Майстэрства акцэнтаў

№ 2 (1285) 14.01.2017 - 20.01.2017 г

Малады дызайнер афіш: пра інструменты і тонкасці сваёй працы, а таксама пра нацыянальнае ў дызайне
Графік Дзімы СКУ аказаўся даволі “шчыльным” для доўгай размовы, нам давялося шукаць “фортку” паміж яго замовамі. Але запатрабаванасць Дзімы апраўданая: яго афішы мы і сапраўды бачым ці не штодня, не ўяўляючы, што гэта таксама творы, што маюць пэўнага аўтара.

 /i/content/pi/cult/620/13791/7-1.jpg— Чалавецтва штогод прапаноўвае не толькі новыя назвы антыбіётыкаў, мадэлі аўтамабіляў ды гатункі таматаў, але і новыя віды шрыфтоў…

— Я не ведаю, што рухае гэтымі вынаходнікамі, бо шрыфтоў сапраўды дастаткова, аднак людзі ўсё роўна іх прыдумваюць. Напэўна, яны адчуваюць: трэба прыўнесці нешта новае. Гэта тонкая праца, якую бачаць выключна прафесіяналы. Дарэчы, крадуць шрыфты таксама актыўна, амаль кожны стыль можна знайсці ў інтэрнэце.

— Ты ў сваім выпадку іх толькі набываеш ці часам сам становішся вынаходнікам?

— Я ў сваім жыцці ніводнага шрыфту не зрабіў. Я іх толькі выкарыстоўваю, прычым у мяне ёсць любімыя аўтары, іх прадукцыяй і карыстаюся.

— Як увогуле набываюцца шрыфты?

— Усё проста, ў звычайнай інтэрнэт-краме. Ты можаш прыглядзець пэўны шрыфт, надрукаваць ім дзяжурную фразу і зрабіць выбар. Кладзеш у скрыню і аплачваеш. Летась у расійскага дызайнера Юрыя Гардона па акцыі прыдбаў па зніжках адразу каля дваццаці пяці шрыфтоў.

— Колькі ж прыблізна каштуе шрыфт? І колькі разоў яго потым можна ўжываць?

— Калі шрыфт замаўляецца, напрыклад, для прадуктовай сферы, ён можа каштаваць шмат. У сярэднім жа — 10 — 30 долараў. Калі яго часта ўжываць, ён акупляецца, адпрацоўвае сваё. А што да перыядычнасці карыстання, тут трэба ўважліва чытаць ліцэнзію. Ну і, канешне, нельга перадаваць шрыфт іншым асобам ці арганізацыям толькі таму, што ты пакупнік.

— Растлумач, як ставішся да сталасці ў шрыфтах. Напрыклад, у Вудзі Алена ў цітрах з сярэдзіны 1970-х толькі “Віндзары”. І мы ў тым ліку дзякуючы гэтаму Алена пазнаем, бачым яго выключным.

— Так, гэты шрыфт стаў яго фірмовым, што файна. Добрая ідэя, якая пасуе рэжысёру. Звычайны англійскі шрыфт, але ён нібы гаворыць: кіно Вудзі Алена не тыповае камерцыйнае, прадзюсарскае, а хутчэй нават еўрапейскае незалежнае — так ён вылучае сябе сярод “амерыканскага галівуду”. Таму вельмі пасуе гэты “гатунак” да яго інтэлектуальнага кіно. Але падкрэсліваю: я не шрыфтавік, я аматар, а пэўныя шрыфты мне проста вельмі падабаюцца.

— Як думаеш, з аўтарскімі правамі нашых шрыфтавікоў увогуле лічацца?

— Вельмі вядомы шрыфт беларускага дызайнера Дзяніса Серабракова “Апетыт” зараз сустракаецца шмат на якіх упакоўках прадуктовых тавараў. Зараз Дзяніс выпусціў новую версію, хаця старую ж дакладна парастасквалі. З аднаго боку, аўтару прыемная папулярнасць, з іншага, ён павінен на гэтым зарабляць. У Беларусі цяжкая сітуацыя з капірайтам…

— У выніку, юрыдычна гэта можна неяк вырашыць?

— Ну канешне. Трэба пісаць лісты арганізацыям, што выкарыстоўваюць шрыфт — прасіць прадаставіць ліцэнзіі, каб прымусіць аплаціць штрафы, калі ліцэнзій няма. Хутчэй за ўсё, Дзяніс працуе адзін, і яму аднаму з гэтай валакітай спатрэбіцца шмат грошай і часу. Калі ж гэта расійская студыя Арцемія Лебедзева, дык яна, наадварот, схільная судзіцца з тымі, хто не аплачвае паслугі дызайнераў. Яны на сайце так і пішуць: “падалі іск…” “Клемянціна” — вось той знакаміты шрыфт Лебедзева, што крадуць вельмі часта. Сустрэць яго можна нават “на грэчневых крупах”.

— Калі да шрыфтоў. Ці чуў ты пра “Песняра” на аснове рукапісаў Янкі Купалы?

— З ім шмат пытанняў, ён выглядае, на маю думку, недапрацаваным. Дарэчы, яго дасылалі на бізнэс-лінч таго ж Лебедзева, дзе яго таксама справядліва раскрытыкавалі. Ёсць шрыфт “Пушкін”, які з’явіўся на пачатку 2000-х і да гэтых часоў паўсюль сустракаецца. Пра нашу спробу скажу так: ідэя добрая, але яе трэба дапрацаваць. Ці ўзяць почырк іншага пісьменніка і зрабіць над ім дасканалую працу.

— А што з “Песняром” не так, растлумач непрафесіяналу?

— Я кажу пра ўражанне ад яго. Вось мае адчуванні такія, што выкарыстоўваць яго не хочацца. “Пушкін” — цэльны, зразумелы. А гэтаму не стае жывасці, натуральнасці.

— Ці ведаеш іншыя прыклады беларускіх нацыянальных шрыфтоў, якія могуць працаваць на карысць краіне як візітная картка ў сваёй сферы?

— Той жа “Статут” Серабракова, які, тым больш, можна бясплатна выкарыстоўваць у культурных праектах. Яшчэ ёсць “Берагіня”, якую цяжка чытаць, бо шрыфт арнаментаваны, але — магчыма. Я, дарэчы, у адной афішы выкарыстоўваў яго.

— Пра нашы афішы і пагаворым. У некаторых выпадках іх можна называць мастацтвам?

— У першую чаргу, трэба адрозніваць плакаты і афішы. Ёсць нават такі кірунак — “мастацтва плакатаў”. А афішы для мерапрыемстваў і імпрэз звычайна — рэч простая. Іх утылітарнае прызначэнне — данесці інфармацыю, бо тут — камерцыйная справа, продаж білетаў. Ёсць пэўная схема: звычайна выкарыстоўваецца фота артыстаў, вялікімі літарамі прапісваецца яго імя, дата і месца падзеі. Мая праца менавіта такая — у гэтым няма вялікага мастацтва.

— Пісьменная расстаноўка акцэнтаў на плошчы паперы?

— Так. Заказчыкі хвалююцца ад залішняй смеласці ў графічным дызайне, маўляў, не прададзім білеты ці аўдыторыя не заўважыць. Мая задача ў тым, каб людзі захацелі пайсці на гэты канцэрт. Таму трэба рабіць гэту рамесніцкую справу папросту з густам, як мне падаецца. Я сябе вялікім, суперталенавітым не лічу: я раблю афішы дастаткова проста, без памылак, як мне падаецца. Але напэўна ж знойдуцца дызайнеры, што пакажуць на “правалы”. Я буду ўлічваць гэта. Наогул, у Мінску я бачыў багата дрэнных афіш. Канешне, я хачу, каб яны былі зусім іншымі. Але ўсё роўна, гэта не мастацтва, бо ў рамку такую рэч не павесіш. А вось плакат — сапраўднае выказванне, такога ў горадзе шмат не сустрэнеш.

— Калі афішу параўнаць з абгорткай, дык што рабіць дызайнеру з афармленнем нясмачных цукерак.

— Тут ёсць некалькі шляхоў. Адзін з іх — адмовіцца ад замовы. Бо калі ты зробіш класную “абгортку”, то людзі набудуць гэту цукерку толькі аднойчы. І запомняць падман. Іншы шлях — знайсці людзей, якім гэта сапраўды патрэбна. І зразумець, што для іх тое важна. Проста ў людзей густы адрозніваюцца: камусьці — груша, іншаму — хурма.

— А калі хурма — гэта Стас Міхайлаў?

— Дарэчы, і яго афіша таксама можа выглядаць добра. Я, напрыклад, працаваў для арганізатараў канцэрта Міхаіла Шуфуцінскага. Безумоўна, добра, калі супадае якасць афішы і якасць канцэрта. Але часта рэклама падае “айфоны” лепшымі, чым яны ёсць насамрэч. Ці трэба так гнацца менавіта за імі? Я за тое, каб рэклама не хлусіла, — за шчырасць.

