Хуліган і Скарына: цяпер з “...Буслом”

№ 4 (1287) 28.01.2017 - 03.02.2017 г

Як пазбегнуць “памылкі маладога барабаншчыка” і адмаўляцца ад роляў за 140 рублёў
Моладзі ўласціва ўсімі праўдамі і няпраўдамі рвацца ў сталіцу, бо, па меркаванні многіх, толькі тут ёсць магчымасць пабудаваць яскравую кар’еру. Творцы тут — не выключэнне. Мой суразмоўца акцёр Іван ТРУС сваім прыкладам даводзіць, што галоўнай меркай поспеху з’яўляецца ўсё ж талент, а не месца пражывання. Пасля дзевяці гадоў прафесійнай дзейнасці ў сталіцы ён з’ехаў у Магілёў. Яшчэ не завяршыўся яго другі сезон у Абласным драматычным тэатры, а Іван ужо шчыльна заняты ў рэпертуары і з’яўляецца ўладальнікам Нацыянальнай тэатральнай прэміі-2016 у намінацыі “Лепшая мужчынская роля ў спектаклі тэатра драмы”.

/i/content/pi/cult/622/13823/6-1.jpg

Іван Трус у ролі Скарыны. / Фота Дзяніса ВАСІЛЬКОВА

— Мне падалося, што падчас цырымоніі ўзнагароджання Нацыянальнай тэатральнай прэміяй адной з самых пранікнёных прамоў стала менавіта ваша, калі вы са сцэны падзякавалі вашаму майстру Фаме Варанецкаму за тое, што ён навучыў вас дыхаць…

— Фаму Сільвестравіча, заслужанага артыста Беларусі, прафесара, я лічу сваім тэатральным бацькам. Пры першай сустрэчы ён нешта ўва мне разглядзеў і пасля дапамагаў на працягу ўсёй вучобы, а часта і прыкрываў сваімі плячыма. За чатыры гады навучання мяне хацелі адлічыць чатыры разы праз дысцыпліну. Апошнім разам быў нават падпісаны загад аб выключэнні мяне з шэрагу студэнтаў, аднак Фама Сільвестравіч адстаяў: ён пераканаў дэканат, маўляў, хлопец перарасце, з яго павінна выйсці нешта добрае, і я ўсё ж атрымаў дыплом аб вышэйшай адукацыі. І хоць з таго часу мінула дзесяць гадоў, працягваю падтрымліваць сувязь са сваім педагогам, заўсёды тэлефаную яму, раюся, цікаўлюся яго работамі:  ён жа піша шыкоўныя карціны! (Пра гэта захапленне Варанецкага чытайце на старонцы 12. — Н.П.) Калі працаваў у Мінску, то абавязкова запрашаў яго на прэм’еры, зараз клічу на паказы, калі наш тэатр выпраўляецца на гастролі ў сталіцу. Для мяне з імем Варанецкага звязана яшчэ імя Андрэя Каляды, які навучаў нас сцэнічнай мове. З замілаваннем згадваю выкладчыцу вакалу Дзіну Іванову, а таксама выдатнага педагога па танцы, цудоўную інтэлігентную жанчыну Марыну Філатаву.

— Сёння былыя студэнты творчых ВНУ часта не асабліва задаволены сваімі alma mater. На гэтым фоне прыемна чуць, з якім піетэтам гаворыце пра вучобу…

— Мне Акадэмія мастацтваў замяніла школу і двор. Я прыехаў з маленькага гарадка, дзе няма тэатра, я не ведаў, што такое авансцэна, увогуле не меў уяўлення пра тэатральнае мастацтва. Усё замыкалася на Раённым доме культуры, які зараз перайменавалі ў цэнтр, аднак у ім, як і ўва многіх іншых падобных установах, адбывалася мала чаго цікавага для моладзі. На мой погляд, дзейнасць многіх устаноў культуры замыкаецца, груба кажучы, на народных касцюмах і “Лявонісе”, пад якую нешта танчаць на ўсіх святах… Зрэшты, першы ў сваім жыцці прафесійны спектакль я пабачыў, калі паступіў у ВНУ. Таму БДАМ у мяне асацыюецца з першымі адкрыццямі, знаёмствамі і складанасцямі, з першым сур’ёзным каханнем.

— Дык чаму хлопец з Узды пры ўсёй “нетэатральнасці” дзяцінства вырашыў стаць акцёрам?

— Я ўдзельнічаў у школьнай самадзейнасці. Першапачаткова пайшоў туды, бо гэта давала права атрымаць “аўтаматам” годную адзнаку па рускай літаратуры і мове. Пачуўшы ж першыя апладысменты, ухвалу, фразу, як зараз разумею, усіх малых гарадоў “Ванька, ты ж артыст!”, сур’ёзна задумаўся аб будучай прафесіі. Праўда, калі паступаў у першы год, нават не ведаў пра існаванне БДАМ: быў упэўнены, што падаю дакументы ва Універсітэт культуры. Тым годам у Акадэміі набіраў курс лялечнікаў Аляксей Ляляўскі. Я праваліўся на іспытах, з адчаю знайшоў той самы БДУКіМ і паступіў туды, аднак хутка забраў дакументы. Цягам года працаваў спачатку грузчыкам, потым — культарганізатарам у доме адпачынку. Я меў магчымасць выбраць нейкую іншую прафесію, але прыцягваў тэатр. Таму наступным годам я паступаў на акцёрскае аддзяленне ўжо ўсвядомлена.

— Як паказала IV Нацыянальная тэатральная прэмія, вы зрабілі слушны выбар.

— Так, статуэтка вельмі прыгожая. Да “...Бусла” абяцалі дадаць прэмію: пераможцам агучылі, што атрымаем па 40 базавых велічынь ці каля 840 рублёў (у другой палове 2016 года базавая велічыня ў Рэспубліцы Беларусь была роўная 21 рублю — Н.П.). Сума сама па сабе невялікая, аднак, для Беларусі, на мой погляд, гэтыя лічбы — нармальны сярэдні заробак, які павінен атрымліваць кожны працуючы з вышэйшай адукацыяй (я ж у сукупнасці з усімі прэміямі, надбаўкамі і пасля ўсіх адлічэнняў у разліковым лісце бачу каля 400 рублёў штомесяц…). Ды з яе яшчэ здымуць падаткі, што па маім меркаванні крыху дзіўна. Здаецца, у выпадку дзяржаўных узнагарод, якімі не так часта надзяляюць лепшых у прафесіі, можна было б разгледзець і магчымасць падатковага паслаблення…

/i/content/pi/cult/622/13823/6-2.jpg

Іван Трус падчас узнагароджання Нацыянальнай тэатральнай прэміяй у 2016-м. / Фота Сяргея ТРАФІЛАВА

— Не сакрэт, што праз фінансавы бок працы ў тэатры многія акцёры імкнуцца патрапіць на здымкі серыялаў…

— Зараз шмат гавораць, што акцёры скардзяцца, а самі не хочуць працаваць і шукаюць лёгкага хлеба ў кіно. Апошнія два гады я крыху адышоў ад здымачнага працэсу, а тут, пасля фіналу Нацыянальнай тэатральнай прэміі, патэлефанавалі з расійскай кінастудыі: “Іван, мы вас ведаем, даем вам ролю без усялякага кастынгу, прыязджайце ў Мінск падпісваць кантракт”. І прапаноўваюць мне ролю ў чарговым сезоне вядомага бясконцага серыяла за 140 рублёў! Я не пагадзіўся, дык яны здзівіліся: грошы сапраўды невялікія, аднак рэдка, гавораць, вашы суайчыннікі адмаўляюцца ад здымак. Як мне падаецца, у беларускіх акцёраў часта проста няма выбару…

Па маім адчуванні, наша тэатральнае мастацтва ўвогуле існуе ў нейкім паралельным свеце, галоўныя рэжысёры загнаныя ў рамкі выканання плана напаўняльнасці залы, таму ставяць спрэс камедыі. Аднак тэатр першапачаткова ствараўся не дзеля забавы, а для развіцця чалавека! Вось у Станіслаўскага, якім так часта папракаюць акцёраў, сярод функцый тэатра забава гледача значыцца далёка не на першым месцы. У тэатральным мастацтве закладзена вялікая моц! У Расіі, дзе таксама не самыя добрыя эканамічныя абставіны, прызнаюць, што тэатр як інстытут неабходны, таму выдаткоўваюць грошы на пастаноўкі, на рэстаўрацыю, на ўзвядзенне новых сцэнічных пляцовак. Я бачу гэта на свае вочы: Магілёўскі драмтэатр накіроўваў мяне мінулай восенню ў Пецярбург на стажыроўку, дзе я, у тым ліку, хадзіў на спектаклі і на экскурсіі па тэатрах. Мне вельмі хочацца, каб і ў нашай краіне было прыкладзена максімум высілкаў для папулярызацыі гэтага віду мастацтва, для вяртання ў залы зацікаўленага гледача.

— На жаль, продажы білетаў паказваюць, што публіка не заўсёды рэагуе на сур’ёзныя пастаноўкі…

— Калі з тэатраў прыбраць рэжысуру, якая ідзе за гледачом па прынцыпе “хочаце пабачыць на сцэне голае цела, прыгожыя ці непрыгожыя цыцкі? — трымайце!”, тады і знікне гэты вабік на дрэннае. Калі пасля няякаснай антрэпрызы прыйсці, напрыклад, на пастаноўку Саўлюса Варнаса паводле Льва Талстога, то, сапраўды, у некаторых можа “выбухнуць” мозг. Трэба пазбаўляцца ад дрэннага, тады глядач хутка разбярэцца што да чаго. Наогул мяркую, што мінулі часы, калі варта было хадзіць у тэатр па разнарадцы. Скажам, у нашым тэатры ёсць спецыяльныя дні, калі школьнікаў прыводзяць цэлымі класамі. Я выходжу на сцэну і бачу: на першым шэрагу дзве дзяўчыны “сядзяць” у тэлефоне, за імі на наступным шэрагу настаўніца робіць тое ж самае, а за педагогам школьніца жуе ссабойку! Некаторыя настаўнікі “новай хвалі” дазваляюць сабе гаварыць нам у вочы: “Мы заплацілі, таму хочам за свае грошы атрымаць забаву, дык давайце, захапляйце дзяцей”!

— Задам пытанне, якое само сабой напрошваецца: чаму пасля дзевяці гадоў працы ў сталічных тэатрах вы з’ехалі ў абласны цэнтр?

— Шчыра прызнаюся, я выпіваў, бо тады было нават модна ўзняць з мэтрам стопку ў грымёрцы. Хутка зразумеў, што гэта шлях у нікуды, і з алкаголем завязаў, а пасля стаў шукаць новую трупу. У Магілёў патрапіў выпадкова, дзякуючы сваёй жонцы Кацярыне Васільевай, якая паехала ў гэты ж калектыў на пасаду загадчыка літаратурнай часткі. Я ў захапленні ад горада, ад гмаха тэатра, якому 128 гадоў! Тут працуе адзін з лепшых рэжысёраў краіны Саўлюс Варнас! Магілёўскі драматычны нельга назваць правінцыйным тэатрам. Сваімі спектаклямі — у асноўным пастаноўкамі галоўнага рэжысёра — ён задае высокую прафесійную планку: спектаклі Варнаса адпавядаюць усім канонам па візуалізацыі, слыхавым успрыняцці і акцёрскім малюнку. Са свайго вопыту скажу, што далёка не кожны рэжысёр думае пра тое, каб за акцёра не было сорамна. Варнас ніколі не выпусціць на сцэну непадрыхтаванага акцёра, не распране артыста, калі разумее, што цела апошняга будзе выклікаць смяшкі ў зале. Перакананы, некаторым сталічным тэатрам можна скарыстаць магілёўскі досвед.

— У пачатку нашай размовы вы распавядалі, як не паступілі да Ляляўскага. Аднак лёс усё роўна прывёў вас у тэатр лялек…

— Я быў вельмі рады запрашэнню галоўнага рэжысёра Магілёўскага абласнога тэатра лялек Ігара Казакова паўдзельнічаць у яго пастаноўцы па Максіму Горкаму “На дне”. Аднак мне тое аказалася вельмі складаным, нават два разы прапаноўваў спыніць эксперымент, каб не выглядаць дрэнна на фоне прафесійных артыстаў тэатра лялек. З самага пачатку было зразумела, што Ігар, якога я ведаў яшчэ па вучобе ў БДАМ, зробіць выдатны спектакль, таму не хацелася сапсаваць агульную карціну. За час пасля прэм’еры мы прывозілі “На дне” ў Мінск шмат разоў — і кожны раз няма вольных месцаў у глядзельнай зале. У Магілёве ён таксама заўсёды ідзе на аншлагах. Мне падаецца, Ігар зараз выходзіць на вельмі добры ўзровень. У яго, як кажуць, няма алімпійскага медаля, таму яшчэ хочацца пабываць на Алімпіядзе. Казакоў, па-добраму зазначу, сапраўдны тэатральны хуліган: поўны сіл і мае ўсё, каб будаваць і трымаць шыкоўныя спектаклі.

— Вы будзеце працягваць жыццё на два тэатры?

— Я схільны да таго, каб, калі будуць паступаць прапановы, адмаўляцца, хоць і вельмі складана губляць магчымасць паўдзельнічаць у цікавых праектах. Разумееце, калі малады барабаншчык, які займаўся музыкай на ўзроўні аматарства, прыходзіць у групу, то адразу выдае ўсё, што ён ведае і на што здатны, аднак у наступнай песні ён паўторыць усе папярэднія збіўкі і выдасць той жа рытм. Вось гэтага не хочацца. Няхай мой лялечны вопыт застанецца добрым эксперыментам.

— Тады распавядзіце пра барабаны: у сталіцы вы якраз ігралі на ўдарных у групе…

— Калісьці музыканты, з якімі я пачынаў у групе “Пленэр”, мне сказалі, што патрэбна выбіраць нешта адно: ці тэатр, ці шчыльна заняцца барабанамі і выйсці на прафесійны ўзровень. У мяне быў свой праект “Казінае малако”, які даволі паспяхова, але нядоўга працаваў у Мінску. Зараз я займаюся музыкай для душы. Выкідваю ў сацсеткі “відосікі”, дзе да песень майго сачынення дабаўлены відэашэраг з нейкай гісторыяй. Я хачу звесці ўсё ў адзін вялікі альбом і выкласці яго ў сеціва. Для мяне гэта сапраўдная аддушына пасля акцёрскай працы.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"