Вельмі знаёмая казка

№ 4 (1287) 28.01.2017 - 03.02.2017 г

Да калядных і навагодніх святаў коласаўцы падрыхтавалі тэатральны падарунак для маленькіх віцебскіх гледачоў. Рэжысёр-пастаноўшчык Міхась Краснабаеў паставіў музычную казку “Прыгоды Дзюймовачкі” па п’есе расійскага драматурга Паўла Ісайкіна. Гэта знакамітая гісторыя, напісаная вялікім дацкім пісьменнікам Хансам Крысціянам Андэрсенам, усім знаёмая з дзяцінства.

/i/content/pi/cult/622/13827/8-2.jpg

Сцэна са спектакля. / Фота прадастаўлена тэатрам

Маленькая дзяўчынка Дзюймовачка з’яўляецца ў вялікім свеце, каб ствараць вакол сябе шчасце і любоў, але сутыкаецца з грубасцю і жорсткасцю. Адважны Кароль матылькоў і яго сябры дапамагаюць Дзюймовачцы выратавацца з лап Жабы і яе сына Жабяняці, сляпога Крата і сквапнай Мышы, пазбавіцца нахабных Жукоў. У фінале, як і павінна быць, перамагае дабро! Для таго, каб дзеці верылі, што многае на свеце можа быць лепшым, чым ёсць!

У прачытанні коласаўцаў казка ператварылася ў сапраўднае сцэнічнае відовішча з прыкметамі шоу: музыка нароўні з драматычнымі дыялогамі вызначае стыль пастаноўкі і рухае дзеянне. У дэкарацыях пануе актыўны зялёны колер (адпаведны месцам дзеяння — палянка і балота), у касцюмах больш стракатая гама і тыя ж фарбы спалучаюцца з ружовымі і белымі ў матылькоў, бірузовымі ў Дзюймовачкі (мастак Святлана Макаранка). Вядома ж, свае нюансы прыўносіць і святло. У музыцы, якая таксама вызначае галоўны канфлікт спектакля паміж высакароднымі і больш нізкімі істотамі (яе аўтарам выступіў віцебскі кампазітар Руслан Стаброўскі), лірычныя тэмы галоўнай гераіні і закаханага ў яе караля Матылькоў змяняюць жартаўліва-гарэзлівыя ў жабак і жукоў. Вельмі адчувальнымі з’яўляюцца іранічныя акцэнты, якія расстаўляе рэжысёр, той гумар, які закладзены і ў драматургічным матэрыяле. Магчыма, таму найбольш яскравымі атрымліваюцца вобразы адмоўных персанажаў. Адмысловае трыа ствараюць Жук-вусач у тандэме са сваімі сяброўкамі-Жучыхамі. У першым складзе гэтую ролю асабліва яскрава выконвае Аляксандр Базук, які пасля працяглага перапынку зноў вярнуўся ў коласаўскую трупу (глядач памятае яго Юрася ў “Несцерцы”, Гервасія Выліваху ў “Ладдзі роспачы” і многіх іншых персанажаў). Знешняя, даволі мажная акцёрская фактура вельмі добра адпавядае ўнутранай сутнасці вобраза. Колькі ў ім пыхі, самаўлюбёнасці, ганарыстасці! Здаецца, гэта не Жук, а сапраўдны Нарцыс. Яго сцэнічныя партнёркі Наталля Аладка і Святлана Жукоўская таксама яскрава выяўляюць іранічныя адносіны да сваіх персанажаў. Увогуле гэтае трыа вельмі нагадвае аперэтачных герояў.

Трэба заўважыць, што ў казцы з задавальненнем і добрым імпэтам іграюць вядомыя майстры коласаўскай сцэны, напрыклад, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Рыгор Шацько і Юрась Цвірка ў ролі Крата (падкрэсліваючы непамерную прагавітасць, хцівасць і абмежаванасць свайго персанажа). Тыя ж рысы ў дадатак да хітрасці ў вобразе Палявой мышы выяўляюць заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова і вядучы майстар сцэны Зінаіда Гурбо.

…Асабліва хацелася б адзначыць яскравую ігру на мяжы эксцэнтрыкі і буфанады ў Ірыны Цішкевіч (выканаўца ролі Жабы). Разам са знешнімі выразнымі сродкамі актрысе ўдаецца выявіць характар сваёй гераіні — уладарнай і разам з тым клапатлівай матулі, якую вельмі турбуе лёс свайго не вельмі ўдалага і не вельмі прыстасаванага да дарослага жыцця сыночка (у гэтай ролі выступаюць Раман Салаўёў і Уладзіслаў Жураўлёў, кожны знаходзіць для свайго забаўнага персанажа адметныя рысачкі).

З больш складанай задачай давялося сутыкнуцца выканаўцам роляў станоўчых персанажаў, бо, на жаль, яны не так цікава выпісаны аўтарам. Гісторыя адносінаў Караля матылькоў (Арцём Герак і Яўген Лук’янаў), які толькі па расповедах Коніка (Яўген Бераснеў) закахаўся ў Дзюймовачку (Ульяна Ацясава), і самой галоўнай гераіні, мае, так бы мовіць, рамантычную афарбоўку. Артысты спрабуюць арганічна абжываць той унутраны свет перажыванняў сваіх герояў, тым не менш атрымліваюцца вобразы-маскі з пэўным наборам устойлівых асаблівасцей. Магчыма, тую іранічную інтанацыю, пра якую я згадваў раней, варта было захаваць і ў дадзеным выпадку. На жаль, ні ў п’есе, ні ў спектаклі не зусім зразумела, аб чым марыць юная гераіня, да чаго імкнецца. Магчыма, гэта варта было акрэсліць у спектаклі больш пэўна.

Прадстаўленні паказалі, што вельмі знаёмая казка ў яе сцэнічным прачытанні прыйшлася даспадобы юнаму гледачу, які з хваляваннем і спачуваннем да галоўнай гераіні сачыў за яе прыгодамі.

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа