Магчымасці — на максімум

№ 5 (1288) 04.02.2017 - 10.02.2017 г

У студзені сталі вядомыя імёны ўладальнікаў грантаў Прэзідэнта Беларусі на 2017 год. Сярод дзевяноста трох кіраўнікоў і спецыялістаў арганізацый навукі, адукацыі, аховы здароўя прагучалі шаснаццаць прозвішчаў работнікаў культуры. Як паведамляе афіцыйны партал Кіраўніка дзяржавы, распараджэнне прынята з мэтай падтрымкі таленавітых спецыялістаў і для стварэння спрыяльных умоў для развіцця культурнага патэнцыялу Айчыны. “К” пачынае знаёміць чытачоў з працай адзначаных грантам.

Галіна СЛЕСАРЭНКА, дырэктар Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Івана Каладзеева:

— Барысаўшчына непарыўна звязана з эпохай напалеонаўскіх войн, таму не дзіўна, што наш калектыў актыўна займаецца распрацоўкай гэтай тэмы. З 2002 года мы падрыхтавалі шэраг арыгінальных праектаў, асаблівую ўвагу надаем ушанаванню памяці нашага земляка — гісторыка, даследчыка краю па Айчыннай вайне 1812 года Івана Каладзеева. У 2008-м ЦРБ было нададзена яго імя. Пасля пры падтрымцы мясцовай епархіі адчынілі кенатаф у храме Святой Жывапачатковай Троіцы. Займаліся пошукам нашчадкаў. Развіваючы мемарыяльную функцыю, заснавалі Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю “Каладзееўскія чытанні”, якія сёлета пройдуць сёмым разам. Мы шчыльна супрацоўнічаем з французскім Цэнтрам напалеонаўскіх даследаванняў і Пасольствам Францыі ў Беларусі.

Як вядома, асноўныя фонды шыкоўнай калекцыі Каладзеева на пачатку XX стагоддзя былі перададзены ў Дзяржаўную публічную гістарычную бібліятэку Масквы, частка збору захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Таму мы вырашылі распачаць новы барысаўскі збор, прысвечаны напалеонаўскай тэме. У нашу калекцыю трапляюць усе сучасныя выданні і матэрыялы, звязаныя з Айчыннай вайной 1812 года. І самі займаемся выдавецкай дзейнасцю. Напрыклад, паспрыялі з’яўленню кнігі гісторыка Аляксандра Балябіна “Барысаў, Беразіна... Апошняя надзея Напалеона”. Зараз рыхтуем да друку збор “Легенды Барысаўшчыны”: успаміны нашых землякоў пра падзеі 1812 года, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне і сталі сапраўднымі сямейнымі легендамі.

Прэзідэнцкі грант будзе накіраваны на наступны этап нашай даследчай справы: на распрацоўку і рэалізацыю наватарскага праекта “1812 год. Барысаў. Бярэзіна. Памяць”, каб папулярызаваць беларускую гісторыю і культуру, павысіць турыстычную прыцягальнасць рэгіёна. Да нас едзе шмат турыстаў (перш за ўсё — французаў), асабліва ў лістападзе, калі прыпадаюць чарговыя ўгодкі падзей на Беразіне. Таму мы накіравалі аднаго з нашых супрацоўнікаў на абарону сертыфіката экскурсавода. Зараз рыхтуем дакументы для стварэння турыстычнага маршрута, звязанага з асобай Каладзеева. З гэтай нагоды плануем адчыніць і каладзееўскую залу, дзе распавядзем жыццёвы шлях земляка, пра Напалеона на Барысаўшчыне і пра ўсё, што звязана з сучаснай рэканструкцыяй тых гістарычных падзей.

Марыя КУЗНЯЦОВА, кіраўнік заслужанага аматарскага калектыва Рэспублікі Беларусь “Студыя цыркавога мастацтва “Арэна” Цэнтра цыркавога мастацтва “Арэна”:

— Атрыманыя грошы будуць накіраваны на стварэнне новых цыркавых нумароў, на тое, каб выправіць нашых юных артыстаў на прэстыжныя міжнародныя конкурсы і фестывалі. Гэты грант патрэбны ўстанове, як паветра, бо спонсараў мы не маем, існуем за кошт тых сродкаў, якія самі зарабілі, і на дабрачынную дапамогу бацькоў нашых выхаванцаў. А выдаткі ў Цэнтра вялікія: рэквізіт для большасці трукаў не прыдбаеш у кожнай краме — мы не маем права эканоміць на бяспецы дзяцей! На заводзе замаўляем дэталі канструкцый па індывідуальных праектах.

Летась “Арэна” адзначыла 10-годдзе сваёй дзейнасці. За гэты час мы вырасцілі 14 лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, стварылі не адно паўнавартаснае цыркавое шоу, прывезлі ў Беларусь медалі з сусветных конкурсаў. Летась мазырскім артыстам пакарылася Монтэ-Карла: трыа паветраных гімнастаў прывезла з V Міжнароднага юнацкага цыркавога фестывалю “Новае пакаленне” шэраг спецыяльных прызоў. На сёлетнюю найбольш прэстыжную цыркавую падзею ў свеце выхаванцаў “Арэны” запрасіла старшыня мерапрыемства — прынцэса Манака Стэфанія. 4 лютага пяцёрка мазырскіх канатаходцаў ва ўзросце ад 13 да 20 гадоў будуць змагацца з лепшымі прадстаўнікамі вядучых цыркавых калектываў свету. Наўрад ці вы знойдзеце на постсавецкай прасторы другі такі нумар: на сучасным манежы рэдкія прафесіяналы звяртаюцца да каната, а ў нас аматары выконваюць унікальныя трукі!

У нас не проста гурток для баўлення вольнага часу, наш Цэнтр рыхтуе якасную змену для айчыннага цыркавога мастацтва. У “Арэны” ёсць адмысловы музей, шыкоўная база, на якой можна праводзіць рэспубліканскія конкурсы, балазе цыркавых аматарскіх калектываў па краіне стае. Праўда, нам хацелася б бачыць падтрымку ад беларускіх цыркаў… Моладзі хочацца творчага прызнання на айчынным прафесійным манежы.

Галіна АГЕЙЧАНКА, загадчык аддзялення, выкладчык спецыяльнага цыкла (аддзяленне струнна-смычковых інструментаў (скрыпка) Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі:

— Сучаснае выканальніцкае майстэрства ў тэхнічным плане пайшло далёка наперад. Мы назіраем сусветную тэндэнцыю, калі маленькія дзеці выконваюць складаную праграму, за якую раней браліся толькі дарослыя скрыпачы. Беларусы павінны быць у трэндзе і для гэтага ёсць усе падставы: у нашай унікальнай установе адукацыі сабраны лепшыя дзеці з усёй рэспублікі. Сучасная музычная індустрыя вымагае павышаць узровень дзяцей у тым ліку з дапамогай паездак на конкурсы, бо музыканты, як і спартсмены, павінны мець зносіны паміж сабой, бачыць і чуць лепшых прадстаўнікоў сваёй будучай прафесіі.

Сённяшнія фінансавыя ўмовы вымагаюць звяртацца да бацькоў: яны аплачваюць уступныя ўзносы, праезд і пражыванне свайго дзіцяці-канкурсанта, канцэртмайстра, педагога. Наяўнасць апошняга неабавязковая, аднак музыканту, маладзейшаму за 16 гадоў, зрэдку ўдаецца самастойна справіцца з хваляваннем і настроіцца на такое выкананне, каб спусціцца са сцэны пераможцам. Шмат творчых спаборніцтваў праходзіць па папярэднім праслухоўванні, адпаведна, неабходна знайсці камеру, аператара, аўдыторыю, добры інструмент, бо хібы ў відэазапісе могуць закрыць дарогу да заслужанай перамогі. Грант нам вельмі патрэбны, каб хаця б частку гэтых выдаткаў узяць на сябе. Канешне, можна нікуды не ездзіць, але ў такім выпадку дзеці варацца ў сваім соку. Канкурэнцыя — рухавік таленту, калі пачатковец бачыць, якіх вышынь дасягнуў яго аднагодак, у яго з’яўляецца стымул да самаўдасканалення, часта раскрываюцца крылы.

Увогуле, музыка — занятак нятанны. Самая кволенькая скрыпка каштуе ад 3 тысяч еўра, час ад часу трэба мяняць конскі волас, што ўваходзіць у састаў смычка (пытанне 25 — 30 еўра), перыядычна рвуцца струны (дадайце яшчэ каля 90 еўра)… Параўнайце са спортам: калі кагосьці выпраўляюць адстойваць гонар краіны, то набываюць для спартсмена найлепшыя экіпіроўку і інвентар. Так і самага таленавітага выканаўцу нельга вылучыць на конкурс без якаснага інструмента. Ведаю выпадак, калі аднойчы інструмент, які гучаў не так добра, як у канкурэнтаў, пры іншых роўных стаў перашкодай для выхаду ў фінал… Бацькі не заўсёды маюць магчымасць набыць патрэбнае. Добра, што дзяржава не забываецца на таленавітую моладзь. У культуру трэба ўкладваць, бо без культуры, у чым я глыбока перакананая, грамадства загіне.

Валерый МАЙСЕЕНКА, выкладчык спецыяльнага цыкла (аддзяленне духавых і ўдарных інструментаў) Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі:

— Мы рупімся аб захаванні і развіцці беларускай кларнетнай школы, замацаванні яе канкурэнтаздольнасці, устойлівасці ва ўмовах сучаснай музычнай індустрыі. Вялікі поспех для педагога, калі вучань дарос да прыгожай рэалізацыі свайго таленту ў лепшых аркестрах бліжняга і дальняга замежжа. Як гаварыў знакаміты трубач Цімафей Дакшыцэр, “калі ты выхаваў хаця б аднаго годнага вучня, ты не дарма пражыў жыццё”. Я шчаслівы, што сярод маіх выхаванцаў — шматлікіх лаўрэатаў прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, уладальнікаў заахвочванняў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, стыпендыятаў расійскага міжнароднага дабрачыннага фонду “Новыя імёны”, салістаў вядучых музычных калектываў Беларусі і Расіі — ёсць і мой сын Антон, які зараз з’яўляецца першым салістам і канцэртмайстрам групы кларнетаў Вялікага сімфанічнага аркестра Расіі імя Пятра Чайкоўскага.

Я ўкараняю крэатыўныя метады ў працэс навучання. Акрамя выкладчыцкай дзейнасці, займаюся метадычнай работай па асаблівасцях фарміравання прафесійнай пастаноўкі выканальніцкага апарата ў навучэнцаў ДМШ, зрабіў шэраг адкрытых урокаў па пастаноўцы амбушура і дыхання духавіка, падрыхтаваў і ажыццявіў цыкл выступленняў навучэнцаў, у тым ліку канцэрты для дзіцячых школ мастацтваў Мінска, Баранавічаў, Слуцка, Брэста і іншых гарадоў краіны. У гімназіі-каледжы мы працуем і ўдасканальваемся, але, каб даць магчымасць дзіцяці максімальна раскрыцца, вельмі важна паехаць паказаць сябе і паглядзець на іншых. Для папулярызацыі айчыннай кларнетнай музыкі неабходна ўдзельнічаць у міжнародных імпрэзах. Прынамсі, у маі мы збіраемся ў Польшчу на вялікі фестываль-конкурс кларнетыстаў. Усё гэта патрабуе выдаткаў, таму я рады, што дзяржава нас падтрымала. Мы зможам шырэй выкарыстоўваць магчымасці. Нашы навучэнцы рвуцца ў бой!

Ірына СЕМЯНЯКА, загадчык аддзялення, выкладчык спецыяльнага цыкла (аддзяленне спецыяльнага фартэпіяна) Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі:

— Конкурс — гэта заўсёды дастаткова нервовая абстаноўка, калі ты так заглыбляешся ў вучня, што па баках не глядзіш. Мне больш цікавы фестываль, бо на такім мерапрыемстве можна многаму навучыцца. У спакойнай атмасферы ты слухаеш сваіх і чужых вучняў, параўноўваеш, адзначаеш свае дасягненні і недахопы. Фестываль дае дзецям канцэртную пляцоўку, новую публіку, педагогам — магчымасць прыняць удзел у майстар-класах, абмяняцца досведам з калегамі, адкрыць для сябе цікавых выкладчыкаў.

На 2017-ы прыпадае 100-годдзе з нараджэння выбітнага педагога, заснавальніка беларускай фартэпіяннай школы, прафесара Ірыны Цвятаевай. Мы, яе вучні, хочам правесці шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай падзеі. Я ўзялася за арганізацыю фартэпіяннага фестывалю ў Брэсце. Там працуе цудоўны калектыў — Сімфанічны аркестр Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, з якім мы знайшлі агульную творчую мову. З галоўным дырыжорам Аляксандрам Сасноўскім папярэдне дамовіліся, што ў першым аддзяленні мае вучні будуць граць сольную праграму, а ў другім — выступаць разам з аркестрам. Напярэдадні канцэрта я планую правесці профільны майстар-клас.

На вясновых канікулах на базе нашай гімназіі-каледжа пройдзе II Рэспубліканскі конкурс юных піяністаў імя Уладзіміра Кузменкі. Ён стаў прадаўжальнікам фестывалю-конкурсу з працяглай гісторыяй “Вясновыя сустрэчы”, які ўзнік з маёй ініцыятывы. Сёлета паспрабую арганізаваць для ўдзельнікаў майстар-класы ад нашых педагогаў, якія валодаюць шыкоўным метадычным і практычным досведам. А на будучыню хацелася б пераняць практыку маскоўскіх калег па правядзенні профільных летнікаў. Прынамсі, Цэнтральная музычная школа пры Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Пятра Чайкоўскага ладзіць міжнародную летнюю творчую школу. Нашы дзеці таксама туды ездзілі, а потым дзяліліся ўражаннямі, як жылі ў інтэрнаце ЦМШ, тыдзень займаліся з педагогам, напрыканцы прымалі ўдзел у адмысловым канцэрце. Так установа з аднаго боку зарабляе пазабюджэтныя грошы, з другога — забяспечвае сабе набор на наступны навучальны год. На маю думку, у Беларусі мела б сэнс наладзіць працу такой школы бясплатна, але з мэтай адсачыць сітуацыю з юнымі музыкантамі па краіне, дапамагчы педагогам, якія хочуць пракансультавацца ў нашых выкладчыкаў, ды завесці картатэку на таленавітых дзяцей. Здаецца, такі летнік пайшоў бы ўсім на карысць.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"