Вязь усходняга чакана ў блакіце васількоў

№ 20 (838) 17.05.2008 - 23.05.2008 г

Вялікія геаграфічныя адлегласці паміж Беларуссю і Таджыкістанам не замінаюць культурам абедзвюх дзяржаў узаемадзейнічаць, захоўваючы і памнажаючы добрыя традыцыі. Тыдні беларускай літаратуры ў Таджыкістане і таджыкскай літаратуры ў Беларусі, Дні Мінска ў Душанбэ, Дні культуры Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Таджыкістан... За гады плённага супрацоўніцтва нашы народы звязала шмат падобных нітачак, з якіх выткалася моцнае палатно сяброўства. 13 — 17 мая гэта яшчэ раз засведчылі Дні культуры Рэспублікі Таджыкістан у Рэспубліцы Беларусь, сапраўды ўзбагаціўшы прахалодную славянскую вясну промнямі ўсходняга сонца.

 /i/content/pi/cult/161/1385/Tajikistan2.jpg

У галоўнай кніжнай скарбніцы краіны: (злева направа на першым плане) дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, міністр культуры Рэспублікі Таджыкістан Асроры Мірзашахрух і намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш.

У Мінск прыбыла вялікая дэлегацыя афіцыйных асоб і майстроў мастацтваў Рэспублікі Таджыкістан на чале з міністрам культуры гэтай краіны Асроры Мірзашахрухам. Замежныя госці імкнуліся найбольш шырока прадставіць беларусам спадчыну і дасягненні сваёй Радзімы, а таксама расказаць пра змяненні ў культуры і грамадстве краіны ў ХХІ стагоддзі.

У Палацы мастацтва адкрылася выстаўка, на якой мінчане знаёміліся з жывапісам, фатаграфіяй і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам далёкага краю. З традыцыйнай тэхнікі жывапісу “Кундаль” Эмамалі Негматава, з нацюрморта “Хаскаду” лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Таджыкістан імя А.Рудакі, народнага мастака Вафо Назарава, СА святкавання “Байрама” Батыра Алабергенава, з габелена “Таджычка” Саадат Баронавай, са стракатай “Мелодыі” Мехры Насыравай і работ іншых творцаў складваўся ва ўяўленні наведвальнікаў той самабытны шлях, якім спрадвек ішоў магутны таджыкскі народ. Цыкл графікі Джамола Расулава “Рамяство” адлюстроўваў усходнюю сучаснасць, а фатаграфіі выдатных майстроў Заура Дахтэ, Генадзя Ратушэнкі і Махсурджана Мухідзінжанава расказалі не толькі аб прыгажосці старадаўняга краю, але раскрылі і яшчэ адну старонку з жыцця дзвюх дзяржаў: асабістае сяброўства і добрыя сумесныя ініцыятывы Прэзідэнтаў Беларусі і Таджыкістана Аляксандра Лукашэнкі і Эмамалі Рахмона.

— Паміж нашымі краінамі шмат агульнага, — зазначыў на адкрыцці экспазіцыі першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рылатка. — Мы некалі жылі ў агульнай дзяржаве, у час Вялікай Айчыннай вайны таджыкскія юнакі складалі галовы ў баях за беларускія гарады. Сёння нашы народы будуюць суверэннае жыццё. Я ўпэўнены, што двухбаковыя культурныя зносіны будуць садзейнічаць яшчэ большаму ўзаемапранікненню таджыкскай і беларускай культур.

Старадаўні шывок сучаснага мастацтва

Некаторыя экспанаты распавялі аб унікальным вопыце па захаванні і распаўсюджванні традыцыйнага мастацтва.

Гаворка ідзе аб цудоўнай таджыкскай вышыўцы — чакане, якая ўпрыгожвае цюбецейкі, адзенне, абрусы, дываны. На жаль, у новым тысячагоддзі ўсё менш застаецца майстрых, якія валодаюць сакрэтам традыцыйных ніцяных узораў.

— Каб не страцілася аўтэнтычнае мастацтва, каб яно вярнулася да масавага попыту, два гады таму ў горадзе Куляб мы заснавалі ТАА “Чакан”, — распавёў дырэктар таварыства Зарыф Валіеў. — Я сабраў 60 жанчын, якія не маюць спецыяльнай прафесійнай адукацыі, але вельмі таленавітыя.

Ва ўмелых руках любая матэрыя пачынае ззяць, нібы пяро казачнай жар-птушкі. За кароткі час жанчыны заваявалі любоў усяго Таджыкістана. Цяпер майстрыхі вышываюць заднікі і дэкарацыі для тэатраў рэспублікі, рыхтуюць сцэнічныя касцюмы для акцёраў, танцоўшчыкаў, удзельнікаў фальклорных ансамбляў.
 /i/content/pi/cult/161/1385/Tajikistan1.jpg

Пад час адкрыцця выстаўкі таджыкскіх творцаў у Палацы мастацтва.

Простыя жыхары купляюць шыкоўныя тканіны не толькі ў якасці падарункаў для замежных сяброў, але і для паўсядзённага карыстання. А пад час вяселляў ці ў пару святкавання Наўруза без вышываных рэчаў увогуле не выходзяць на вуліцу.

У кадры — шукшынскія матывы

Нашы сувязі з кінематографам Таджыкістана больш чым шчыльныя. На “Беларусьфільме” шмат гадоў здымае кіно Маргарыта Касымава, што нарадзілася ў сонечным краі і пачынала кар’еру на “Таджыкфільме”. Між іншым, тыя стужкі і цяпер можна часта ўбачыць на Таджыкскім тэлебачанні. Зусім неверагодна гучыць сёння той факт, што некалі Маргарыта Наімаўна як адзін з членаў экзаменацыйнай камісіі прымала ва ВГИК Юнуса Юсупава — будучага народнага артыста Таджыкістана, сусветна вядомага рэжысёра.

На Днях таджыкскага кіно, якія прайшлі ў сталічным кінатэатры “Піянер”, Юнус Хаміджонавіч прывёз фільмы “Ахвота жыць” і “Стрэл лёсу” па творах Васіля Шукшына.

— Я вучыўся ў вялікага майстра Сяргея Бандарчука, таму практыку праходзіў на здымках “Вайны і міру” і “Яны змагаліся за Радзіму”. На апошняй карціне мы шмат размаўлялі з Шукшыным,— падзяліўся з гледачамі ўспамінамі Юнус Юсупаў. — З таго часу Васіль Макаравіч стаў для мяне Настаўнікам, узорам высокага майстэрства, чалавечнасці. Маё кіно — даніна памяці класіку.

Наўруза салодкія гукі

Да канцэрта майстроў мастацтваў і артыстычнай моладзі таджыкскія госці падышлі з асаблівай адказнасцю. Яны адбіралі лепшыя ўзоры класічнай і фальклорнай музыкі, оперных і эстрадных твораў, нацыянальных танцаў.

— У мінулым годзе мае суайчыннікі былі пад вялікім уражаннем ад выступленняў выдатных беларускіх артыстаў у нашай краіне, — расказаў на сустрэчы з міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Матвейчуком Асроры Мірзашахрух. — Кожны канцэрт прайшоў з аншлагам, асабліва горача публіка прымала знакамітых “Песняроў”. Запісы тых мерапрыемстваў наша тэлебачанне перыядычна паўтарае ў эфіры ўсіх каналаў. Цудоўна, што нарэшце з’явілася магчымасць пазнаёміць беларусаў з нашымі лепшымі калектывамі.

 /i/content/pi/cult/161/1385/Tajikistan3.jpg

Салісткі таджыкскага ансамбляЗебаразам з беларускамі.

Тыя, хто прыйшоў на адкрыццё Дзён культуры ў Беларускую дзяржаўную філармонію ці на наступны дзень трапіў у раённы Дом культуры Ваўкавыска, сталі сведкамі папраўдзе бліскучага відовішча.

Нібы мудрагелісты чакан, быў сатканы гэты канцэрт. За акцёрам Тэатра рускай драмы імя У.Маякоўскага Сухробам Лукманавым выступала лаўрэат міжнародных конкурсаў, скрыпачка Азалія Галіахметава, не менш уражвалі майстэрствам саліст Тэатра оперы і балета імя С.Айні Сайфуло Юсуфаў, народны артыст Даўлатманд Халоў і іншыя выдатныя выканаўцы, музыканты-віртуозы.

Аб’ядноўвалі нумары шыкоўныя танцы дзяржаўнага ансамбля “Зеба”, што адзначае сёлета 30-годдзе, і маладога, але ўжо гучна заявіўшага аб сабе ў свеце калектыву “Гулрэз”. “Разыначкай” вечара стала песня ў выкананні заслужанага артыста Бахціёра Ібрагімава “Молодость моя, Белоруссия”.

Як адзначыў на ўрачыстай цырымоніі Уладзімір Матвейчук, беларускія людзі заўсёды вельмі добразычліва ставіліся да таджыкскай культуры. Культурныя сувязі дзвюх краін пастаянна былі шчыльнымі. Дзеячы мастацтва Беларусі і Таджыкістана маюць адны і тыя ж духоўныя каштоўнасці, паяднаныя агульным імкненнем да міру, узаемаразумення. Таму, падкрэсліў Уладзімір Фёдаравіч, важна, каб нашы сумесныя мерапрыемствы працягвалі садзейнічаць умацаванню сяброўства між народамі.

Дыяментавыя грані адукацыі

У расклад Дзён культуры Таджыкістана ў Беларусі ўваходзілі не толькі афіцыйныя мерапрыемствы, але і знаёмства з найпрыгожымі куткамі краіны.

Госці адчулі чароўную веліч Мірскага замка, пабывалі ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, пабачылі шэдэўры Нацыянальнага мастацкага музея.

Вельмі карыснай сталася экскурсія па Нацыянальнай бібліятэцы. У Душанбэ распачалося будаўніцтва аналагічнай установы, таму беларускі вопыт узвядзення грандыёзнага будынка для гасцей аказаўся надта дарэчным. Між іншым, у Таджыкістане дзейнічаюць дзве дзяржаўныя праграмы развіцця бібліятэчнай сферы. Адна звязана з падтрымкай гарадскіх і, асабліва, сельскіх устаноў, іх кнігакамплектаваннем. Другая накіравана на будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі. Асроры Мірзашахрух удакладніў, што ў архівах шмат старадаўніх рукапісаў, але немалая частка падобных манускрыптаў знаходзіцца “на руках” у насельніцтва. Дзяржава заклапочана тым, як іх выкупіць, бо тыя спісы — скарб усяго таджыкскага народа.

З вялікім інтарэсам дэлегацыя наведала Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў, Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Афіцыйных асоб цікавілі
 /i/content/pi/cult/161/1385/Tajikistan4.jpg
магчымасці супрацоўніцтва ў сферы падрыхтоўкі кадраў на базе беларускіх навучальных устаноў.

— Нашу краіну пакінула шмат спецыялістаў. У Таджыкістане прынята Дзяржаўная праграма па падрыхтоўцы спецыялістаў у сферы культуры, мастацтва і паліграфіі (наша міністэрства займаецца яшчэ і пытаннямі паліграфіі і інфармацыі), але без дапамогі нам не абысціся, — звярнуўся да Уладзіміра Матвейчука Асроры Мірзашахрух. — Нам патрэбны прафесійныя музыканты для камерных і сімфанічных аркестраў, балетныя танцоры, оперныя спевакі.

Натуральна, просьба сяброў будзе разгледжана самым грунтоўным чынам, а дапамога будзе дзейснай і канкрэтнай.

Чатыры дні праляцелі, як адзін, і сёння таджыкскія госці ад’язджаюць на радзіму. Прадстаўнікі сферы культуры з абодвух бакоў яшчэ раз пацвердзілі, што нашы краіны і надалей павінны ісці разам, на сваім вопыце дэманстраваць суседзям, якім чынам можа паспяхова развіваць міжкультурны дыялог у сучасным свеце. І, канешне ж, патрэбна часцей сустракацца. Верагодна, ужо ўвосень выпадзе новая магчымасць для сумеснага дыялога майстроў мастацтваў: з 18 па 23 верасня ў Таджыкістане адбудзецца Міжнародны форум інтэлігенцыі краін СНД, і беларусаў там вельмі чакаюць.

 

Настасся ПАНКРАТАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА