“Каб не шкадавалі вяскоўцы, што жывуць не ў тым месцы”

№ 3 (1286) 21.01.2017 - 28.01.2017 г

Фаіна МАЛЮЖЭНЕЦ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай раённай бібліятэкі
Усе мы, як кажуць, людзі вясковыя. Калі не вы самі, дык кожнаму ўзгадаецца нехта з блізкіх, хто пражывае ў сельскай мясцовасці. Не ведаю, хто як, а я, асабліва калі непагадзь, кожны раз задумваюся, як гэтыя нязручнасці перажываюць вяскоўцы. Шкадую іх, вельмі шчыміць сэрца. Здавалася б, чаму?

/i/content/pi/cult/621/13795/4-1.jpgСучасныя вёскі — розныя. Ёсць аграгарадкі, дзе людзі жывуць з выгодамі. Але не пра іх гаворка, а пра паселішчы, якія называюць “выміраючымі”. Якое ж крыўднае слова! Тым не менш…

Калі праездам бываю ў асобных з іх, вока не прамінае тыя хаты, якія, так бы мовіць, існуюць самі па сабе. Іх пакінулі гаспадары. Хто памёр, хто з’ехаў да дзяцей, некаторыя — на зімовы час, іншыя — назаўсёды. Стаяць пустыя хаты, і жывуць там толькі ўспаміны.

Але не ўсё так сумна, бо тут, побач, у суседніх хатах ёсць жыццё і рух, ёсць жывая гаворка і чалавечыя зносіны. Гэта дагледжаныя дамы, упарадкаваныя гароды, пладаносныя сады. Гаспадары гэтага ўсяго, як правіла, людзі немаладыя, у большасці — сталага веку. Вясной і летам тут усё “кіпіць”, ад раніцы да вечара не хапае часу, каб пасеяць, пасадзіць, прапалоць. Сілы не тыя. Увечары стомлены чалавек бярэ ў рукі кнігу, кладзецца ў ложак ці на канапу, і разам з літаратурнымі героямі адпраўляецца ў цікавыя вандроўкі, пакуль не засне. Камп’ютар і інтэрнэт — гэта для маладых. А для героя майго аповеду галоўны сябар — звычайная добрая папяровая кніга. Як цяпер кажуць, кніга на традыцыйных носьбітах.

А потым настае восень, далей — зіма. Адна вясковая жанчына мне скардзілася, што з узростам узненавідзела гэты час года за доўгія цёмныя вечары. За тое, што сядзіць адна, у восем гадзін вечара ўжо ніводнае акно ў вёсцы не свеціцца, за тое, што няма куды падацца. Кніга і тэлевізар — адзінае выратаванне. Але калі гэтага замнога, таксама можна стаміцца. Не хапае духоўных зносін, культурнага жыцця, калі хочаце. У вёсцы зачынілі ўсё, што маглі: няма ні крамы, ні ФАПа, ні клуба, ні бібліятэкі. А як жыць? Каб зразумець гэтую жанчыну і тысячы падобных, дастаткова ўявіць сябе ў такім становішчы. Адчулі, як не соладка? Не, я не так паставіла пытанне, зараз спытаю інакш: адчулі, як горка?

Прыгадала такую гісторыю. У адной з падобных вёсак бібліятэка нейкі час заставалася адзінай стацыянарнай установай сацыяльнай сферы. Дык вось, бібліятэкар звярнулася да кіраўніцтва аб пераносе часоў працы, каб яны супалі з графікам работы аўталаўкі. Такую неабходнасць падказала само жыццё. Прыезд крамы на колах у гэтую вёску заўсёды быў радаснай падзеяй. Вяскоўцы загадзя збіраліся ў бібліятэку, і ўсе разам, можна сказаць, цэлай вёскай, чакалі аўталаўку. Грэліся ў холад, хаваліся ад спёкі летам. Гутарылі, абмяркоўвалі, раіліся. Бібліятэкар ладзіла для іх мерапрыемствы, праводзіла гучныя чытанні. Усё было вельмі добра, па-шчыраму… А потым бібліятэку зачынілі.

Праблема. І як яе вырашыць, каб усім было добра?

Бібліятэка ніколі не будзе самаакупнай, тым больш сельская. Яна мае патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы. Трэба разумець, што гэтым дзяржава падтрымлівае не бібліятэку, яна падтрымлівае сваіх грамадзян. Сёння не кожнаму пад сілу набыць сабе кнігу, падпісацца на перыядычныя выданні. Дый навошта? Для гэтага ёсць і павінны быць публічныя бібліятэкі. Дзяржава ж у нас — сацыяльна арыентаваная. А для сельскага чалавека бібліятэка — крыніца ведаў, культуры, інфармацыі. У рэшце рэшт — месца зносін людзей, што вельмі карысна для сучаснага грамадства. Ці можам мы пазбаўляць чалавека гэтых выгод? Гэтую думку адстойваю пастаянна. Усе мы, як можам, кожны на сваім узроўні, павінны ствараць такія ўмовы, каб чалавеку жылося добра, каб ён не пакутаваў у адзіноце, каб ад суму не піў гарэлку. Хочацца, каб аптымізацыя заставалася справядлівай. Каб не шкадавалі вяскоўцы, што нарадзіліся і жывуць не ў тым месцы.

Якія перашкоды ў жыцці ні паўставалі б, мы аб’ектыўна ад пакалення да пакалення чакаем прагрэсу, хочам жыць лепш і лепш. Хіба гэта дрэнна ці няправільна?