“Курган Славы — гэта найвялікшы сімвал Вялікай Перамогі, нашага ўмення разам супрацьстаяць навале, разам адстойваць нашы галоўныя каштоўнасці. Азіраючыся назад, у нашу гісторыю, мы разумеем неацэннасць такіх простых рэчаў як мірная праца, салідарнасць, падтрымка адзін аднаго. Калі і сёння мы разам будзем працаваць на тыя мэты, якія паставілі перад сабой, мы будзем развівацца і рухацца наперад”, — так пракаментаваў пасыл маштабнай акцыі і дзейнасці сваёй арганізацыі старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл ОРДА.
Прынамсі, шэфства над мемарыяльным комплексам Федэрацыя вядзе ўжо больш за 10 гадоў. Але менавіта да 70-годдзя Вялікай Перамогі арганізацыя на чале са старшынёй выступіла з ініцыятывай аднаўлення помніка. З пасылу Федэрацыі быў наноў адкрыты дабрачынны рахунак, на які сябры прафсаюзных арганізацый, неабыякавыя грамадзяне пералічвалі сродкі на рэканструкцыю комплексу. У выніку, дзякуючы высілкам у значнай ступені прафсаюзаў сталіцы, іх непасрэднаму ўдзелу ў ажыццяўленні праекта, справу ўдалося здзейсніць па многіх напрамках. На помніку цалкам было заменена травяное покрыва і граніт на глядзельнай пляцоўцы, адрамантаваны лесвіцы, адрэстаўраваны мазаіка і барэльефы. Замененая падсветка па “апошнім тэхнічным слове” завершыла мадэрнізацыю.
Летась праект апекавання комплексу быў працягнуты. Напярэдадні 9 мая 2016-га адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця фотаэлектрычнай станцыі ля падножжа мемарыялу. Менавіта дзякуючы ёй сёння “Курган Славы” мае рэзервы асвятлення круглыя суткі.
“Але на гэтым мы не спынімся”, — запэўнівае Міхаіл Орда. У планах Федэрацыі — пашырэнне калекцыі музея баявой тэхнікі пад адкрытым небам. Запланаваны пошук згубленых машын, іх рэстаўрацыя. “На гэтыя мэты і далейшае ўпарадкаванне мемарыяла будуць скіраваныя сродкі прэміі”, — дзеліцца старшыня Федэрацыі.
Летась падчас урачыстасцей на Кургане Славы адбылося заключэнне дамовы аб супрацоўніцтве паміж Федэрацыяй прафсаюзаў краіны, Міністэрствам адукацыі, Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі, ветэранскай і піянерскай арганізацыямі. Гэты крок Федэрацыя лічыць адным з самых значных у выхаванні патрыятызму маладога пакалення.