Новае Палажэнне

№ 4 (1287) 28.01.2017 - 03.02.2017 г

Пастановай Савета Міністраў краіны ад 17 студзеня 2017 года №40 зацверджана новае Палажэнне аб Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

Так, у новай рэдакцыі Палажэння пашыраны пералік задач міністэрства. У прыватнасці, да іх аднесены такія задачы, як вызначэнне агульнай стратэгіі развіцця сферы культуры; забеспячэнне захавання, развіцця, распаўсюджвання і (або) папулярызацыі беларускай нацыянальнай культуры і мовы; стварэнне ўмоў для развіцця юрыдычных асоб усіх формаў уласнасці, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць; ажыццяўленне міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры, забеспячэнне падтрымкі беларусаў замежжа ў сферы культуры.

Таксама згодна з дакументам удакладнены функцыі Міністэрства культуры краіны. Напрыклад, прадугледжана, што міністэрства прымае рашэнні аб прысваенні матэрыяльнай культурнай каштоўнасці, якая мае нацыянальнае, міжнароднае або сусветнае значэнне і можа быць прапанавана для ўключэння ва ўстаноўленым парадку ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны або Спіс сусветнай спадчыны, якая знаходзіцца пад пагрозай, а таксама нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і катэгорыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і аб пазбаўленні гэтага статусу такіх гісторыка-культурных каштоўнасцей; аб змяненні катэгорыі гісторыка-культурнай каштоўнасці; аб перадачы музейнага фонду дзяржаўнага музея, падпарадкаванага Міністэрству культуры; аб уключэнні музейнага прадмета (музейных прадметаў) прыватнага музея ў Музейны фонд Рэспублікі Беларусь і аб яго выключэнні.

Акрамя таго, Міністэрства культуры краіны фарміруе і вядзе Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне, уносіць у міжнародныя арганізацыі прапановы аб уключэнні гісторыка-культурных каштоўнасцей у Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны, Спіс сусветнай спадчыны, якая знаходзіцца пад пагрозай, або ў іншыя спісы ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь. Таксама міністэрства ў рамках сваёй кампетэнцыі ўстанаўлівае формы дакументаў, выдае адпаведныя дазволы, заключэнні і пасведчанні, узгадняе навукова-праектную дакументацыю.

Што да дзяржарганізацый, падпарадкаваных Міністэрству культуры, дык у іх пералік уключаны на сёння 35 арганізацый. Сярод іх тэатры, музеі, ансамблі, установы адукацыі, а таксама Нацыянальная бібліятэка Беларусі, РУП “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” і іншыя. У пералік гаспадарчых таварыстваў, акцыі (долі ў статутных фондах) якіх належаць Рэспубліцы Беларусь і перададзены ў кіраванне Міністэрству культуры, увайшлі ААТ “Віцебск-Белпрамкультура”, ААТ “Аб’яднаная дырэкцыя аб’ектаў, што будуюцца”, ААТ “Белрэстаўрацыя”.

Пастанова ўступае ў сілу з 3 лютага 2017 года.