Камедыі па-гомельску

№ 8 (1291) 25.02.2017 - 02.03.2017 г

Гастролі рэгіянальных тэатраў у сталіцы апошнім часам сталі куды больш частымі. Вось і мінулым тыднем Гомельскі абласны драматычны тэатр паказваў на сцэне Драматычнага тэатра Беларускай арміі дзве прэм’еры мінулага сезона — спектаклі “Маю жонку клічуць Марыс” і “Незамужняя жанчына”, пастаўленыя запрошанымі рэжысёрамі.

/i/content/pi/cult/626/13902/9-2.jpg

 

Сцэна са спектакля “Незамужняя жанчына”. / Фота прадастаўлена тэатрам

Першую з камедый гамяльчане прывозілі на тую ж сталічную сцэну ў кастрычніку, але “ў звязцы” з іншым спектаклем — “Там жа, тады ж”. Цяперашні паўтор — сведчанне глядацкага поспеху. А “Незамужняя жанчына” ўвогуле выклікала перааншлаг. Рэакцыя публікі пераўзыходзіла ўсе чаканні, асабліва на другой камедыі. Дарэчы, на “Незамужнюю...” быў арганізаваны культпаход старшакласнікаў адной са сталічных школ. Паводле іх выказванняў, дзяўчатам спадабалася, хаця хтосьці з хлопчыкаў да канца не даседзеў. Урэшце, падлеткаў трэба прыводзіць на разумныя і вострыя спектаклі сучаснай стылістыкі — з далейшым абмеркаваннем убачанага. Навошта прывучаць іх да меладрам, якімі і без таго запоўнены тэлеэфір?

Камедыйны ўхіл у тэатральным рэпертуары не аднойчы выклікаў нараканні крытыкаў, якія натыкаліся на гарачую падтрымку кіраўніцтва калектываў, зацікаўленага ў выкананні фінансавых паказчыкаў. Але ж пытанне ў колькасці і якасці, пачынаючы з мастацкага густу. Асабіста для мяне самым прывабным у цяперашніх гастролях аказалася майстэрства аднаго са старэйшых гомельскіх артыстаў Аляксея Бычкова. Сёлета спаўняецца 45 гадоў, як ён працуе ў гэтым тэатры, куды прыйшоў адразу пасля заканчэння тагачаснага тэатральна-мастацкага інстытута. Два спектаклі прэтэндавалі на яго своеасаблівы бенефіс, бо ў кожным, нягледзячы на маштаб ролі — цэнтральная ці не зусім, — ён адразу вылучаўся. І не таму, што цягнуў коўдру на сябе, а таму, што ў кожным руху і рэпліцы былі бачныя яго творчая асоба, індывідуальнасць, якія, у сваю чаргу, праецыраваліся на яго аўтарскае стаўленне да сваіх герояў і стыльнасць іх увасаблення.

Прывезеныя спектаклі ў чарговы раз паказалі, што і акцёрам, і рэжысёрам пакуль бліжэй расійскае “мыла мыльнае”, чым французская камедыя становішчаў. “Маю жонку клічуць Марыс” — адзіная вядомая п’еса сучаснага французскага сцэнарыста (ёсць аднайменная кінастужка 15-гадовай даўніны), рэжысёра, акцёра Рафі Шарта. Рэжысёр Вадзім Пінскі, вядомы па працы ў Арле, Данецку і іншых гарадах, уключаючы Маскву, дзе ён ставіў монаспектакль у Тэатры Армэна Джыгарханяна, скараціў у п’есе найперш многія невядомыя для нашага гледача спасылкі на еўрапейскія рэаліі, а галоўнае — змяніў фінал. У арыгінале ад Жоржа ўсё ж сыходзіць жонка — і Марыс імкнецца “пасватаць” яму сваю маці. У гомельскім спектаклі ўсё завяршаецца прывабным хэпі-эндам: застаўшыся ўдвух, Жорж і Марыс пачынаюць не толькі марыць пра “мяса па-мараканску”, але і гатаваць яго — і на пікнік, які адначасова становіцца фінальным паклонам, збіраюцца ўсе дзейныя асобы, перамірыўшыся між сабой за ўзнятымі келіхамі з французскім віном. Такое завяршэнне знаходзіць не толькі эмацыйны, але і “кулінарны” водгук у зале. Сама была сведкай, як у чарзе па паліто некаторыя “гуглілі” гэтую страву, а нейкі мужчына сярэдніх гадоў, утаропіўшыся ў смартфон, так і сказаў жонцы: “Заўтра субота — чаму б не пачаставацца мясам па-мараканску? Я ўжо і рэцэпт для цябе знайшоў”.

Уласна ж рэжысёрскіх знаходак, без якіх камедыя становішчаў становіцца сумнай, спектаклю не хапала. У першай дзеі артысты толькі і рабілі, што цягалі крэслы ды ў час дыялогаў хадзілі па крузе. Смех выціскаўся намёкам на скабрэзнасці — без гуллівай іранічнасці ці грацыёзнага французскага шарму. У другой дзеі ўзнікла некалькі цікавых мізансцэн, але колькасць упушчаных магчымасцяў зашкальвала. Маладыя артысты — прыгожыя, зграбныя, рухавыя, здольныя ўвасобіць любую пластычную фантазію пастаноўшчыка — часцяком не ведалі, куды сябе падзець. Ім заставалася балбатаць свой тэкст — у адным тэмпе і зададзенай рэжысёрам “танальнасці”, хаця ў прамовах таго ж Паўла Кордзіка (Марыс) так і прасіўся кантрасны падзел на словы “ад сябе” і завучаную рэкламу “Брацкай дапамогі”. У кожнай са сцэн артысты ігралі пэўную сітуацыю, а не рэакцыю на яе сваіх герояў з іх адметнымі характарамі. Тое не было падмацавана агульнай рэжысёрскай канцэпцыяй, якой, падобна, не існавала. Музыка, стварыўшы ў пачатку лёгкі камедыйны настрой, надалей даволі часта перашкаджала сваёй эклектыкай. Сярод сцэнічных строяў вылучалася стыльнае адзенне сям’і Труабаляў (мастак па касцюмах — галоўны мастак гомельскага тэатра Таццяна Стысіна). У астатнім — часам не хапала густу, без якога жанр камедыі становішчаў рызыкуе ператварыцца ў кітч. Але артысты зрабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб спектакль прайшоў на ўздыме і агульнае ўражанне ад яго засталося добрым.

“Незамужняя жанчына” аказалася добра скроеным рамесным прадуктам (а большага ад п’есы “Стыхійнае бедства” Рацэра і Канстанцінава чакаць не даводзіцца), вырабленым запрошаным рэжысёрам, заслужаным дзеячам мастацтваў Расіі Міхаілам Мамедавым, спрактыкаваным на такіх камедыях. І хаця смех у зале не сціхаў, выкліканы ён быў найперш каламбурамі ды іншымі слоўнымі жартамі — дзе трапнымі, а дзе і сумнеўнымі. Сцэнаграфія Таццяны Стысінай з развешанымі ды расстаўленымі рознакаляровымі парасонамі стварала настрой, а не месца дзеяння, акрэсленае ўмоўна: два сталы, якія потым злучаюцца ў адзін, — прыналежнасць не кватэры, дзе быццам бы ўсё адбываецца, а таннай, мяркуючы па абрусах, кавярні. Сімвал гэткай “грамадскай адзіноты”, дзе стаць самім сабой можно толькі закрыўшыся парасонам? Наўрад ці пастаноўшчыкі пра гэта думалі, бо тады зададзеную тэму можна было б развіць у іншых дэталях. Хутчэй, ідэальны ўласцівы антрэпрызе варыянт, прыдатны для пракату на любой сцэне. Яшчэ больш красамоўным “непрадугледжаным” сімвалам стаў гадзіннік з мёртвымі стрэлкамі — адлюстраванне спыненага ў спектаклі часу. Але артысты, зноў-такі, ігралі з неверагоднай аддачай — чым далей, тым больш перавышаючы 100-працэнтную мяжу.

1 — 3 сакавіка адбудуцца яшчэ адны гастролі гамяльчан — на сцэне ТЮГа з нашумелай маладзёжна-эксперыментальнай версіяй “Рамэа і Джульеты” і двума дзіцячымі спектаклямі. А 16 мая ў Гомелі пачнуцца 13-я “Славянскія тэатральныя сустрэчы” — старэйшы ў нашай краіне міжнародны тэатральны фестываль. Будзем спадзявацца на адкрыцці? Хаця б маленькія, ды не толькі камерцыйныя, але і творчыя.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"