Узнагароды дзяржавы

№ 6 (1289) 11.02.2017 - 17.02.2017 г

Згодна з Указам Прэзідэнта краіны, дзяржаўных узнагарод Беларусі ўдастоены 75 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, значны асабісты ўклад, у тым ліку, у падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў, развіццё навуковай і педагагічнай дзейнасці, беларускага кінамастацтва.

Так, галоўны хормайстар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Ніна Ламановіч была ўганаравана ордэнам Францыска Скарыны. Таксама згодна з Указам медалём “За працоўныя заслугі” ўзнагароджаны намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Ларыса Аленская, дырэктар Гомельскага абласнога музея ваеннай славы Павел Ждановіч і дырэктар Творчай майстэрні архітэктара Корбута А.І., старшыня Беларускага саюза архітэктараў Аляксандр Корбут.

Медалём Францыска Скарыны былі адзначаны дырэктар камунальнага даччынага кінавідовішчнага ўнітарнага прадпрыемства “Кінатаўр” (Гомель) Мікалай Старасценка і дырэктар праектнага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Творчая майстэрня архітэктара Школьнікава Б.Э.” Барыс Школьнікаў.

Прэзідэнт краіны гэтым жа Указам прысвоіў ганаровыя званні Рэспублікі Беларусь. Так, званне “Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь” атрымала вядучы майстар сцэны тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Ала Проліч. А званнем “Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь” быў уганараваны член прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі Зіновій Прыгодзіч.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка таксама падпісаў распараджэнне, у адпаведнасці з якім 11 работнікам розных сфер аб’яўлена падзяка Прэзідэнта.