Квэст як інтрыга

№ 3 (1286) 21.01.2017 - 28.01.2017 г

Згадаем класіка: “Што наша жыццё? Гульня!“ А ў дачыненні да культурна-дасугавай дзейнасці — квэст: гульня ці прыгода, што дапамагаюць раскрыццю здольнасцяў удзельніка. За такую паслугу, пагадзіцеся, і грошы заплаціць не шкада. Сёння разам з выкладчыкамі кафедры менеджменту сацыяльна-культурнай дзейнасці Універсітэта культуры і мастацтваў Аленай Макаравай, Святланай Майсейчук і Ірынай Смарговіч мы размаўляем пра квэсты і не толькі.

Сцэнарый і аналіз аўдыторыі

За савецкім часам работнікі культуры карысталіся даволі аднастайнымі формамі працы (дыспут, дыскусія, мітынг, вусны часопіс), якія сваёй закансерваванай прадвызначанасцю іншым разам стрымлівалі творчае развіццё асобы. Па меркаванні Алены Макаравай, паняцце “тэхналогія” таму і ўзнікла ў 1990-х, каб мадэляваць самыя розныя, але заўжды пазітыўныя паводзіны. Толькі на гэтай глебе і прарастае зерне ініцыятывы… Заканамернае пытанне: а што, даўней і парасткаў такіх сістэмных узаемаадносін не было? Былі. У 6-м томе энцыклапедыі “Беларусы” (2002) Валянціна Бялявіна, распавядаючы пра грамадскія формы выкарыстання вольнага часу, згадвае пра ўзнікненне мадэляў узаемадзеяння зносін, скажам, абрадавых ці пазаабрадавых, прафесійных суполак, пра фармаванне свецкіх святаў. І самае цікавае для культработніка, падкрэслівае Макарава, у выданні разгледжаны гісторыка-культурныя абгрунтаванні для зараджэння свецкіх, прафесійных урачыстацяў і святаў, звязаных з каляндарна-абрадавай традыцыяй. Якая выснова? Формы працы — жывыя. Яны пастаянна відазмяняюцца. Інавацыі на грунце традыцыі квітнеюць упэўнена і рэгулярна.

А цяпер — канкрэтыка. Пагаворым пра квэст… Квэст — гульнявы і спаборніцкі метад, галоўнай рысай якога з’яўляецца супастаўленне сіл ва ўмовах упарадкаванага суперніцтва сярод удзельнікаў з аднаго боку і згуртаванасці групы пры выкананні аднаго задання. Бадай, галоўным спосабам пабудовы сюжэту квэста як гульнявой формы з’яўляецца падарожжа персанажаў да пэўнай мэты праз пераадоленне цяжкасцяў. Дарэчы, само слова “quest” (англ.) — пошук чаго-небудзь. Часцей за ўсё — гэта камандныя гульні на хуткасць мыслення і руху, калі каманды вырашаюць пэўныя задачы, выконваюць пошук чаго-небудзь на мясцовасці, будуюць аптымальныя маршруты перамяшчэння, а таксама шукаюць арыгінальныя рашэнні і падказкі і гэтак далей. Пераможцам становіцца каманда, якая выконвае ўсе заданні больш дакладна і хутчэй за астатніх.

Для якаснага сцэнарыя любога квэста патрэбна вызначэнне мэтавай аўдыторыі. І не проста вызначэнне, а яе грунтоўны аналіз. Чым больш цікавай фактуры мы ”нарыем”, тым больш інтрыгуючай будзе гульня. Работнікі культуры павінны зразумець раз і назаўжды, што выкарыстанне чужога сцэнарнага матэрыялу гарантуе паразу любому мерапрыемству. Алена Макарава падкрэслівае: сёння, напэўна, ужо ўсім зразумела: дыферэнцыяцыя аўдыторыі пры выяўленні крэатыўных здольнасцяў — аснова асэнсаваных тэхналогій. Дзеці прагнуць аднаго, сталыя людзі — зусім іншага.

Якой павінна быць прыгода?

Самай рознай. Але многія гульнявыя формы абапіраюцца сёння на конкурсна-віктарынную аснову з шэрагам заданняў і пошукам ключоў. Згадайце тэлевізійныя “КВЗ“, “Угадай мелодыю“, “Два раялі“, “Што? Дзе? Калі?“, “Поле цудаў“… Няма сумневу, што такія інтэлектуальныя гульні маюць тысячагадовую гісторыю. Так, асобныя тэлеперадачы з пазнавальна-гульнявых пераўтварыліся ў пуставатыя забаўляльныя шоу (“Поле цудаў“ да прыкладу ці пэўныя конкурсы прыгажосці). Наша задача, сцвярджае Святлана Майсейчук, — вучыцца на чужых памылках. Гаворка не пра сляпыя паўторы тэлевізійных узораў, гаворка — пра выкарыстанне ўдалай сусветнавядомай мадэлі стасункаў для задавальнення інтэлектуальных патрэб канкрэтна вашай аўдыторыі. “Угадай мелодыю“ катаецца і мадыфікуецца па свеце больш за 60 гадоў. Пераасэнсоўвайце і перастварайце!

Чалавек (і ў дзяцінстве, і ў старасці) не можа абыходзіцца без гульні. Яна, як форма культурна-дасугавай дзейнасці, не павінна быць фармальнай, шэрай, нецікавай. Наша газета “Культура”, асвятляючы дзейнасць сельскіх устаноў культуры, якія знаходзяцца побач са старадаўнімі маёнткамі, замкавымі рэшткамі і гэтак далей, яшчэ колькі гадоў таму прапаноўвала выкарыстоўваць такую пазнавальна-забаўляльную форму працы як пошук скарба. І за сцены клуба ці бібліятэкі можна выйсці, і па дуброве прайсціся, і віктарыну з картай арганізаваць, каб камандна адшукаць той запаветны скарб. Гаворка, аказваецца, вялася тады пра квэсты. Але хто з сельскіх работнікаў культуры наладзіў іх на практыцы? Пра гэта і артыкул.

Па меркаванні Ірыны Смарговіч, пры адсутнасці ініцыятывы ў клубнікаў, бібліятэкараў і музейшчыкаў, “квэставую“ нішу можа заняць прыватнік. У Мінску цяпер тыя квэсты (конкурсныя, камандныя) дзе толькі ні праводзяцца: у былых вытворчых памяшканнях (квэст-румах) “Гарызонта“, у кавярнях, на вяселлях, на вольным паветры ў санаторыях і дамах адпачынку…

Спажыўцоў няма, ёсць удзельнікі

Праца з мэтавай аўдыторыяй павінна быць такой, каб кожны ўдзельнік квэста адчуў сваю патрэбнасць грамадзе, зразумеў, што ад ягонай дасведчанасці залежыць конкурсны поспех усёй каманды.

Вельмі блізкія да квэсту сюжэтна-ролевыя гульні. Апошнія вельмі зручна распрацоўваць паводле папулярных прыгодніцкіх літаратурных твораў. Паўтараю, у Мінску яны — надзвычай запатрабаваныя. У раёнах толькі пачынаюць прыжывацца. Вельмі спадзяюся, што дадзеная публікацыя хоць у чымсьці дапаможа работнікам культуры.

У чым прывабнасць квэстаў асабіста для мяне? Іх можна і трэба распрацоўваць не толькі пад канкрэтную аўдыторыю, але і пад канкрэтную гісторыка-культурную спадчыну канкрэтнага раёна. Атрымаецца не проста забаўка са шпацырам на свежым паветры, атрымаецца якасная прыгода, што паспрыяе вывучэнню мясцовых цікавостак, будзе гарантаваць паўнацэнны адпачынак (ёсць квэсты і сямейныя). Самае галоўнае: кожны ўдзельнік адчуе сябе асобай, індывідуальнасцю і, натуральна, захоча працягу гэтай карыснай справы.

Працяг гаворкі — у наступных нумарах “К“. Просьба да чытачоў: уключайцеся ў дыскусію. Вашы меркаванні, заснаваныя на практычным досведзе, — вельмі важныя для нас.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"