І народ адгукнуўся!

№ 20 (838) 17.05.2008 - 23.05.2008 г

15 мая 1888 года ў Магілёве быў адкрыты тэатр, пабудаваны на сродкі гараджан

“Цвёрды грунт” і першая тысяча

Тэатральная гісторыя Магілёва надзвычай багатая, прычым першыя звесткі аб праяўленні падобнага “інтарэсу” ў горадзе адносяцца яшчэ да канца ХVІІ стагоддзя. У гонар наведвання Магілёва расійскай імператрыцай Кацярынай ІІ (1780 г.) на беразе Дняпра быў узведзены драўляны тэатральны будынак, дзе доўгі час і даваліся прадстаўленні шматлікіх заезджых труп, што любілі гасцінную публіку. Але з часам будынак гэты прыйшоў да заняпаду, тэатральная пляцоўка “перамясцілася” ў спецыяльна перабудаваны каменны дом на Ветраную вуліцу, бліжэй да губернатарскіх прысутных месцаў, але той неўзабаве… згарэў. А горад прагнуў займець уласны тэатр. Гісторыя яго з’яўлення надзвычай паказальная і шмат у чым нават павучальная для нашых сучаснікаў. А пачалося ўсё з таго, што ў 70-ыя гады ХІХ стагоддзя губернская адміністрацыя “кінула кліч” пра збор сродкаў на ўзвядзенне ў горадзе тэатральнага будынка.

 /i/content/pi/cult/161/1387/Teatr1.jpg
І — гараджане адгукнуліся: у прыватнасці, вядомы прозвішчы Палякова і Андрэева, якія ўнеслі па 1000 і 1500 рублёў адпаведна, што па тых часах было сумай немалой. Грошай гэтых для пачатку будоўлі было, натуральна, недастаткова, а таму іх паклалі ў банк “пад працэнты”. Але акурат праз дзесяць гадоў тагачасны губернатар Магілёва Дэмбавецкі зноў звярнуўся да гараджан і губернскіх ведамстваў, зазначаючы неабходнасць пабудовы ў горадзе тэатра. І — народ зноў адгукнуўся, прычым яшчэ больш актыўна, так што пры папярэднім разліку таго, што будынак тэатра абыдзецца ў 20 000 рублёў, гараджане сабралі… больш за 26 тысяч!

Але “лішніх” грошай не аказалася. Пасля таго, як месца для новага тэатра было выбрана і рабочыя пачалі выкопваць катлаван, выявілася, што Мураўёўскі сквер, на плошчы ля якога і распачалася будоўля, пралягае на месцы старадаўняга гарадскога рова. Землякопы “ўперліся” ў старадаўнія рэшткі драўлянага моста, што быў некалі перакінуты праз гэты роў, і для таго, каб знайсці “цвёрды грунт”, ім давялося заглыбіцца яшчэ больш. Да таго ж, ускладняліся справы тым, што будаўнічыя матэрыялы на той час не заўсёды былі высокай якасці і з-за сваёй нетрываласці часта проста не дазвалялі архітэктарам ажыццявіцьсвае задумы.

На два гады ранней за Мінск

Але ж той азарт і ініцыятыўнасць, з якімі гараджане ўспрынялі пабудову ў горадзе тэатра, дазволіла да канца 1886 года збольшага завяршыць узвядзенне самога будынка. Потым — з дапамогай гарадскіх улад — ён быў аздоблены, завяршылася аддзелка глядзельнай залы і арнаментоўка лож, зробленая па тагачасным узоры Варшаўскага Малога тэатра. Агульны кошт будаўнічых работ склаў ужо 55 тысяч рублёў (з улікам пабудовы трох магазінаў, прыбыткі ад якіх ішлі на пагашэнне пазыкі). І ўжо тагачасныя мясцовыя рэпарцёры маглі з гонарам пісаць пра новы гарадскі “тэатр з яго гранітным цокалем, балконам перад пад’ездам, <…> з абсталяваннем для цэнтральнага ацяплення залы і прылеглых памяшканняў!”

14 мая 1888 года будынак быў асвечаны і ўрачыста перададзены ў дар гораду (дарэчы, з’явіўся ён на два гады раней за будынак мінскага Гарадскога тэатра, дзе сёння працуе славутая трупа купалаўцаў), а ўжо назаўтра ў ім адбылося першае тэатральнае прадстаўленне, на якое, не дзіва, трапіць было амаль немагчыма! Дарэчы, захаваліся сведчанні пра тое, што з-за імгненнага распродажу білетаў не было сярод першых наведвальнікаў тэатра ў гэты дзень ні аўтара праекта Камбурава, ні майстроў-будаўнікоў, ні мастакоў Чарнышова, які выконваў у тэатры ўсе жывапісныя работы, і Трэніна, чый роспіс аздобіў заслону і дэкарацыі… Акурат з гэтага дня магіляўчане і адлічваюць “узрост” свайго тэатра.

Сённяшнія “магілёўцы”... палешукі

Акідваючы вокам больш чым стогадовую гісторыю тэатральнага жыцця ў горадзе па-над Дняпром, вымалёўваецца адна асаблівасць “характару” Магілёўскага тэатра: на працягу ўсяго свайго існавання ён быў своеасаблівай… “кузняй” беларускіх тэатраў. Так-так, не толькі асобных дзеячаў, але і непасрэдна — тэатраў.

Як тут не ўзгадаць Рускую перасоўную трупу 30-х гадоў пад кіраўніцтвам акцёра і антрэпрэнёра Уладзіміра Кумельскага, які, праехаўшы палову Расіі і паспеўшы папрацаваць, апроч іншага, у Тэатры Корша і ў Малым тэатры, вырашыў атабарыцца на Магілёўшчыне (зімовы сезон яны ігралі ў Магілёве, а летні — у Бабруйску)? Даволі хутка трупа Кумельскага стала адным з самых папулярных тэатральных калектываў маладой Беларусі, а пасля своеасаблівых “справаздачных” гастролей у Мінску ў 1931 годзе атрымала назву Першага рускага тэатра БССР, у 1932 стаўшы Дзяржаўным рускім тэатрам БССР. Вялікая Айчынная заспела калектыў на гастролях у Беластоку, а пасля вызвалення горада тэатр, непрацяглы час папрацаваўшы ў Магілёве, перабраўся ў Гродна (з 1945 па 1947 гг.), а потым — на пастаянную работу ў Мінск. І сёння мы яго ведаем як Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага.
 /i/content/pi/cult/161/1387/Teatr2.jpg

Магілёўская ж сцэна пасля вайны таксама не пуставала — сюды ў 1945-ым перавялі Гомельскі абласны драматычны тэатр (у самім Гомелі на той час не было прыстасаванага будынка). Узначалілі гэты тэатр Я.Палосін (дырэктар) і М.Нікіцін (мастацкі кіраўнік), але ж трупа працавала ў горадзе толькі да 1949 года. У сакавіку яе расфарміравалі, а большасць творчых работнікаў тэатра перайшла ў Брэсцкі абласны драматычны тэатр.

А хто ж склаў аснову той трупы, якая сёння і працуе ў Магілёве? Для таго, каб прасачыць яе “біяграфію”, варта вярнуцца ў 30-ыя гады мінулага стагоддзя — час, калі ў краіне расцвітаў рух ТРАМаў і калгасна-саўгасных тэатраў. Адным з “крылаў” будучай магілёўскай трупы было наканавана стаць якраз такому калгасна-саўгаснаму калектыву, арганізаванаму ў 1933 годзе ў Бабруйску, “перамешчанаму” пазней у Заслаўе, а ў 1939 годзе — у Пінск, дзе ён стаў Пінскім абласным драматычным тэатрам. Другім “крылом” стаўся Палескі абласны драматычны тэатр, рэарганізаваны з Мазырскага акружнога тэатра працоўнай і калгаснай моладзі. У першую пасляваенную дзесяцігодку гэты аб’яднаны Палескі абласны драматычны тэатр на чале з М.Кавязіным і, пазней, У.Пацехіным плённа працаваў у Пінску, “зрабіўшы імя” пастаноўкамі паводле беларускай і расійскай класікі. Але побытавыя складанасці (сцэна мясцілася ў напаўразбураным драўляным будынку), а таксама пастанова ўрада аб узбуйненні абласцей, у выніку чаго Пінск увайшоў у Брэсцкую вобласць, паспрыялі таму, што ў 1954 годзе тэатр быў пераведзены ў Магілёў. На сталае жыхарства.

Ад аварый да авацый

Не закранаючы падрабязнасцей творчага жыцця калектыву, варта, аднак, зазначыць, што магіляўчане, як, бадай, ніводзін беларускі драмтэатр, ішлі “ў нагу” з нашай краінай, перажываючы не толькі радасці, але і нягоды. На пачатку 90-х гадоў старадаўні будынак тэатра, ягонае ўнутранае ўбранне і камунікацыі, якім споўнілася больш за сто гадоў, прыйшлі практычна ў аварыйны стан. Тагачасны дырэктар тэатра А.Барысава дабілася закрыцця тэатра на рэканструкцыю, але справа, якую меркавалі завяршыць як мага хутчэй, зацягнулася… да канца стагоддзя. Сітуацыя гэтая самым крытычным чынам адбілася на творчай трупе: старэйшае пакаленне акцёраў за час пакут тэатра пайшло з жыцця, многія з больш маладых пайшлі шукаць іншага, больш стабільнага “хлебу”. Было ў гэты час ўсё, нават акцёрскія забастоўкі супраць тэатральнага даўгабуду…

Але ў 2001 годзе адноўлены Магілёўскі абласны драматычны тэатр гасцінна адчыніў свае дзверы для верных і адданых аматараў мастацтва горада па-над Дняпром. І пачаў вяртацца ў актыўнае тэатральнае жыццё Беларусі проста-такі “сямімільнымі” крокамі. Узяўшы арыентацыю на класічную драматургію — правераную дзесяцігоддзямі нацыянальную і замежную п’есу, — у якасці асноўных “спажыўцоў” калектыў абазначыў не толькі тэатралаў-аматараў сталага веку, якія памятаюць і шануюць традыцыі мінулага, але і маладога гледача — юнакоў і дзяўчат, якія праз некалькі гадоў будуць вызначаць эканамічнае і культурнае “аблічча” не толькі горада — усёй нашай краіны. Вынікі гэткага “разліку” не прымусілі сябе доўга чакаць: глядзельныя залы тэатра літаральна заўсёды паўнюткія, а Міжнародны маладзёжны форум — “М.@rt.кантакт”, які збірае тэатральныя калектывы з самых розных краін, сёлета вось ужо трэці раз прайшоў у горадзе над Дняпром, ператварыўшыся ўжо ў тэатральную падзею не толькі рэспубліканскага — еўрапейскага маштабу.

Для самога тэатра юбілей стаўся не столькі і не толькі часам падрахоўвання пэўных дасягненняў, але ж і цудоўнай нагодай узгадаць тых людзей, якія ў свой час склалі прафесійную славу гэтага калектыву, знанага сёння не толькі ў Беларусі, але і далёка за межамі нашай краіны. І акурат да 120-годдзя тэатра яго кіраўніцтва, разам з гарадской адміністрацыяй, ініцыявала ўстаноўку Памятнай дошкі народнаму артыстуБССР Сяргею Бульчыку на доме, дзе ён жыў. Для Магілёўскага тэатра гэты акцёр — фігура знакавая. Не толькі таму, што за ўсю гісторыю існавання тэатра ён адзіны атрымаў званне народнага артыста БССР (хоць сапраўды выбітных, яркіх акцёраў і актрыс у Магілёўскім тэатры ставала заўсёды)! Ён — адзін (але не адзіны!) з галерэі асоб, што застануцца ў гісторыі беларускага тэатральнага мастацтва не “застылымі манументамі”, але найперш — творчымі арыенцірамі і для сённяшняга пакалення магілёўскіх акцёраў, і для будучыні.

Сам жа юбілей Магілёўскі абласны драматычны тэатр адзначае традыцыйна на сцэне: для сваіх прыхільнікаў ён прапануе найновую прэм’еру — “Жаніцьбу Фігаро” паводле П.-А. Бамаршэ. І той факт, што тэатр не пакідае радаваць магілёўскіх гледачоў новымі прэм’ерамі, тэатральнымі праектамі і фестывалямі, сведчыць пра маладосць ягонага “духу”. Не зважаючы на афіцыйны “ўзрост”.


З гісторыяй тэатра знаёмілася
Таццяна КОМАНАВА
Фота Генадзя КАРЧЫЦКАГА
і Андрэя СПРЫНЧАНА