Лепшыя ў культурнай практыцы

№ 4 (1287) 28.01.2017 - 03.02.2017 г

“К” пісала ўжо, што падведзены вынікі конкурсу “Горад культуры ў Год культуры”, які быў аб’яўлены ў краіне ўлетку, каб вылучыць тыя населеныя пункты Беларусі, што ўнеслі найбольшы ўклад у развіццё культурнай сферы, а таксама турыстычнай галіны. Рэспубліканская адборачная камісія рэспубліканскага конкурсу назвала лепшыя абласны цэнтр — Магілёў, горад абласнога падпарадкавання — Наваполацк, горад раённага падпарадкавання — Ліда, пасёлак гарадскога тыпу — Акцябрскі і аграгарадок — Моталь Іванаўскага раёна. Днямі ж падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу на лепшую практыку дзейнасці органаў мясцовай улады па рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі.

Крытэрыямі ацэнкі работы ўдзельнікаў конкурсу сталі ўзровень выканання даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў краіны, паказчыкаў Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады. А таксама — стварэнне аптымальнай сеткі арганізацый культуры, кадравая палітыка, пазабюджэтная дзейнасць, выкарыстанне праектных тэхналогій, падтрымка таленавітай моладзі, творчых саюзаў, ахова спадчыны, спонсарства ды мецэнацтва, развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ды іншае.

Пераможцы па трох намінацыях “Лепшы абласны выканаўчы камітэт”, “Лепшы гарадскі (раённы) выканаўчы камітэт”, “Лепшы сельскі (пасялковы) выканаўчы камітэт” узнагароджваюцца дыпломамі і грашовымі прэміямі: 150, 140 і 130 базавых велічынь адпаведна.

Конкурс праводзіўся ў два этапы. Першы — адборачны. Для ўдзелу ў першым этапе конкурсу гарадскія, раённыя, пасялковыя і сельскія выканаўчыя камітэты накіроўвалі дакументы ў абласныя выканаўчыя камітэты.

Для правядзення першага этапу конкурсу абласнымі выканаўчымі камітэтамі ствараліся абласныя адборачныя камісіі, у склад якіх увайшлі прадстаўнікі абласных выканаўчых камітэтаў, іншых дзяржаўных органаў і іншых арганізацый. Абласныя камісіі разглядалі дакументы і прымалі рашэнне аб вылучэнні гарадскіх, раённых, пасялковых і сельскіх выканаўчых камітэтаў для ўдзелу ў другім этапе конкурсу. Для ўдзелу ў другім этапе конкурсу абласныя выканаўчыя камітэты прадстаўлялі дакументы ў Міністэрства культуры. На гэтым этапе падводзіліся вынікі конкурсу і вызначаліся яго пераможцы.

Рэспубліканская адборачная камісія назвала пераможцаў конкурсу. Дарэчы, у склад рэспубліканскай камісіі увайшлі прадстаўнікі дзяржаўных органаў кіравання, арганізацый культуры, творчых саюзаў, за выключэнннем прадстаўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, якія ўдзельнічаюць у конкурсе. Рашэнні камісіі прымаліся адкрытым галасаваннем простай большасцю галасоў членаў камісіі, якія прысутнічалі на пасяджэнні. Рашэнне камісіі лічыцца канчатковым.

Лепшым абласным выканаўчым камітэтам па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі стаў Віцебскі аблвыканкам. Эканомія бюджэтных сродкаў у выніку аптымізацыі склала 4 мільёны рублёў. Установы культуры атрымалі каля 13 мільёнаў пазабюджэтных рублёў. Летась на працу прынята 120 маладых спецыялістаў. Аблвыканкам з’яўляецца суарганізатарам дзевяці міжнародных фестываляў і святаў. Праведзена больш за 119 тысяч мерапрыемстваў. Супрацоўніцтва наладжана з культурна-грамадскімі аб’яднаннямі беларусаў Латвіі і Літвы.

Лепшым раённым выканаўчым камітэтам стаў Гродзенскі райвыканкам. Тут створаны Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр. Канцэртнае абслугоўванне аддаленых і маланаселеных вёсак ажыццяўляе перасоўны культурны цэнтр, бібліятэчнае абслугоўванне — два бібліёбусы, адзін з іх пачаў працу летась. Бібліятэкі і музычныя школы цалкам укамплектаваны кадрамі. Падрыхтаваны дзевяць інавацыйных праектаў.

Азарыцкі сельскі выканаўчы камітэт (Калінкавіцкі раён) прызнаны лепшым сельскім выканкамам. Клубныя ўстановы арганізавалі тут работу 44-х клубных фарміраванняў, якія наведвае 349 чалавек. Праведзена каля 800 мерапрыемстваў. Дзейнічае блізу 30 форм клубных паслуг. Па сельсавеце — больш за 2000 чытачоў. У бібліятэках праведзена каля сотні мерапрыемстваў. У Ліпаўскай ДШМ навучаецца 254 дзіцяці.

Цягам тыдня, у тым ліку тады, калі нумар здаваўся ў друк, падводзіліся і вынікі рэспубліканскага конкурсу “Чалавек Года культуры”. Нагадаем, што ён мае наступныя намінацыі: “Выяўленчае мастацтва”, “Тэатральнае мастацтва”, “Музычнае мастацтва”, “Харэаграфічнае мастацтва”, “Эстраднае мастацтва”, “Цыркавое мастацтва”, “Кінавідэамастацтва”, “Музейная дзейнасць”, “Бібліятэчная дзейнасць”, “Клубная дзейнасць”, “Народная творчасць”, “Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, “Педагагічная дзейнасць з творчай моладдзю”, “Асвятленне пытанняў культуры ў сродках масавай інфармацыі”. Пра яго вынікі — у новых нумарах “К”.

Узнагароджанне пераможцаў конкурсаў плануецца ажыццявіць ва ўрачыстай абстаноўцы 3 лютага ў Бабруйску падчас выніковай калегіі Міністэрства культуры Беларусі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"