За кошт чаго кінапракат у плюсе?

№ 7 (1290) 18.02.2017 - 24.02.2017 г

“К” працягвае падводзіць папярэднія вынікі першага года дзеяння Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады. І калі мінулым разам (гл. №3 “К” за гэты год) гаворка ішла пра бібліятэчную сферу, дык цяпер — пра кінапракат.

Справа ў тым, што згодна з паказчыкамі Дзяржпраграмы, за пяцігодку прырост аб’ёму даходаў ад кінапракату і іншых паслуг кінапракатных і кінавідовішчных арганізацый павінен павялічыцца на 50 % у параўнанні з 2015 годам. Гэта значыць, штогод прырост павінен быць не менш чым на 10 %. Лічба, пагадзіцеся, даволі высокая, асабліва з улікам сённяшніх эканамічных рэалій і падзеннем рэальных заробкаў — патэнцыйных наведвальнікаў кінасеансаў.

Але, нягледзячы на такія неспрыяльныя ўмовы, як паказала апытанне некаторых абласных арганізацый кінавідэапракату, даведзеныя паказчыкі ў асноўным выконваюцца. Напрыклад, як адзначыла “К” дырэктар камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Мінскаблкінавідэапракат” Таццяна Дарашкевіч, яе супрацоўнікі спрацавалі летась на вельмі высокім узроўні.

— У выніку на сёння мы маем рост даходаў у 126,6 % да ўзроўню мінулага года, — адзначыла суразмоўца. — А з улікам дадатковых платных паслуг, што і прапісана ў Дзяржпраграме, — увогуле 139 % да мінулагодніх паказчыкаў.

Па словах Таццяны Дарашкевіч, рост даходаў ад кінапаказу ўдалося дасягнуць, дзякуючы наладжанай рабоце рэпертуарнай камісіі, якая з 540 назваў кінафільмаў адабрала для дэманстрацыі ў кінатэатрах вобласці толькі 113.

— У выніку якаснага адбору кінасеансы наведала вельмі шмат гледачоў, — кажа дырэктар Мінскаблкінавідэапракату. — Акрамя таго, летась мы адкрылі ў 11 кінатэатрах вобласці пункты грамадскага харчавання — так званыя “кінабары”, якія таксама прынеслі нам неблагія фінансавыя дывідэнды. Сёлета, дарэчы, мяркуем адкрыць яшчэ тры падобныя кропкі на Міншчыне.

Прыкладна на такія самыя прычыны спасылаліся і ў іншых кінапракатных арганізацыях. Скажам, як адзначыў “К” генеральны дырэктар унітарнага прадпрыемства “Кінавідэапракат” Мінгарвыканкама Юрый Чачукевіч, пазітыўная дынаміка па прыросце даходаў ад паказаў і аказання іншых платных паслуг па выніках года ёсць.

— Дакладныя лічбы называць не буду, бо гэта — камерцыйная тайна, — адзначыў суразмоўца. — Лічу, што росту мы змаглі дабіцца за кошт зладжанай работы ўсіх нашых супрацоўнікаў, а таксама даволі добрай кан’юнктуры сталічнага кінарынку. Да таго ж, летась у Мінску дэманстравалася больш дзвюхсерыйных фільмаў, чым у 2015-м, а гэта значыць, што білет на такія сеансы каштаваў на 50 капеек даражэй, чым на звычайныя.

У планах сталічнага кінапракатнага кіраўніцтва — далейшае шчыраванне над павелічэннем даходу ад кінапаказу і іншых паслуг.

— Так, мы плануем сёлета ўсталяваць у кінатэатры “Камсамолец” сістэму 3D, што, упэўнены, пазітыўна паўплывае на колькасць гледачоў, — адзначыў Юрый Чачукевіч. — Акрамя таго, будзем імкнуцца да стварэння больш камфартабельных умоў у нашых залах і працаваць над пытаннем пра адкрыццё 1 — 2 новых у Мінску. І, натуральна, мяркуем пашыраць спектр дадатковых платных паслуг у кінатэатрах.

На камерцыйную тайну ў сваім адказе спаслаўся і дырэктар КУП “Гроднааблкінавідэапракат” Юрый Аляксей, зазначыўшы, што яго прадпрыемства спрацавала летась у пазітыўным ключы.

— У нас за 2016 год пастаянна назіраўся рост даходаў ад асноўнай і дадатковай сфер дзейнасці, а колькасць гледачоў кінасеансаў павялічылася больш чым на 4 тысячы чалавек, — адзначыў суразмоўца. — Мы маем у Гродне, акрамя 4 кінатэатраў, свой фітнес-зал, байцоўскі клуб, дзе можна займацца і звычайным, і тайскім боксам, 3 начныя клубы і 9 бараў, сярод якіх і бар-караоке, а таксама ўласнае рэкламнае агенцтва, дзе можна замовіць самыя розныя паслугі. Усе пералічаныя арганізацыі спрацавалі летась таксама ў “плюс”. Таму, натуральна, будзем і далей развіваць гэты кірунак.

І апошняе. Як паведамілі “К” у Міністэрстве культуры Беларусі, у 2016-м годзе ад кінапаказу і іншых відаў паслуг атрыманы 34,4 мільёна рублёў, што на 5,8 мільёна рублёў (ці на 20,27 %) больш, чым у 2015 годзе. Так што можна сказаць, што паказчык па павелічэнні даходаў, закладзены ў Дзяржаўнай праграме “Культура Беларусі”, кінавідэаарганізацыі галіны пакуль што выконваюць і нават перавыконваюць.

Праўда, ёсць тут адно “але”. Як адзначалася на нядаўняй калегіі Мінкультуры, у 2016 годзе колькасць наведванняў кінасеансаў у дзяржаўнай кінасетцы склала 12,4 мільёна чалавек, што амаль на 750 тысяч чалавек менш, чым у 2015 годзе. Таму, мабыць, асноўнае пытанне для айчынных кінавідэаарганізацый сёння заключаецца ў тым, ці змогуць яны і далей прыцягваць у кіназалы гледачоў, асабліва ў раённых цэнтрах... А ў гэтым пытанні без мадэрнізацыі кінатэатраў і перагляду рэпертуарнай палітыкі проста не абысціся. Прыклад Мінскай вобласці паказвае, што спрацаваць на высокім узроўні з улікам такіх падыходаў сёння цалкам рэальна…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"