымалі і дэлегацыю — ад парламента Башкірыі, у складзе якой быў і мой сябар Валерый Лябедзькаў.
Наогул мая асаблівая ўдзячнасць аксакаўскай зямлі за знаёмства, магчымасць мець зносіны, слухаць і чытаць вершы з паэтам і драматургам Канстанцінам Скварцовым і лаўрэатам Аксакаўскай прэміі 2008 года Станіславам Куняевым. За кароткія святочныя дні мы, беларусы, здабылі дзясяткі сяброў — рускіх, татараў, башкіраў і прадстаўнікоў многіх іншых народнасцяў. Нам разам было цёпла, камфортна сустракацца, разумець адно аднаго, абменьвацца ўражаннямі, хацелася раскрываць душу, сэрца, абдымкі насустрач кожнаму Чалавеку. Тады па дарозе дадому мы працавалі: я пісаў гімн нашай садружнасці — Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі (пасля яго паклаў на музыку народны артыст Беларусі Эдуард Ханок, а выканалі таксама народныя Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч), а Іван Якімавіч канчаткова фармаваў вобраз рускага пісьменніка, скрупулёзна абдумваючы праект помніка Аксакаву.
Адкрыццё
Досыць шмат арганізацыйных, а часам і камічных, пытанняў узнікала ў працэсе стварэння помніка. І адно з іх — дастаўка. Часу не было, помнік трэба было ўсталяваць да Аксакаўскага свята. Гіпсавую скульптуру распілавалі на дробныя элементы, загрузілі ў грузавік нашага прадпрыемства, дадалі звычайнага грузу, бульбы і перавезлі ў Казань на ліцейны завод. Перад зборкай адлітых з бронзы элементаў іх даставілі на месца, у родавы маёнтак Аксакава Надзеждзін. А майстар, Іван Якімавіч, некалькі разоў праязджаў цягніком па маршруце Мінск — Казань — Мінск: трэба было прапрацоўваць помнік у воску, а потым у бронзе… З аднаго боку, пераезды вымотвалі яго, усё ж такі дзявяты дзясятак, з другога — ён любаваўся веліччу Расіі, менавіта ў гэтых родных і блізкіх сэрцу мясцінах, сярод добрых і светлых людзей, і натхняўся пісьменнік. Іван Якімавіч глядзеў на мітуслівую прыгажосць, наколькі дазваляла фантазія, вачыма Сяргея Цімафеевіча. Такім чынам ён больш даходзіў да яго душы, свядомасці, духоўнага свету. Так паступова па дробных рысках і праз вялізную працу ўласнай творчай энергіі выспяваў вобраз Аксакава.
Дарэчы, вялікую дапамогу ў вырабе помніка аказала беларуская дыяспара горада Казані, у прыватнасці — Сяргей Мурадзенка. І, вядома, праект ажыццявіўся дзякуючы неацэннай падтрымцы адміністрацыі Белебееўскага раёна. І вось няпросты шлях стварэння пройдзены. У рамках XIX Міжнароднага Аксакаўскага свята 24 верасня 2010 года адбылося адкрыццё помніка Сяргею Аксакаву. Сімвалічна і важна было вымаўлена кімсьці з гасцей на адкрыцці: “Нарэшце гаспадар вярнуўся!” Гэта і была найвышэйшая адзнака для стваральніка.
Лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы
А ў 2013 годзе народны мастак Беларусі Іван Міско стаў лаўрэатам прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за цыкл скульптурных работ па касмічнай тэматыцы і стварэнне помніка Сяргею Аксакаву. Гэтай падзеі, дарэчы, была прысвечана фотавыстава Івана Якімавіча. На здымках прыадчыніліся душа творцы, маленькая часцінка яго шматграннага таленту.
Іван Якімавіч — унікальная з’ява ў нацыянальнай культуры і не толькі. Мне пашанцавала на працягу многіх гадоў знаходзіцца побач з майстрам, судакранацца з яго духоўным светам і найвялікшым майстэрствам. Захапляе яго энергія, скіраваная на стварэнне. Ён як паляўнічы перад пачаткам гону: вочы загараюцца, рухі становяцца энергічнымі, рукі мастака пачынаюць самі выконваць мудрагелістыя рухі. Фантазія малюе вобразы. Творца жыве у гэтыя хвіліны новым творам.
Фёдар БАРАВЫ, паэт