“Вяселле” на заказ

№ 20 (838) 17.05.2008 - 23.05.2008 г

Тых, хто лічыць, што май для тэатралаў — адно прадчуванне завяршэння сезона і пачатак летняга адпачынку, расчарую. Гэта месяц, калі тэатры прыадкрываюць свае планы на будучае, “закідваючы вуду” на патэнцыйных гледачоў. Акурат такой “прыкормкай” сталася прэс-канферэнцыя ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы з віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай канфедэрацыі тэатральных саюзаў, дырэктарам Міжнароднага тэатральнага фестывалю імя Чэхава Валерыем Шадрыным і расійскім рэжысёрам ды музыкантам Уладзімірам Панковым.

 /i/content/pi/cult/161/1382/Vyaselle.jpg
Нагодай для сустрэчы стала абвяшчэнне аб працы купалаўцаў над сумесным расійска-беларускім праектам — пастаноўкай маскоўскай творчай групай на купалаўскай сцэне чэхаўскага “Вяселля”. Як распавёў Валерый Шадрын, ідэя гэтага праекта нарадзілася напярэдадні святкавання 150-годдзя выдатнага драматурга. “Збіраючы” праграму для будучага Міжнароднага чэхаўскага фестывалю, які на сённяшні дзень з’яўляецца адным з самых прэстыжных тэатральных форумаў свету, дырэкцыя традыцыйна замаўляе і шэраг праектаў, якія ствараюцца адмыслова пад яго “дахам”. Калі ж гаварыць пра драматургію Чэхава, дык на сённяшні дзень яе сцэнічнае ўвасабленне ўяўляе сабой адмысловую складанасць. Найперш таму, што за час, пакуль п’есы гэтага аўтара ідуць на пляцоўках розных краін, на іх напластавалася столькі “традыцый”, “стэрэатыпаў” і “штампаў”, што наўрад ці можна сказаць з упэўненасцю, што ж меў на ўвазе сам Чэхаў, калі пісаў свае творы. Зрэшты, сёння гаворка ідзе не столькі пра тое, каб “асвяжыць” яго драматургію, колькі аб магчымасці “транскрыбіравання” яго на мову ХХІ стагоддзя, звыклую для сучаснага тэатральнага спажыўца, прычым без аніякіх страт і спрашчэнняў. Як зазначыў на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Рылатка, “Чэхаў як драматург — надзвычай устойлівы да ўсялякага роду ўзрушэнняў”.

Калі ж гаварыць пра “транскрыбіраванне” больш дэталёва, ім на Купалаўскай сцэне зоймецца масквіч Уладзімір Панкоў. Выпускнік ГИТИСа, ён доўгі час пазіцыянаваў сябе найперш як музыкант. Сумесна са сваім “Пан-квартэтам” і студыяй “SоunDrama” напісаў музыку да немалой колькасці маскоўскіх спектакляў, сярод якіх — “Пластылін” і “Удаючы ахвяру” Кірыла Сярэбранікава, “Шынель”, “Вій” і “Навальніца” Ніны Чусавай, “Барыс Гадуноў” і “Дванаццатая ноч” Дэклана Донелана.

Акурат з гэтай дзядзіны ён прыйшоў у тэатральную рэжысуру са сваёй пастаноўкай “Чырвонай ніткай” Аляксандра Жалязцова і з наступнымі за ёй спектаклямі: “Док.тарам” паводле “Запісак правінцыйнага ўрача” Алены Ісаевай, заснаваных на рэальных расповедах пра жахі вясковай медыцыны практыкуючага правінцыйнага ўрача Андрэя Гернера,“Пераходам”, дзе ў жанры “verbatim” перад гледачамі паўсталі маналогі “адкідаў” сучаснага мегаполіса: бамжоў, прастытутак, пенсіянераў і наркадылераў, “Морфіем” па Міхаілу Булгакаву — гісторыяй дэградацыі слабога чалавека пад цяжарам няўмольных абставін. І з новым, прыдуманым і задэклараваным ім жа жанрам — саунддрамай. Займаючы сёння ў маскоўскай рэжысуры “нішу” авангардыста, але не рэфарматара, ён спавядае тэатр, дзе амаль увесь тэкст драматургічнай асновы спектакля рытмізаваны і пакладзены на музыку. Што ж, для беларускай сцэны гэткі накірунак сцэнічнага мастацтва новы і, безумоўна, цікавы.

Дарэчы, праца “міжнародніка” для Панкова — не навіна: некалькі гадоў таму ў маскоўскім Тэатры нацый у сааўтарстве з францужанкай Люсі Бераловіч ён ажыццявіў на дзвюх мовах — рускай і французскай — пастаноўку малавядомай паэмы Марыны Цвятаевай “Маладзец”. Праўда, спецыфіка спектакля, заснаванага на пастаянным чаргаванні вялікіх кавалкаў сцэнічнага тэксту на французскай і рускай мовах, пэўным чынам замінала яго арганічнаму ўспрыняццю.

У купалаўскім жа “Вяселлі”, дзе, верагодна, моўны “кактэйль” таксама стане адным з выразных сродкаў (у якасці адной з цікавых акалічнасцей прэс-канферэнцыі Панкоў спрактыкавана адзначыў тое, што пачалася сустрэча па-беларуску, але з уключэннем маскоўскіх гасцей плаўна перайшла на рускую мову), падобныя праблемы наўрад ці ўзнікнуць. Дарэчы, выводзячы лінію “нацыянальных” спектакляў Панкова, варта было б узгадаць ягоную мінулагоднюю пастаноўку “Гогаль. Вечары” паводле знакамітай “Майскай ночы, альбо Тапельніцы” Мікалая Гогаля. Пад час працы над п’есай ён са сваёй пастановачнай групай ладзіў спецыяльныя этнаграфічныя экспедыцыі па Украіне, дзе збіраў песні, выкрайкі традыцыйнай народнай вопраткі. Але ж нават крышачку “ўгадаць” будучы спектакль, які паўстане на Купалаўскай сцэне бліжэй да канца года, наўрад ці магчыма: цалкам можа стацца, што гэтым разам Панкоў зробіць акцэнт не на этнасаунд, а, да прыкладу, зноў паспрабуе “матэрыялізаваць” сцэнічную прастору, як гэта было ў тым жа спектаклі “Док.тар”, калі з каласнікоў звісалі водачныя шклянкі, салёныя агуркі ды медыцынскія інструменты.

У любым выпадку, галоўную інтрыгу на сённяшні дзень складае нават не тое, што купалаўцы з гэтым спектаклем плануюць выступіць не толькі на Чэхаўскім фестывалі, але і праехацца з гастрольнай праграмай па Расіі і, калі ўдасца, завітаць з “Вяселлем” у Японію. Важна і тое, што акцёры нашага нацыянальнага тэатра атрымаюць магчымасць папрацаваць у новай для іх эстэтыцы, адчуюць “скурай”, што побач з намі існуюць і іншыя формы, спосабы тэатральнага існавання. Мажліва, гэта будзе самым важным “дзіцем” расійска-беларускага “Вяселля”.

Таццяна КОМАНАВА
Фота Дзмітрыя ЕЛІСЕЕВА