“Год...”, які мусіць доўжыцца заўжды-2

№ 3 (1286) 21.01.2017 - 28.01.2017 г

І сапраўды, водгук Года культуры яшчэ доўга будзе гучаць у свядомасці неабыякавых спажыўцоў і стваральнікаў творчага прадукту. Неўзабаве плён гэтай маштабнай грамадскай акцыі мусіць быць падведзены на пасяджэнні выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспубікі Беларусь, якая пройдзе ў лютым. Сёння ж мы завяршаем публікацыю рэфлексій на гэты конт журналістаў “К”, распачатую ў першым нумары года.

Non stop і forever

Дык якое з мерапрыемстваў Года культуры аказалася самым-самым? Задумаўшыся над гэтым пытаннем, раптам зразумела, што яно павінна быць ці з безліччу адказаў, якія не супадуць, ці ўвогуле без адказу. Усё вельмі проста: кожны будзе называць тое, што зацікавіла менавіта яго, зыходзячы са свайго кола творчых і мастацкіх прыярытэтаў, нават саміх відаў мастацтва і сфер дзейнасці. А высветліць, якія з запланаваных мерапрыемстваў і сапраўды сталі самымі эфектыўнымі, мы зможам толькі на часавым аддаленні, ацаніўшы іх парасткі. Такая ўжо асаблівасць грашовых і душэўных укладанняў у культуру: сапраўдны вынік (не проста праведзеныя мерапрыемствы, а іх уздзеянне на далейшае жыццё чалавека) выяўляецца і асэнсоўваецца далёка не адразу.

Як заўсёды, яркімі кропкамі на культурным гарызонце краіны былі міжнародныя фестывалі — найперш тэатральныя: “М@rt.кантакт” у Магілёве, сталічны TeART, брэсцкая “Белая Вежа”, якія ладзяцца штогод, фестываль тэатраў лялек, што праходзіць біенале. З’явіліся беларускія прэм’еры, годныя сусветнага прызнання: музычныя (падкрэслю, у акадэмічнай галіне), тэатральныя. Згусткам айчынных здабыткаў апошніх двух гадоў сталі паказы спектакляў Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Не засталося ў краіне тых, хто не запомніў бы імя Уладзіміра Мулявіна. Але ўсё пералічанае адбылося б і без Года культуры! І гэта добра, а не дрэнна. Бо наданне пэўнаму адрэзку часу гэткага “культурнага” статусу зусім не азначае, што астатнія перыяды павінны быць “бескультурнымі”. Год культуры для яе дзеячаў — усяго толькі магчымасць быць заўважанымі, калі раней яны гэтага не адчувалі. А для грамадства — уцяміць, што культура можа намнога больш, чым “проста грошы”. Бо апошнія самі па сабе — нішто, хіба найбольш аптымальны сродак для абмену на штосьці жыццёва важнае, сярод якога — культура ў самым шырокім сэнсе гэтага слова.

Так што хаця Год культуры афіцыйна скончыўся, ён павінны працягвацца ў рэжымах non stop і forever.

Надзея БУНЦЭВІЧ

Пытанні, якія не абмяркоўваліся

Год культуры ад пачатку планаваўся як агульнаграмадская акцыя, і, без сумневу, яна магла стаць добрай нагодай для шырокай дыскусіі адносна ролі культуры ў грамадстве. На жаль, гэтага не адбылося — і нават цяжка дакладна вызначыць, па чыёй віне. Не адбылося грунтоўнага і ўзважанага асэнсавання тэмы з боку карыстальнікаў культурнага прадукту, якое вельмі патрэбна акурат у цяперашні перыяд трансфармацыі культурнай мадэлі, калі пазіцыя дзяржавы становіцца ўсё больш ліберальнай.

Інтэрнэт-меркаванні тых, каго паводле ўстойлівага выразу прынята лічыць іх лідарамі, вельмі часта не вытрымліваюць крытыкі — яны аднабокія бы флюс у вузкага спецыяліста. Напрыклад, з самых розных трыбун рэгулярна гучала думка, што ўсё вартае ў айчыннай культуры робіцца без дзяржаўнай падтрымкі. І сапраўды, для сяброўскіх вечарынак ды іншых лакальных праектаў яна не патрэбна. Але назавіце мне хоць адзін паўнавартасны музей, які ў нас жыве “на самапасе”. Альбо прафесійны тэатр. Альбо аркестр.

Прычым падобная сітуацыя — не толькі ў нас. Тыя, хто дасюль рамантызуе рынак як сістэму ацэнкі каштоўнасцяў, могуць пераканацца, што нават у сытым і рэспектабельным заходнім грамадстве такая схема не працуе. Бо камерцыйная вартасць на справе далёка не заўсёды супадае з мастацкай. Таму дзяржава там актыўна ўмешваецца ў культурны працэс, і грошы, што ў якасці падатку плоцяць рэстараны, перацякаюць у тэатры.

У плане рэнтабельнасці і гэтак далей у культуры ўсё як у экасістэме. Некаторыя жывёлы і расліны патрэбныя дзеля гаспадарчых мэтаў, некаторыя — для падтрымання самой экасістэмы, а некаторыя — выключна для біялагічнай разнастайнасці. А ці трэба нам гэтая разнастайнасць? І калі так, дык што трэба рабіць, каб яе захаваць? Такое пытанне таксама не абмяркоўвалася ў сацыяльных сетках.

Яшчэ адно пытанне — грамадскае стаўленне да работніка культуры. Мы ўвесь год плакаліся, што пару нядрэнных хлопцаў не атрымалі сертыфікатаў “недармаеда”, але пры гэтым амаль не гаварылі пра тысячы выдатных спецыялістаў, якія маюць сёння заробкі ніжэй, чым у прыбіральшчыцы ў супермаркеце. Ці вінаватыя яны ў гэтым? І ўрэшце — ці павінна быць іначай? Такія пытанні, на жаль, гучалі ў публічнай прасторы зусім нячаста. Цяжка сказаць, ці ўдалося б іх кардынальна вырашыць нават з нагоды Года культуры.

Напэўна, з Годам культуры рана было развітвацца, слухаючы адлік секунд з келіхам шампанскага. Пытанняў ён узняў сапраўды вельмі шмат, і пошукі адказаў на іх, без сумневу, важныя не толькі для далейшага развіцця галіны, але і для ўсяго грамадства. Прычым іх трэба шукаць, выслухаўшы самыя розныя меркаванні: як інсайдараў гэтай сферы, так і зацікаўленых назіральнікаў збоку за тымі працэсамі, якія ў ёй адбываюцца.

Урэшце, застаецца і яшчэ адно пытанне: хто ж павінны распачаць гэтую дыскусію? Паколькі сама сабою яна не ўзнікае, першы крок было б мэтазгодна зрабіць наўмысна. Падаецца, на яго здатная толькі паважная дзяржаўная інстытуцыя. А ў якім фармаце — навуковай канферэнцыі, або, напрыклад, ток-шоу — гэта ўжо пытанне тэхнічнае.

Ілья СВІРЫН

2016 год у фатаграфіі: плюс на мінус

Менавіта летась на старонках “К” з’явілася рубрыка “Беларуская фатаграфія. Імёны”, зладжаная сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем краіны і прысвечаная гісторыі айчыннага фота. Ужо гэта дае спадзеў на тое, што нягледзячы на заканчэнне Года культуры як акцыі, даследаванне такой творчай практыкі як фатаграфія будзе працягвацца далей.

Насамрэч, уражанні ад года розныя. З аднаго боку, фатаграфія, яе прэзентацыя, часцей стала выходзіць за фарматы традыцыйных выстаў: з экспазіцыйных залаў фота крочыла ў публічны гарадскі асяродак, і тое для нашых прастораў — падзея. Узгадаем праект Марыны Бацюковай “Сула. Непарыўнае”, што аздобіў дворык Нацыянальнага гістарычнага, стаўшы “доўгаіграючай” навіной для дыскусій ды цікавосткай, абавязковай для наведвання не толькі мінчукамі.

Месяц фатаграфіі ў Мінску, які распачынаўся праекцыямі француза Клемента Брыенда, — таксама прапанаваў іншы рэжым дэманстрацыі і ўспрыняцця фота — на будынках, на сценах. У гэтым жа рэчышчы — як прыклад узаемадзеяння з публічнай прасторай  — ідзе і сумесны з беларускімі мастакамі праект берлінца Міхаіла Шродара “Бетонная ілюзорнасць”, прысвечаны даследаванню, адаптацыі і асэнсаванню бетонных манументаў, іх рэшткаў у гарадскім атачэнні (у тым ліку, сродкамі фатаграфіі). Сёлета, прынамсі, мусіць распачацца наступны этап ініцыятывы — мастацкая інтэрвенцыя ў абраныя бетонныя аб’екты.

