Фаліянт рэкордаў, або “Дзіўныя” з галавы да пят

№ 20 (838) 17.05.2008 - 23.05.2008 г

Ці ведаеце вы, што ў беларускай вёсцы Пархімаўка 73-гадовая ўдава Ганна Іванаўна Матысік трымае трохрогую казу, якая дае гаючае малако? Або пра тое, што ў нашых лясах знічтажае насякомых-шкоднікаў жоўтагаловы каралёк вагой ад трох да пяці грамаў, якога называюць “паўночным калібры”? Тады, мусіць, чулі пра знакамітага падпалкоўніка міліцыі сілача Вячаслава Харанеку, які ўстанавіў 127 сусветных і нацыянальных рэкордаў?.. Калі не давялося дазнацца пра гэта раней, тады ахвотна знаёмім з выданнем-скарбонкай, дзе фіксуюцца незвычайныя факты і дасягненні нашых суайчыннікаў, — Кнігай рэкордаў Расіі, краін СНД і Балтыі “Дзіва”. Сёлета свет пабачыць шостае выданне своеасаблівага аналага знакамітай Кнігі рэкордаў Гінеса, у якім беларусы зусім не сціпла абяцаюць паказаць, што таксама “не лыкам шыты”.

Рэкорды “без пены”

Першае адрозненне “Дзіва” ад славутага сусветнага аналага — адсутнасць знакамітага піўнога спонсара. Першапачаткова выданне кнігі Гінеса вялося вядомым броварам як рэкламны праект, які з часам атрымаў самастойнае жыццё. І вось ужо больш за паўстагоддзя людзі з усёй планеты імкнуцца патрапіць у фаліянт рэкордаў, прычым не дзеля папулярызацыі пэўнай гандлёвай маркі і камерцыйнай выгоды, а, карыстаючыся словамі англійскай пісьменніцы Джаан Роўлінг, — дзеля “вечнай славы”. Аднак “вечная слава” — гэта адно, а сродкі на выданне рэкордаў — зусім іншае. З гэтай празаічнай прычыны — адсутнасці буйных спонсараў — “Дзіва” выходзіць у свет толькі раз на тры гады як самаакупнае выданне.

 /i/content/pi/cult/161/1386/Rekordy1.jpg
Што да канцэпцыі, дык яна даволі простая: “Дзіва” арыентуецца на рускамоўны свет і ставіць мэтай папулярызацыю цудаў, рэкордаў і дасягненняў на постсавецкай прасторы. “Акрамя таго, — тлумачыць сааўтар і член рэдакцыйнай рады “Дзіва” Аляксандр Калінін,— Кніга рэкордаў Гінеса заўжды публікуе нешта сенсацыйнае, мы ж робім стаўку на карыснасць, значнасць дасягнення. Мне цяжка ўявіць, што наша рэдакцыйная рада, якая прымае рашэнне, каго ўключыць у кнігу рэкордаў “Дзіва”, будзе сур’ёзна разглядаць заяўку ад чалавека, які далей за ўсіх плюнуў ці “здзейсніў” падобнае. У “Дзіве” менш надуманых рэкордаў, але больш гістарычных і культурных звестак аб рускамоўнай тэрыторыі”.

Як упэўніць экспертаў?

У рэдакцыю Кнігі рэкордаў Гінеса штогод трапляе вялікая колькаць заявак. Кандыдаты-рэкардсмены дзеля таго, каб праславіць сваё імя, павінны не толькі схіліць рэдакцыю да свайго дасягнення, але і ўпэўніць рэвізійную камісію ў тым, што гавораць праўду. “У лонданскай рэдакцыі выдання ўжо з’явілася прыказка на гэты конт: “Пераплыць Ла-Манш”, — кажа Аляксандр Фядотавіч. — Гэта адна з самых распаўсюджаных фальсіфікацый”.

Для таго, каб пацвердзіць свой рэкорд, прэтэндэнты, у выпадках, калі не маюць фотаздымкаў ці публічнага пацвярджэння ўласнай выключнасці, павінны запрасіць за ўласныя сродкі прадстаўніка кнігі рэкордаў. “Гэта, вядома, не заўжды магчыма, і таму міжнародная рэдакцыя вельмі падазрона ставіцца да здзяйсненняў, якія не можа ўбачыць на ўласныя вочы, — распавядае сааўтар “Дзіва”, — і з гэтай прычыны часам пакідае ўбаку многія нашы рэкорды”.