— Каго ты мог бы назваць сваім арыенцірам у дызайне афіш?

— Я назіраю, але не капірую, не паўтараю. Вось і калі гляджу на афішы таго ж Тарэева ці Цэслера, цешуся, натхняюся, — не больш. А яшчэ я захоўваю па папках асобныя работы, але часцей за ўсё імёны аўтараў не запамінаю.

— Калі казаць пра тваю прафесію, можаш пералічыць яе плюсы і мінусы. Ведаеш, каб натхніць адных і ацвярэзіць іншых.

— У гэтай прафесіі трэба спрабаваць сябе. Яна мае шмат фактараў, якія складана прадугледзець. Дарэчы, у мяне ёсць пакрокавая лекцыя на “YouTube”, як лёгка самім зрабіць афішу, каб не было сорамна. Паспрабуй — калі нешта арганізоўваеш і вольных грошай на дызайнера не знайсці. У лекцыі нават няма адкрыццяў, магічнай кнопкі. Асабіста мяне ў працы прываблівае хуткасць. Першы варыянт, які ты потым узгадняеш з заказчыкам, робіцца за дзень ці нават гадзіну. Далей можна спакойна дашліфоўваць вынік. Калі гэта спрацоўвае, я вельмі шчаслівы. Можна, канешне, рабіць афішу павольна, доўга над ёй думаць. Але няма гарантыі, што яна не будзе выглядаць як “хуткая”. Праца гэта тонкая, як і шрыфты.

— У цябе безумоўна ўжо ёсць імя. Колькі спатрэбілася гадоў на вынік?

— Гадоў з тузін таму я дакладна зразумеў, што мне падабаецца графічны дызайн. А шэсць гадоў таму ён стаў маёй асноўнай працай, з тых часоў я раблю толькі афішы. Да гэтага я займаўся рознымі рэчамі, звязанымі так ці інакш з гэтым кірункам. А яшчэ я адвучыўся ў Акадэміі мастацтваў на тэле-кінааператара — на першым курсе хацелася здымаць сучаснае беларускае незалежнае кіно. На апошнім — перастаў ведаць, што хачу у ім сказаць. Таму атрымаў дыплом, але аператарам ніколі не працаваў, гэта перастала хваляваць. А афішы з’явіліся самі па сабе, яны ж таксама звязаныя з візуальным успрыняццем.

Мне вельмі прыемна быць запатрабаваным. Я магу параіць у такім выпадку радавацца за сябе і іншых. Да такіх людзей вельмі прыемна звяртацца: хоць да мастака, хоць да сантэхніка. Я не асабліва веру ў прызванне, але добра рабіць сваю справу можа кожны.

— Баранавічы — твая штаб-кватэра. Як працуецца ў маленькім горадзе? Многія маладыя людзі зараз свае прафесійныя няўдачы спісваюць на месца жыхарства.

— Я думаю, сваіх заказчыкаў можна лёгка знайсці ў інтэрнэце. Бачыў цікавую лекцыю ў сеціве ад аднаго дызайнера і вандроўніка па сумяшчальніцтве. Ён кажа: калі ты дамаўляешся з кімсьці на суму, большую за вось столькі і столькі, заказчык чамусьці павінен цябе бачыць. Гэта звычка хутчэй у славянскай ментальнасці. З аднаго боку, вельмі зручна, што я жыву ў Баранавічах. Тут ёсць дом, які пабудаваў мой дзядуля і перадаў мне яго ў спадчыну. Тут ёсць майстэрня. І яшчэ некалькі пакояў — досыць месца для дзяцей, побач жонка. З іншага боку, на канцэрт ці на спектакль — хутчэй за ўсё трэба ехаць у Мінск. Паўтары гадзіны на аўтамабілі ці цягніку. Баранавічы — файны горад, я люблю яго. З яго многія хочуць уцячы, дарэчы, як і з Мінска, — кудысьці далей. З іншага боку, дызайнер мусіць мець правільную абстаноўку, сваё кола, з якім можна было б мець зносіны, сябраваць, ці — не сябраваць. У Мінску гэтага больш. Тут трэба знайсці “залатую сярэдзіну”. А для працы патрэбен толькі стол і камп’ютар. Дарэчы, з саміх Баранавічаў у мяне няшмат кліентаў: мала канцэртаў, менш насельніцтва. Тут матэматычная залежнасць.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст