Зарабляць па-каралёўску, або Чалавечы фактар у дзеянні

№ 20 (838) 17.05.2008 - 23.05.2008 г

16 — 17 мая Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ладзіць рэспубліканскі семінар-практыкум “Сучасны стан і перспектывы развіцця дыскатэчнага руху на Міншчыне”.

Адкрыццё семінара — у Дзяржынскім гарадскім доме культуры, у фае якога выстаўлена метадычная літаратура і дыскатэчнае абсталяванне мінскага завода “Светлакан”.Рэалізацыі праграмы “Дыскатэка” прысвечана выступленне начальніка ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Анатоля Акушэвіча. Вопыт работы аддзела культуры Дзяржынскага райвыканкама па падтрымцы і развіцці накірункаў маладзёжнай субкультуры разглядае намеснік старшыні Дзяржынскага райвыканкама Аляксандр Чаган. У тым жа Дзяржынскім ГДК прапануецца дэманстрацыя падлеткавай тэматычнай дыскатэкі.Наступны маршрут семінара — Слуцкі раён. У аграгарадках “Вежы”, “Бокшыцы”, “Вясея” разглядаецца ўкараненне сучасных форм арганізацыі і правядзення дыскатэк. Пазнаёмяцца ўдзельнікі семінара з культурна-забаўляльнай праграмай “2008 год — Год здароўя”, з дыскатэчным абсталяваннем, дзіцячай дыскатэкай “Вясенні Ералаш”, вопытам работы Слуцкага маладзёжнага цэнтра па задавальненні культурных патрэб моладзі на аснове комплекснага выкарыстання мастацкага патэнцыялу і аўдыёвізуальных тэхнічных сродкаў. У межах семінара пройдзе “круглы стол” на тэму “Праблемы дыскатэчнага руху і перспектывы яго развіцця ва ўмовах дзяржаўных клубных устаноў”.Завершыцца семінар суботняй нарадай міністра культуры з начальнікамі ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў і аддзелаў культуры райвыканкамаў.

Тэма арганізацыі дыскатэк, тэматычных і выхаваўчых, маладзёжнага развіццёвага адпачынку з’яўляецца для “К” адной з вядучых. Цягам апошняга года ўсебакова асвятлялі яе і ў журналісцкіх матэрыялах, і з дапамогай нашых чытачоў, допісы якіх вызначаюцца неабыякавасцю і глыбокім веданнем справы. Вось і сёння прапаноўваем вам артыкул з рэдакцыйнай пошты, прысвечаны вопыту арганізацыі тэматычных дыскатэк і прадастаўленні платных паслуг у адным з сельскіх дамоў культуры Уздзеншчыны.

 /i/content/pi/cult/161/1388/Zarablyac-pa.jpg
З тым, што культурныя ўстановы на сяле — не раскоша, а неабходнасць, не паспрачаешся. Як і з тым, што новы час дыктуе новыя ўмовы, адна з якіх — эканамічная мэтазгоднасць. Сёння, па сутнасці, клубы і бібліятэкі вымушаны даказваць права на існаванне. За кароткі час лексікон культработнікаў папоўнілі такія словы, як “самаакупнасць”, “даход”, “платныя паслугі”. Але іх сэнс, як і шляхі рэалізацыі пастаўленых эканамічных задач, пакуль спасцігальны не для ўсіх, бо працаваць “на прыбытак” — справа не з лёгкіх.

Якім чынам можа зарабіць сельскі клуб? Гэтае пытанне не аднойчы задавалі сабе работнікі СДК вёскі Каралёва Уздзенскага раёна. І варта парадавацца за неабыякавых, што знайшлі на яго адказ! За тры месяцы бягучага года гэтая культурная ўстанова перавыканала план па аказанні платных паслуг. “У плюс” спрацавалі культработнікі і па выніках мінулага года. Сакрэт прыбытковай эканамічнай дзейнасці, як аказалася, закладзены ў прадуманым выкарыстанні чалавечага фактара.

Дыскатэчная дысцыпліна

У тым, што тут працуюць людзі па-сапраўднаму захопленыя, можна пераканацца, пераступіўшы ганак светлага прасторнага будынка СДК: чыста, акуратна, аформлены куткі, але, праўда, халаднавата. “Ды што вы, сёлета дзеці ў нас не хварэлі, — папярэдзіла маё пытанне малады дырэктар клубнай установы. — Паглядзіце, як мы ўцяплілі вокны!”

Вольга Саявец на гэтай пасадзе не так даўно, але за абуладкаванне клуба ўзялася сур’ёзна, нават мужа далучыла да гаспадарчых спраў. За гэты час паспела зрабіць не многае, але вынікі досыць заўважныя. Удалося купіць неонавыя лямпы для правядзення дыскатэк, зрабіць люстраны шар з падсветкай, “завербаваць” дзі-джэя, які не толькі “круціць” музыку, але і рамантуе апаратуру, сочыць за чысцінёй свайго працоўнага месца (у ранейшых работнікаў з гэтым пастаянна былі праблемы), праводзіць шоу-праграмы. І ўдзячнасць наведвальнікаў не прымусіла сябе чакаць: калі раней у “несезон” на дыскатэку прыходзіла ўсяго 5-7 чалавек, дык цяпер тут па пятніцах, незалежна ад пары года, збіраецца да 50 танцораў. Кошт уваходнага білета — усяго тысяча рублёў. “Адразу былі вялікія праблемы з парадкам, — гаворыць Вольга Міхайлаўна. — Раней і з бутэлькай прыйсці маглі, і за ўваход не заплаціць, і пасварыцца-пабіцца, але мы некалькі разоў выклікалі ўчастковага, той правёў тлумачальную работу, дый самі размаўлялі з наведвальнікамі, — цяпер у нас належны ўзровень дысцыпліны. Курыць у памяшканні клуба нікому не дазволена, а калі хто “пад мухай”, — уваход забаронены катэгарычна. І такі падыход для моладзі цяпер — натуральны: ніхто не спрачаецца — усе разумеюць”.

Практычна кожная дыскатэка — тэматычная, з гульнёвай праграмай і раздачай невялікіх, але прыемных прызоў. Магчыма, таму на каралёўскую дыскатэку прыходзіць моладзь і з бліжэйшых вёсак, нават сталічныя жыхары завітваюць, калі прыязджаюць у госці да знаёмых. Узроставы кантынгент наведвальнікаў — ад 18 да 30 гадоў.

Матывацыя для здароўя

Але дыскатэка — гэта не адзінае, што забяспечвае выкананне плана па платных паслугах. З сакавіка на базе культустановы пачаў працаваць фізкультурна-аздараўленчы клуб для дарослых “Грацыя”, кіруе якім мясцовая жыхарка, студэнтка 4 курса універсітэта фізкультуры Кацярына Бялых. Кошт месячнага абанемента — крыху больш за 13 тысяч рублёў, заняткі праводзяцца тры разы на тыдзень увечары пасля 19 гадзін. Гэты час зручны для жанчын, якія працуюць. Цяпер у групе займаецца 15 чалавек ад 25 да 45 гадоў.

Кожнай узроставай группе падбіраецца аптымальны комплекс практыкаванняў, маладая кіраўніца суправаджае заняткі гутаркамі аб правільным харчаванні, індывідуальнымі рэкамендацыямі. Жанчыны-наведвальніцы вельмі перажываюць, калі даводзіцца прапускаць заняткі, заўсёды з задавальненнем спяшаюцца ў “фітнес-клуб” і адзначаюць: практыкаванні даюць свой плён. А зацікаўленасць, як вядома, — найлепшая матывацыя.

Статус культурнага цэнтра

Вось, уласна, і ўвесь пералік платных паслуг, на якіх зарабляе Каралёўскі СДК, але акрамя гэтага тут дзейнічае шэраг аматарскіх аб’яднанняў і нават філіял дзіцячай школы мастацтваў.

Мясцовыя дзеці і дарослыя наведваюць эстрадныя гурткі і спяваюць у народным калектыве “Прасніца” пад кіраўніцтвам А.Гусарава, С.Зубовіч кіруе гуртком народнай музыкі “Вясёлыя ноткі”, Н.Харошка — танцавальнай групай “Капрызка”, Н.Бялых праводзіць заняткі ў мастацкім класе. Дарэчы, у гэтым годзе на базе клуба пачаў працаваць гурток “Калякі-малякі” для маленькіх дзетак, якім яшчэ ранавата спасцігаць акадэмічны малюнак.

На базе СДК працуюць клуб “Сямейны ачаг”, які займаецца арганізацыяй баўлення вольнага часу маладых сем’яў, і клуб для пажылых “Залаты ўзрост”, што збірае на вячоркі і святы актыўных жыхароў Каралёва сталага веку .

За некалькі гадоў работы паспела “засвяціцца” як на раённым, так і на рэспубліканскім узроўні аматарскае аб’яднанне па лозапляценні “Пчолка”. Сёння гэтым народным промыслам займаюцца 20 чалавек, з якіх 10 — школьнікі. Для некаторых такі занятак з’яўляецца сапраўдным адхланнем і крыніцай дадатковых даходаў, не кажучы ўжо пра тое, што сплеценыя ўласнымі рукамі кошыкі і вазы становяцца лепшым падарункам да свята. Кіраўнік аб’яднання Ніна Бялых у гэтым годзе спецыяльна ездзіла ў сталічны батанічны сад за саджанцамі культурнай лазы, якім знайшла месца на сваім прысядзібным участку. Праз некалькі гадоў яны павінны даць добры матэрыял для работы.

З такім унушальным пералікам накірункаў дзейнасці Каралёўскі СДК можа смела прэтэндаваць на статус сельскага культурнага цэнтра.

* * *

Аказваецца, і на перыферыі можна арганізаваць работу на высокім узроўні, галоўнае — шукаць новыя метады работы, арыентавацца на рознаўзроставы кантынгент і не баяцца эксперыментаваць.

Алена ШУМІЛАВА Узда