Стварыць падзею? Бліноў з такiх!

№ 4 (1287) 28.01.2017 - 03.02.2017 г

Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком / У ціхім горадзе культура водзіцца: творчасць як здаровы лад жыцця
Яго можна без перабольшвання назваць гонарам нацыі, здабыткам рэспублікі, выбітным дзеячам беларускай культуры. Задаткі вялікага таленту ў ім выявіліся з самага дзяцінства і далей ён іх паступова развіваў — працай, стараннасцю, самааддачай, рухаючыся па прафесійнай лесвіцы ад поспеху да поспеху, пакараючы адну канцэртную пляцоўку за другой. Атрымаў вышэйшую музычную адукацыю ў Беларусі, амаль дзесяць гадоў пражыў у ЗША, стаўшы доктарам музычных мастацтваў, і вярнуўся дадому ў 2011 годзе. А мог бы застацца за акіянам ці ў Германіі, дзе за адзін выступ яму плацяць столькі, колькі ён зарабляе тут за восем месяцаў. Мог бы, каб не любоў да краіны, у якой з’явіўся на свет, да людзей, якія, як ён шчыра мяркуе, маюць патрэбу ў яго мастацтве, у класічнай музыцы наогул. А яшчэ ён змагар за здаровы лад жыцця — бегае паўмарафоны ды купаецца ў палонцы! З Юрыем БЛІНОВЫМ — віртуозным піяністам з сусветным імем, кампазітарам, педагогам — мы і выправіліся да яго на радзіму...

/i/content/pi/cult/622/13821/10-1.jpgЁн з дзяцінства абраў правільны шлях

У шасцігадовым узросце Юру, які нарадзіўся ў Драгічыне і, у асноўным, жыў там пад апекай бабулі, бацькі, канчаткова замацаваўшыся ў Мінску, забралі да сябе. У сталіцы іх сын і пайшоў на наступны год у школу з музычным ухілам.

— У тры гады, слухаючы радыё або магнітафон, я мог “зняць” любую песню, — згадвае пра свае творчыя вытокі артыст. — У чатыры дакладна ведаў, чаго хачу — быць музыкантам, вось толькі якім менавіта?.. Я добра спяваў, сам складаў песенькі, і ў мяне ўжо былі прыхільнікі — па суседстве, у дзіцячым садку, нават ва Украіне, куды я прыязджаў да сваёй цёткі! Магчыма, у яе ўпершыню і сеў за фартэпіяна. Або ў драгічынскiх сваякоў, што мелі шыкоўны нямецкі інструмент.

Блізкія заахвочвалі схільнасць дзіцяці і на яго пяцігоддзе падаравалі прайгравальнік. “Кантэнтам” забяспечвала кватарантка бабулі, якая мела шырокую дыскаграфію савецкай ды замежнай эстрады. А праз год, у Мінску, бацькі бяруць напракат піяніна “Беларусь”. Пасля першага класа школьныя педагогі, бачачы задаткі хлапчука, раяць паступаць яму ў сярэднюю спецыяльную музычную школу, што той і робіць.У Драгічын ён вяртаўся на канікулы, але і летам ад піяніна не адпачываў, а прыходзіў у мясцовую музычную школу і працягваў займацца (яе кіраўніцтва давала дазвол юнаму таленту). І дэманстраваў свае навыкі на імправізаваных хатніх вечарах у знаёмых. З пачаткам актыўнай прафесійнай дзейнасці Бліноў заязджае ў родны горад радзей, але апошнія гадоў шэсць дае тут канцэрты рэгулярна. А пасля таго, як у 2014-м стаў адным з арганізатараў ды арт-дырэктарам Міжнароднага конкурсу юных музыкантаў “Палескі агеньчык”, у культурным жыцці роднага краю Юрый Уладзіміравіч, можна сказаць, прапісаўся грунтоўна (у 2016-м у горадзе адбыўся другі такі форум, які мяркуецца праводзіць раз на два гады).

З піяніна наперавес

У Дзіцячай школе мастацтваў ціха — заняткі пачнуцца праз нейкі час. І мы заходзім акуратна, паднімаемся ў залу. Юрый Уладзіміравіч садзіцца за раяль “Estonia”, за якім калісьці і падвышаў сваё майстэрства, заўважае, што трыццаць з лішнім гадоў для гэтага інструмента, вырабленага ў СССР у экспартным варыянце, — не тэрмін, і пару хвілін iграе. На гукі ў памяшканне ўваходзіць дырэктар установы Сяргей Падлужны. Спадар Бліноў абдымаецца з ім, я — знаёмлюся. Праходзім у кабінет Сяргея Васільевіча, п’ем гарбату, размаўляем...

У трохпавярховы будынак, якi перш займалі раённыя аддзяленнi двух банкаў, дзіцячая школа мастацтваў (былая “музыкалка”) пераехала ў 2012 годзе. Яго часткова перапланавалi, але ўмяшчальнасць залы дырэктару хацелася б павялічыць. Да ідэі Юрыя Блінова, што нядрэнна было б прыўзняць там столь для паляпшэння акустыкі, ён таксама ставіцца рэалістычна: маўляў, і тое, і другое наўрад ці дазволяць зрабіць структуры, якія кантралююць ахову працы.

— На партрэтах вашы гадаванцы? — пытаюся я Падлужнага, маючы на ўвазе кідкія фатаграфіі дзяцей з інструментамі, развешаныя на сценах уздоўж лесвіц.

— Не, выявы ўзялі з календара адной арганізацыі, — крыху збянтэжана прызнаецца ён. — Але за ідэю дзякуй, трэба будзе з нашымі дзецьмі нешта падобнае прыдумаць.

А спадар Бліноў прыдумаў для іх свае майстар-класы ды творчыя сустрэчы, якія перыядычна праходзяць у школе (“ёсць моцныя хлопцы: два баяністы, дзяўчынка-акардэаністка, здольная маленькая піяністка”). Дарэчы, і першы сольны канцэрт у 1993 годзе, адразу пасля перамогі на I Міжнародным конкурсе імя Сяргея Пракоф’ева, артыст даў у “музыкалцы” Драгічына — па яе ранейшым адрасе.

У ДШМ вучацца не толькі iгры на інструментах, ёсць у ёй і аддзяленне выяўленчага мастацтва. “Мастакамі школы мы вельмі задаволеныя, яны шмат дзе ўдзельнічаюць, шмат перамагаюць. І што немалаважна — захоўваюць наш горад у сваіх карцінах”, — паведамляе спадар Падлужны. Усяго тут займаецца больш за трыста чалавек. Кажучы пра музыку, Сяргей Васільевіч радуецца колькасці ахвотных навучацца ёй, аднак адзначае, што гадоў дзесяць таму ў школу паступалі дзеці з больш выяўленай музычнай адоранасцю. Тым не менш, у цяперашнім фінале беларускага адбору да “Еўрабачання” ўдзельнічалi аж два выпускнікi школы мастацтваў — Арцём Саладуха (з дуэта “PROвакацыя”) ды Юлія Каранюк (пад псеўданімам Июль): урокі вакалу (спевы — абавязковая дысцыпліна) марна для іх не прайшлі!

З інструментамі ў ДШМ усё, у цэлым, нядрэнна, але неабходныя наладчык ды майстар па рамонце. Прыняць іх у штат няма магчымасці, таму спецыялісты па патрэбе запрашаюцца.

— Аптымізацыя нас пакуль моцна не закранула, — прызнаецца дырэктар, — але да магчымых вымушаных скарачэнняў мы гатовыя. На жаль, гэта закране, у першую чаргу, выкладчыкаў-пенсіянераў.

Аптымізацыя ў частцы музычнай адукацыі патрэбна, верагодна, у тых выпадках, разважае Сяргей Падлужны, калі маецца пастаянны недабор на нейкія аддзяленнi — тады іх мэтазгодна ў пэўнай навучальнай установе скасаваць. Падзяліўся дырэктар і такой інфармацыяй: па яго звестках, толькі трыццаць працэнтаў выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі застаюцца ў прафесіі. Астатнія шукаюць больш аплачвальную працу — як, напрыклад, найталенавіты баяніст Мікалай Жук, выпускнік Драгічынскай ДШМ. Ён адпрацаваў размеркаванне, неяк прабавіўся некалькі гадоў на стаўцы, і ў выніку стаў... будаўніком на вонкавых работах (між іншым, у летні адпачынак на будоўлях падпрацоўваюць і некаторыя настаўнікі школы…).

— Такая сітуацыя наўпрост звязаная з тым, што ўзровень многіх нашых калектываў, у назве якіх нават ёсць слова “дзяржаўны”, адчувальна “прасеў”, — дапаўняе Юрый Бліноў. — Ды і ўся беларуская класічная музыка зараз знаходзіцца не ў лепшым стане. Калі не памыляюся, за апошнія дзесяць гадоў нашы піяністы не перамагалі ні на адным з конкурсаў, што каціруюцца ў “свеце дарослых”...

Сяргей Васільевіч правёў для нас экскурсію па школе, зазірнулі мы, напэўна, ва ўсе класы, у многіх з якіх ужо ішлі заняткі. Новае знаёмства — з выкладчыкам фартэпіяна Галінай Быцкевіч. Яе выхаванка ды лаўрэат другога “...Агеньчыка” Віялета Навумчык 31 студзеня выступіць у фартэпіянным праекце “Маладыя віртуозы Беларусі” ў Мiнску ў канцэртнай зале “Верхні горад”. Юрый Бліноў дапамагае настаўніку з вучнем у падрыхтоўцы да яго (ён сам возьме ўдзел у канцэрце, як і піяністка Таццяна Аўчыннікава, а таксама яшчэ некалькі хлопчыкаў ды дзяўчынак, якія дасягнулі поспеху на леташнім фестывалі).

— Музыка для Юры -- усё, -- перакананая Галіна Анатольеўна. -- Увесь час ёй гарэў ды гарыць -- вось адкуль, напэўна, назва конкурсу, які ён прыдумаў. Ёсць людзі, якія проста жывуць у тым, што адбываецца, а ёсць тыя, хто ствараюць тое, што адбываецца, Юра -- з апошніх. Ён ужо шмат гадоў з'яўляецца маторам, палівам беларускай класічнай музыкі. Ён “ваюе” за яе за мяжой і... “ваюе” з ёй тут...

Будуем, руйнуем...

Як амаль любога пацана, Юру цікавіла ваенная тэматыка, і ў свой час ён вывучыў Ваенна-гістарычны музей (тады Музей партызанскай славы) да апошняга экспаната, пазнаючы, напрыклад, пра партызанскі рух на Драгічыншчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны (яго дзед таксама ў ім ўдзельнічаў). Тут жа ён знаёміўся з мінулым свайго краю. Бліноў з дзяцінства любіў гісторыю, гэтаму захапленню спрыяла і бібліятэка бабулі (“беларускі пераклад “Пана Тадэвуша” Міцкевіча ўпершыню прачытаў, напэўна, гадоў у адзінаццаць: гэты таўшчэзны том цяпер захоўваецца ў мяне ў Мiнску; “Кабзара” Шаўчэнкі чытаў на ўкраінскай, ледзь не на памяць яго ведаю”).

— У музеі можна даведацца і пра сёе-тое аб розных гістарычных перыядах Драгічынскага раёна, але, на мой погляд, гораду ўжо неабходны асобны краязнаўчы музей, — лічыць Юрый Уладзіміравіч.

З ім згаджаецца дырэктар ваенна-гістарычнага Сяргей Гранік:

— У нашых фондах знаходзіцца велізарная колькасць экспанатаў, якія няма дзе выставіць у сілу таго, што музей займае маленькае памяшканне. Мы збіраем любыя артэфакты, якія маюць нейкую гістарычную каштоўнасць. Тэматычна многія з іх якраз больш падыходзяць для краязнаўчага музея.

З асцярожным аптымізмам Сяргей Уладзіміравіч кажа, што частка будучага музея можа размясціцца ў капліцы-пахавальні роду Ажэшкаў, якую збіраюцца рэстаўраваць. Яна, праўда, размяшчаецца не ў Драгічыне, а побач з ім — у аграгарадку Заказель.

Вяртаючыся да гісторыі краю, Юрый Бліноў з болем у голасе распавядае, што ў апошнія гады тут былі бяздумна перабудаваныя некалькі старажытных цэркваў, моцна скажоны іх унікальны стыль. “Тое, што гэта было зроблена не наўмысна, а праз некампетэнтнасць, не апраўдвае таго, што здарылася. Разумею, што на месцах амаль няма спецыялістаў у галіне культавай архітэктуры, але можна было не спяшацца, звярнуцца да тых, хто разбіраецца ў гэтым пытанні. Спадзяюся, што ў царкоўных кіраўнікоў знойдуцца воля ды сродкі, каб выправіць становішча”.

Спадар Гранік як прыхільнік турызму, у тым ліку экстрэмальнага, дзеліцца сваімі ідэямі. На тэрыторыі краю раскінуліся тры балотныя запаведнікi. З развіццём інфраструктуры, з прыцягненнем спецыялістаў, якія маглі б пракласці цікавыя маршруты, ды гідаў-правадыроў гэты раён Беларусі стаў бы прынадным кавалачкам для тых, хто любіць адпачываць на дзікай прыродзе. Дырэктар ВГМ гатовы ўзяцца за распрацоўку адпаведнага праекта, разлічваючы атрымаць пад яго рэалізацыю міжнародны грант (Юрый Уладзіміравіч падахвоціўся аказаць пасільную дапамогу).

А вось тым, як фінансуецца музей, Сяргей Уладзіміравіч не надта задаволены: у мінулым годзе, напрыклад, не было набыта ніводнага новага экспаната. Сярод іншых праблем — цяжкасці з выкананнем плана платных паслуг, адсутнасць у штаце наглядчыка, цякучка кадраў.

Бітва ДК: чаму б і не?..

У Гарадскі дом культуры маленькі Юра хадзіў на iмпрэзы заезджага цырка, ужо тады марачы аб кар’еры артыста ды апладысментах у свой адрас. 21 красавіка ён парадуе слухачоў Драгічына яшчэ раз: у гэты дзень Бліноў ды некалькі лаўрэатаў “Палескага агеньчыка” выступяць у ГДК у суправаджэнні сімфанічнага аркестра Гомеля — папярэдняй згодай на канцэрт піяніст заручыўся ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Драгічынскага райвыканкама. А першы свой сольнік тут ён даў у 1994 годзе, iграючы на старым раялі “Чырвоны Кастрычнік” (на змену яму прыйшоў вельмі нядрэнны канцэртнік “Bluthner”).

Дом культуры значна змяніўся да леташняга абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі”, які прайшоў у Драгічыне. На абноўленым фасадзе ўсталявалі электронны бягучы радок, якi паведамляе аб будучых мерапрыемствах. Абнавіліся столі, сцены, аконныя рамы, плітка, зала ўрачыстасцяў, фае. У дзень візіту “К” у холе праходзіла выстава малюнкаў “Якi прыгожы гэты свет” навучэнцаў Дзіцячай школы мастацтваў. Змены закранулі светлавую ды гукавую апаратуру: зараз установа можа папросту праводзіць некалькі мерапрыемстваў у дзень — у самiм ГДК, на адной з пляцовак горада ды ў якім-небудзь з бліжэйшых населеных пунктаў.

— У такім становішчы нашы калектывы ды гурткі адчуваюць сябе таксама абноўленымі, — сцвярджае намеснік дырэктара Таццяна Худобiч. — Зрэшты, нароўні з бягучай, паўсядзённай дзейнасцю, мы ўжо не першы год укараняем новыя формы. Такія, як масавыя агульнагарадскія акцыі, накіраваныя на прапаганду здаровага ладу жыцця, флэшмобы, прымеркаваныя да розных дат, вусныя часопісы, турыстычныя паходы. А ўсяго ў мінулым годзе ў нас прайшло 305 мерапрыемстваў.

Пакуль намеснік дырэктара пералічвала дасягненні ўстановы ды характарызавала яго калектывы, я ўслых паўтарыў думку, якую некалі ў гутарцы са мной выказаў хтосьці з яе калегаў: можа, час па прыкладзе музейнага форуму праводзіць у краіне і агляды дамоў/палацаў культуры? (Я ведаю, які з іх абавязкова будзе адзначаны ўзнагародамі...) Аказалася, што Юрый Бліноў да конкурснай канкурэнцыі паміж выканаўцамі ставіцца станоўча, але да пэўнага ўзросту, гадоў да дваццаці: далей артысты павінны пацвярджаць свае перамогі канцэртамі.

Прызнанне…

Юрый Бліноў:

— Драгічын — мая самая любімая кропка на Зямлі! Крыніца натхнення ды абнаўлення душы! Горад маленькі, але з насычаным культурным жыццём. Тут заўсёды нешта адбываецца, пачынаючы ад лакальных мерапрыемстваў ды заканчваючы падзеямі міжнароднага ўзроўню, як той жа “Палескі агеньчык” або Фестываль праваслаўных песняспеваў “Спявайце Богу нашаму, спявайце...” На Драгічыншчыне ёсць шмат цікавага для турыстаў: прыгажосцяў прыроды, помнікаў, іншых знакавых месцаў, маецца інфраструктура — дарогі, аграгарадкі, аграсядзібы. Можа, людзі тут крыху інертныя, але гэта характэрна для такіх ціхіх мястэчак. Тыя, хто адказвае ў Драгічыне за культуру — работнікі выдатныя, у мяне з імі выдатныя адносіны, але ад нізавых звёнаў усё ж такі хочацца большай ініцыятывы, каб яны не чакалі накіравальных указанняў, а часцей самі выступалі з нейкімі прапановамі. Я перыядычна іх і тармашу, і тады ў нас амаль усё атрымліваецца!..

Мінск — Драгічын — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"