Планы і плён

№ 5 (1288) 04.02.2017 - 10.02.2017 г

Беларусы адзначаюць фактычна сакральную дату — 500-годдзе беларускага і наогул усходнеславянскага кнігадрукавання. Святкаванні прымуць рэспубліканскі маштаб і так ці інакш закрануць кожны рэгіён. Да гэтага моманту ўжо запланавана больш за 60 тэматычных кірункаў, пра што казалі на першым пасяджэнні нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання на чале з сустаршынямі Ліліяй Ананіч, міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, і Барысам Святловым, міністрам культуры краіны 2 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы краіны.

/i/content/pi/cult/623/13861/2-2.jpgГалоўнымі кропкамі святкавання стануць горад Полацк, як радзіма Скарыны і горад-гаспадар Дня беларускага пісьменства, што пройдзе ў верасні, і Мінск на правах сталіцы і сёлетняга юбіляра. Урачыстасці пройдуць пад эмблемай, якую зацвердзілі на пасяджэнні члены камісіі, і з актыўным ужываннем вонкавай рэкламы, расцяжак, лістовак, шырокафарматных плакатаў. Не абыдуць увагай 500-годдзе і сродкі масавай інфармацыі. Падрыхтаваныя ў тым ліку і вялікія тэматычныя тэлевізійныя праекты. Ды і самі падзеі Дня беларускага пісьменства будуць транслявацца тэлебачаннем.

Тэатральныя сцэны Беларусі на працягу года пакажуць шэраг спектакляў, прысвечаных асобе славутага волата эпохі Адраджэння. Ужо вядомая, напрыклад, пастаноўка Саўлюса Варнаса “Скарына” Магілёўскага драматычнага тэатра, а п’есу Віктара Марціновіча “Кар’ера доктара Рауса” заяўляе на красавік Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі (рэжысёр Аляксандр Гарцуеў).

XXIV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш таксама стане адным з найважнейшых момантаў свята. Ужо на наступным тыдні пройдзе Міжнародны сімпозіум літаратараў, удзел у якім прымуць айчынныя і замежныя пісьменнікі. Скарынаўская ды наогул юбілейная тэматыка 2017-га — у цэнтры ўвагі.

Дзякуючы сумесным намаганням Міністэрства інфармацыі, Міністэрства замежных спраў і Міністэрства культуры адбудуцца “круглыя сталы”, канферэнцыі, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання за мяжой на міжнародных спецыялізаваных кніжных выставах. Так, у сакавіку 2017 года ў рамках Парыжскай міжнароднай кніжнай выставы будзе і нацыянальная экспазіцыя Рэспублікі Беларусь.

На працягу 2017-га будуць прэзентаваныя 3-томнае выданне “Францыск Скарына. Чалавек-энцыклапедыя”, “Францыск Скарына. Чалавек свету”, “Францыск Скарына. Чалавек-легенда” (серыі “Беларуская дзіцячая энцыклапедыя”), кнігі “Сусветная спадчына Францыска Скарыны” (серыі “Энцыклапедыя рарытэтаў”), “Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга”, “Шляхамі Францыска Скарыны”, “Са слаўнага горада Полацка” (серыя “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”), выдавецкі праект “Шляхамі Францыска Скарыны: 500-годдзе беларускага кнігавыдання”. Ужо выйшла кніга перастварэнняў Алеся Разанава “Францыск Скарына. Маем найбольшае самі”, ілюстраваны гід па ўшанаванні Скарыны на Беларусі “Асветнік з Полацка”, том п’ес па выніках рэспубліканскага конкурсу 2016 года (сігнальны асобнік апошняга выдання проста ў зале прадэманстраваў кіраўнік згаданага Тэатра беларускай драматургіі Уладзімір Карачэўскі).

Вялікі масіў работы возьме на сябе сёлета і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. На базе ўстановы плануецца Міжнародны кангрэс “500-годдзе беларускага кнігадрукавання”, міжнародны выставачны праект “Францыск Скарына і яго эпоха” ды іншае. Барыс Святлоў агучыў прапанову назваць сёлета Нацыянальную бібліятэку Беларусі імём Францыска Скарыны.

Жыхароў розных куткоў Беларусі чакаюць шматлікія кніжныя выставы, прэзентацыі, агляды. Будуць максімальна выкарыстаны інтэрактыўныя формы інфармацыйна-асветніцкай і сацыяльна-культурнай дзейнасці бібліятэк устаноў адукацыі па вывучэнні гісторыі беларускага кнігадрукавання, папулярызацыі сучаснага нацыянальнага кнігавыдання, кіналекторыі, віртуальныя кніжныя паліцы, тэматычныя вечары, гісторыка-культурныя падарожжы і гэтак далей. Аблвыканкамы, сумесна з Мінскім гарвыканкамам і беларускімі выдавецтвамі арганізуюць сустрэчы і прэзентацыі новых кніг.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст