Дарога да цябе

№ 3 (1286) 21.01.2017 - 28.01.2017 г

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі — прэм’ера. Спектакль “Беларусь. Дыдактыка”, упершыню паказаны ўчора ўвечары, праклаў шлях не толькі да сэрцаў гледачоў, але і да ўрачыстасцяў з нагоды 25-годдзя тэатра, якія пройдуць у першы дзень лютага. Невыпадкова за паўгадзіны да прэм’ернага паказу ў фае тэатра адкрылася прымеркаваная да юбілею выстава “#Нам25”.

/i/content/pi/cult/621/13802/1-1.jpgТэатру — 25. А народнай артыстцы Беларусі Таццяне Рыгораўне Мархель, на якую ставілася прэм’ера, акурат напярэдадні, на Вадохрышча, споўнілася 78. І ўсё ж наш РТБД і артыстка, якая даўно прызнана ягоным тварам, могуць лічыцца аднагодкамі. Бо тэатр, калі меркаваць па колькасці праведзеных у ім падзей, значных не толькі для трупы, але і для ўсёй нацыянальнай культуры, куды больш сталы за свой узрост. А Таццяна Мархель, пры ўсім стосе жыццёвых выпрабаванняў, — вечна маладая. І новы спектакль — толькі чарговы доказ гэтаму.

Ідэю сабраць разам фрагменты беларускіх твораў школьнай праграмы і народныя песні, што так цудоўна спявае Таццяна Рыгораўна, прапанаваў рэжысёр Аляксандр Марчанка, які адначасова з’яўляецца артыстам гэтага тэатра і ўзначальвае адкрыты пры РТБД Цэнтр беларускай драматургіі. Рэдактарам па адборы літаратурнага матэрыялу выступіла Вера Буланда. Яна назбірала куды больш урыўкаў, чым увайшло ў спектакль. Бо далейшая праца была сумеснай — разам з непасрэднымі ўдзельнікамі спектакля. Дзесьці адштурхоўваліся ад песень, узгаданых Таццянай Мархель і музыкантам Дзмітрыем Лук’янчыкам, далучаючы да іх паэтычныя ці празаічныя фрагменты. Дзесьці — наадварот, непасрэдна ад тэкстаў, далучаючы песні.

“У нас такая багатая літаратура! — гаворыць Таццяна Рыгораўна. — Што ні радок — свая філасофія. А фальклор! Там жа ёсць адказы на ўсе пытанні. Нездарма Элаіза Ажэшка пісала, што чалавечыя пакуты, апісаныя Дантэ, можна выказаць словамі песні”.

Дадаліся відэапраекцыі: тут і дарога (тым больш, што жанр спектакля акрэслены незвычайна — як “дарога да сябе”), і беларускія краявіды, кінутая хата, дзе вокны забіты дошкамі, а ўнутры, акрамя смецця, засталося старое фота на сцяне. Выкарыстаны і відэазапісы, дзе артыстка дзеліцца сваімі ўласнымі ўспамінамі, назіраннямі, у тым ліку ідучы з грымёркі на сцэну.

Спалучэнне такіх маналогаў з рознастылёвай літаратурнай класікай, спеўным фальклорам і ўдалай фонава-“атмасфернай” музыкай, заснаванай на шоргатах-трымценнях ударных ды плачы балалайкі, успрымаецца асабістай споведдзю артысткі, настолькі натуральна гучаць у яе вуснах не толькі свае, але і “чужыя” пісьменніцкія словы. Аповед, сатканы з асобных нітак-лапікаў, складаецца ў тэматычна і драматургічна адбудаваную тканіну-стужку, якую можна акрэсліць як бясконцасць прыроды і жыцця. Яна сплецена з некалькіх філасофскіх ліній-ланцужкоў. Гэта аповед пра жыццё чалавечае, дзе смерць азначае не фінал, а новае нараджэнне. І такі ж колазварот у порах года: невыпадкова спектакль завяршаецца велікоднымі святамі. А над усім — роздум пра адносіны паміж чалавекам і яго радзімай, пра тое, які кошт ён гатовы заплаціць за яе шчаслівую будучыню. Таму і ўзнікаюць у спектаклі не адно лейтматывы, але і рэпрыза. Фрагмент з “Кастуся Каліноўскага” Уладзіміра Караткевіча гучыць не ўпэўнена плакатным заклікам, а разгублена сцішаным сумневам: артыстка быццам “прымервае” на сябе словы героя пра магчымасць аддаць “табе, зямля, сябе самога, каб ведала, як я цябе люблю”. І задумваецца разам з кожным гледачом: “А я — ці змагу так?”

Спектакль зроблены мінімальнымі выразнымі сродкамі: сцэнаграфія “чорнага кабінета”, аздобленая вялікім і маленькімі экранамі, два зэдлікі, ударная ўстаноўка плюс балалайка, двое артыстаў, дзе другі — музыкант, які раз-пораз уключаецца ў тэатральную дзею, ніякай перамены сцэнічных строяў. Цудоўна, што Мархель апранута не ў “парадны” народны касцюм і не ў шэрае рыззё з мешкавіны, якімі пярэсцяць нацыянальныя пастаноўкі цягам цэлага стагоддзя, а ў стыльны сучасны строй — сукенку з доўгім кардыганам, прыдуманыя Алай Грыненка. Трыкатажны ўбор з нашытым зверху цюлем глядзіцца з залы якасным ільняным вырабам з тонка ўплеценым у саму тканіну шэра-белым нацыянальным арнаментам. А чырвоныя пацеркі, якія артыстка то здымае з сябе, то зноў надзявае, становяцца не толькі традыцыйным жаночым упрыгажэннем, а ператвараюцца ў кроплі крыві, рабіны-журавіны, сімвал свята — адпаведна з сэнсам аповеду. У некалькіх розных “ролях” выступае і Дзмітрый Лук’янчык: стварае гукава-інструментальны фон, выдатна спявае, прычым менавіта народным голасам, няўлоўна, нават не паварочваючыся тварам да залы, ператвараецца ў сына, каханка, сябра, бацьку, валачобніка.

Усё разам — монаспектакль! Бо ў цэнтры, безумоўна, застаецца Мархель — як сімвал не толькі беларускай дзяўчыны і жанчыны, але і ўсёй Беларусі. Гэта не проста выйгрышна кідкі бенефіс, разлічаны на экстаз глядзельнай залы. Тут пануе атмасфера чараўніцтва, ды без налёту містычнасці. Заварожвае не толькі энергетыка артысткі. “Божухна, я так хвалявалася, — скажа яна ў закуліссі. — Галава кружыцца, ногі дрыжаць”. А ў рэальнасці ўсё гэтае кружэнне-дрыжыкі-трымценне — у нас: такі вось “унутрана экспрэсіўны” імпрэсіянізм. Усё ўбачанае ўспрымаецца гранічна асабістай споведдзю, дзе заварожвае ўжо сама мова — мяккая, меладычная, здольная выказаць пра Беларусь больш, чым якая іншая, бо ў яе лексіцы і фанетыцы “зашыфравана” безліч асацыятыўных шэрагаў, гэткіх “гіперспасылак” на нашу прыроду, гісторыю, нацыянальны характар. І, вядома, на літаратуру. Пасля спектакля ўзнікае неадольнае жаданне перачытаць (а для кагосьці, магчыма, і прачытаць упершыню) тыя творы, што былі працытаваны. Вывучыць песні, што былі праспяваны — сольна і дуэтам, дзе галасы ўтваралі папраўдзе народны тып поліфаніі. Нарэшце, проста выправіцца ў падарожжа — па Беларусі, зразумела.

Спектакль, безумоўна, “дыдактычны” (у ачышчаным ад негатыўнай канатацыі сэнсе), наўпрост звязаны з асветніцтвам, і не толькі школьным. Ён можа стаць “разынкай” міжнародных фестываляў, пазіцыянуючы нашу краіну як еўрапейскую і славянскую, якая жыве неадольнай прагай духоўнага Адраджэння, што раўназначна неўміручасці.

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"