У нататніку Лукарэлі

№ 7 (1290) 18.02.2017 - 24.02.2017 г

Адным з гасцей міжнароднага сімпозіума “Пісьменнік і час”, што прайшоў у рамках XXIV Мінскай міжнароднай ярмаркі-кірмашу, стаў знакаміты італьянскі пісьменнік, тэлесцэнарыст, выкладчык Карла ЛУКАРЭЛІ. Ён вядомы ў сваёй краіне як аўтар твораў у жанры трылеру. “К” паспела задаць Лукарэлі некалькі пытанняў.

/i/content/pi/cult/625/13878/6-3.jpg— Што вы занатоўвалі у час сімпозіума, калі не сакрэт?

— Перш за ўсё я рабіў нататкі пра канцэпцыю дакладаў, якія агучвалі выступоўцы. Асабліва гэта тычыцца таго, што літаратура дапамагае збліжэнню народаў і становіцца падмуркам для палітычных адносін. І я хацеў бы гэту ідэю данесці да сваёй краіны, сваёй часткі Еўропы, якая ў гэты час перажывае распад, разыходжанне ў меркаваннях.

— Як лічыце, чаму менавіта вас запрасілі з італьянскага боку ў Мінск?

— Па шчырасці, я не ведаю, чаму выбралі менавіта мяне. Напэўна, таму, што я з’яўляюся вельмі эклектычнай асобай. Я не толькі аўтар раманаў дэтэктыўнага жанру, але і тэлевядучы, сцэнарыст.

— Карла, як вы ацэньваеце фармат гэтай сустрэчы?

— Магчыма, пленарнае пасяджэнне — фармальны тып сустрэчы, але так мае быць. Мы размясціліся ў амфітэатры, слухаем і робім запісы. Канешне, можна выбраць і больш вольны варыянт, калі ты сядзіш за сталом і гутарыш. Упэўнены, у беларускіх пісьменнікаў будзе і такая магчымасць. Для мяне пасяджэнне было вельмі цікавым, я спісаў цэлы блакнот. Таму лічу яго карысным.

— Дэтэктыў і трылер — у нашай краіне сёння часцяком імкнуцца да гістарычнасці. Што ўяўляюць з сябе гэтыя жанры ў сучаснай Італіі?

— Тое, што вы ведаеце як дэтэктыў, у Італіі зараз называецца літаратурай у стылі “нуар”, інакш кажучы, у “чорным” стылі. Задача яго — расследаванне этапу ў жыцці. Кніга тлумачыць, чаму нешта адбылося менавіта такім чынам. Галоўная рыса “нуару” — вялікая даследчая праца. У жанры фікшн ці тэлефікшн мы займаемся тым, што ўзбагачаем сюжэт нейкімі тэхналогіямі ды трукамі. Што я маю на ўвазе? У аснове ёсць пэўная гісторыя. Але каб зрабіць яе больш жывой і набліжанай да чытача, італьянскія аўтары выкарыстоўваюць асаблівыя прыёмы. Гэтыя трукі накіраваныя на тое, каб перадаць, асвятліць, напрыклад, праблему ў грамадстве. Мы тыя, хто раскрывае цёмныя бакі нашага соцыума і нашай гісторыі, у сваім кшталце правакатары. Але наша мэта — зрабіць так, каб людзі, якія глядзяць нашы праграмы, пражывалі страшныя моманты толькі ў сваёй фантазіі, а не ў рэальным жыцці.

Фота аўтара

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст