Турысты галасуюць… нагамі

№ 4 (1287) 28.01.2017 - 03.02.2017 г

Наколькі гатовыя ўстановы культуры да наплыву гасцей з 80 краін?
Беларусь самым бліжэйшым часам стане яшчэ больш адкрытай для іншаземцаў. Згодна з Указам Прэзідэнта Беларусі ад 9 студзеня бягучага года № 8 “Аб усталяванні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян”, на тэрыторыі краіны змогуць знаходзіцца без віз тыя замежнікі, якія прыехалі да нас праз пункт пропуску “Нацыянальны аэрапорт Мінск” на тэрмін не большы за пяць сутак. Такім ільготным становішчам могуць скарыстацца грамадзяне 80 краін. Дакумент, да слова, уступіць у дзеянне літаральна праз некалькі тыдняў. Але што з таго займеюць установы сферы культуры і ці гатовы яны да прыёму замежных гасцей?

/i/content/pi/cult/622/13830/4-1.jpg

Кадр з новага прэзентацыйнага роліка пра нашу краіну "Беларусь. Звыш за чаканне".

Без віз? На сайт!

Як кажа намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Беларусі Алег Скарына, прыняты дакумент адкрывае новыя магчымасці для прыезду ў нашу краіну замежных гасцей:

— Мы вельмі спадзяемся, што дзякуючы Указу Прэзідэнта нашы суайчыннікі, якія пражываюць за мяжой, будуць часцей наведваць Беларусь, установы культуры, культурныя мерапрыемствы, — адзначыў суразмоўца. — Акрамя таго, гэты Указ паспрыяе таму, што да ўдзелу ў культурных мерапрыемствах, што ладзяцца ў Беларусі, будзе значна прасцей запрасіць замежных выканаўцаў і артыстаў. Хоць, варта адзначыць, гэтыя людзі падчас прыезду ў краіну бясплатныя візы атрымлівалі і раней: справа была больш у тэрмінах падачы заявак, чым у саміх візах...

Сапраўды, ніхто не спрачаецца, што адмена віз — вельмі пазітыўны момант для развіцця ўязнога турызму. Гэта разумеюць як у турыстычных арганізацыях, так і ва ўстановах культуры.

— Раней трэба было губляць час (а часам таксама і нервы) для таго, каб атрымаць візу, патрабавалася ехаць у пасольства, збіраць паперы, мець запрашэнне ад турфірмы з Беларусі.. Усё гэта не спрыяла энтузіязму патэнцыйных турыстаў — наведвальнікаў нашай краіны, — адзначыла “К” кіраўнік турыстычнай арганізацыі “Віаполь” Галіна Патаева. — Цяпер паездка ў Беларусь становіцца лёгкай: купіў білет і можна ехаць... Але паўстае тады іншае пытанне — для чаго? І тут трэба нямала папрацаваць, каб заахвоціць турыстаў нашым прывабным турыстычным прадуктам.

Некаторыя работнікі культуры і ўстановы сферы ўжо “шчыруюць” над падачай свайго цікавага культурнага прадукту напоўніцу. Напрыклад, як заўважыла “К” намеснік дырэктара Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага Марына Ігнатовіч, на іхнім сайце можна адшукаць не толькі паведамленні пра бібліятэчныя паслугі, але і паглядзець віртуальныя кніжныя выставы, а таксама ўбачыць каляндар тых падзей (у тым ліку, натуральна, і культурных), якія плануецца зладзіць цягам года на Аўгустоўскім канале ды ў самім Гродне.

І плён ад гэтай дзейнасці ўжо даволі адчувальны. Напрыклад, як паведамілі “К” ва ўпраўленні адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама, магчымасцю наведаць Гродна і наваколле без візы (што сталася магчымым з канца кастрычніка 2016 года) ужо скарысталіся амаль тры тысячы замежнікаў з 20 краін свету. Найбольш актыўнымі былі жыхары краін-суседак — Літвы і Польшчы, а самым папулярным пунктам турыстычных маршрутаў застаецца Гродна. Да новага сезона на Аўгустоўскім канале ствараецца і адпаведная інфраструктура, а таксама плануецца ладзіць разнастайныя культурныя, спартыўныя і забаўляльныя мерапрыемствы. Дарэчы, новы Указ Прэзідэнта Беларусі не адмяняе ранейшых дакументаў аб праве бязвізавага ўезду іншаземцаў на тэрыторыі Белавежскай пушчы і Аўгустоўскага канала.

Аэрапорт як брама

З іншага боку, наўрад ці тыя, хто ездзіць у Гродна без віз, абяруць для ўезду ў Беларусь “Нацыянальны аэрапорт Мінск”: яны хутчэй прыедуць да нас на асабістых аўтамабілях. Тыя ж, хто дабярэцца да Беларусі паветраным шляхам, верагодна будуць завітваць у іншыя цікавыя месцы краіны — Нацыянальны гістарычна-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, музей “Замкавы комплекс “Мір” і некаторыя іншыя ўстановы. Гэта разумеюць і ў турфірмах.

— І за 5 дзён у нашай краіне ёсць на што паглядзець, — кажа дырэктар фонду “Краіна замкаў” Аляксандр Варыкіш. — Можна сказаць, што “Нацыянальны аэрапорт Мінск” робіцца своеасаблівай уязной брамай у краіну, адкуль замежнік можа вандраваць куды заўгодна. І гэта не можа не радаваць тых, хто адказвае за турыстычны бізнес.

Але што могуць прапанаваць іншыя ўстановы культуры, акрамя “раскручаных” Нясвіжа і Міра, замежным наведвальнікам? Скажам, у Магілёве і ў раённых цэнтрах Магілёўшчыны ёсць на што паглядзець замежнаму аматару мінуўшчыны: у Крычаве — на палац Пацёмкіных, у Жылічах — на цэлы комплекс старадаўняга палаца-паркавага ансамбля, у Мсціслаўлі — на шматлікія гістарычныя цікавосткі. Праўда, распавесці пра іх у гэтых паселішчах ды і ў абласным цэнтры замежнаму турысту можа і не быць каму.

Напрыклад, як кажа дырэктар Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Еўдакіма Раманава Віктар Аненкаў, хоць некаторыя замежнікі ўжо сёння цікавяцца тымі паслугамі, якія могуць прапанаваць для іх музейшчыкі, належных умоў для такога турыстычнага кантынгенту ў іх пакуль не створана.

— Наш музей разам з этнаграфічным філіялам мае 6 самабытных стацыянарных экспазіцый, таму ў нас ёсць на што паглядзець, і мы рады гэтаму Указу Прэзідэнта Беларусі, які адкрывае дарогу ў нашу краіну іншаземным турыстам, — кажа дырэктар установы. — Аднак на сёння мы не маем экскурсаводаў, якія ладзілі б экскурсіі на англійскай мове. Нават музейныя экспанаты ў нас падпісаныя толькі на беларускай мове. Натуральна, з улікам новых тэндэнцый, трэба, каб подпісы былі таксама і на замежнай мове.

Па словах Віктара Аненкава, такі пераклад не запатрабуе вялікіх фінансавых высілкаў. У той жа час, імгненна памяняць усе подпісы проста немагчыма: гэта праца будзе праводзіцца ва ўстанове цягам года. А пакуль замежны турыст, які завітае ва ўстанову культуры, можа скарыстацца аўдыягідам на англійскай мове і, такім чынам, атрымаць належнае ўяўленне пра музейную экспазіцыю.

А як падрыхтаваны да замежнага турыста ў Брэсцкай абласной філармоніі?

— У нас адсутнічаюць праграмы, буклеты і візітоўкі на англійскай мове, — кажа “К” дырэктар установы Таццяна Калтынаева. — Няма пакуль і англамоўнай версіі сайта, хаця планы па яе стварэнні, як і па стварэнні беларускамоўнай, безумоўна, ёсць. Мы днямі ўкаранілі паслугу онлайн-пакупкі білетаў, так што любы замежны глядач можа загадзя набыць білет на нашу імпрэзу і завітаць у Брэст. Так, да слова, робяць некаторыя жыхары сумежжа Польшчы і Украіны.

Не проста замежным гледачам будзе і ў віцебскім Беларускім тэатры “Лялька”: тут таксама ні праграм, ні буклетаў на спектаклі на замежных мовах пакуль што не стварылі.

— Мы маем толькі прэзентацыйны буклет на беларускай і англійскай мовах, які распавядае пра наш тэатр і некаторыя яго пастаноўкі, — патлумачыў дырэктар установы Аляксандр Грыгор’еў. — Але адзначу, што лялечныя пастаноўкі, на мой погляд, не патрабуюць значных намаганняў для разумення з боку замежніка.

Да таго ж, як кажа Аляксандр Грыгор’еў, установа сёння мае ажно тры версіі сайта: беларускую, рускую і англійскую, таму з некаторымі тлумачэннямі пра той ці іншы спектакль замежны глядач можа азнаёміцца онлайн.

Але ж многія ўстановы культуры сваіх старонак на замежных мовах пакуль не займелі. Напрыклад, у Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці ні англамоўнай, ні беларускамоўнай версіі сайта няма. Ёсць толькі рускамоўная версія, якая наўрад ці задаволіць замежнікаў з краін Еўропы. Ды і да сустрэчы замежных гасцей супрацоўнікі цэнтра пакуль што не надта падрыхтаваны.

— На сёння ў нас няма ні буклетаў на замежных мовах, акрамя рускай, няма і англамоўных брашур, якія б распавядалі пра абрады і звычаі Гомельшчыны, — кажа вядучы метадыст Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Людміла Мельнікава. — І тут сапраўды ёсць над чым працаваць. Праўда, хутчэй за ўсё, гэта пытанне варта пераадрасаваць у абласное ўпраўленне і раённыя аддзелы адукацыі, спорту і турызму, а не да сферы культуры, бо гэта не наша асноўная задача. Мы толькі можам дапамагчы зладзіць той або іншы абрад, культурнае мерапрыемства, імпрэзу, на якія, цалкам магчыма, завітае і замежны турыст.

Што ж, слушная думка. Заўважу толькі, што турызм ды культура і сёння, і заўтра былі і будуць звязаныя паміж сабой. А піярыць сябе, да слова, можна і без буклетаў, тым больш, інтэрнэт і сацыяльныя сеткі дазваляюць сёння без асаблівых цяжкасцяў адшукаць і аматараў-перакладчыкаў, і прыхільнікаў народнай спадчыны, якія “сябруюць” з англійскай ці іншымі замежнымі мовамі… Было б, як кажуць, жаданне…

Як бачна праз наш невялікі агляд, літаральна лічаныя суразмоўцы і ўстановы культуры падрыхтаваныя да прыезду замежных гасцей, як кажуць, “на ўсе сто”. І гэта рэаліі, ад якіх не адмахнешся. Ці змаглі работнікі сферы вырашыць агучаныя пытанні, будзе бачна, хутчэй за ўсё, напрыканцы гэтага года, калі Беларусь будзе падводзіць вынікі і падлічваць рэальныя фінансавыя і іміджавыя здабыткі ад бязвізавага рэжыму, усталяванага для замежных турыстаў.

І апошняе. Як вядома, замежны турыст — натура спешчаная. Перад ёй, як казала Галіна Патаева, ляжыць увесь свет. І каб гэты турыст абраў для паездкі Беларусь, трэба вельмі дакладна вызначыць, чым мы адметныя, чым мы лепшыя за суседзяў, “раскруціць сябе” — і толькі тады чакаць нейкіх вынікаў... А адсюль…

— А адсюль паўстае пытанне прывабнага брэнду Мінска і ўсёй Беларусі, прамоцыі краіны на сусветным турыстычным рынку, — адзначае тая ж Галіна Патаева. — Ведаеце, у турызме ёсць такое выслоўе: “Турысты галасуюць нагамі”. Гэта значыць, папулярным з’яўляецца тая краіна, куды турысты едуць. І таму ад выразаў накшталт “Сінявокая Беларусь, у нас вельмі прыгожа і чыста” патрэбны пераход да дызайнерскіх буклетаў накшталт “7 прычын, каб паехаць у Беларусь”. Буклетаў, якія зробяць сапраўдныя майстры графічнага дызайну, як, напрыклад, Уладзімір Цэслер.

Як на мой погляд, досыць слушныя словы. Прыслухаемся?

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"