Калі канцэрт “правільны”

№ 5 (1288) 04.02.2017 - 10.02.2017 г

Выкладчыца кафедры менеджменту сацыяльна-культурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Алена Макарава сама прапанавала: “А давайце пагаворым пра канцэрт”. Тэма падалася больш чым актуальнай. Безліч разоў журналісты “К” на пытанне: “Чым здзіўляць будзеце?” чуюць у аддзелах ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі прыкладна такі адказ: “Ну вось нядаўна канцэрт прайшоў. Але ж, напэўна, вам гэта нецікава?” Цікава! Тым больш, што канцэрт, аказваецца, можа быць адначасова і крэатыўным праектам. Толькі пры ўмове, што ён —“правільны”.

Шчырасці не стае

Так, у канцэрта мастацкай самадзейнасці павінны быць свае законы драматургіі, глядацкага ўспрыняцця. І трэба, каб яны працавалі. Адным словам, гаворка не пра шараговае чаргаванне нумароў. Так, гэта — публічная дзея, разлічаная на пэўную публіку і арганізаваная ў адпаведнасці з папярэдняй праграмай і выбудаваная па законах сцэнічнай драматургіі. Я назваў бы ўмоўна канцэрт “спектаклем спектакляў”. Тут да месца і тэатралізацыя, і сцэнаграфія. Але абавязковы кампанент — нечаканае вырашэнне сцэнічных сітуацый. Без інтрыгі (а гэта — заўжды пошук ды эксперымент) няма мастацтва. У прыродзе мерапрыемства закладзена і інтэрактыўнасць. Справа не толькі ў тым, што зала стане падпяваць ды падтанцоўваць салісту. У тканіну дзеі могуць быць арганічна ўплецены і конкурсы з віктарынамі. Алена Макарава падкрэслівае: “Культурнае жыццё рэгіёнаў Беларусі сёння ў значнай ступені вызначаецца культурна-творчай і канцэртна-відовішчнай дзейнасцю, якую ажыццяўляюць менавіта калектывы аматарскай мастацкай творчасці. Педагагічная значнасць аматарскай творчасці ў нас недаацэньваецца. Глядач разам з выканаўцам пражывае, калі так можна сказаць, час узвышанага святочнага ўспрыняцця жыцця. У выніку суперажывання сам становіцца творцам”.

Нельга не разумець, што сёння глядач “разбэшчаны” якасцю гука і святла тэлевізійных відовішчаў. Што можа гэтаму супрацьпаставіць СДК? Шчырасць эмоцый!

Шашлыку без шампура не бывае

Канцэртны нумар артыст-аматар павінен пражыць. Прычым неабходная праўда пражывання канцэртнага нумара. Кепскі канцэрт той, дзе нумары не аб’яднаны сюжэтным стрыжнем, не адпавядаюць вобразам, якія ствараюцца артыстамі на сцэне. Уявіце, што песні Уладзіміра Высоцкага пачне выконваць зусім юная асоба, апранутая ў стылі, скажам, поп-зоркі. Прадбачу контраргументы дасведчанага чытача: “У нас рэжысура фестываляў — аднастайная, а вы пра звычайны канцэрт кажаце. Ці здольныя райцэнтраўскія рэжысёры на тое, каб вытрымаць адпаведную драматургію канцэрта?” Заўвага, трэба сказаць, — слушная. У тым і праблематыка прапанаванай тэмы, што “няправільных” канцэртаў больш, чым “правільных”. Калега Алены Макаравай рэжысёр Віталь Монцік дадае, што ў пэўных выпадках пры падрыхтоўцы канцэртаў захоўваецца толькі адно правіла: яны павінны ўтрымліваць максімум рознажанравых нумароў. Пра адзіную дзею, цэнтральную задуму, сэнсавую нагрузку, якая аб’яднала б усе канцэртныя структуры, толькі марыць застаецца.

Прычына — і ў недахопе дасведчаных рэжысёраў, здольных на інтрыгу, і ў адсутнасці якаснага канферансу, дзе імправізацыя — рэч абавязковая. А ў “правільным” канцэрце нумары аб’ядноўваюцца ў эпізоды, паміж імі існуе абавязковы мантажны стык, забаўляльнае павінна арганічна спалучацца з сур’ёзным. Усё гэта называецца “архітэктонікай” мерапрыемства. Калі яна прысутнічае, глядач верыць таму, што адбываецца на сцэне.

“Карнавальная ноч” без Агурцова?

Рэжысёр і педагог Дзмітрый Аўрамчык, трэці мой суразмоўца, катэгарычна супраць таго, каб канцэрты рэжысіраваліся валявым адміністрацыйным рашэннем. На ўвазе маецца тая, вельмі частая сітуацыя, калі на прагон урачыстага мерапрыемства прыйшоў старшыня райвыканкама і “перакроіў” праграму, кіруючыся толькі яму вядомай логікай. Такія “карэктывы” культывуюць думку, што рэжысёр у раёне ўвогуле непатрэбны. Іх і няма ў той колькасці, якая неабходная. Таму канцэрты не маюць інавацыйных рашэнняў, інтрыг ды эксперыментаў. А ёсць жа яшчэ выязныя канцэрты, праграма якіх павінна прадугледжваць спецыфіку той мясцовасці, дзе адбудзецца мерапрыемства.

Дык што рабіць? Як усё ўлічыць і прапанаваць гледачу сапраўды якасны прадукт? Выкладчыкі кафедры менеджменту сацыяльна-культурнай дзейнасці ў адзін голас прапаноўваюць звяртацца ў БДУКіМ па дапамогу. Прыедуць ці выпускнікі, ці выкладчыкі. Урэшце, можна прыехаць на стажыроўку. Так, няма грошай, так, няма стымулу. З гэтай жа прычыны большасць нашых фестываляў пераўтварыліся ў справаздачныя канцэрты, у дэманстрацыю творчых здольнасцяў. Дайшло да таго, што мы нават рэпертуар асобных мастацкіх аматарскіх калектываў змяняць не хочам. Вось і не надта рвецца публіка на канцэрты, складзеныя з даўно знаёмых нумароў. Праблема? Праблема! Вельмі не хочацца спісваць гэтыя выдаткі на рахунак усеагульнай аптымізацыі. А хочацца казаць пра дынаміку няўхільнага развіцця клубнай дзейнасці. Пра пошук, пра эксперымент. (Няхай бы хор ветэранаў паспрабаваў бы шчыра выканаць “Smoke on the water”, а маладзёжны вакальны гурт на Дзень Перамогі — “Тёмную ночь”. Можа, повязь пакаленняў умацавалася б не на словах?)

І паўторым для замацавання. Канцэртны нумар (як закончаная сцэнічная адзінка) патрабуе вельмі сур’ёзнай рэжысёрскай працы. Ён з’яўляецца не толькі неад’емнай часткай канцэртна-відовішчнай праграмы, але і асновай тэхналогіі яе пастаноўкі, асновай усяго сцэнічнага дзеяння. Да структурных асаблівасцяў канцэртнага нумара адносяцца: месца, дзеянне, час і вобраз артыста (ці імідж выканаўцы), якія знаходзяцца ў пэўнай узаемасувязі. Непасрэдна з канцэртных нумароў і эпізодаў складваецца мастацкі твор, які ўспрымаецца гледачом як цэласнае дзеянне, якое ажыццяўляецца па законах сцэнічнай рэжысуры.

На носе — Міжнародны жаночы дзень. Ці будзе сёлетні канцэрт з гэтай святочнай нагоды адрознівацца ад мерапрыемства леташняга? І ў раённым цэнтры, і на сяле?

 

 

Бібліятэка “Лабараторыі”

Партытура для рэжысёра

 

Працягваем “чытаць” дапаможнік выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Алены Макаравай, Святланы Майсейчук і Ірыны Смарговіч “Тэхналогіі культурна-дасугавай дзейнасці”. Нагадваем, што дапаможнік прызначаны для работнікаў культуры.

Сацыякультурныя рэабілітацыйныя тэхналогіі (традыцыйныя): бібліятэрапія, арт-тэрапія, музыкатэрапія, данстэрапія, тэатратэрапія, глінатэрапія, кінатэрапія, музеетэрапія…

Праектаванне — спецыфічная тэхналогія: канструктыўная творчая дзейнасць, сутнасць якой заключаецца ў аналізе праблем і выяўленні прычын іх з’яўлення, выпрацоўцы мэтаў і задач, што характарызуюць пажаданы стан аб’екта, распрацоўку шляхоў і сродкаў дасягнення мэты; з другога боку — гэта мэтанакіравана арганізаваны працэс сацыякультурнай камунікацыі суб’ектаў, арыентаваны на сумеснае канструяванне спосабаў і ўзораў рашэння значных для асобы і грамадства праблем.

Сцэнарый культурна-дасугавай праграмы — гэта падрабязная літаратурная распрацоўка драматургічнай дзеі, прызначанай для пастаноўкі. У сцэнарыі абавязкова павінны быць: адзіная драматургічная дзея, сюжэтны ход і падзейны шэраг, канфлікт як “дыялог дзей”, жорсткая кампазіцыйная структура, жанравая разнастайнасць.

Такі сцэнарый пішацца не для чытача, а для рэжысёра.

Драматургія культурна-дасугавых праграм мае свае колькасныя і якасныя паказчыкі: Актуальнасць з пазіцый бягучых грамадска-палітычных, сацыяльна-эканамічных, і сацыяльна-культурных задач, якія стаяць перад грамадствам; пераемнасць і паслядоўнасць у падрыхтоўцы і правядзенні; разнастайнасць форм.

Сцэнарны план — структурна-драматургічная аснова, накід кампазіцыйнай пабудовы сцэнарыя з аўтарскім вызначэннем ідэйна-тэматычнай задумы і характарыстыкай аўдыторыі. Гэта — агульнае бачанне будучай дасугавай праграмы, яе асноўных эпізодаў, нумароў унутры эпізоду і характару іх чаргавання.

Літаратурны сцэнарый — падрабязная літаратурная распрацоўка ідэйна-тэматычнай задумы з поўным тэкстам, апісаннем месца і часу дзеі, сцэнаграфіі, музычнага і светлавога афармлення, сюжэту харэаграфічных і пластычных кампазіцый, іншых сродкаў мастацкай выразнасці.

Мантажны ліст — рэжысёрская партытура, дзе дакладна распісаны ўсе кампаненты эпізодаў і нумароў, выразных сродкаў іх забеспячэння.

(Працяг — у наступных нумарах “К”.)

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"