Два ключы да сэрца Петрыкаўшчыны

№ 20 (838) 17.05.2008 - 23.05.2008 г

Там, дзе тчэ свае хуткаплынныя ўзоры паўнаводная Прыпяць, у атачэнні шматлікіх азёраў і затокаў цэнтральнай часткі беларускага Палесся квітнее Петрыкаўскі раён. Гасцей рэгіён сустракае заліўнымі лугамі, векавымі лясамі і верхавымі балотамі, многія з якіх запаведныя. Прыродную адметнасць гэтай зямлі цэняць не толькі айчынныя, але і замежныя турысты. Пасуе маляўнічасці прыроды і знешні выгляд устаноў культуры рэгіёна. Амаль ля кожнага клуба ці бібліятэкі — альпійскія горкі, густоўна аформленыя клумбы, арыгінальныя скульптурныя кампазіцыі. Вонкавая эстэтыка як вынік памкнення мясцовых культасветработнікаў узбагаціць прыгожым жыццё гараджан і вяскоўцаў. А на гербе Петрыкава ззяюць два ключы, сімволіку якіх мясцовыя жыхары цяпер тлумачаць так: толькі мудрасць сталых і энергія маладых змогуць адамкнуць браму новай культурнай эпохі краю. Таму работа з моладдзю — адзін з асноўных накірункаў развіцця раёна.

Штогод — дадатковы мільярд у культуру
Некалькі гадоў таму ў вобласці была прынята праграма “Моладзь Гомельшчыны”, якая ў хуткім часе стала ўзорам для падобных распрацовак па ўсёй рэспубліцы. На яе аснове ў 2006 годзе на Петрыкаўшчыне стварылі раённую праграму “Моладзь”. З асаблівасцей яе рэалізацыі я і распачала гаворку са старшынёй Петрыкаўскага райвыканкама Мікалаем АСТАПОВІЧАМ.
— Чым раённая “Моладзь” адрозніваецца ад абласной праграмы?

— Мы вырашылі звузіць рамкі праграмы, каб зрабіць работу больш грунтоўнай і прадуктыўнай. Галоўная мэта, безумоўна, засталася без змяненняў: далейшае фарміраванне і ўмацаванне прававых, эканамічных, экалагічных, духоўна-маральных умоў для грамадзянскага станаўлення, выхавання і сацыяльнай самарэалізацыі моладзі. У сферы культуры па названай праграме мы цяпер працуем з канкрэтнымі праблемамі нашага рэгіёна. Наогул, дзякуючы “Моладзі” больш дакладна размяркоўваем сродкі, пільна сочым за вынікам дзейнасці ўсіх службаў.

— Мікалай Пятровіч, распавядзіце больш падрабязна пра маладзёжную палітыку. Ці дастаткова працоўных месцаў для маладых спецыялістаў?

— У Ляскавічах пасля рамонту адкрыўся шыкоўны Дом культуры і вольнага часу. Там з’явіліся тры новыя вакансіі. Да таго ж, улічваючы важную ролю дзіцячых школ мастацтваў у эстэтычным выхаванні на сяле, наладзілі дзейнасць пяці вясковых філіялаў трох базавых ДШМ, аднак кадраў не хапае. Пакуль спраўляемся сіламі выкладчыкаў гэтых школ і робім гэта няблага: раён трымае другое месца ў вобласці па ахопе дзяцей музычнай адукацыяй! Вельмі разлічваем, што ўвосень на дапамогу прыбудуць шэсць выпускнікоў Мазырскага музычнага вучылішча. У Курытыцкім, Нова-Галоўчыцкім, Брынеўскім СДК не хапае акампаніятараў. Вакантная пасада загадчыка аўтаклуба. Каб ліквідаваць кадравы дэфіцыт, арыентуем спецыялістаў на павышэнне кваліфікацыі. Цяпер сямёра з іх навучаюцца завочна, васьмёра летась прайшлі перападрыхтоўку ў сталіцы і на абласных курсах.

— Якія яшчэ пераўтварэнні за апошні час адбыліся ва ўстановах культуры?