Прыкладам такога недаверу стала дасягненне вядомай беларускай доўгажыхаркі Ганны Барысевіч, якая нарадзілася ў 1888 годзе. Ганна Адамаўна засталася без увагі экспертаў, так і не дачакаўшыся, калі яе “жыццёвае дасягненне” будзе зафіксавана ў сусветна вядомым выданні. “Аднак гэты рэкорд быў надрукаваны ў нас, — кажа Аляксандр Калінін,— і ў гэтым дачыненні “Дзіва” кампенсуе многія “недагляды”, што з-за вялікай асцярожнасці міжнародныя эксперты не адлюстроўваюць у сваёй кнізе”.

Па-за ўвагай, дадае беларускі эксперт па рэкордах, застаюцца і многія нацыянальныя віды спорту.

“Напрыклад, у кнізе шмат распавядаецца пра такія вельмі своеасаблівыя віды спорту, як кіданне слупоў ці кіданне ботаў. У той жа час англамоўны свет чамусьці зусім не цікавіцца ўласцівым славянам гіравым спортам, і многія нашы сілавікі застаюцца па-за ўвагай свету”. “Дзіва” ў гэтым сэнсе таксама выпраўляе невытлумачальную неаб’ектыўнасць.

Чалавек-калькулятар, стары гадзіннік, дзяўчына-каса...

“У многіх краінах свету,— дадае Аляксандр Калінін,— ужо даўно ёсць свае кнігі рэкордаў, што працуюць на карысць іміджа краіны. Пакуль Беларусь такога выдання не мае, але “Дзіва”, на маю думку, здольнае выправіць гэтае становішча”.
 /i/content/pi/cult/161/1386/Rekordy2.jpg

Дык каго ж з беларусаў убачым у новым выпуску? На ўключэнне ў кнігу рэкордаў “Дзіва” з Беларусі было пададзена 30 заявак. “Сёння я не магу сказаць, каго вызначыць рэдакцыйная рада, але буду “хварэць” за усіх, бо вылучыць лепшых немагчыма: кожнае з дасягненняў вартае ўвагі і павагі”, — кажа Калінін. Адным з найцікавейшых, па яго словах, мусіць стаць рэкорд Аляксея Мяшкова. Барысаўчанін шляхам доўгіх трэніровак дамогся памнажэння ў розуме дванаццацізначных лічбаў. “Ён пачынаў з памнажэння двухзначных, потым перайшоў на трохзначныя, і ўрэшце дасягнуў памнажэння дванаццацізначных лічбаў на дванаццацізначныя, — распавядае Аляксандр Фядотавіч. — Рэкардсмен прыязджаў да нас, і спецыяльная камісія зафіксавала яго сапраўды унікальную здольнасць, якую ён выпрацаваў трэніроўкамі”.

У “Дзіва” можа патрапіць і Алена Аляшкевіч з Ліды — уладальніца самай доўгай касы ў Беларусі. Даўжыня валасоў лідчанкі — 160 см, прытым, што рост Алены — усяго 167 см.

4 ліпеня 2008 года споўніцца 119 гадоў беларусцы Ганне Паўлаўне Рагель, і яе дасягненне, спадзяецца сааўтар “Дзіва”, мусіць быць узгадана ў новым выпуску.

“Адна з заявак прыйшла да нас з Гродненскага гарвыканкама. На вежы фарнага касцёла ў гэтым абласным цэнтры ўсталяваны гадзіннік, “узрост” якога складае каля пяці стагоддзяў. Згодна з архіўнымі данымі, пасада захавальніка гэтага механізма была ўведзена па распараджэнні каралевы Боны Сфорцы яшчэ ў 1541 годзе. Справа ў тым, што гэта не самы стары гадзіннік на тэрыторыі колішняга Савецкага Саюза: падобны расійскі гадзіннік можа “паспрачацца” з гродзенскім узростам, але ён не дзейнічае. Таму нашы спадзяванні на ўключэнне гродзенскай адметнасці ў спіс “самых-самых”, мяркую, могуць спраўдзіцца”,— лічыць Аляксандр Калінін.

 /i/content/pi/cult/161/1386/Rekordy3.jpg
На ўключэннне ў “Дзіва” претэндуе і запаведнік Белавежская пушча, які налета будзе святкаваць сваё 600-годдзе. Да рэкорднага статуса набліжаецца і дасягненне адной фермы Кобрынскага раёна: самае вялікае страусавае яйка памерам 2 кг 102 г знесла птушка менавіта гэтай гаспадаркі. “Сусветны рэкорд роўны 2 кг 200 г, — удакладняе Аляксандр Фядотавіч, — але нашы страусы з такімі тэмпамі, мяркую, яго пераўзыдуць”.

Яшчэ адзін рэкорд прапанавалі на ўключэнне ў “Дзіва” вучні Мінскай сярэдняй школы № 143 і журналісты газеты “Рэспубліка”: 17 сакавіка 2006 года яны зрабілі снежны камяк вышынёй 2 м 16 см. Вага гэтага сняжка-волата склала чатыры тоны!

Не дасягаць, а “перабіваць”?

“На жаль, многія рэкорды так і застаюцца рэкордамі раённага маштабу,— кажа беларускі эксперт.— Уявіце сабе: чалавек можа трэніравацца, патраціць процьму часу на дасягненне выніку, а потым высветліцца, што яго вынік пераўзышоў хтосьці з суседняй вёскі ці раёна. Або нават краіны. Гэтым разам так адбылося ў нас з адным беларускім рыбаком, якому пашчасціла на сома даўжынёю 2 м 12 см і вагой 60 кг! Аднак высветлілася, што гэты самы вялікі сом Беларусі меншы за сома, якога злавіў на Доне расіянін Мікалай Багрынцаў: яго рыба пацягнула на 100 кг. І што тут зробіш — не паспрачаешся!”

Што да надуманых ці забаўных рэкордаў, дык тут Аляксандр Калінін тлумачыць пазіцыю рэдакцыі наступным чынам: “Рэкорды выклікаюць жаданне паставіць новы рэкорд. І гэта натуральна. Згадваюцца высілкі нашага зямляка Аляксандра Бендзікава, які браў Кнігу рэкордаў Гінеса і папросту “перабіваў” зафіксаваныя там рэкорды. Ёсць вялікая піраміда з піўных пробак, а мы пабудуем сваю — яшчэ большую, хтосьці на рэбрах з костачак даміно пабудаваў дом — зробім яго больш высокім... У такіх дасягненнях ужо назаўтра пасля выхаду кнігi знойдзецца чалавек, які захоча “пераплюнуць” папярэдніка. Наша рэдакцыя не з’яўляецца прыхільніцай такіх “высокіх” вынікаў”.

— Гэта значыць, што вы з’яўляецеся прыхільнікам рэкордаў, якіх чалавек дасягнуў, дзякуючы сваёй працы?

— Гэта, безумоўна, выклікае павагу. Аднак кожнае дасягненне вартае ўвагі. Людзям уласціва сябе праслаўляць. Без тых, хто хоча выдзеліцца на агульным фоне, чалавецтва не крочыла б наперад. Некаторыя рэалізуюць сябе ў навуцы, палітыцы, а хтосьці спрабуе рэалізавацца праз штосьці незвычайнае. Ці гэта не варты спосаб?

Цяжка не пагадзіцца. Дадамо хіба адно: беларускія лаўрэаты Кнігі рэкордаў Расіі, краін СНД і Балтыі “Дзіва” будуць вядомы праз месяц.

 Занатавала Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ 

На здымках: 1.“Габелен веку” А.Кішчанкі; 2. Яйка з 208 маленькімі падковамі — ювелірная работа М.Яршова; 3. Самы вялікі кар’ерны самазвал — БелАЗ-7530 — лаўрэаты “Дзіва” розных гадоў.

 

Аляксандр КАЛІНІН нарадзіўся ў 1959 годзе. Доктар філасофіі. Аўтар больш чым 100 навуковых прац па праблемах падаткаабкладання і макраэканомікі. Член рабочай групы па спрашчэнні падатковай сістэмы пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Член праўлення Беларускага фонду культуры. Сузаснавальнік Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва. Суддзя міжнароднай катэгорыі па гіравым спорце, член выканкама Міжнароднай фэдэрацыі гіравога спорту. Сааўтар Кнігі рэкордаў Расіі, краін СНД і Балтыі “Дзіва”. Старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў.