Аўдыя & Відэа-34

№ 2 (1285) 14.01.2017 - 20.01.2017 г

Снежаньскія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Мастацтва”, музычны крытык Зміцер ПАДБЯРЭЗСКІ (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/620/13788/8-3.jpgАЎДЫЯ

Гурт “CherryVata”, міні-альбом “Infinity”

А.: Шчыра прызнаюся: музыка падобнай стылістыкі рэдка калі мяне чапляе. Магчыма, найперш з той прычыны, што неяк зашмат у ёй “хіміі”, таго, што робіцца не “жыўцом”. Пра такую музыку немагчыма сказаць “яна нараджаецца на вачах”. Усё ж гэта манціруецца збольшага загадзя і толькі паказ цэлага на сцэне дазваляе (як для мяне) прыцягнуць да сябе ўвагу. Тут жа слых зачапілі заяўленыя як новыя творы п’есы “Infinity” ды “Through”. Прычым другая прадстаўлена ажно трыма рэміксамі, з якіх я, была б мая воля, пакінуў толькі адзін аўтарства Тані Гарошка. Нейкай логікі, а тым больш творчага азарэння ў двух іншых, прабачце, не заўважыў.

У цэлым жа казаць пра гэты міні-альбом як пра сігнал важкай змены курсу “CherryVata” мне асабіста даволі складана. З аднаго боку, музыка яўна не для філарманічнай залы, з іншага яна і не настолькі прымітыўная, каб браць у палон танныя клубныя пляцоўкі. Думаю, анансаваны гуртом альбом дазволіць атрымаць больш пэўнае ўражанне.

В.: Даўнютка гэты самабытны калектыў нічога не выпускаў. І вось — “здрасьте нам”! І не проста “згалеў” на міні-альбом, а ўключыў у яго аж дзевяць дарожак! Сярод іх кампазіцыі новыя, версіі старых трэкаў ды тры рэміксы на “свежачок” “Through” ад калегаў-музыкантаў. І без таго паветранае гучанне гурта стала яшчэ больш атмасферным ды прыбраным. Па стылістыцы гэта ўсё тыя ж трып-хоп ды эйсід-джаз, пад якія можна як рэлаксаваць у адзіноце, так і павольна танцаваць у коле сяброў у хвіліны ціхіх вечароў (зімовыя як нельга дарэчы падыдуць).

Прыгожы, якасны прадукт ад вельмі таленавітых людзей.

Гурт “BarRokka”, мiнi-альбом “Мяжа”

A.: Тыповая рыса амаль для ўсёй айчыннай музыкі і ў першую чаргу для музыкі маладой — гэта манументальны смур. Вось і тут роздум пра жыццё (тэксты песень, заўважу, цалкам годныя і не дурныя), ягоныя аспекты выліваецца ва ўсеабдымны смутак аж да таго, што ў выніку ўсе пяць песень паспяхова зліваюцца ў адну. І гэта пры наяўнасці неблагіх аранжаванняў, якія, як мне падалося, прадыктаваныя былі найперш менавіта сэнсам тэкстаў. Баюся, калі гурт падрыхтуе, нічога істотна не мяняючы, паўнавартасны альбом, пры ўсім сваім жаданні даслухаць яго да канца будзе вельмі няпроста. Са станоўчага: бэнд мае пазнавальны гукавы почырк. Адрозна, на жаль, ад музычнага...

B.: Наглядны прыклад сумнага ды малафантазiйнага да ступені стэрыльнасці, якая выклікае пазяханне, рэлізу. Замахнуўшыся на нейкае тэкставае філасофстваванне, абрынуліся музыканты на галовы слухачоў занудствам з банальнасцю, здобранымi слабенькай мелодыкай, ніякім вакалам ды іншым нічым. Даставіць задавальненне дадзены прадукт можа хіба што непапраўнаму меланхоліку ды сябру ягонаму ныцiку. Ні адзін з гэтых пяці трэкаў нават пазываў да маральнага суіцыду (цур мяне) выклікаць не здольны.

Гурт “Восьмыдзень”, альбом “Жнівень”

A.: Даслухаўшы ўсё да апошняй ноткі, так і не зразумеў, дзеля чаго ствараўся гэты альбом. Бо надаць народным песням, як кажуць, “другое жыццё” можна адзіна пры наяўнасці смелых, арыгінальных іх апрацовак. Тут жа мы сустракаем вельмі схематычныя аранжаванні, пастаянныя паўторы адной і той самай формулы: пачатак песні, крыху не вельмі ўпэўненага спеву, затым акцэнтаваны бас-гітарай рыф, на які накладаецца гучанне духавога інструмента. Толькі таму, што “так трэба”. Дастаткова паслухаць песню “Лучына” як найбольш паказальны прыклад. Штучнасць гэтага прыёму вельмі хутка даецца ў знакі: музычная энергетыка зусім не адчуваецца.

Магчыма, некаму здаецца: дастаткова ўзяць народную песню і поспех гарантаваны. “Восьмыдзень” паказвае адваротнае. А менавіта: як дзякуючы музычнаму фальклору можна лёгка творча праваліцца...

B.: Уражвальная, вельмі сур’ёзная работа ад віцебскага гурта з апрацоўкамі народных песень розных беларускіх рэгіёнаў. Манументальная фольк-псіхадэліка з паганскім адценнем. Пад гэтую музыку лёгка ўявіць сабе панурыя палескія лясы, у самых гушчарах якіх хаваюцца ад людскіх вачэй ідалы-балваны, у пячорах-зямлянках чахнуць над “інкунабуламі” зарослыя бародамі старцы-вешчуны, а бяззорнымi начамі вакол ахвярнага вогнішча стварае танцы-оргіі ўсялякая нечысць. І кампазіцыям гэтага альбому там самае месца.

На мой погляд, цікавая была б калабарацыя віцябчан з мінчанамі з “Троіцы”.

ВІДЭА

Гурт “Navi”, кліп на песню “Гісторыя майго жыцця”

А.: Той самы дастаткова рэдкі ў практыцы айчыннага кліпмейкерства выпадак, калі здзейснены відэашэраг арганічна суадносіцца з характарам песні. Сама ж песня, на маю думку, — твор дастаткова спрэчны. Пасля бадзёрага пачатку з заклікамі “хэй!” ідзе куды больш лагодная, нават стрыманая мелодыя, што дысануе з заяўленым тэмпарытмам.

Тым не менш, калі казаць пра кліп, створаная “карцінка” пэўным чынам лагодзіць агульнае ўражанне ад песні. І не трэба думаць, што само відэа просценькае, што зроблена яно такое было, як гэта часта здараецца, з недахопу сродкаў. Не! Можна толькі здагадвацца, колькі разоў быў пройдзены музыкантамі ды аператарам зафіксаваны ўрэшце без стыкаў шлях, але ў выніку ўсё было адзнята практычна бездакорна. Удалая задумка рэжысёра і ўдалае яе ўвасабленне аператарам.

В.: Уласна, кліпам у поўным сэнсе гэтага слова дадзеную работу назваць складана. Я б аднёс гэта відэа да разраду... паштовак з аб’ёмным стэрэамалюнкам (людзі майго ўзросту павінны памятаць усіх гэтых пераліўных кітаянак-японак, сёння такі эфект абавязкова прылічылі б да 3D або да 533D). Аб’ём (сюжэт) стварае пара вакалістаў, што ідуць-бягуць да ракі (возера?) па восеньскім лесе і спяваюць песню, з якой праект выйшаў у фінал беларускага адбору да “Еўрабачання”. І кампазіцыя гэтая з’яўляецца маім безумоўным фаварытам! Яна, вядома, не “Wild Dance” Русланы, але ўжо “надарваць” залу кіеўскага Міжнароднага выставачнага цэнтра дакладна зможа!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"