— Сёння ў падпарадкаванні аддзела культуры (начальнік — Наталя Кандрацьева) 41 установа клубнага тыпу, 242 клубныя фарміраванні, 38 сельскіх бібліятэк, з іх 6 — у аграгарадках. Каб сетка працавала эфектыўна і была больш даступная для розных груп насельніцтва, мы распачалі перапрафіляванне некаторых устаноў. Так, Бабуніцкі і Ляскавіцкі сельскія дамы культуры ператвораны ў цэнтры культуры і вольнага часу, Камаровіцкі СДК — у культурна-спартыўны цэнтр, Слінкаўскі, Слабадскі і Дарашэвіцкі сельскія клубы — у клубы-бібліятэкі, Аголіцкі — у клуб-чытальню. Для абслугоўвання маланаселеных вёсак набылі аўтаклуб.

— Такія змены патрабуюць значных фінансавых уліванняў…

— У культуру раёна штогод укладваем дадаткова да запланаваных бюджэтам сродкаў каля мільярда рублёў. Гэтая сума ўключае і сродкі на ўзвядзенне аграгарадкоў, і выдаткі на капітальны рамонт, утрыманне будынкаў, і грошы для набыцця мэблі, музычных інструментаў, і адлічэнні на святочныя мерапрыемствы, на работу з моладдзю. Дадайце яшчэ два мільярды шэсцьсот мільёнаў асноўных асігнаванняў, якія закладзены ў раённым бюджэце, — і атрымаецца фінансавы падмурак нашай культуры. Канешне, грошай не заўсёды дастаткова, аднак сёлета, дзякуючы пазабюджэтным сродкам, змаглі арганізаваць у Петрыкаве краязнаўчы музей.

— На вашу думку, як выглядае галіна культуры Петрыкаўшчыны ў параўнанні з іншымі раёнамі вобласці?

— Думаю, наш аддзел культуры знаходзіцца ў залатой сярэдзіне: у лідэры пакуль не выйшлі, аднак імкнёмся да гэтага. Летась выканалі ўсе асноўныя планы, даведзеныя ўпраўленнем культуры аблвыканкама. Недапрацоўкі былі з аказаннем платных паслуг, але ў першым квартале бягучага года, лічу, выпраўляемся. Напрыклад, у Мышанскай ДШМ уведзены новы від паслуг — лекцыі-канцэрты. Словам, на месцы не стаім. Расце колькасць самадзейных калектываў, якія карыстаюцца папулярнасцю і запатрабаваны жыхарамі. На сённяшні дзень у сельскай мясцовасці чатыры, а ў горадзе — шэсць ансамбляў маюць званні “народны” і “ўзорны”. Яны кожны год прывозяць дыпломы з розных фестываляў. Падтрымаць нашы пачынанні, у тым ліку і ў маладзёжнай палітыцы, дапамагае Праграма захавання і развіцця культуры Гомельскай вобласці да 2010 года,якая гарантуе ахову гісторыка-культурнай спадчыны, стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця асобы, росту творчай ініцыятывы, духоўных і эстэтычных запатрабаванняў.

Хто апошні па ландшафтны дызайн падворка?

Прыярытэт працы з моладдзю ў Петрыкаўскім раёне замацаваўся да прыняцця абласной і раённай праграм, якія вызначылі яго як стратэгічны накірунак у рэгіёне.

Дзесяць гадоў таму адзін з мікрараёнаў Петрыкава палохаў гараджан колькасцю падлеткаў, што часцяком выпівалі, хуліганілі і, як вынік, траплялі ў калонію. У 1998-ым на пасяджэнні райвыканкама прагучала трапная думка: кааб зменшыць правапарушэнні ў дзіцячым асяродку, трэба стварыць Дом рамёстваў. Спачатку ён размяшчаўся ў непрыстасаваным пакойчыку РДК. Сеня ж выкладчыкі РДР прымаюць вучняў у адрамантаваных памяшканнях былога клуба цагельнага завода. Якраз з дапамогай творчасці і працы крывая правапарушэнняў, як сцвярджаюць мясцовыя культасветнікі, упэўнена папаўзла ўніз.

Дом рамёстваў вучыць і ўдасканальвае ўменні па саломкапляценні, роспісе і разьбе па дрэве, жывапісе, працы са скурай. Народныя промыслы карыстаюцца такім попытам, што ад наведвальнікаў, асабліва малодшых школьнікаў, адбою няма. Выкладчыкі РДР не ведаюць, дзе размясціць усіх ахвотных.

Да ўсяго, дзве з трох гарадскіх школ перайшлі да навучання ў адну змену, таму па абедзе дэфіцыт месцаў асабліва адчувальны.

— Нам бы дадатковы пакой хаця б для выставачнай залы, — марыць дырэктар Аляксандр Кудравец. — Адміністрацыя горада паабяцала выдзеліць памяшканне.

Для першай выстаўкі экспанатаў процьма ўжо цяпер. Адной толькі саломкай усе стэнды можна запоўніць.

Майстар-метадыст па саломкапляценні і аплікацыі Валянціна Фалеева з метадысткай Надзеяй Жукавец адзіныя ў вобласці ствараюць карціны па незвычайнай тэхналогіі. Ідэя арыгінальнай апрацоўкі прыйшла да жанчын пасля мазырскіх курсаў. За два гады залацістыя творы сталі своеасаблівай візітоўкай Петрыкаўшчыны: яны ўпрыгожваюць установы культуры, выстаўляюцца на рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях. Калегі з суседніх раёнаў распытваюць, як майстрыхам удаецца стварыць аб’ём на палотнах ды якой хітрасцю робяцца зрэзы саломінак. Але мясцовыя майстры раскрываюць сакрэты толькі вучням, спадзеючыся, што з іх дапамогай будзе развівацца новае петрыкаўскае традыцыйнае рамяство...

Вырабы раённага Дома рамёстваў атрымалі ў Петрыкаве надзвычайную папулярнасць. Калі хтосьці выпраўляецца ў госці ці збіраецца ў замежжа, то самабытныя сувеніры шукае менавіта тут. Таму РДР аформіў неабходную дакументацыю на гэты від паслуг, і цяпер падарункі сталі крыніцай пастаянных грашовых прыбыткаў.

Карыстаюцца платнымі паслугамі прафесіяналаў індывідуальныя прадпрымальнікі і арганізацыі. Частка стэндаў, рэкламных шчытоў, таблічак і шыльдаў у раёне аформлена метадыстамі Дома рамёстваў. Такім чынам, план па платных паслугах ва ўстанове выкананы летась на 115,6 працэнта...

Калі ж заходзяць людзі ў двор РДР, дык абавязкова спыняюцца каля арыгінальных клумбаў. На адной уюцца стужкай кладачкі з ліпавых кругляшоў ды падміргваюць чырвонымі каптурыкамі драўляныя грыбочкі. Другая плыве караблём сярод зеляніны газона, а на трэцяй звілі гняздо бярозавыя даўгалыгія буслы. Прыгажосць зачароўвае... і стварае попыт на аўтарскі дызайн для ўласнага падворка.

— Падобныя замовы сталі ці не асноўным нашым прыбыткам, — каменціруе ўбачанае Аляксандр Кудравец. — Вось два бервяны ляжаць, а хутка яны ператворацца ў казачных дзеда і бабу. Па раёне ў дзіцячых садках і школах стаяць нашы дэкаратыўныя млыны, альтанкі, лаўкі. Нас запрашаюць у аграгарадкі афармляць тэрыторыі, пляцоўкі. Нават дэкарацыі робім. Да справы падыходзім сур’ёзна: эскізы распрацоўвае майстар-метадыст Валянціна Фалеева, а ўвасабляе ідэі ў жыццё разьбяр па дрэве Аляксей Батан...

І сапраўды, у час вандроўкі па раёне ва ўсіх наведаных установах культуры ці адукацыі ўзмахвалі крыламі млыны, буялі кветкі ў незвычайных кадках, уздоўж гасцінца нібы праляталі дэкаратыўныя бусліныя сямействы.

Між іншым, у РДР за дзецьмі пацягнуліся і дарослыя. Адны за сынамі і дочкамі назіраюць, іншыя — рамяству вучацца. Заглядваюць да дырэктара РДР па творчыя парады і... выхавацелі спецвучылішча № 1. Справа ў тым, што на ўскраіне горада размешчана адзіная ў рэспубліцы калонія для непаўналетніх дзяўчат. Але і за кратамі ў іх не знікае цяга да творчасці. Яны вышываюць, майструюць, а пра сукенкі, вырабленыя іх рукамі, ходзяць легенды па ўсім горадзе. Гэтак раённы Дом рамёстваў дапамагае ператварыць жорсткасць у дзіцячых сэрцах у любоў да прыгожага.

Чаму загараецца лямпачка эканоміі?

Да альпійскай горкі ля Петрыкаўскай раённай бібліятэкі заўсёды збягаюцца малыя, нават дарослыя прыходзяць фатаграфавацца. Справа ў тым, што тут “пасяліўся” велічэзны крот у акулярах і з кніжкай у лапах. Мясцовую славутасць падарыла бібліятэцы Петрыкаўская раённая інспекцыя па ахове прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя. Яна ж дапамагла сфарміраваць у адным з пакояў экалагічны цэнтр, набыць для яго дэкаратыўны фантан, расліны, папоўніць кніжныя фонды спецыялізаванай літаратурай, перыёдыкай, брашурамі. Шматлікія групы школьнікаў знаёмяцца з прыродай роднага краю на батанічных экскурсіях па цэнтры. Адкрыўшы рот слухаюць экалагічныя лекцыі бібліятэкараў выхаванцы Петрыкаўскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Дырэктар Петрыкаўскай ЦБС Марыя Цуба ўпэўнена, што ашчаднае стаўленне да прыроды і рэсурсаў радзімы закладваецца з маленства. І немалая роля ў такім выхаванні за культасветнікамі. Летась у Ляскавічах, Капаткевічах, Навасёлках ладзіліся чытанні, лекцыі для моладзі па эканоміі электраэнергіі. З дзятвой супрацоўнікі правялі мерапрыемствы пад назвай “Чаму загараецца лямпачка?”. Да ініцыятывы падключыўся Капаткевіцкі народны тэатр, які паставіў некалькі “энергазберагальных” прадстаўленняў. Не дзіва, што на абласным, а потым і на рэспубліканскім галіновым аглядзе-конкурсе сярод пярвічных прафсаюзных арганізацый абкама саюза работнікаў культуры па эканоміі энергарэсурсаў і эфектыўнасці іх выкарыстання Петрыкаўская ЦБС заняла першае месца. А як тут справы з выкананнем праграмы “Моладзь”?

— Асноўны акцэнт робім на патрыятычнае выхаванне, — распавядае Марыя Аляксандраўна. — Супрацоўнікі разам з чытачамі даглядаюць помнікі і брацкія могілкі, праводзяць тэматычныя масавыя мерапрыемствы.

Каб сувязь з юнымі чытачамі была больш шчыльнай, на камплектаванне сельскіх бібліятэк было выдзелена 15 працэнтаў сродкаў агульнага фінансавання культуры Петрыкаўшчыны. Кніжныя фонды абнавіліся істотна, асабліва ў аграгарадках. Летась на вёску паступіла 17 589 экзэмпляраў кніг і перыядычных выданняў. З’явілася выдатная літаратура, з дапамогай якой мы адкрылі некалькі прававых цэнтраў і ў кожнай з бібліятэк — прававыя куты. Дзякуючы актыўнай рэкламе ў мясцовых СМІ ў гэтыя цэнтры пацягнуліся студэнты і прыватныя прадпрымальнікі, якім патрэбны дакладныя звесткі пра змены ў заканадаўстве.

Бібліятэкары пастаянна праводзяць для школьнікаў дні адчыненых дзвярэй і гутаркі пра сваю прафесію, дэманструюць альбом “Твой след у гісторыі бібліятэкі”, куды занесены імёны ўсіх, хто працаваў і працуе ў гэтай галіне раёна.

Можа, таму Петрыкаўская ЦБС і не адчувае недахопу ў кадрах. Летась у Петрыкаўскую дзіцячую і Івашкевіцкую сельскую бібліятэкі прыйшлі маладыя спецыялісты.

На дыскатэку — па велатрэку

На Петрыкаўшчыне бярэ пачатак Нацыянальны парк “Прыпяцкі”. Людзі здалёк прыязджаюць сюды падыхаць празрыстым паветрам, палюбавацца на мясцовыя хвойнікі, поплавы і водападзельныя дубравы, пажыць у экасядзібах. У райвыканкаме распрацоўваецца “Залатое кольца” турыстычных маршрутаў, куды ўвайшла і вёска Дарашэвічы. Таму галоўнай навіной, якую абмяркоўваюць мясцовыя бабулькі ля студні, стаў план будаўніцтва тут сучаснага велатрэка і вялікай турбазы.

Са з’яўленнем гэтых аб’ектаў мясцовыя жыхары хутка даведаюцца, што такое сапраўдны наплыў ахвотных умацаваць здароўе. Увечары тыя госці, хутчэй за ўсё, будуць прыходзіць у Ляскавіцкі дом культуры і вольнага часу. Па-першае, таму што знаходзіцца ён зусім побач з Дарашэвічамі. Па-другое, стаіць у жывапісным кутку, падпяразаным вытокам Прыпяці, якую апранулі тут у прыгожую каменную набярэжную з прыстанню. Па-трэцяе — і самае галоўнае, — з ператварэннем Ляскавічаў у аграгарадок старэнькі СДК адрамантавалі так, што з яго заламі, танцавальнымі пляцоўкамі параўнацца зможа далёка не кожны гарадскі дом культуры.

Над дызайнам памяшканняў працавалі сталічныя майстры, яны ж прадумалі і каскад альпійскіх горак. За кошт бюджэтных сродкаў закупілі мэблю, інвентар, музычнае абсталяванне і інструменты на агульную суму ў 200 мільёнаў рублёў. Цяпер ляскавіцкая дыскатэка славіцца ва ўсім раёне. Калі да рамонту сюды хіба што пад прымусам зацягвалі, дык сёння ў мясцовай зале збіраецца моладзь з навакольных вёсак і нават з горада.

— Нам паставілі план платных паслуг у памеры трох мільёнаў на год, дык вось толькі тэматычныя дыскатэкі за першы квартал прынеслі СДК два мільёны семсот тысяч рублёў, — паведамляе дырэктар установы Ева Карняйчук...

Ляскавічы — смарагдавая талерачка з блакітнай аблямоўкай: сасновыя лясы наўкола ў рачным атачэнні. Краявіды — найпрыгажэйшыя! А вось з кадрамі ў сферы культуры, як казаў старшыня райвыканкама, пакуль не ўсе пытанні вырашаны. Не хапае тут рэжысёра масавых мерапрыемстваў, акампаніятара, прафесійнага дзі-джэя, недастаткова дасведчаных кіраўнікоў самадзейных ансамбляў.

— Не стае менавіта музычна адукаваных, — кажа дырэктар раённага метадычнага цэнтра Алена Буднік. — Кіраўнікі фальклорных калектываў, да прыкладу, павінны падабраць мелодыю да песні, падыграць спевакам. Калі ж яны не ведаюць, з якога боку ўзяцца за акардэон, то і гурток хутка разваліцца. На маю думку, выйсце ў тым, каб размяркоўваць выпускнікоў музычных вучылішчаў не толькі ў ДМШ, але і ва ўстановы культуры. Тым больш, што там навучаецца шмат мясцовых дзяўчат і хлопцаў. Тады і маладыя спецыялісты пасля адпрацоўкі не будуць збягаць, і самадзейнасць расквітнее, і повязь пакаленняў з зацікаўленасцю да гэтай працы будуць.

Асобнае памяшканне для народнага тэатра

Пра аграгарадок “Капаткевічы” на Петрыкаўшчыне гавораць: “танцуючая вёска”. Дырэктар Капаткевіцкага дома культуры і кіраўнік ўзорнага ансамбля танца “Верасок” Ядвіга Суботка за трыццаць чатыры гады вырасціла не адно пакаленне вяскоўцаў, якія не ўяўляюць сябе без харэаграфіі. Яна не адсейвае жадаючых далучыцца да калектыву, наадварот: тым, у каго не вельмі атрымліваецца, заўсёды раіць не пакідаць заняткаў. У выніку яе вучні заўважны на дыскатэках, вяселлях. Малыя і дарослыя па-майстэрску далучаюць да сучасных рухаў народныя элементы, а пры выпадку заўжды станчаць польку старэйшым на зайздрасць. У Капаткевічах даўно ўвайшлі ў моду вечарыны, якія ладзіць аматарскае аб’яднанне “Гаспадынька”, дзе поплеч спяваюць і танчаць усе пакаленні Капаткевічаў.

За такое масавае далучэнне вяскоўцаў да народных танцаў Ядвіга Іванаўна ўзнагароджана Граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і адзначана Гомельскім аблвыканкамам як лепшы творчы работнік раёна. І на гэтым яна не супакоілася: занялася грамадскай дзейнасцю, выбрана аднавяскоўцамі дэпутатам пасялковага Савета.

А ўвечары дырэктар ДК — разам з народным ансамблем музыкі, песні і танца “Лявоніха”, які існуе ў Капаткевічах амаль 20 гадоў. Кіраўнік калектыву Анатоль Грынько збірае і развівае ўсе праявы традыцыйнага беларускага мастацтва. Для “Лявоніхі” пішуць арыгінальныя кампазіцыі і тэксты народныя кампазітары Рыгор Кебец і Міхась Будзюхін, паэт Іван Самахвал. А сапраўдным святам для Анатоля Адамавіча стаў выхад у свет кнігі “Першацвет” дырэктара РМЦ, у якой Алена Буднік сабрала 80 песень, што спакон веку бытуюць на Петрыкаўшчыне.

Пра спадчыну распавядае і Капаткевіцкі народны тэатр. Трупа Надзеі Якімавай працуе ў асноўным з беларускай класікай. Вяскоўцы выраслі на “Прымаках” Янкі Купалы, “Трыбунале” і “Верачцы” Андрэя Макаёнка. Пагадзіцеся: рэпертуар больш чым салідны. Старэйшы акцёр Анатоль Суботка памятае, як збіралі тыя п’есы па 250 чалавек на кожны спектакль. Для такога папулярнага калектыву ў вёсцы пабудавалі асобнае памяшканне. За трыццаць гадоў існавання трупы многае змянілася ў жыцці, таму рэжысёр Надзея Іванаўна імкнецца размаўляць з новым пакаленнем на сучасныя тэмы. Так з’явіліся ў рэпертуары “Каваль Сілуян і злы дух” Наталлі Марчук, “Злом” і “Кім” Аляксея Дударава.

Музей — у замку, замак — на дзіцячай пляцоўцы

Напрыканцы знаёмства з гасцінным краем завітала ў новаствораны Петрыкаўскі краязнаўчы музей. Пасярод гарадскога парку камерцыйныя структуры пабудавалі падобны на замак будынак, у якім планавалі адчыніць краму. Аднак гарадскія ўлады выкупілі прыгожы дом, каб на беразе Прыпяці моладзь не толькі шпацыравала, але і магла пабачыць на свае вочы здабыткі петрыкаўскай культуры.

Пакуль для экскурсій і школьных урокаў гісторыі адкрыты першы паверх. У планах дырэктара новай установы Галіны Макеевай — зрабіць “разыначкай” экспазіцыі макет старадаўняга петрыкаўскага замка, што некалі належаў князям Хадкевічам, але не захаваўся да нашага часу. Копію замчышча яна марыць пабудаваць на падворку музея, каб малыя дзеткі маглі, гуляючы, дакрануцца да гісторыі. А пакуль дырэктар дэманструе артэфакты, якія пацвярджаюць тэорыю гісторыкаў, што менавіта з Петрыкаўшчыны пачалося рассяленне першых славянскіх плямён.

— Прыкра, калі некаторыя вучоныя, якія прыязджаюць у Петрыкаўскі раён, гавораць, быццам у рэгіёне не захавана спадчына, — разважае Галіна Уладзіміраўна. — Так, у нас не шмат засталося вырабаў старадаўніх майстроў, але сучасныя культасветработнікі робяць усё, каб узбагаціць успаміны аб продках, аднавіць напаўстрачаныя рамёствы, стварыць новыя традыцыйныя промыслы.

* * *

У гэтым памкненні — будучыня краю. Бібліятэкары, выкладчыкі дзіцячых школ мастацтваў, работнікі дамоў культуры і клубаў яскрава даказваюць, што энергічная моладзь, якая абапіраецца на вопыт старэйшага пакалення, зможа адрадзіць забытае і адшукаць новыя падыходы да развіцця народнага мастацтва і культуры рэгіёна, якія іх дзеці беражліва перададуць унукам як найвялікшую каштоўнасць.

 Настасся ПАНКРАТАВА,
наш спецкарэспандэнт
МінскПетрыкаўскі раёнМінск