Каляды: падсумаванне

№ 3 (1286) 21.01.2017 - 28.01.2017 г

Як сустрэцца турысту і “каляднаму брэнду”?
21 студзеня абрадам “Цягнуць Каляду на дуба” завяршаецца калядны перыяд у Бярэзінскім раёне. На большай частцы тэрыторыі Беларусі праваслаўныя Каляды сканчваюцца Вадохрышчам 19 студзеня, калі праходзіць асвячэнне вады і купанне ў палонках. Яшчэ 2 — 3 дні лічыліся “пераходнымі” ў некаторых раёнах на памежжы Магілёўскай і Мінскай абласцей і па лініі Жлобін — Светлагорск — Петрыкаў у Гомельскай вобласці. Паспрабуем зрабіць агляд беларускіх і замежных Калядаў, у некаторых з якіх карэспандэнтцы “К” давялося ўзяць асабісты ўдзел.

/i/content/pi/cult/621/13798/13-1.jpgВерацярпімы беларус можа святкаваць Каляды цэлы месяц: ад Сонцазвароту, што прыпадае ў розныя гады на 20 — 22 снежня, — традыцыя дахрысціянскага паходжання, потым з 25 снежня да 6 студзеня — каталіцкія ўрачыстасці, і з 6 студзеня — праваслаўныя. Яшчэ можна наведаць суседнія і не вельмі краіны. У Парыжы, напрыклад, калядны кірмаш працуе ўжо з кастрычніка, калі яшчэ ляжыць жоўтае восеньскае лісце. У Рызе не першы год праходзіць фестываль ёлак: можна пабачыць самыя розныя дрэўцы, ад традыцыйных да ну вельмі авангардных, са шкла ды арматуры.

6 студзеня, на завяршэнне каталіцкіх Калядаў, у шматлікіх гарадах і вёсках Еўропы праходзяць урачыстыя шэсці Трох Каралёў. Карэспандэнтка “К” сёлета назірала такую працэсію ў Вільні. Дзень быў будні, час яшчэ працоўны (16.00), таму пераважную колькасць гледачоў складалі турысты. Мароз “кусаўся”: тэмпература апусцілася ніжэй за 20 градусаў. Невядома, які з гэтых фактараў паўплываў найбольш, але ахвотных паназіраць за трыма Каралямі, Анёлкамі, Пастухамі, Салдатамі, Быкамі ды Авечкамі, што складаюць “світу”, было няшмат, усе ішлі следам за працэсіяй, не было “калідору з людзей”, як часта на грамадскіх святах. Шмат турыстаў адмыслова прымяркоўваюць свой прыезд у Вільню да шэсця Трох Каралёў.

Турыстычны патэнцыял беларускіх калядных абыходаў

Здаецца, не меншы ажыятаж пры адпаведнай “раскрутцы” маглі б выклікаць беларускія вясковыя калядаванні. У нашых вёсках на каталіцкіх Трох Каралёў (а дзе-нідзе да самых Грамніцаў 2-га лютага) абыходзілі хаты адпаведныя персанажы, а з імі — Чорт ды Анёл. Большасць фіксацый такіх абыходаў зроблена навукоўцамі ў Пастаўскім раёне. Як стала вядома праз рэдакцыйную пошту “К” дзякуючы лісту метадысткі ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” Ганны Некраш, сёлета працэсію Трох Каралёў аднавілі ў вёсцы Вавёрка Лідскага раёна (падрабязней гл. у мінулым нумары).

Ужо карыстаецца попытам сярод турыстаў калядны карнавал у Давыд-Гарадку Столінскага раёна. Увечары 13 студзеня Стары новы год святкуе ўвесь горад. На вуліцах шмат каляднікаў, ходзяць дзеці, дарослыя, утвараюцца гурты з калектываў прадпрыемстваў (школа, бальніца, птушкафабрыка) і школьных класаў. На адзін двор за вечар можа завітаць і 20 гуртоў, асабліва калі каляднікі памятаюць з мінулых гадоў, што гаспадары шчодра частуюць і адорваюць, выносяць на вуліцу столікі (а дзе і паўнавартасныя сталы).

Галоўны персанаж амаль у кожнай суполцы — белы “Конік” (коннік). Яго робяць з лазовых кошыкаў, абцягнутых тканінай. Усярэдзіну канструкцыі залазіць мужчына (Конікаў жаночага полу не сустрэла ніводнага, хаця астатніх персанажаў-травесці — шмат). Хвост Коніку робяць пышны і даўгі (у аднаго для гэтага здаўся “бландзіністы” шыньён). Конь як калядны персанаж лакальна сустракаецца на Палессі, асаблівасць жа давыд-гарадоцкай мадыфікацыі — вершнік, апрануты ў шынэль. Лічыцца, што гэты персанаж з’явіўся ў 1916-м і спачатку выкарыстоўвалася вайсковая форма той пары. Але гэта не значыць, што каляднаму карнавалу ў Давыд-Гарадку толькі 100 гадоў. Сучасны Конік мог стаць мадыфікацыяй больш старажытных калядных персанажаў Каня і Салдата.

Другая цікавостка (сустрэлася, праўда, толькі ў пары гуртоў) — вобраз Вясны. У Давыд-Гарадку і суседніх вёсках з пасляваеннага часу гандлявалі насеннем, даязджалі з таварам нават да Далёкага Усходу, Забайкалля. Гэтым займаліся ўвесну, таму для пазначэння выязднога гандлю насеннем нават утварыўся адмысловы дзеяслоў “вэснуваты”, а для людзей, што гэтым займаліся — азначэнне “вясеннікі”. Персанаж Вясна ў сучасным калядным гурце ўвасабляе заможнасць і дабрабыт.

Месца каляднага Дзеда заняў Дзед Мароз. З іншых традыцыйных персанажаў (праўда, увасобленых сучаснымі маскамі) — Заяц і Воўк, Ліса, Смерць, Чорт, Анёл, Лекар, Цыганы. У астатнім сучаснае каляднае пераапрананне ў Давыд-Гарадку не асабліва адрозніш ад Хэловіну — Пірат і Гейша, Чырвоны Каптурок, Вядзьмарка, Манашка, Паляўнічы. Яшчэ персанажы савецкіх і дыснэеўскіх мультфільмаў.

Большая частка гуртоў выконвае ў кожнай хаце толькі адну песню, “Там стояла cосна”. Традыцыйна яе спявалі толькі ля хаты, дзе была дзяўчына на выданні. Аднойчы за вечар давялося пачуць шчадроўку для гаспадара. Большасць гуртоў ходзіць з ражком, некаторыя з музыкай — гармонікам, ці прынамсі барабанам. Пераходзячы з падворку на падворак, спяваюць “класіку” рускай поп-музыкі: “Одинокая ветка сирени”, “Девчонки полюбили не меня”, а часам гучаць танцавальныя мелодыі Полькі ды Карапету.

Адчуванне застаецца па-сапраўднаму святочнае, трапляеш у самы вір падзей. Прыхільна прымаюць гурты з іншых раёнаў з уласным рэпертуарам. Калі параўноўваць давыд-гарадоцкі калядны карнавал з еўрапейскімі ды лацінаамерыканскімі масленічнымі (самыя знакамітыя — у Венецыі і Рыа-дэ-Жанэйра), то можна знайсці шмат агульнага пры розных, канечне ж, маштабах. Недарма ж Уладзімір Караткевіч назваў Давыд-Гарадок Пагарынскай Венецыяй! Праўда, класік, хутчэй за ўсё, меў на ўвазе паводкі, а не карнавал.

13 студзеня — бадай кульмінацыя беларускага калядавання. Жывыя традыцыі абыходу па старых узорах захаваліся пераважна ў вёсках на поўдні краіны, але не толькі там. Давыд-гарадоцкі местачковы карнавал (населены пункт мае статус горада з 1940 года) на фоне вясковых калядаванняў — унікальны выпадак. З 1980-х калядныя гурты, пераважна маладзёжныя, сталі з’яўляцца і ў вялікіх гарадах Беларусі.

Каляды на польскім Расточчы

Сёлета на Расточчы (польскі рэгіён на мяжы Люблінскага ваяводства і Украіны) аматары з Любліна, Шчэціна, Рацібожа і Мінска аднавілі калядны спектакль “Ірады” і паказалі ў вёсках, дзе з ім абыходзілі хаты яшчэ пакаленне таму. Такім чынам туды, дзе сваіх калядных гуртоў ужо няма (“хіба дзеці прыбягуць па цукеркі”, як кажуць вяскоўцы), была вернута мясцовая традыцыя. Арганізатары сёлетняй выправы калядуюць на Расточчы з 2007 года, строі і сюжэт аднаўлялі па навуковых даследаваннях і аповедах інфармантаў. Удзельнікаў паездкі шукалі праз інтэрнэт. У розныя гады польскае Расточча наведалі беларусы, украінцы, рускія, французы і нават японцы.

У вёсках, па якіх калядавалі, яшчэ пасля Другой сусветнай вайны сталі даваць “артыстам” не ежу, а грошы. Таму накалядавалі нямала: за адзін дзень — 440 злотых (каля 100 еўра). Летась арганізатары выдаткавалі здабытыя сродкі на друк кнігі аб традыцыйнай музыцы Расточча, якая стала кароткім оф-лайн варыянтам он-лайн энцыклапедыі muzykaroztocza.pl. Кнігу прэзентавалі ў шэрагу вёсак наваколля, таму шмат хто з гаспадароў памятаў каляднікаў, ды і прымалі іх ужо не першы год. Былі і сумныя выпадкі: пазнаўшы арганізатараў, адзін гаспадар узгадаў, як яму спадабаўся леташні абыход і выбачыўся, што сёлета не можа прыняць, бо нядаўна памерла цешча. Гэтай забароны прытрымліваюцца і ў нашай краіне: хату, дзе за год быў нябожчык, каляднікі мінаюць. “Мода” гарадской моладзі выязджаць пакалядаваць на вёску ў апошнія гады закранула і Беларусь.

Каляды адчуваюцца па-сапраўднаму святочным перыядам і ў гарадах, і ў вёсках, у Беларусі і за яе межамі. Для турыстаў гэта час на цікавыя вандроўкі, а для населеных пунктаў — на стварэнне ўласных “калядных брэндаў”. Пытанне: ці лёгка турысту і брэнду сустрэцца? Папярэдняй інфармацыі пра беларускія вясковыя калядаванні, на жаль, вельмі мала, нашмат часцей сустрэнеш рэпартаж пастфактум…

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"