Прымус да творчасці?

№ 5 (1288) 04.02.2017 - 10.02.2017 г

Уявіце, што ў вашым жыцці супалі дзве акалічнасці: вы нарэшце даспелі да таго, каб змяніць кансерватыўны інтэр’ер вашага жытла на больш сучасны і камфортны, і ў вас з’явіліся “лішнія” грошы, якія можна скарыстаць на гэту справу. Пасля таго, як прынцыповае рашэнне па мадэрнізацыі побыту прынята, вы, хутчэй за ўсё, заглыбляецеся ў сеціва для пошуку ўзораў, здольных вас зацікавіць і натхніць. Наступная стадыя — выправа на будаўнічы рынак і ў салоны мэблі, каб набыць для матэрыялізацыі ўпадабанай вамі канцэпцыі канкрэтныя рэчы паводле каталогаў фірм-вытворцаў. Хтосьці робіць усё гэта сам, хтосьці даручае дасведчанаму адмыслоўцу, але сутнасна і працэс, і вынік ад гэтага не змяняюцца. Свой побыт мы звычайна кампануем з ужо гатовых элементаў. Мала хто замаўляе мастаку ці дызайнеру ўнікальную распрацоўку, аздабляе свой побыт рэчамі, што будуць існаваць у адным экзэмпляры. Прычым, не таму, што грошай не стае, бо яны ў дадзеным выпадку — другасны чыннік. Вызначальнымі тут з’яўляюцца стэрэатып мыслення, псіхалагічная арыентацыя на эстэтычны стандарт, на раскручаны брэнд.

/i/content/pi/cult/623/13857/5-1.jpgАдзін з удзельнікаў творчага праекта Беларускага саюза дызайнераў “Пастулат” распавядаў мне, што вытворчая база кампаніі, у якой ён працуе, здольная рабіць унікальную аздобу інтэр’ераў, і калі-нікалі такая праца трапляецца. Але большасць заказчыкаў просяць скапіраваць узоры мэблі папулярных у свеце вытворцаў. На ягоную думку, пры такім рынкавым раскладзе, пры панаванні сярод спажыўцоў стэрэатыпных уяўленняў аб прэстыжнасці і камфорце творчы патэнцыял нашага дызайну фактычна незапатрабаваны. Нашто прыдумляць новае, калі можна тыражаваць чужыя напрацоўкі? Вось і ператвараюцца дызайнеры з вынаходнікаў у кампілятараў. Прычым, такімі яны становяцца не пасля атрымання дыплома пры сутыкненні з рэаліямі рынка, а ўжо ў часе навучання.

Справа ў тым, што ў часы, калі мой суразмоўца сам быў студэнтам, інфармацыі па пэўных сегментах сусветнага мастацтва і дызайну бракавала нават у прафесійным асяродку. З гэтай прычыны плагіят шырокага распаўсюджання не меў. Красці-пазычаць нават пры ляноце розуму не было адкуль, вось і даводзілася прыдумляць самому. Часам высвятлялася, што мы “вынаходзім ровар”, які недзе даўно ездзіць. Але насамрэч быў творчы падыход да справы і дух вынаходніцтва. Сёння ж, атрымаўшы заданне, студэнт адразу пачынае шукаць аналагі ў сеціве. Атрымліваецца, што ва ўмовах інфармацыйнага голаду творчасць была справай натуральнай, сёння ж яе трэба неяк стымуляваць….

Праект кафедры інтэр’еру і абсталявання Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (спецыялізацыя “Мэбля”) “Мастацкая канцэпцыя і арт-аб’ект” якраз і мае мэтаю паказаць плённасць творчага падыходу ў практыцы праектавання. Ён экспануецца ў “хатняй” галерэі акадэміі. Удзельнікі праекта — студэнты пятага курса. А тое, што яны выставілі — гэта апошняя курсавая работа, далей час засяродзіцца на дыпломе. Працэс выканання згаданай работы выбудаваны паэтапна такім чынам, каб студэнт быў пазбаўлены магчымасці “пачаць з канца” — з пошуку гатовых рашэнняў, якія можна адаптаваць да замоўленай тэмы і выдаць за ўласную распрацоўку. Сэнс задання ў тым, што аўтар ідзе не ад функцыі, якая ўніверсальная, але ад вобраза, вылучанага паводле суб’ектыўных крытэрыяў. А значыць, на выхадзе можа атрымацца рэч з рысамі ўнікальнасці. Рэч, якая ў нейкім сэнсе з’яўляецца адбіткам асобы аўтара.

На практыцы гэта выглядае так. У якасці тэмы бярэцца што заўгодна на густ аўтара — паняцце, прадмет, з’ява. Далей аўтар, зыходзячы са свайго разумення і эмацыйнага ўспрымання тэмы, робіць графічную кампазіцыю, якая ў кантэксце задання мае назву “мастацкая канцэпцыя”. А ўжо на падставе гэтай кампазіцыі ствараецца аб’ёмны “арт-аб’ект”. Гэта вобразны камертон, якому ў стылёвым сэнсе мусіць адпавядаць калекцыя мэблі, калі аўтар будзе працаваць далей, калі не спыніцца на гэтым этапе.

Гэта, наколькі мне вядома, першы выпадак, калі ў галерэі “Акадэмія” экспануюцца курсавыя. Сцены галерэі прызначаны для больш статусных твораў — персанальных і групавых выстаў выкладчыкаў акадэміі і замежных ВНУ, з якімі БДАМ кантактуе, дыпломных работ, прагляду рэтраспектыў, што ўжо сталі гісторыяй. Але ў метадычным сэнсе эксперыментальнае курсавое заданне падалося дастаткова цікавым для фарміравання навучальнай праграмы на факультэце, і для яго зрабілі выключэнне — вырашылі паказаць усім выкладчыкам і студэнтам. Ды і паспалітым людзям, што калі-нікалі наведваюць галерэю “Акадэмія”.

Многім спадабалася, але іншыя палічылі такую методыку спрэчнай. Ёсць меркаванне, што студэнт мусіць найперш прыдбаць практычныя навыкі і вывераныя часам веды, а ўсё астатняе — лічы, факультатыў. Да творчасці дыпламаваны спецыяліст дойдзе ўжо сваім розумам, калі будзе патрэба. Зрэшты, два гэтыя напрамкі, два падыходы да навучальнага працэсу існуюць ад моманту ўтварэння факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Суіснуюць мірна.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"