Свята творчасці пачалося з фотавыстаўкі “Карты памяці” фотастудыі “I-Art” — аматарскага аб’яднання ЦК “Віцебск”. Выступае ансамбль “Лявоніха”.
У час акцыі прайшоў вечар віцебскай спявачкі Галіны Калінінай, прысвечаны 40-годдзю яе творчай дзейнасці. У канцэрце “Песня даўжынёю ў жыццё” прынялі ўдзел аркестр духавых інструментаў Віцебскага ваеннага гарнізона, актэт балалаечнікаў і вакальны ансамбль “Калінка”.
Аматары спартыўнага танца сустрэліся на “Вясеннім балі”. У свяце прымалі ўдзел узорны харэаграфічны ансамбль “Фэст”, ансамбль бальнага танца “Мазаіка” Цэнтра культуры, а таксама самыя перспектыўныя пары з розных клубаў вобласці.
Поўную залу сабрала праграма “Усе шляхі вядуць...” народнага тэатра-студыі сучаснай харэаграфіі Дзіяны Юрчанка.
Дзіяна — лаўрэат прэміі Яўгена Панфілава Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску. Яе пастаноўка ўразіла адначасова і прастатой, і глыбінёй. У канцэрце прымалі ўдзел акцёры Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, маладзёжнага тэатра “Кола” і дзіцячага харэаграфічнага ансамбля “Зорка”.
Праграма красавіцкага выступлення калектыву “Віцебскія дзяўчаты” мела назву “Эвейну!”, ці “Мір усяму!”. Артысты знаёмілі залу з народнымі яўрэйскімі спевамі.
А клуб гістарычнай рэканструкцыі “Варгенторн” (кіраўнік — Аксана Лісавіцкая) і фольк-рок-гурт “Восьмыдзень” (кіраўнік — Зміцер Воўк) наладзілі тэатральнае відовішча. Свой праект яны назвалі “Варажскія забавы”. Гледачы пабывалі на старажытным застоллі з князем і князёўнай, паглядзелі на рыцарскія турніры, патанчылі пад этнічныя спевы.
Сапраўды невыпадковай была “Невыпадковая сустрэча” з народным тэатрам-студыяй аўтарскай песні; з канцэртам “Чароўны свет народнай песні” аматараў народных спеваў пазнаёміў хор “Маладосць”.
Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца “Лявоніха” паказаў культуру розных народаў у харэаграфічных кампазіцыях. Заслужаны аматарскі калектыў узорны харэаграфічны ансамбль “Зорка” (кіраўнік — Наталля Чарнюк) атрымаў ганаровы дыплом у намінацыі “Лепшы творчы калектыў 2007 года”, які за высокія дасягненні ў галіне самадзейнай творчасці штогод уручаецца ў ЦК “Віцебск”.
Святлана НАРЭЙКА
Віцебск