Баль народаў пад туш аркестра

№ 20 (838) 17.05.2008 - 23.05.2008 г

Усебеларускі фестываль нацыянальных культур ніколі не абыходзіўся без прыемных неспадзяванак. Вось і сёлетні, сёмы па ліку, не стане выключэннем: у заключных мерапрыемствах фэсту, што пройдзе ў Гродне 13 — 15 чэрвеня, дэбютуюць… беларускія індусы, балгары, эстонцы. Па словах галоўнага рэжысёра свята Уладзіміра Сяргейчыка, сярод прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцей, якія цяпер жывуць у нашай краіне, нямала талентаў.

Сем нот для маладых

Агульнае аблічча фестывалю вызначылася ўжо даўно і выглядае прывабна без канцэптуальнай карэкціроўкі. Але ж “касметычныя” інавацыі здараюцца бадай штогод.

Чэрвень — улюбёны час для вяселляў. Вось і сёлетні фэст увойдзе ў гісторыю менавіта як “шлюбны”. Восем нацый “адгуляюць” свае “вяселлі”, дэманструючы даўнія фальклорныя звычаі і запрасіўшы ў якасці гасцей усіх ахвотных. Рэжысёры фестывалю недарэмна абралі такі акцэнт: менавіта светлае свята вяселля здатнае алегарычна выявіць атмасферу фестывалю.

 /i/content/pi/cult/161/1389/Bal-narodau.jpg
Яшчэ адна навінка багатага на падзейнасць сцэнарыя — конкурс нацыянальнай эстраднай песні. Гледачы пачуюць новыя і ўжо папулярныя рытмы, а выканаўцы-аматары атрымаюць унікальную магчымасць выйсці на вялікую сцэну, ды яшчэ і ў суправаджэнні аркестра Гродзенскай абласной філармоніі. З’явіцца ў праграме фэсту свята дзіцячай эстраднай песні пад назвай “Сем вясёлкавых нот”.

А вось традыцыйная ўжо маладзёжная дыскатэка набудзе іншы статус і ператворыцца ў Баль народаў. Увогуле, па словах галоўнага рэжысёра свята Уладзіміра Сяргейчыка, харэаграфічнае мастацтва сёлета будзе прадстаўлена як ніколі шырока. Прычым такі акцэнт зусім не выпадковы: за апошні час на Беларусі з’явілася багата цікавых нацыянальных танцавальных калектываў, што ярка адлюстроўваюць каларыт сваіх культур. І арганізатары фестывалю ніяк не маглі абмінуць увагай гэтую акалічнасць.

На старадаўніх гродзенскіх вулачках

Сцэну пад час фэсту плануецца размясціць ля фасада Палаца культуры тэкстыльшчыкаў. А тут будзе яшчэ адна фестывальная неспадзяванка, якую змогуць ацаніць тыя, каму давялося бываць на Савецкай плошчы ў Гродне.

Справа ў тым, што прылеглая да плошчы тэрыторыя ў апошнія месяцы нагадвала суцэльную будаўнічую пляцоўку. І слухаючы бадзёры рокат адбойных малаткоў, было цяжка паверыць, што калісьці на гэтым месцы пройдзе свята — тым больш, і часу заставалася не надта шмат. Але абласное і гарадское кіраўніцтва пайшло на рызыку, паабяцаўшы, што работы завершацца своечасова. А сваё слова тут заўсёды трымаюць. І таму многія госці Гродна прыемна здзівяцца, убачыўшызнаёмыя для сябе мясціны ладна абноўленымі.

Гала-канцэрт таксама абяцае стаць адметным хаця б таму, што яго праграма ўтворана пераважна з твораў нацыянальных кампазітараў.

Журы адабрала самыя цікавыя нумары. А сярод прафесійных артыстаў — удзельнікаў фэсту таксама багата прадстаўнікоў іншых на-цыянальнасцей, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі, — Гюнеш, Тарыел Майсурадзэ, Іскуі Абалян… Усе яны выканаюць песні сваіх народаў для гродзенцаў.

Сёлета фэст ахопіць літаральна ўвесь цэнтр горада. Калі ў мінулыя гады народныя майстры маглі паказаць свае работы толькі ў нацыянальных падворках, дык цяпер яны зоймуць куды большыя тэрыторыі, утварыўшы не адзін “Горад майстроў”, а ажно тры: першы прызначаны для гродзенцаў, другі — для ўмельцаў з вобласці, а трэці — для прадстаўнікоў нацыянальных арганізацый. Тлумачыцца гэтая інавацыя вельмі проста: майстрам ёсць што паказаць! Таму народным рамеснікам прысвечаны асобны дзень фестывалю, пад час якога яны будуць працаваць на вачах у публікі.

— Гродна са сваімі старэнькімі вулачкамі-завулачкамі — ідэальная пляцоўка для фестывалю, — перакананы яго галоўны рэжысёр Уладзімір Сяргейчык. — Горад і свята нібы знайшлі адно аднаго.

Адкрыцці — на кожным канцэрце

Сцэнарый свята — не толькі плён актыўнай фантазіі арганізацыйнай крэатыўнай групы. Ініцыятыва тут зыходзіць “знізу”, ад саміх удзельнікаў фестывалю. І новыя мерапрыемствы адно пакліканы адлюстраваць пэўныя тэндэнцыі ў развіцці культур розных нацыянальнасцей.

Тэндэнцыі гэтыя можна было выявіць пад час рэгіянальных тураў фестывалю, якія папярэднічалі заключным мерапрыемствам у Гродне. Журы на іх традыцыйна ўзначальваў народны артыст Беларусі Міхась Дрынеўскі.

— Галоўная выснова, якую можна зрабіць па завяршэнні цыкла рэгіянальных фестываляў, — гэта тое, што людзі розных нацыянальнасцей — жыхары нашай краіны маюць усе магчымасці для творчасці, — лічыць маэстра. — Пагадзіцеся, калі б людзі пачуваліся тут няўтульна, ім было б не да спеваў і танцаў.

— Вы ўзначальваеце журы фестывалю ўжо не першы год і, адпаведна, можаце вызначыць дынаміку развіцця нацыянальных культур, пэўныя тэндэнцыі ў гэтай галіне…

— Паверце, дынаміка выключна станоўчая! Прычым рост — і колькасны, і якасны — адбываецца з года ў год. Пра фестываль даведваюцца ўсё новыя і новыя таленавітыя людзі, дый сам факт яго існавання — выдатны стымул для творчага росту. Самадзейныя артысты разумеюць, што ім трэба развівацца і нельга заседжвацца на месцы. Таму і мастацкі ўзровень калектываў расце.

— Уразіць вас, музыканта з багатым творчым досведам, напэўна, не проста. Ці атрымалася гэта ва ўдзельнікаў фэсту?

— Сустрэчы “твар у твар” з фальклорам краін, што аддалены ад Беларусі на многія тысячы кіламетраў — Афганістана, Ірана, Кітая, — уражваюць заўсёды. Думаю, і аўдыторыя фестывалю будзе рада адкрыць для сябе нешта новае, раней нявядомае. Знаёмства з іншымі культурамі заўсёды ўзбагачае чалавека. Уражвае і тое, што, жывучы ў нашай дзяржаве, выхадцы з далёкіх краёў не губляюць сваіх каранёў, не забываюцца на родныя песні. Вядома, у гэтым ёсць і заслуга фестывалю.

— А што вы можаце сказаць адносна творчага ўзроўню прадстаўленых калектываў і выканаўцаў?

— Вядома ж, ён вельмі разнастайны. Але мушу запэўніць: некаторыя нумары папярэдніх фестываляў былі здатныя ўразіць любога прафесіянала. Назваў гэтых ансамбляў настолькі шмат, што прыгадваць іх не буду, каб раптам на кагосьці не забыцца.

— Ці часта цягам гэтых фестываляў вы бачылі на сцэне выступоўцаў, моладзь, незнаёмых па мінулых гадах?

— Прыемна тое, што нацыянальныя культуры прадстаўлены ў нас бадай усімі ўзростамі. На сцэне даводзілася бачыць і дзяцей, і моладзь, і людзей сярэдняга веку… Прычым моладзі штораз толькі болей — значыць, традыцыі не губляюцца, перадаюцца ў спадчыну. А пэўныя адкрыцці адбываліся літаральна на кожным канцэрце.

І гэты факт пераканаўча сведчыць за тое, што прадстаўнікі ўсіх народаў, якія насяляюць Беларусь, маюць чулую апеку дзяржавы і магчымасці захоўваць і развіваць сваю культуру. Месца пад нашым мірным небам хапае ўсім.

 

Ілля СВІРЫН