“Славянскі базар…”: усе па білеты!

№ 7 (1290) 18.02.2017 - 24.02.2017 г

17 лютага стартаваў першы з трох этапаў рэалізацыі білетаў на канцэрты XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

У продаж паступілі білеты на яго ўрачыстыя адкрыццё і закрыццё, фінал XXVI Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск”, сольныя выступы Рыгора Лепса, Стаса Міхайлава, Валерыя Меладзэ і Ягора Крыда, гуртоў “Рукі ўгору!” і “Сплін”, сатырычнае шоу “Аднойчы ў Расiі”. З гэтага ж этапу гледачам даступныя дадатковыя паслугі. На ўсе праекты форуму ў касах Віцебска, у білетнага аператара “kvitki.by” і праз сайт фестывалю можна набыць падарункавыя сертыфікаты наміналам у 10, 20, 30, 50 ды 100 рублёў. Абменьваць іх на білеты дазваляецца па 19 ліпеня (апошні дзень фэсту) у касах Віцебска, Гомеля і Мінска. А прыхільнікам “дарослага” конкурсу прапануецца абанемент на ўсе яго тры дні: пры набыцці білетаў адразу на два дні фіналу, 15 і 16 ліпеня ў Летнім амфітэатры, кожны глядач атрымае бонус — білет на паўфінал, які пройдзе 14 ліпеня ў канцэртнай зале “Віцебск”. Продаж білетаў, абанементаў і сертыфікатаў ажыццяўляецца за наяўны і безнаяўны разлікі.

З другога этапа, з 17 сакавіка, пачнецца рэалізацыя білетаў на ўсе мерапрыемствы ў Летнім амфітэатры (іх намячаецца сямнаццаць, у тым ліку два начныя). У трэці этап уключаны праекты на іншых фестывальных пляцоўках: дата яго старту продажаў будзе паведамлена пазней.

Акрамя вышэйпералічаных выступаў у “меню” форуму заяўлены канцэрт “Шансон-ТВ” — усе зоркі”, прадстаўленне “Вітае Украiна!” з удзелам Нацыянальнага заслужанага акадэмічнага ансамбля танца Украіны імя Паўла Вірскага і ўкраінскіх поп-выканаўцаў; юбілейны вечар “Аляксандр Зацэпін. Ёсць толькі імгненне...” пры ўдзеле вядомых артыстаў і Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі; гала-канцэрты — у рамках Дня Саюзнай дзяржавы, маладых спевакоў і ансамбляў “Я люблю Festываль!”, “Залаты хіт”; праект “Тэатральныя сустрэчы” прадставіць пастаноўкі розных жанраў; “Фестываль без межаў” складуць праграмы класічных напрамкаў у выкананні артыстаў і калектываў з розных краін; ІІІ Фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”; праект “Лялечны квартал” — спектаклі для дзяцей і дарослых прапануюць лялечныя тэатры з Беларусі, Расіі і Украіны; ІІІ Міжнародная канферэнцыя “Фестывальны рух. Традыцыі і інавацыі” з удзелам арганізатараў разнастайных фестываляў і пасяджэннем савета Сусветнай асацыяцыі фестываляў, і многае іншае.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"