“Жывапіс, дадзены мне Богам...”

№ 5 (1288) 04.02.2017 - 10.02.2017 г

Не стала Анатоля Бараноўскага. Цудоўнага, чароўнага жывапісца, віртуоза лірычнага пэндзля, выдатнага педагога, сябра, добрага, мяккага, камунікабельнага і мудрага чалавека, бясконца прыцягальнага і прывабнага.

/i/content/pi/cult/623/13853/8-2.jpgУ мяне зараз такое пачуццё, быццам адабралі з лёсу нешта вельмі важнае, мабыць, самае дарагое: маладыя нашы гады, мастакоўскія страсці ў прасторы клопатнага жыцця, цяжкія творчыя дні і лёгкія вечарыны ў яго майстэрнях, спачатку — на галоўным праспекце сталіцы, потым — на вуліцы Сурганава… Таму што ўсё гэта было звязана з ім, з яго жывапісам.

Народны мастак, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, прафесар — ён увасабляў у сабе цэлую асобную эпоху: рамантычную, звонкую, непаўторную і… супярэчлівую. Для яго яна пачалася шмат гадоў таму — пасля заканчэння БДТМІ  — з першай выставы 1966 года. А да гэтага ў Мінскім мастацкім вучылішчы ён прайшоў школу Альгерда Малішэўскага, якога лічыў лепшым сваім настаўнікам. І пасля — адкрыўся для людзей наросхрыст: дапускаў усіх ахвотных у свой мастакоўскі паэтычны свет, каб не застацца аднаму, каб адчуваць, што камусьці патрэбны. А ён быў патрэбны ўсім нам… Дзіўна, але на працягу амаль пяці дзясяткаў гадоў нашых узаемаадносін, я ні разу не чуў пра яго збоку ні аднаго дрэннага слова — рэдкі выпадак у нашым мастакоўскім “самаедскім” племені.

А я згадваю яго багатую спадчыну: сотні адухоўленых пейзажных палотнаў — “чыстых” і з персанажамі, прысвечаных роднай Беларусі. А яшчэ фігуратыўныя кампазіцыі. Партрэты. Нацюрморты. Высокі прафесіяналізм, каларыстычная дасканаласць, мажорная серабрыста-жамчужная колерамузыка, уменне ўбачыць вечнасць у “бутоне кветкі” — такія вось напоўненыя беларускім духам песні-карціны “Дарога дзяцінства”, “Спяваючыя льны”, “Аблокі плывуць над зямлёй роднай”, “Гнёзды”, “Браслаўскія прасторы”, “Далягляды Бацькаўшчыны”, “Зямля маіх залатых бяроз”, “Аксамітны туман”, “З чароўных дзён блакітных, чыстых”, “Памяць”, “Двое”… На мой погляд, Анатоль Васільевіч не належаў ні да сацыялістычнага рэалізму, ні да авангарду. Ён знайшоў свой, так бы мовіць, “трэці” шлях у развіцці нацыянальнага жывапісу, сваю эстэтычную канцэпцыю ўспрымання таго, што бачыў ці ведаў ад бацькоў. Яго ідэя — гэта ідэя суверэнітэту і самадастатковасці ўсіх сваіх жанраў, якія ён выбіраў асабіста сам, без падказвання і парады збоку. “Для мяне жывапіс — гэта тое, што дадзена мне Богам. Жывапіс — гэта ўсё маё жыццё…” — не раз казаў мастак у асяроддзі сваіх сяброў. І якія тут могуць быць “ізмы”?!

