Не абслугоўваць, а здзіўляць

№ 4 (1287) 28.01.2017 - 03.02.2017 г

Мы вырашылі чаргаваць размову пра канкрэтныя тэхналогіі з развагамі пра тое, што ж замінае іх выкарыстоўваць, у першую чаргу — у прасторы раённай культуры. У гэтым, як падаецца, вялікі сэнс, бо мімаволі мы выходзім на цэлы пласт праблем, звязаных з прэстыжам прафесіі работніка культуры. Мае сённяшнія суразмоўцы — выкладчыкі кафедры менеджменту сацыяльна-культурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Алена Макарава і Ганна Стэльмах.

А Дня клубаў няма

Алена Макарава пераканана, што светапогляд сённяшняга работніка культуры (клубніка, у першую чаргу) трэба мяняць. Ён арыентуецца на правядзенне шараговых мерапрыемстваў, ён грамаду абслугоўвае. А праект, як ідэя, што ўзнікла ў выніку асэнсаванага прагнозу, павінен здзіўляць. Для гэтага, упэўнена Алена Макарава, работніку не варта абмяжоўвацца сцэнай клуба ці танцавальнай залай. На вуліцы, плошчы, у паркі і на берагі! Але, урэшце, нават не гэта галоўнае. Найперш павінна здзіўляць асоба работніка клуба. А ён, абцяжараны планам правядзення мерапрыемстваў, усё радзей выклікае ў гледача сапраўдныя пачуцці: смех і слёзы, усё радзей выклікае яго на саўдзел, які звычайна называюць сацыялізацыяй. Ці не ў гэтым — адна з прычын заняпаду прафесійнага прэстыжу? Няма сумеснай творчай дзейнасці — адсутнічае сацыяльны кантэкст клубнай работы. Як вызначаецца яго якасць? Даруйце за ідэалізм, але па наяўнасці тых самых глядацкіх слёз і смеху.

Інакш кажучы, работнік культуры, рэалізуючы аўтарскі праект (а іншых і быць не можа), павінен кіраваць людской свядомасцю, выхоўваць грамаду, прымушаць яе творча рэалізоўвацца і ўдасканальвацца. А гэта ўжо — дзяржаўная палітыка ды ідэалогія. Адчуваеце важнасць місіі? Іншым разам самі клубнікі не адчуваюць. Артыст па вызначэнні перастаў быць артыстам і пераўтварыўся ў бяздумнага масавіка. Ці здольны такі на “нараджэнне” аўтарскага праекта?

Ёсць Дні бібліятэк і музеяў. Дня клубаў няма. Адсутнічае і адпаведная прафесійная асацыяцыя. Непарадак! Сапраўдны сённяшні работнік клуба — не масавік, а мадэратар, канферансье, артыст, псіхолаг, аналітык, які “вырошчвае” аўдыторыю ў адпаведнасці з абранай тэхналогіяй. І чарговае пытанне ў сувязі з гэтым. Настаўнікі маюць кваліфікацыйныя катэгорыі, якія наўпрост уплываюць на заробак, а работнікі культуры — не? Ураўнілаўка ніколі не спрыяла творчаму памкненню змяніць да лепшага сябе і свет.

Не быць тэлевізарам

Гледача неабходна ўцягваць у зусім іншую ступень актыўнасці, у непасрэдны цэнтр творчых падзей. Каб не сядзеў ён у зале, як перад экранам тэлевізара, і не драмаў бы, а працаваў душой, выяўляў талент сацыяльнай неабыякавасці. У навуцы гэта называецца “мадэляваннем камунікацыйных сітуацый”. Для гэтага, дарэчы, і прызначаны тэхналогіі культурна-дасугавай дзейнасці. І тут, падказвае Ганна Стэльмах, галоўнае — не распыляцца. Шмат мерапрыемстваў у плане? Варта іх перагледзець, перакампанаваць і зрабіць структурнымі звёнамі асноўнага брэндавага праекта. За што яшчэ трэба прысвойваць вышэйшую катэгорыю культработніка? За здольнасць пашырэння сферы ўплыву і павелічэння колькасці сацыяльных партнёраў. Калі ў рэалізацыі задуманага вам дапамагаюць супрацоўнікі і выхаванцы школы, дзіцячага садка, работнікі ФАПа і сельсавета, гэта толькі дадае праекту маштабнасці ды значнасці. І ўвогуле кансалідацыя — справа эканамічна выгодная. Не выключаю магчымасці, што неўзабаве, у выніку працягу аптымізацыі, і камплект музычнай апаратуры ў нас будзе адзіны на клуб, школу і дзіцячы садок…

Падмурак любой праектатворчасці — традыцыйная культура. Збольшага і выдумляць нічога не трэба, адно толькі — ашчадна і па крупінках адраджаць калісьці велічныя кірмашы з абавязковым захаваннем мясцовага каларыту. Для гэтага, як мінімум, варта ведаць, а чым адрозніваўся кірмаш Юравіцкі, успеты Іванам Мележам, ад кірмаша Ганнінскага, што ладзіўся і ладзіцца на Зэльвіншчыне. Тое ж самае тычыцца і вячорак у сялянскай грамадзе, баляў — у грамадзе райцэнтраўскай, гарадской…

Алена Макарава сцвярджае, што не існуе форм клубнай працы. Форма – заўсёды культурна-выхаваўчая акцыя, накіраваная на пэўную аўдыторыю з мэтай задавальнення яе патрэбнасцей і далучэння да культурных каштоўнасцей. Ёсць мэтазгодная сумесная дзейнасць людзей, мадэлі зносін і грамадскіх паводзін, а планавы набор гатовага, спушчаны зверху — справе не на карысць, бо тут папахвае непазбежным руцінным фармалізмам. Таму і адмоўчваюцца на раёнах, калі пачуюць пытанне: “Чым здзіўляць збіраецеся?” Для таго, каб здзіўляць, — сапраўды талент патрэбны. А ў нас іншым разам клопат не пра якасць, а пра колькасць. І калі гаворка пра пераход менавіта на праектную творчасць, дык варта казаць пра сукупнасць мадэляў сацыяльных зносін. Спрадвек займаліся ў Лунінцы клубніцамі, таму і адраджэнне гэтага свята не стала тут чымсьці навязаным, штучным, неарганічным. Тое ж тычыцца фестывалю сыру ў Гродне, у Глыбокім — фестывалю вішні. Традыцыі — не перамагчы. Іх толькі развіваць можна. Зерне прарастае на падрыхтаванай глебе.

“Не для справаздач працуем!”

“К” пісала нядаўна, што кіраўніцтва Гродзеншчыны прыйшло да высновы: кожны СДК павінен мець брэндавы праект. Сёлета задуманае пачало ажыццяўляцца. Ці такі ж маштаб набыла праектная дзейнасць у іншых абласцях? Прынамсі, звестак пра гэта пакуль не было. Пачаў быў высвятляць, як рухаецца ў гэтым кірунку, скажам, Магілёўшчына. Патэлефанаваў у адзін з раёнаў і пачуў: “А мы не дзеля справаздач працуем!” Гучыць нібыта добра, але ніякай інфармацыі я не атрымаў. Маўляў, усё як ва ўсіх. Алена Макарава і Ганна Стэльмах у адзін голас каментуюць дадзеную сітуацыю: “Работнік культуры, і мы прыйшлі да гэтай высновы вышэй, — майстар камунікацый. Таму гаворка — пра неабходнасць самарэкламы, пра дакладнае пазіцыяванне сваёй дзейнасці, трансляцыю яе ў соцыум. Існуе паняцце “Дасье поспеху маёй установы”. Яно ўмацоўваецца, умацоўваецца і аўтарытэт клуба. Пад уплывам усяго гэтага і “гадуецца” глядацкая аўдыторыя”. А справаздача тут, сапраўды, ні пры чым.

І апошняе. Сёння трэба ўсяляк пашыраць выязную студэнцкую практыку. Можа, ладзіць выяздныя пасяджэнні выкладчыкаў кафедраў і сустрэчы з работнікамі культуры на месцах? І яшчэ. Відавочна, што малады спецыяліст, трапіўшы з горада ў вёску, не зможа выбудоўваць мадэлі зносін вяскоўцаў, пра душу якіх ён анічогенька не ведае. Тут адной вышэйшай адукацыі, прыдбанай на фоне гарадской індустрыяльнай культуры, — мала! Праблема — глабальная. Яна таксама ўплывае на прэстыж прафесіі, на якасць праектнай дзейнасці ва ўмовах рэгіянальнай культуры. Тут, пагадзіцеся, тактыка “Мы не для справаздач працуем” — самая прыдатная і мае свой лагічны працяг у несуцяшальнай выснове: “Нічым здзіўляць не збіраемся, працуем, як і ўсе”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"