Не выходзячы з пакоя?

№ 8 (1291) 25.02.2017 - 02.03.2017 г

Фільм гэты ўжо дэманстраваўся летась на Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад” у пазаконкурснай праграме “Беларуская панарама” і на Варшаўскім кінафоруме. Але можна сказаць, што “Сваё кіно” — праект, мэта якога — папулярызацыя беларускага кінематографа, — дало сапраўдны старт пракатнаму жыццю поўнаметражнай стужкі “Test-730” маладой рэжысёркі Дар’і Кароль. Яе прэ’мера ў “Арт-кінатэатры” прайшла з гучным абмеркаваннем. Мэта праекта на першым паказе дасягнутая — беларускае кіно справакавала ўвагу і дыскусію. Наступны крок — у прадуктыўнай размове паміж гледачом і аўтарамі, у жаданні пачуць адно аднаго.

/i/content/pi/cult/626/13901/9-1.jpg

Кадр са стужкі “Test-730”.

“Test-730” зроблены як для тых, хто адпрацоўвае ці адпрацаваў сваё размеркаванне, так і для тых, хто сутыкаецца з любымі цяжкасцямі на сваім шляху пасля ўніверсітэта, — напярэдадні паказу распавяла пра сваё кіно Дар’я. — Усім гэтым людзям, якімі, магчыма, з’яўляецеся вы, я хачу пажадаць заставацца вынаходлівымі і моцнымі, прасцей ставіцца да любога выпадку. Нават з доляй іроніі, як гэта робяць мае героі, якімі я іх убачыла”.

Доктар Саша, харэограф Насця і геолаг Аксана. Тры героі “Test-730” — і тры падобныя шляхі размеркавання выпускніка, які не па сваёй волі патрапіў у чужы асяродак. Рэжысёр падкрэсліла, што свядома абірала ў персанажы маладых людзей, якія былі вымушаны паехаць у тыя месцы, дзе не планавалі быць. Сашы дасталася пасада ў вёсцы Дуброўна, Насця патрапіла ў школу мастацтваў у Стоўбцах, Аксана — у філіял Нацыянальнага навукова-вытворчага цэнтра па геалогіі ў Слуцку. Як вытрымаць тэст у 730 дзён, калі не задавальняюць ні заробак, ні ўмовы пражывання, ні атачэнне? Здаецца, матыў, якіх многіх прымусіць узнавіць мінулыя і бягучыя несправядлівасці, але… Але “мастацка-дакументальная стужка”, як прадстаўляе яе Дар’я, абарочваецца дзіўным расповедам пра адарванасць маладога пакалення ад жыцця. У лепшым выпадку  — расповед пра сталеннне, у горшым — пастановачны эстэцкі репартаж з дакументальнымі элементамі.

Што адразу ў адмоўным сэнсе “чапляе” ў карціне: яе дзіўная апавядальнасць і ілюстратыўнасць. Сваю гісторыю расказвае Саша, потым Насця, потым Аксана. Стужка будуецца з адказаў выпускнікоў на пытанні-стрыжні і адпаведныя візуальныя шэрагі, якія часам “таўталагічна” пацвярджаюць маналогі герояў. Што за адчуванні былі, калі размеркавалі? Як героі вырашылі абраць сваю спецыяльнасць? Як пачуваюцца яны на новым месцы? У якіх умовах жывуць? Мы крочым па зададзеных рэжысёрам сцежках: працоўны антураж, умовы пражывання, правінцыйны асяродак гарадоў і вынайдзеныя маладымі людзьмі ўласныя “зоны камфорту”. Фільм мае дакладную канцэпцыю — лінію самоты выпускнікоў у чужой прасторы, іх саматэрапію і самаразвіццё ў абставінах, якія склаліся. Аднак “каркас” пастаноўкі замацаваны так моцна, што важны пасыл ператвараецца ў кіно са спустошаным нутром.

Вось мы бачым, як героі прачынаюцца ў сваіх кватэрах і пакоях, як снедаюць, як ідуць ці едуць на працу: хтосьці нават на машыне. Як выглядае іх працоўнае месца, яны ў ім. І ўпрыгожаная мова рэпартажу дакладна фіксуе выбраныя “натуры”, змяшчаючы ў цэнтр постаці таленавітых людзей. Шмат партрэтаў выпускнікоў — на вуліцы, у памяшканні. Кожная “глава” багатая на паўторы і любаванні. Ёсць больш аб’ёмныя і прыгожыя выхады герояў да рэчкі, у лес, у парк, — але разумеш, што пейзаж тут адно адлюстраванне ўнутранай перамогі выпускнікоў над абставінамі. Рэжысёрка скарыстоўвае пейзаж, але не дае яму распавядаць за сябе. Ніводнай сцэны стасункаў з людзьмі з іх атачэння. Аўтарка, імкнучыся не распыляцца на іншае, замыкае маладзёнаў у герметычны абшар, дзе чужым аказваецца жыццё з яго непрадказанасцю. Як доктар Саша кантактуе са сваімі пацыентамі? Як Насця ладзіць з дзецьмі ў Мікалаеўшчыне, якія так яе вымотваюць? Які калектыў у геолага Аксаны? Чым Слуцк адрозніваецца ад Стоўбцаў? Што ёсць унікальнага ў Дуброўне? Усё гэта аказваецца неістотным і няважным для вытрымкі галоўнай ідэі. Ёсць момант прымусовага размеркавання — і яго трэба вытрымаць за кошт уласных рэсурсаў. І пажадана — увогуле не выходзіць з пакоя, бо там могуць сустрэцца іншыя людзі.

Перад гледачом разгортваецца прастора ўмоўнага рэгіёна, дзе партрэты герояў на фоне ўказальнікаў гарадоў, іх быццё ў рабочым і хатнім антуражы — не больш, чым фактурная карцінка, закліканая паказаць дыспазіцыі: прагрэсу — і рэгрэсу, маладосці — і забыцця, прыгажосці — і закінутасці. Тое, што ў гэтых месцах таксама жывуць людзі, рэжысёрку не цікавіць. Пра дэматыватары выпускнікоў даведваемся толькі са словаў апошніх: моладзь на месцах п’е, суседзі пляткараць, няма куды схадзіць, не знайсці блізкіх па духу людзей… Але візуальных пацверджанняў таму адчужэнню новага чалавека ў іншым соцыуме няма. І самае цікавае, што ў выніку пры падобным наратыўным згушчэнні фарбаў закрытымі і перадузятымі, інфантыльнымі пачынаюць выглядаць самі персанажы, замкнёныя па ўласнай волі ў кола завядзёнкі.

“Гэты правінцыйны горад, у якім мне даводзіцца жыць…” — разважае ў стужцы Насця на фоне пейзажаў невялікага гарадка, дзіўным чынам складаючы сказ. Мы трапляем у дакументальную пастаноўку, дзе персанажам адведзены ролі, якія яны ахвотна іграюць. Дакументальнае кіно, вядома, таксама мае сваю рэжысуру, пастановачныя элементы і, як гаворыць яго сучасны класік Віктар Аслюк, праўду, але ў выпадку з “Test-730” аўтарка знішчыла сваёй канцэпцыяй усё жывое. Тое, што нараджаецца ў працэсе сутыкнення герояў, рэжысёра, асяродка, што называюць жывой тканінай фільма — у стужцы па вызначэнні адсутнічае.

Увогуле акурат назва верша Іосіфа Бродскага “Не выходзь з пакоя, не здзейсняй памылкі…” дакладна ілюструе недахопы фільма. Не выходзь з пакоя — таму што там паскудства і нічога новага, а ўсё, што магчыма,  — гэта скарыстаць час на ўласнае развіццё. У прынцыпе, Саша, Насця і Аксана гэта і робяць. Хтосьці вырабляе аленя з паперы, хтосьці вучыцца граць на барабанах, хтосьці займаецца ёгай у парку. Але жыццё не такое простае, і часам хобі ды арт-тэрапія не здольныя выратаваць ад абставін, у якія трапляеш. Размеркаванне можа быць настолькі розным, наколькі рознымі могуць быць і куткі Беларусі.

І калі мы зайшлі ў гэтую ваду, дазволю сабе ўзнавіць самыя розныя выпадкі. Як аднаму чалавеку размеркаванне зламала жыццё, назаўжды адбіўшы ахвоту ад любімай справы, а іншаму — наадварот — адкрыла новыя магчымасці. Як нітка, якая цягне да клубка, гэтая тэма разгортвае веер пытанняў, датычных нашых рэалій. Чаму выпускнікі не маюць выбару падчас размеркавання? Ці нармальна тое, што маладыя спецыялісты не даязджаюць да малых мястэчак і вёсак? Як падцягнуць узровень жыцця рэгіёнаў, каб моладзь пагаджалася ехаць у правінцыю? Размеркаванне — як сімптом, які дэманструе спецыфіку пераходнай постсавецкай сістэмы. Гэта тэма, вартая няспынных абмеркаванняў і даследаванняў, безумоўна, неаднаразовых да яе падыходаў, шматлікіх выказванняў у полі мастацтва. У выпадку з фільмам Дар’і Кароль мы не выходзім з “пакоя” схематычных уяўленняў пра яго.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"