У маладыя гады і ў час мастакоўскага ўзмужання ён прайшоў з мальбертам усю Беларусь — ад Прыпяці да Нёмана, ад Міншчыны да Магілёўшчыны, але, мабыць, менавіта Браслаўшчына стала яго любімым краем “трудов и вдохновенья” на ўсё жыццё. У 1980-я Анатоль Васільевіч вывозіў сваіх студэнтаў (ён выкладаў у БДТМІ з 1966 года) на эцюдную практыку на Браслаўшчыну, у вёску Слабодка, дзе разам з вучнямі ствараў свой жывапісны летапіс роднай зямлі. Ды і без студэнтаў ён часцяком вяртаўся ў гэтую самую вёсачку. Яе старажылы і зараз памятаюць гэтага чалавека з эцюднікам і вялікімі палотнамі — добрага, непаспешлівага, мяккага ў абыходжанні з жыхарамі — аніякай зорнасці, аніякага гонару, аніякай фанабэрыстасці… І бачылі, як ён малюе: дарогу на Браслаў, хвойны лясок над возерам Поцех, гару Любові, касцёл “Сэрца Ісуса”, нябёсы ў таемна-фантастычных барашках, шматлікія пагоркі ў розны час дня, першае восеньскае золата на лісці бяроз… Калегі называлі яго “майстрам серабрыстага каларыту”, пранікнёным паэтам-лірыкам, непераўзыдзеным песняром маці-прыроды. І гэта праўда…

Так, усе мы смяротныя. Але сапраўднае мастацтва неўміручае, тое мастацтва, якое ідзе ад чалавека да чалавека, ад пакалення да пакалення. Жывапіс Анатоля Бараноўскага належыць не толькі яго часу, нашаму часу, бліскучым прадстаўніком якога ён быў, але і ўсім, хто будзе і пасля нас зазнаваць патрэбу ў прыгажосці і шчырасці, мудрасці і дабрыні.

Яшчэ адзін тэлефон выкрэслены з запісной кніжкі… Вельмі горка…

 

Калектыў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь смуткуе з прычыны смерці прафесара жывапісу, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, народнага мастака Беларусі Анатоля Васільевіча БАРАНОЎСКАГА і выказвае глыбокія спачуванні яго родным і блізкім.


З жалем паведамляем, што на 80-м годзе пайшоў з жыцця народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесар БАРАНОЎСКІ Анатоль Васільевіч.

Анатоль Васільевіч прайшоў славуты шлях, звязаны з роднай краінай, з родным горадам Мінскам. Вядомы беларускі мастак-жывапісец. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у 1966 — 2009 гадах.

Калектыў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў


Беларускі саюз мастакоў смуткуе ў сувязі са смерцю члена грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў”, народнага мастака Беларусі, лаўрэата дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесара БАРАНОЎСКАГА Анатоля Васільевіча, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё і прапаганду беларускага выяўленчага мастацтва. Рада ГА “БСМ” выказвае спачуванне родным і блізкім у сувязі з напаткаўшым іх вялікім горам.

 

31 студзеня 2017 года на 80-м годзе пайшоў з жыцця народны мастак Рэспублікі Беларусь, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь БАРАНОЎСКІ Анатоль Васільевіч.

Імя гэтага мастака для многіх аматараў і знаўцаў мастацтва стала сінонімам найвышэйшай вытанчанасці, чуласці і музычнасці, якую можна дасягнуць у пейзажным мастацтве. Анатоль Бараноўскі ўзбагаціў беларускае мастацтва паэтычнымі вобразамі роднай прыроды, адлюстраваў стрыманую і пранікнённую прыгажосць роднай зямлі: Браслаўшчыны, Прыпяці, Міра, Нясвіжа, Нёмана, Мазыра, Магілёва і інш.

Многія гады Анатоль Васільевіч прысвяціў выкладчыцкай дзейнасці ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), дзе выхаваў не адно пакаленне таленавітых мастакоў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё сучаснага беларускага мастацтва.

Творы Анатоля Бараноўскага занялі сваё належнае месца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, у фондах Беларускага саюза мастакоў, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, прыватных зборах Беларусі і за мяжой.

Калектыў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь выказвае спачуванні родным, сябрам і калегам народнага мастака Беларусі Анатоля Васільевіча Бараноўскага.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"