Таксама немагчыма не ўзгадаць і кафэ “Культура” — плён высілкаў куратара і фатографа Аляксея Шынкарэнкі, які пасля ўдзелу ў Венецыянскім біенале вырашыў прапанаваць новую форму камунікацыі з гледачом, грунтуючыся на інтэрактыўных мастацкіх практыках. Па знешнім узоры дасылаючы да звычайнай кавярні, яго галерэя-кафэ па начынні звяртаецца да больш напоўненага кантакту і досведу. Разам з кубачкам кавы кліенту прапаноўваецца пагутарыць пра культуру, напрыклад, пра тое, што значыць для яго гэта паняцце, як яно трансфармуецца зараз, пра асабістыя патрабаванні да яе. Фатаграфія тут узнікае як прыгожая частка праекта — як пацверджанне ўключэння ў актыўны працэс знаёмства, камунікацыі, жыццёвага назірання.

Усе гэтыя прыклады сведчаць пра тое, што фатаграфія, ва ўсялякім разе ў сталіцы, пэўным колам мастакоў і арт-менеджараў успрымаецца не толькі як выключна дакумент ці “прыгожая карцінка”, але як сучаснае мастацтва, што мае на ўвазе разнастайныя рэжымы ўзаемадзеяння, успрыняцця, стварэння. Пакуль гэтыя прыклады — хутчэй выключэнне з правіл, але намёткі пэўнай тэндэнцыі можна зрабіць.

У гэтым сэнсе працягам своеасаблівай лініі “фатаграфія як падстава для размовы” стаўся і судовы працэс фатографа ды блогера Антона Матолькі супраць Белтэлерадыёкампаніі. Прэцэдэнт не толькі падняў шматлікія пытанні наконт аўтарскага права на фотаздымак, але ўвогуле выявіў адсутнасць прафесійнага дыскурса аб фатаграфіі — гэтай прызнанай ва ўсім свеце творчай практыкі і напрамку мастацтва. У выніку плюс на мінус дае…?

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

Шанец і шанцаванне

У галіне аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны (НКС) галоўнымі падзеямі Года культуры сталі, бадай, папаўненне нацыянальнага Інвентара НКС, намінацыя Будслаўскага фэсту ў Рэпрэзентатыўны спіс НКС UNESCO, пачатак працы па падрыхтоўцы для намінацыі туды ж беларускага дударства, стварэнне ў Студэнцкім этнаграфічным таварыстве базы даных па этнаграфіі Беларусі.

Рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры ў 2016-м разгледзела 8 намінацый элементаў НКС і ўхваліла 7 з іх для зацверджання ў будучыні пастановай Савета Міністраў. “Не пашанцавала” абраду “Пячы ката” з Дзяржынскага раёна: дасье накіравалі на дапрацоўку. Пастанову чакаць ухваленым элементам, магчыма, давядзецца досыць доўга. Мінулая пастанова Савета Міністраў выйшла 2 жніўня 2016 года і зацвердзіла 35 намінацый у спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, разгледжаных Радай за апошнія 4 гады. Не дачакалася афіцыйнага статусу носьбітка мастацтва казачнай прозы Лідзія Міхайлаўна Цыбульская з вёскі Магільнае Уздзенскага раёна: 3 студзеня 2016 года бабулі не стала. Стан яе спадчыны, як і мастацтва майстра драўлянай скульптуры Міколы Тарасюка са Стойлаў Пружанскага раёна, цяпер пад пытаннем.

Будслаўскаму фэсту давядзецца чакаць разгляду міжурадавага камітэта UNESCO па пытаннях НКС яшчэ год: увосень 2016-га файл быў адхілены праз дробныя заўвагі. Гэта цягне за сабой дадатковыя тэхнічныя і матэрыяльныя складанасці: трэба наноў рабіць прафесійную фота- і відэаздымку падзеі ў 2017-м. Паступова вядзецца праца па падрыхтоўцы дасье на беларускае дударства, што плануецца падаваць у складзе міжнароднага пакета дакументаў, стварэнне якога ініцыявала Славакія. У складзе комплекснай намінацыі ў нашай дуды больш шанцаў.

На Каляды пачынае працаваць база даных па этнаграфіі Беларусі, створаная ў Студэнцкім этнаграфічным таварыстве. Каб карыстацца ёй, трэба стаць удзельнікам партнёрскай праграмы грамадскай арганізацыі.

Алена ЛЯШКЕВІЧ