Што аб’ядноўвае “бацькоў” і “дзяцей”?

№ 5 (1288) 04.02.2017 - 10.02.2017 г

Штрыхі пра выставу “Віцебская школа гравюры”
У Нацыянальным мастацкім музеі працуе выстава “Віцебская школа гравюры”, арганізаваная Віцебскім абласным краязнаўчым музеем і Віцебскім мастацкім музеем (аўтар канцэпцыі і куратар экспазіцыі — вядомы мастацтвазнаўца Міхась Цыбульскі).

/i/content/pi/cult/623/13847/7-1.jpgВыстава невялічкая — усяго каля 50 твораў, — але яна дае добрую падставу да нейкіх роздумаў пра тыя два кірункі, пра якія сёння можна меркаваць у кантэксце такой унікальнай з’явы, як Віцебская мастацкая школа. Хаця, па вялікім рахунку, віцебская гравюра — і даваенная, і пасляваенная — пакуль вывучана недастаткова, у адрозненне, скажам, ад жывапісу, акварэлі і скульптуры. Да таго ж, гэтыя два этапы па графічных тэхніках і матэрыялах, у меншай ступені — па сюжэтах (горад на Дзвіне заўсёды заставаўся для віцябчан тэмай нумар адзін) прынцыпова адрозніваюцца паміж сабой. І таму мастакі-гравёры 1920 — 1930-х, якія, у асноўным, карысталіся ксілаграфіяй, вельмі адрозніваюцца ад сваіх пасляваенных нашчадкаў, для каго лінагравюра (лінарыт) стала галоўнай тэхнікай. Таму казаць пра творчае выкарыстанне паслярэвалюцыйных традыцый сваіх “бацькоў” іх “дзецьмі”, то бок віцебскімі майстрамі эстампа, складана. Гэта зусім розныя падыходы, звязаныя не толькі ўласна са структурнымі мастакоўскімі пошукамі, але і з няпростымі грамадска-сацыяльнымі праблемамі. Што было — тое было, мастацтва не заставалася ўбаку…

Перш за ўсё хачу адзначыць выдатную ролю ў станаўленні беларускага эстампа 1920 — 1930-х Саламона Юдовіна, Яфіма Мініна, Аляксандра Ахола-Вала і Зіновія Гарбаўца. Менавіта яны сталі заснавальнікамі так званага Віцебскага гравюрнага цэнтра. Пры ўсёй розніцы мастацкіх манер, почыркаў, у іх творах ёсць адна агульная рыса: гравюры вылучаюцца адметным нацыянальна-краязнаўчым характарам, дзе архітэктурныя помнікі займаюць галоўнае месца. Віцебск, у сэнсе развіцця ксілаграфіі, па словах тагачаснага арт-крытыка Івана Фурмана, “заняў не толькі першае месца ў Беларусі, але займае значнае становішча і ў СССР”. У экспазіцыі, хаця і сціпла, прадстаўлены некаторыя творы згаданых майстроў, выкананыя на вельмі высокім прафесійна-тэхнічным узроўні. Чаму сціпла? Справа ў тым, што іх жыццёвыя і творчыя лёсы склаліся даволі драматычна, і не далі магчымасці цалкам рэалізавацца ім у тагачаснай беларускай прасторы.

Саламон Юдовін, вучань Юдаля Пэна, у 1921 годзе, здаецца, першым з віцебскіх графікаў звярнуўся да ксілаграфіі, і ў гэтай тэхніцы хутка дасягнуў выдатных вынікаў. Любімая тэма мастака — краявіды Віцебска і вобразы мясцовых жыхароў. У распрацоўцы такой тэмы яго падтрымалі сучаснікі Мінін і Гарбавец. Так здарылася, што Юдовін ужо ў 1923-м пераехаў у Петраград, які хутка стаў Ленінградам, але сваю любоў да Віцебска амаль да канца жыцця скрупулёзна ўвасабляў у шматлікіх аркушах: ад віртуозных серый “Былое” і “Мястэчка” да цыкла “Стары Віцебск”. На жаль, мноства твораў гэтага мастака аказаліся за межамі нашай краіны.

Мастак Аляксандр Ахола-Вала, чалавек з унікальнай біяграфіяй, таксама прабыў у Віцебску нядоўга — усяго тры гады. Але менавіта ў гэтым горадзе, побач з Юдовіным, Пэнам і Верай Ермалаевай, зрабіў першыя крокі ў галіне выяўленчай культуры, стаў умелым гравёрам і рысавальшчыкам. Народжаны ў фінскай сям'і, ён у дасканаласці авалодаў беларускай мовай і ажаніўся з беларускай Аленай Нікановіч-Яцэвіч. А трапіў у Віцебск выпадкова. Удзельнік паходу Першай Коннай арміі супраць белапалякаў, ён у 1920 годзе быў паранены пад Варшавай і аказаўся на лячэнні ў Віцебску. Потым лёс кідаў яго то ў Мінск, дзе ён шмат ілюстраваў кнігі беларускіх пісьменнікаў, то ў Маскву, дзе нават прымаў удзел у стварэнні фільма “Браняносец “Пацёмкін” (зрабіў 30-метровы макет карабля). Але ў пачатку 1930-х быў дэпартаваны з Расіі ў Фінляндыю як “чужаземец”, а ў 1940-м, калі пачалася савецка-фінская вайна, яго выслалі і адтуль — у Швецыю, як савецкага беларускага мастака і мужа беларускі. У маі 1995 года я сустракаўся з гэтым вельмі пажылым мастаком у Нацыянальным мастацкім музеі, калі ён прыехаў у Беларусь на II Міжнародны кангрэс беларусістаў. Памятаю, як ён папрасіў прысутных называць яго не “шаноўным панам”, а проста “Аляксандрам Пятровічам”, бо лічыў сябе… амаль беларусам. Тады ён шмат распавядаў пра сутнасць сваёй вынаходкі — філасофскай мастацка-рацыяналістычнай сістэмы жыцця — эвахамалогіі. Пасля Мінска мастак паехаў у Віцебск, дзе яго сустракалі як самага дарагога госця. 27 студзеня 1997 года ён памёр, трошкі не дажыўшы да ста гадоў… У экспазіцыі можна пабачыць некалькі яго лінагравюр, праўда, больш позняга часу.

Зіновій Гарбавец таксама мала пражыў у Віцебску, але след у мастацтве пакінуў значны. Ён прыехаў у горад у канцы 1923-га і стаў выкладаць рысаванне ў мастацкім тэхнікуме, потым — у сярэдняй школе і педагагічным тэхнікуме. Але з самага пачатку працы на віцебскай зямлі звярнуўся не да тарцовай ксілаграфіі, як Юдовін і Мінін, а да гравюры з падоўжаным сячэннем дрэва. Гэта досыць цяжкі, хоць і найбольш старажытны спосаб гравіравання, вядомы ў Беларусі з XVI стагоддзя. Некалькі ксілаграфій мастака, прадстаўленыя ў экспазіцыі, зроблены ў пасляваенны час у Маскве, дзе ён асталяваўся назаўсёды яшчэ ў канцы 1920-х. Але менавіта ў Віцебску ён стаў піянерам унікальнай абразной гравюры, кампазіцыя якой аказваецца камбінацыяй чорных ліній і плям, якія цудоўна кантрастуюць з белай паперай. Гэтая звонкасць чорнага і белага ўжо загадзя вызначае вялікую дэкаратыўнасць гравюры, а кантраст пласкасцей стварае эмацыйнае напружанне.

А вось Яфіму Мініну пашанцавала ў жыцці менш за ўсіх. Мастак, амаль самародак, затое той, хто блізка меў зносіны з Пэнам і Шагалам, на рэдкасць ад прыроды таленавіты, чалавек мужны, прынцыповы, у той жа час “сціплы, прыгожы і прыемны ў размове” (словы скульптара, дырэктара тэхнікума Міхаіла Керзіна), маючы і выдатны дар педагога, пражыў усяго 43 гады. Пакуль “чырвонае кола” сталінскага тэрору ў 1937-м бязлітасна не пераехала яго. Упоравень з Юдовіным Мінін стаў фактычна адным з першых ксілографаў паслярэвалюцыйнай Беларусі, творы якога і сёння вылучаюцца адмысловай кампазіцыяй, артыстычнай, філіграннай тэхнікай разьбы і яркім нацыянальным каларытам. Але з яго графічнай спадчыны ў Беларусі ацалела толькі каля 30 гравюр і экслібрысаў: большасць работ кудысьці зніклі пасля яго расстрэлу. Сябра Яфіма Сямёнавіча Заір Азгур пісаў: “Ад яго гравюр вее чымсьці родным. Магчыма, таму галоўным прадметам мастакоўскай увагі Мініна-гравёра быў Віцебск…”

Канешне, большую частку выставы займае раздзел сучаснай віцебскай гравюры 1960 — 1990-х, якая сваім галоўным фундаментам мае эстампную майстэрню (лінагравюра) мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава. У першую чаргу, хачу адзначыць Рыгора Клікушына, таленавітага графіка і педагога, які выхаваў, выгадаваў не адно пакаленне гравёраў. Яго справядліва называлі “каралём шрыфта” і стваральнікам графічнага летапісу старога ўрбаністычнага Віцебска. У экспазіцыі прадстаўлена шмат яго аркушаў. Пражыўшы 93 гады, ён пакінуў вельмі багатую спадчыну твораў і літаратурных успамінаў пра сваё жыццё. Па вялікім рахунку, Клікушын з’яўляецца заснавальнікам новай графічнай школы Віцебшчыны, якая, па сутнасці, аказалася ніяк не звязанай з традыцыямі даваеннай беларускай гравюры, таму і такая складаная тэхніка, як ксілаграфія, не атрымала распаўсюджання і цалкам саступіла месца чорна-белай і каляровай лінагравюры, якая знайшла сваё пачэснае месца ў прасторы ўсёй нацыянальнай беларускай графікі.

А вось адзінае, што аб’ядноўвае паслярэвалюцыйных “бацькоў” і пасляваенных “дзяцей” — паўтаруся, шчырая любоў да Віцебска і яго жыхароў, да прыроды роднага края. Лепшыя творы экспазіцыі напоўнены яркай прыцягальнай прыгажосцю і эмацыйнасцю; простыя, часта падрабязныя, вельмі рэальныя сюжэты насамрэч складана і тонка пабудаваныя. Асабіста мне спадабаліся лінагравюры нябожчыка Барыса Кузьмічова “Зімовы сад” і “Радары”, Вячаслава Данілава “Фэст у Чарасах”, Віктара Шылко “Ідзе дождж”, Анатоля Ільінава “Зіма ў Опсе”, Георгія Кісялёва “Кірмаш”. Шмат любові і майстэрства ўклаў Мікалай Гугнін у сваю серыю “Архітэктурныя помнікі Полацка”. Простымі для ўспрымання ўсе гэтыя і іншыя творы робяць выразнасць прасторавых узаемаадносін і яснасць кампазіцыі, без фальшывых эфектаў, без усялякіх там мудрагелістых “канцэптаў”. Так, падобныя якасці таксама былі ўласцівыя і майстрам ксілаграфіі 20 — 30-х гадоў ХХ стагоддзя. І, магчыма, гэта яшчэ адна “времен связующая нить”…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"