“Пчолка…” стане штогадовай

№ 5 (1288) 04.02.2017 - 10.02.2017 г

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь сваёй пастановай ад 27 студзеня бягучага года ўнёс змены і дапаўненні ў сваю Пастанову ад 2 красавіка 2015 года № 263 “Аб арганізацыі і правядзенні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь фестываляў, конкурсаў, форумаў, святаў і пленэраў, якія фінансуюцца з рэспубліканскага і (ці) мясцовага бюджэтаў”.

У прыватнасці, дакумент змяніў саму назву Пастановы Саўміна. Цяпер яна называецца “Аб правядзенні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь асобных цэнтралізаваных культурных мерапрыемстваў”. Такім чынам, Пастанова прыведзеная ў адпаведнасць з нарматыўнай базай Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб культуры, прынятым парламентам краіны яшчэ летась.

Таксама пералік асобных міжнародных і рэспубліканскіх цэнтралізаваных культурных мерапрыемстваў, якія праводзяцца на тэрыторыі Беларусі, дапоўнены ў дакуменце новымі імпрэзамі — Рэспубліканскім адкрытым конкурсам выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах імя Віталя Волкава (Мінск) і Рэспубліканскім адкрытым конкурсам аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча “Я здымаю кіно” (Полацк). Разам з тым, з пераліку выключаны Міжнародны фестываль інструментальнай музыкі “Рэнесанс гітары” (Гомель).

Акрамя таго, з “рэспубліканскага” на “міжнародны” зменены ўзровень правядзення конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Халі-хало” ў Наваполацку. Міжнародны фестываль песні і музыкі Падняпроўя Расіі, Беларусі і Украіны “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” будзе называцца крыху інакш: Міжнародны фестываль песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”. Поўная назва Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Вясновы букет” цяпер гучыць так: Рэспубліканскі фестываль-кірмаш народных мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет”.

Дакументам таксама змененая перыядычнасць правядзення шэрагу мерапрыемстваў. Так, адзін раз на тры гады будуць праходзіць Міжнародны фестываль юных талентаў “Зямля пад белымі крыламі” (Мазыр), Нацыянальны форум “Музеі Беларусі” і форум бібліятэкараў Беларусі “Гуманітарна-асветніцкая дзейнасць бібліятэк у кантэксце агульначалавечых каштоўнасцей і беларускай дзяржаўнасці”.

Адзін раз на два гады плануецца праводзіць Міжнародны форум “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства” (Магілёў), Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Покліч Палесся” (аграгарадок Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці), Міжнародны фестываль лялечнага мастацтва “Лялькі над Нёманам” (Гродна) і Міжнародны пленэр па кераміцы “Арт-Жыжаль” (Магілёўская вобласць).

Штогадовымі стануць Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка” (Клімавічы), Міжнародны фестываль гістарычнай рэканструкцыі “Мiнск старажытны” (Мінск) і Міжнародны пленэр па жывапісе “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве” (Магілёўская вобласць).

Акрамя таго, згодна з Пастановай Савета Міністраў Рэспубліканскі адкрыты мастацкі конкурс названы імем Міхаіла Савіцкага.

Дакумент уступіў у сілу ўчора, 3 лютага 2017 года.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"