Яны абуджалі “Ліру”

№ 6 (1289) 11.02.2017 - 17.02.2017 г

Вечарам 9 лютага былі абвешчаны імёны пераможцаў V Рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная музычная прэмія “Ліра”. Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў са сцэны Палаца Рэспублікі сказаў, што прэмія дазваляе адкрыць новыя таленты і ўшаноўваць майстроў, што заявілі пра сябе ў музычным мастацтве раней.

/i/content/pi/cult/624/13870/4-1.jpgМенавіта таму святочная імпрэза пачалася з хвіліны памяці народнаму артысту краіны Аляксандру Ціхановічу, што неўзабаве пайшоў з жыцця ў канцы студзеня. Для многіх удзельнікаў канцэрта Ціхановіч стаў сапраўдным правадыром у свет музыкі, для асобных шчасліўцаў — Сябрам і Майстрам. З сённяшняга моманту намінацыя “Адкрыццё года” будзе насіць імя Аляксандра Рыгоравіча Ціхановіча. І першую такую прэмію з рук дачкі мэтра Настассі ўзяў дэбютант 2016 года гурт “Радыёхваля”.

Усяго конкурс налічвае 14 намінацый, вердыкт па якім выносіць ганаровае журы. У гэтым годзе яго старшынёй стаў народны артыст Беларусі, кіраўнік дзяржаўнага ансамбля “Сябры” Анатоль Ярмоленка.

Такім чынам у намінацыі “Лепшы жаночы вакал” перамагла Іна Афанасьева. Лепшы мужчынскі вакал пацвердзіў Саша Нэма. Лепшай песняй на беларускай мове стала кампазіцыя “Гісторыя майго жыцця” будучых трыумфатараў “Еўрабачання 2017” гурта “Naviband”. Лепшым кліпам года суддзі палічылі ролік гурта “Без Билета” на песню “Адрас — планета Зямля” рэжысёра Міхаіла Бычанка. Лепшы аўтар музыкі — Алена Атрашкевіч, аўтар слоў — Алег Жукаў, лепшы аранжыроўшчык — Святаслаў Пазняк. Намінацыю “Стыль года” ўзялі хлопцы з гурта “Proвокация”. А Дзмітрый Калдун стаў “Лепшым за мяжой”. Прэмія не абышла ўвагай і мецэнатаў шоу-бізнесу: узнагароду атрымала кіруючая кампанія холдынгу ААТ “Амкадор”. Міхаіл Фінберг быў узнагароджаны “за ўклад у развіццё эстраднага музычнага мастацтва Рэспублікі Беларусь”. Абсалютным рэкардсменам Нацыянальнай музычнай прэміі “Ліра” стаў знакаміты гурт “J:Морс”: ён перамог адразу ў дзвюх намінацыях — “Лепшы калектыў выканаўцаў” і “Лепшая песня года”. Дарэчы, выконваць песню “Блізка” Уладзіміру Пугачу з напарнікамі дапамагаў дзіцячы калектыў “ФолкРада”, які ўзначальвае музыкант Ірэна Катвіцкая.

Як бы хто ні ставіўся да Нацыянальнай музычнай прэміі ў галіне папулярнай музыкі “Ліра” і яе прадвеснікаў, сама ўзнагарода ёсць, і будзе спяваць ды танцаваць надалей раз на два гады. Добра, што нашых дзеячаў культуры адзначаюць такім чынам? Добра. Дрэнна, што не заўсёды тых, хто вам падабаецца? Відаць. Ну, дык і стварыце сваю маленькую хатнюю прэмію і ўручайце прызы кумірам — хоць бы і праз “iнстаграм”!..

Вось і гэтым разам колькасць незадаволеных, упэўнены, перавысіла колькасць шчаслівых. Мы не станем далучацца ні да тых, ні да іншых, а проста пералічым пераможцаў і дамо слова тым, хто рэальна “адказваў”, вызначаючы намінантаў з пераможцамі, — некаторым сябрам журы. Іх мы папрасілі падзяліцца сваім меркаваннем аб тым, ці задаволіў іх узровень прэтэндэнтаў на вікторыю; якія высновы яны зрабілі пра тое, што сёння адбываецца з беларускай поп-музыкай; чаго хацелі б ад нашай папулярнай музыкі ў будучыні.

Алег ЕЛІСЕЕНКАЎ, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кампазітар, выканаўца, педагог

1. Тут вось якая тонкасць. Як я зразумеў, вылучалі мы лепшае, у асноўным, з таго матэрыялу, што трансляваўся ды транслюецца на FM-радыё. І вось гэты ўхіл і вызначаў наш выбар. Анатоль Іванавіч Ярмоленка, старшыня журы, нават прапанаваў пазначыць у афіцыйных дакументах, што прэмія прысуджалася па выніках ратацый на FM-станцыях. У цэлым зрэз гэты мяне задаволіў. Спадабалася, што было шмат маладых выканаўцаў. Але патрапiць у FM-фармат яшчэ не гарантуе ім канцэртнага поспеху.

2. Аснова песні — гэта мова, яна — яе настрой. Відаць, як магутна рушыла наперад беларускамоўная музыка, што не можа не радаваць. Да яе сёння сталі звяртацца тыя, хто раней неяк без яе абыходзіўся. Так, мабыць, модна, але мода гэтая — правільная, у яе ўкладзена вялікая, важная ідэя. Цi набліжаецца айчынная поп-музыка да так званай сусветнай? Гледзячы які сэнс у дадзены працэс укладваць. Калі пад гэтым маецца на ўвазе адмова ад савецкай эстраднай спадчыны, дакладней ад славянскай, дык я — супраць. Так, цяпер дамінуюць англасаксонская песенная культура, афраамерыканская. Але, дапусцім, Італія, Іспанія, балканскія краіны ідуць сваім шляхам, захоўваючы традыцыі, не паступаючыся каранямі. І нам трэба захоўваць нацыянальнае ў песнях.

3. Я чакаю ад нашай папулярнай музыкі новых талентаў, выбліскаў, іскраў, яркіх асоб. Чакаю новай музыкі, слоў. Падзей, большай стылістычнай разнастайнасці. Калі ласка, няхай існуюць FM-рэйтынгі ды клубная культура, але падсілкоўвацца, узгадоўвацца павінна і іншая музыка. Якая? Новыя імёны яе і прапануюць.

Анатоль ЯРМОЛЕНКА, народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік ансамбля “Сябры”

1. Спектр прапанаваных нам адборачнай камісіяй прэтэндэнтаў быў шырокі: ад выканаўцаў вельмі вядомых да такіх, пра каго асабіста я ніколі не чуў. Агульны іх узровень я назваў бы нармальным. Спадабалася стылістычная разнапланавасць. Я для сябе адзначыў некалькі перспектыўных, своеасаблівых артыстаў, якія творча ідуць у нечым як бы насуперак асноўным музычным тэндэнцыям. Думаю, каб я стаў моцна настойваць на тым, каб самыя, так назаву, “дзіўныя” з іх трапілі ў лік фінальных намінантаў, некаторыя сябры журы мяне не зразумелі б. Трапляліся і тыя, хто нават проста прэтэндаваць менавіта на Нацыянальную прэмію не павінен быў бы. Што ж, і такая музыка чамусьці сёння гучыць у FM-эфіры ды ў кагосьцi карыстаецца попытам.

2. Беларуская поп-музыка развіваецца, мабыць, згодна з цяперашнім густам публікі, шмат у чым у адпаведнасці з палітыкай радыёстанцый, калі такая, вядома, маецца. Не хачу выстаўляць нашай музыцы ацэнкі “добра” або “дрэнна”: яна такая, якая ёсць.

3. Нашай музыцы патрэбна большая самабытнасць, каб адразу было чуваць, што спяваюць беларусы. Гаворка не толькі пра мову, а пра тое, каб у мелодыях, у музыцы ў цэлым было нешта беларускае. Ну а калі хтосьці не можа абысціся без капіравання, то хай “здымае” лепш ужо фірмовых заходніх артыстаў — у манеры ці спевах, іміджы, — а не іх другасных расiйскіх клонаў: мне беларускія Біланы i Гагарыны (Дзіма ды Паліна, дарэчы, выканаўцы досыць самабытныя) слых і вочы рэжуць.

Святлана СТАЦЭНКА, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра музычных мастацтваў імя Уладзіміра Мулявіна

1. У мяне ўзнікалі пытанні па прапанаваным нам спісе намінантаў: чаму не было той ці іншай песні, пэўных выканаўцаў, кліпа, якія мне запомніліся. Але нечага такога, каб мяне катэгарычна не задавальняла, не ўзгадаю. Парадавалі аранжыроўкі, было чуваць, што нашы выканаўцы да іх сталі ставіцца значна больш сур’ёзна.

2. Беларуская папулярная музыка падобная з расійскай, можна сказаць, што яна вынiкае нейкім яе канонам: тыя ж музычныя абароты, напевы, мелiзмы. У ёй, безумоўна, ёсць пазнавальныя артысты, але шмат і такога, што песню ты чуў, а асацыяваць яе з канкрэтным выканаўцам не можаш. Адкрыццяў у нас мала, сапраўдных індывідуальнасцяў.

3. Хацелася б, каб у нашай музыкі было сваё непаўторнае аблічча. Больш было б беларускіх матываў у сучасных апрацоўках, нешта кшталту поп-фольку, фольк-року (а для гэтага трэба шмат працаваць, вывучаць гісторыю беларускай музыкі). І каб яна менш капіравала чужую эстраду.

Сяргей КУХТО, старшыня праўлення грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства аўтараў, выканаўцаў і іншых праваўладальнікаў”

1. Сярод намінантаў былі тыя, хто спявае шыкоўна, былі... іншыя, пра якіх я сказаў бы так: няма мяжы... дасканаласці. Мне здаецца, трэба змяняць стаўленне да беларускай культуры наогул, перастаць няспынна вышукваць у ёй тое, да чаго так і цягне прычапіцца. Наша сучаснае мастацтва — папулярнае, авангарднае, элітарнае, ды якое заўгодна — гэта ўсё мы, усё роднае, якое проста трэба шанаваць.

2. Айчынная поп-музыка, вядома, рухаецца. У які бок: уверх, уніз; развіваючыся, вымiраючы? Тут у кожнага спецыяліста можа быць сваё меркаванне. Для мяне ў ёй замала разнастайнасці, не так шырокая палітра годных увагі артыстаў. Але нейкія прамежкавыя вынікі ў гэтым працэсе мне цікавыя. А ўвогуле нічога страшнага з ёй не адбудзецца.

3. Дапусцiм, ніша, якую стварыў Анатоль Іванавіч Ярмоленка, ужо перапоўненая выканаўцамі таленавітымі. І не вельмі. Наша папулярная музыка мае патрэбу ў новых ідэях, у новых шляхах. Нам бы з дзясятак гуртоў, як “Акіян Эльзы”, такіх ідэй, такога прафесійнага ўзроўню, і мы перавярнулі б увесь свет! Таму — чакаю з’яўлення беларускіх “акіянаў”.

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"