Магчымасці — на максімум

№ 7 (1290) 18.02.2017 - 24.02.2017 г

У студзені сталі вядомыя імёны ўладальнікаў грантаў Прэзідэнта Беларусі на 2017 год. Сярод дзевяноста трох кіраўнікоў і спецыялістаў арганізацый навукі, адукацыі, аховы здароўя прагучалі шаснаццаць прозвішчаў работнікаў культуры. “К” працягвае знаёміць чытачоў з сёлетнімі ўзнагароджанымі (пачатак — у № 5).

Ірына ГРАДОЎКІНА, загадчык навукова-даследчага аддзела бібліяграфіі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі:

— Працуючы з нацыянальнай бібліяграфіяй, мы бачым, якія лакуны ў нашых крыніцах. Прынамсі, у айчынных бібліятэках амаль адсутнічаюць матэрыялы, якія адносяцца да міжваеннага перыяду ХХ стагоддзя. Гістарычныя падзеі і шматлікія геапалітычныя змяненні на тэрыторыі Заходняй Беларусі прывялі да таго, што многія дакументы засталіся ў цяперашніх краінах-суседках ці былі вывезеныя туды, штосьці было засакрэчана, многае прапала. Сёння ў адкрытым доступе поўнай інфармацыі па гэтым перыядзе няма, нягледзячы на тое, што тады развівалася кнігадрукаванне, праводзіліся цікавыя даследаванні. Наш праект з’яўляецца працягам працы па даследаванні і віртуальным узнаўленні найбольш каштоўных крыніц па гісторыі Беларусі.

Тэма для разгляду бязмежная, таму вырашылі распачаць з даследавання і сістэматызацыі перыядычных выданняў, якія выходзілі ў заходніх рэгіёнах Беларусі ў 1921 — 1939 гады. Наш аддзел актыўна займаецца пошукам нацыянальных дакументаў, якіх перш за ўсё няма ў бібліятэках Беларусі. На гэтай тэрыторыі выходзіла шмат газет і часопісаў. Будзем шукаць неабходныя нам звесткі ў бібліяграфічных паказальніках польскіх і літоўскіх кніжніц, мяркуем выязджаць з гэтай мэтай да замежных калег, спадзяюся, зможам дамовіцца пра алічбоўку атрыманай інфармацыі. Абавязкова будзем супрацоўнічаць і з нашымі абласнымі архівамі, звернемся да ўласных фондаў. Атрыманы грант пойдзе ў тым ліку і на стварэнне паўнатэкставай калекцыі ў электроннай бібліятэцы нашай установы. Зараз ідзе мадэрнізацыя партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, таму хочацца разлічваць на паўнавартасны рэсурс па гэтым перыядзе. Сёння многія цікавяцца міжваенным перыядам, але мала хто мае доступ да першакрыніц. Упэўнена, знойдзеная інфармацыя будзе карысна айчынным і замежным гісторыкам, краязнаўцам, навукоўцам, а таксама спатрэбіцца шырокаму колу тых, каго прываблівае нацыянальная гісторыя і культура.

Аднак праект не абмяжуецца пазначанай вышэй працай. Мы таксама падалі заяўку на конкурс праектных прапаноў па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва, бо хочацца даследаваць перыяд з пункту гледжання краязнаўства і гісторыі ў комплексе, калі ў складзе Польшчы знаходзіліся не толькі беларускія, але і ўкраінскія заходнія раёны. А яшчэ маем пацверджаную заяўку па Праграме мабільнасці для мэтанакіраваных міжасобасных кантактаў: вясной збіраемся ў Лондан у тамтэйшую Беларускую бібліятэку імя Францыска Скарыны. Там месціцца шмат дакументаў, невядомых на радзіме. Яшчэ шмат інфармацыі належыць увесці ў навуковы зварот.

Валянціна КАНДРАЦЬЕВА, мастацкі кіраўнік ансамбля песні і танца “Медуніца” Магілёўскай абласной філармоніі:

— Наш калектыў існуе больш за 30 гадоў, мы аб’ехалі шмат краін і паўсюль прапагандавалі нашу культуру. У рэпертуары калектыву беларускія народныя песні, танцы, напевы. У нас працуе адразу тры групы: інструментальная, харэаграфічная і вакальная, таму мы можам шырока разгарнуць тэму, прадставіць найбольш поўна карціну народнага дзеяння.

“Медуніца” атрымала падтрымку Кіраўніка дзяржавы для стварэння вялікай канцэртнай праграмы “Беларусь — ты багацце маё і любоў” з выкарыстаннем беларускіх народных песень, твораў беларускіх паэтаў і кампазітараў. Каб яе напаўненне стала сапраўды ўнікальным, мы хочам зрабіць фальклорную музычную экспедыцыю па Хоцімскім, Асіповіцкім раёнах, запісаць песні і народныя танцы, якія сёння яшчэ ёсць у нашых бабуль. Я сама нарадзілася на Асіповіччыне, таму ўяўляю, якое фальклорнае багацце там захоўваецца. Ужо вызначыліся з першым даследчым “пунктам” — то будзе вёска Бяседавічы Хоцімскага раёна. Звычайна мы выпраўляемся на гастролі і сумяшчаем выступленне з наведваннем носьбіта нематэрыяльнай спадчыны. Не толькі запісваем матэрыял, але і вывучаем побыт мясцовасці. Гэта — наша духоўная повязь з культурай продкаў. Пасля самі расшыфроўваем запісы — гэта дастаткова карпатлівая, але цікавая праца, развучваем з калектывам прывезены матэрыял. Таму на працягу года праграма будзе папаўняцца. Спадзяюся, у фінале атрымаецца запісаць у студыі Белтэлерадыёкампаніі, што славіцца прафесіяналізмам і якасным абсталяваннем, дыск ансамбля “Медуніца”.

Першы канцэрт адбыўся ў Слаўгарадзе. Запланавана серыя канцэртаў па Магілёўшчыне, а тады можна будзе выправіцца ў іншыя рэгіёны краіны. Напрыканцы мы хочам арганізаваць вялікі фінальны канцэрт у абласным цэнтры.

Вольга ПАРХІМОВІЧ, загадчык аддзела культурна-адукацыйнай працы Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы:

— Наш музей прыступіў да стварэння музейна-педагагічнай інтэрактыўнай праграмы для дзяцей з сіндромам дзіцячага аўтызму “Побач і разам”, што будзе садзейнічаць рэалізацыі наватарскай канцэпцыі культурнага мерапрыемства, накіраванага на сацыялізацыю дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця сродкамі музейнай педагогікі. Па статыстыцы, кожнаму дзясятаму дзіцяці на планеце, якое нараджаецца, дыягназуюць аўтызм, таму ў сусветнай музейнай практыцы ўсё часцей звяртаюцца да спецпраектаў па розных відах тэрапіі для такой асаблівай аўдыторыі. Для параўнання, у ЗША каля трыццаці музеяў прапаноўваюць спецыяльныя праграмы для такіх дзяцей, Беларусь такімі лічбамі пахваліцца не можа…

На нашай прасторы літаратурны музей імя Янкі Купалы першым працягнуў руку сем’ям, што сутыкнуліся з гэтай праблемай. Сама экспазіцыя спрыяе такім заняткам, бо ў нас існуюць інтэрактыўныя пляцоўкі. Каб правільна падысці да правядзення сустрэч, каб не пашкодзіць дзецям з асаблівым поглядам на навакольны свет, мы звярнуліся па кансультатыўную дапамогу ў міжнародную дабрачынную грамадскую арганізацыю “Дзеці. Аўтызм. Бацькі”. Наша супрацоўніцтва ўжо мае рэальныя вынікі: зладзілі пры ўдзеле студэнтаў факультэта спецыяльнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка калядкі, з дапамогай навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя Аляксея Глебава правялі занятак па жывапісе “З новай казкай!”, а атрыманыя ў выніку два дзясяткі карцін пасля экспанавання ў сценах музея выставілі на дабрачынны аўкцыён (атрыманыя грошы былі пералічаны МДГА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі”). Падтрымаць праект прыходзілі знакамітыя беларускія мастакі, музыканты, Мінскі міжнародны жаночы клуб жонак Паслоў, дыпламатаў і замежных прадстаўнікоў, культурныя і грамадскія дзеячы. Мастакі Аксана Аракчэева, Леанід Гоманаў, Надзея Бука, Аляксандр Сяліцкі перадалі ў дар МДГА свае мастацкія работы для правядзення наступнага дабрачыннага інтэрнэт-аўкцыёна. Мне здаецца, мы змаглі аб’яднаць людзей вакол праблем, якія трэба вырашаць разам.

Музейная прастора сама па сабе спецыфічная, экспанаты нельга кранаць рукамі, але для дзяцей з аўтызмам звычайная экскурсія не спрацуе, ім патрэбны іншы падыход. Грант мы накіруем на тое, каб набыць дадатковы матэрыял для працы: спецыяльныя карткі, пазлы, маляванкі, прадметы, якія можна будзе браць у рукі, пальчаткавы тэатр, матэрыял для творчасці, сшыткі для арыгінальных хатніх заданняў на дом, каб, пакінуўшы музей, яны дома змаглі замацаваць атрыманую ў нас інфармацыю. Распрацаваны цыкл заняткаў, падчас якога плануем прайсці па ўсіх залах, распавесці пра музей, пра Купалу. Мы верым, што нам удасца паспрыяць сацыялізацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця сродкамі музейнай педагогікі.

Людміла ВАКАР, вядучы метадыст па народным сцэнічным касцюме Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці:

— Адна з надзённых праблем сферы культуры Віцебшчыны — касцюміраванне калектываў, супрацоўнікаў дамоў рамёстваў. Мы хочам, каб яны на абласных ці рэспубліканскіх мерапрыемствах выходзілі на сцэну ў традыцыйным касцюме свайго рэгіёна. Часцей за ўсё Віцебская вобласць выступае ў агульнанацыянальным строі, але ж у нас ёсць свае асаблівасці: напрыклад, у рэгіёне ў шырокім выкарыстанні былі сарафаны трох відаў, што не характэрна для астатняй Беларусі. Тут была распаўсюджана крашаніна — рамяство па вырабе афарбаваных тканін. Сялянам для афарбоўкі льну выдавалі сіні фарбавальнік, таму ў народным строі Віцебшчыны пераважаў гэты колер. На дадзены момант стаіць пытанне аб аднаўленні старадаўняй тэхналогіі, ужо ёсць першапраходцы, напрыклад, Гарадоцкі дом рамёстваў.

Наша вобласць была вельмі рана ўрбанізаваная, праз яе прайшлі дзве чыгункі, што звязалі праз Віцебск Арол і Рыгу, Пецярбург і Адэсу. Праз іх у рэгіён прыйшлі прамысловыя тавары, у выніку еўрапейская мода хутка выціснула традыцыйны касцюм. Самая вялікая калекцыя віцебскага народнага строю месціцца ў санкт-пецярбургскім Этнаграфічным музеі, у Беларусі поўныя камплекты адсутнічаюць, касцюмы, што можна пабачыць у нашых краязнаўчых музеях, вельмі разрозненыя.

Каб выправіць сітуацыю, віцебскі АМЦНТ арганізаваў абласное свята-конкурс народнага касцюма “Сцяжкі майстэрства”, на якім кожны дом рамёстваў прадстаўляе свае варыянты рэканструкцыі касцюмаў сваіх рэгіёнаў. Гэтым годам конкурс пройдзе ў трэці раз. На ім будуць прадстаўлены варыянты зімовых камплектаў. Цягам часу сабраны сур’ёзны матэрыял па гэтай тэме. З дапамогай гранта мы мяркуем абагульніць метадычную інфармацыю і выпусціць альбом-каталог дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Традыцыйны касцюм Віцебскай вобласці”, які будзе выкарыстоўвацца ў працы арганізацый культуры. Спадзяемся на стварэнне калекцыі рэканструкцый строяў. З гэтай мэтай пройдзе вялікая выязная выстава народнага касцюма Віцебшчыны, на якой будуць прадстаўлены экспанаты і фотаматэрыялы з усіх краязнаўчых музеяў вобласці.

Ніна КАЛЫМАГА, намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь:

— Грант пойдзе на распрацоўку і рэалізацыю наватарскай канцэпцыі правядзення рэспубліканскай выставы “Беларусь: адраджэнне духоўнасці”, накіраванай на папулярызацыю дасягненняў беларускай культуры ў рэспубліцы і за межамі. Я працую ў музеі 44 гады і скажу, што такога маштабнага праекта, у якім адлюстроўваецца, адкуль пачыналася станаўленне духоўнасці і як яно сёння адбываецца, які дэманструе сукупны ўплыў культуры і рэлігіі на чалавечую душу, у нас яшчэ не было.

Пад выставу будзе аддадзены амаль цалкам трэці паверх нашага музея. Плануем ахапіць перыяд з IX стагоддзя і да нашага часу. Распачнем з археалагічных прадметаў. Прадставім упрыгожванні з салярнымі знакамі: яны адначасова нясуць рэлігійнае і мастацкае значэнне. Таксама наведвальнікі змогуць пабачыць прадметы літургічнага характару ўсіх канфесій: аблачэнні праваслаўных, каталіцкіх, іўдзейскіх, мусульманскіх святароў, харугвы XVIII стагоддзя, плашчаніцу, адрэстаўраваную нашымі спецыялістамі, разныя алтарныя вароты (беларускія рэзчыкі яшчэ ў XVII стагоддзі былі вядомыя па ўсім свеце!), надмагільныя пліты, якія не паказваліся ў нашым музеі гадоў трыццаць, дробную стараверскую пластыку (крыжы, іконы з эмалямі і гэтак далей). І канешне, іконы — праваслаўныя, каталіцкія, стараверскія, уніяцкія. Нягледзячы на тое, што асабістыя фонды Гістарычнага вельмі вялікія, налічваюць больш за 450 тысяч адзінак захоўвання, для максімальнага насычэння столь маштабнага праекта мы звернемся да калег: у музей Нацыянальнай акадэміі Навук Беларусі, Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе” і іншыя. Напрыклад, вельмі хацелася б, каб Полацк пагадзіўся прадставіць у нашых залах на некаторы час Крыж Еўфрасінні Полацкай.

Зараз мастакі распрацоўваюць 3D-макет будучай імпрэзы. Цэнтральная частка выставы будзе аддадзена пад кнігадрукаванне. Разынкай экспазіцыі павінна стаць Біблія Францыска Скарыны — пражскае выданне на беларускай мове. Арыгінальны твор не так проста прывезці на выставу: трэба выканаць шмат умоў, напрыклад, забяспечыць спецыяльнае міліцэйскае суправаджэнне кнігі ў Празе і Мінску. Аднак дамоўленасць існуе, рыхтуецца афіцыйны дагавор, з’явіліся партнёры, якія гатовы дапамагчы знакамітаму выданню першадрукара ў першай палове верасня апынуцца на радзіме аўтара. Пасля закрыцця выставы абавязкова зладзім навуковую канферэнцыю на азначаную тэму, вынікі і найбольш цікавыя даклады з якой пасля будуць выдадзены ў штогодніку Нацыянальнага гістарычнага музея.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"