“Арт-сезон” у Віцебску

№ 2 (1285) 14.01.2017 - 20.01.2017 г

Свабода творчага духу, мастак як суб’ект і межы сацыяльнага абавязку
Адкрыццё “Арт-сезона” ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва ўзняло дыскусійныя пытанні фарміравання выставачнай прасторы, адносін паміж прадстаўнікамі рэалістычнага і абстрактнага мастацтва, а таксама свабоды і абавязку мастака.

/i/content/pi/cult/620/13787/8-2.jpgУжо само месца правядзення леташняга “Арт-сезона”, дзе падсумоўваюцца вынікі апошніх творчых пошукаў майстроў выяўленчага мастацтва, аказалася для многіх зусім нязвыклым. “Арт-прастора “Талстога, 7” асацыюецца з месцам творчых эксперыментаў, а тое поле дзейнасці, пераважна, маладых мастакоў. І вось гэты вернісаж сабраў самых розных творцаў: ад вядомых, даўно прызнаных майстроў да тых, чые крокі ў вялікім мастацтве, трэба сказаць, вельмі ўпэўненыя і дзёрзкія, толькі пачынаюцца.

Варта адзначыць, што “Арт-сезон” аб’яднаў членаў Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза дызайнераў, што ў чарговы раз падкрэслівае дух творчай свабоды, пошуку і эксперыментаў, уласцівы сучаснаму віцебскаму мастацтву. Таму зусім нездарма, калі ў цяперашні час ужываюць паняцце “сучасная Віцебская мастацкая школа”, з рэальнасцю бытавання якога, між іншым, згодныя зусім не ўсе мясцовыя творцы. Адным з галоўных крытэрыяў такой школы вызначаецца свабода праявы суб’ектнасці мастака. Творчы пошук наканаваны не задачамі таго ці іншага кірунку, у якім аўтар працуе, і, вядома ж, не кан’юнктурай рынку, а асабістым візіёнам майстра. Адсюль такое важнае значэнне ў прасторы мастацтва сучасных віцебскіх мастакоў і ў названым мной “Арт-сезоне” мае агульны кірунак, які можна назваць фантастычным, або містычным, рэалізмам.

Вядома ж, ён не мае практычна ніякіх кропак судакранання з тым, што звычайна называюць “фэнтазі” — вынікам выключна аўтарскіх прыдумак. Творы ў духу містычнага рэалізму, прадстаўленыя на выставе, выкананы ў зусім розных жанрах і стылях, яны архітыпічныя і звернутыя да трансфізічных планаў існавання. Так, арт-аб’ект маладога мастака Кірылы Дзёмчава “Чорная скульптура” факусуе ў сабе рэальнасць цёмнага выварату быцця і можа служыць папярэджаннем аб пагрозлівым уздзеянні анталагічнага негатыву, як, зрэшты, і быць аб’ектам медытацыі на інфрафізічныя антысветы. Затое драўляная скульптура Сяргея Сотнікава “Месяцовая доля” выяўляе касмічны вобраз Дабра і Прыгажосці, прадстаўляючы сабой практычна ўзор рэлігійнага мастацтва, зразумела, у праекцыі ўніверсальнай духоўнасці. Альбо карціна Алега Захарэвіча “Возера надзеяў”, якая раскрывае ўласцівую яго творчасці тэматыку Вечна Жаночага, праз вобразы сузірання і сноў. Між іншым, персанальная выстава жывапісных работ Алега Захарэвіча “Дзіўны дзень”, дзе змест ідэі жаночай духоўнасці выяўляецца ў шматлікіх вобразах, адкрылася незадоўга да “Арт-сезона”.

Наведвальнікі маглі ўбачыць уражвальную разнастайнасць твораў, выкананых у розных відах і жанрах, нягледзячы на тое, што “Арт-сезону-2016” уласцівы гэтым разам даволі камерны характар. Гэта жывапіс, графіка, акварэль, арт-аб’ект, тэкстыль, скульптура. Але яшчэ больш адметна гарманічнае суіснаванне двух, здавалася б, узаемавыключальных напрамкаў, а менавіта, умоўна кажучы, рэалістычнага і абстракцыянісцкага. Зразумела, гаворка ідзе пра пануючыя выяўленчыя метады, характэрныя для прадстаўнікоў абодвух лагераў. Мы не раз з’яўляліся сведкамі непрымання “рэалістамі” і “абстракцыяністамі” творчасці адзін аднаго, і гэта, вядома ж, характэрна не толькі для Віцебска. Але шмат у чым менавіта для дадзенага горада, духоўнай радзімы Марка Шагала і месца ажыццяўлення Казімірам Малевічам сваіх самых смелых ідэй. Нягледзячы на тое, што дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў, сам выдатны графік, які бездакорна валодае абодвума выяўленчымі метадамі, часцяком лічыцца некаторымі “рэалістамі” заступнікам “абстракцыяністаў”, яму ўдалося сабраць выставу, што гарманічна спалучае розныя напрамкі, плыні і стылі. Бо галоўным крытэрыем адбору з’яўлялася якасць прапанаваных работ.

Яркім эпізодам “Арт-сезона-2016” стала імправізаваная дыскусія паміж мастакамі Уладзімірам Вальновым і Аляксандрам Вышкам аб характары асэнсавання творцам сваіх задач у сучасным свеце. Дарэчы, прадстаўленыя працы гэтых мастакоў адлюстроўвалі і іх сацыяльную пазіцыю. Інсталяцыя Вальнова “Раскрыжаваная эпоха”, выкананая па матывах яго пленэра на радзіме Васіля Быкава, прысвечана тэме страчанай вёскі, яна напоўненая вострым унутраным болем за ўсё, што знішчаецца глухім да чалавечых пачуццяў катком гістарычнага часу. Зыходзячы з гэтага Уладзімір і казаў пра сацыяльную адказнасць мастака, чыё мастацтва павінна абуджаць сумленне і маральнасць.

Аляксандр Вышка зрабіў акцэнт на тое, што любая апеляцыя да слоў “павінен” і “трэба” тоіць у сабе магчымасці гвалту. Таму лепш пазбягаць гэтых слоў наогул у працэсе фармулявання мастацкіх задач. Сугучнай дадзенай ідэі з’яўлялася і экспанаваная карціна Аляксандра Вышкі “У пячоры горнага караля”, дзе выказана шматслойная рэальнасць і назіраецца чароўны пераход шматгранных вобразаў, што ўзаемадзейнічаюць адзін з адным. У дадзеным творы мастак раскрывае татальнасць з’явы ўлады і яе ўздзеянне на разнастайныя ўзроўні існавання чалавека і грамадства. Менавіта з такога бачання праблем сучаснай і гістарычнай рэальнасці Аляксандрам Вышкам і вырабляецца адмаўленне любой дыдактыкі. Меркаванні, выяўленыя мастакамі, у вядомым сэнсе можна назваць узаемадапаўняльнымі, аднак паміж імі таксама пралягае і відавочны гнасеалагічны водападзел. Таму пра ступень абгрунтаванасці абодвух поглядаў няхай мяркуе сам чытач…

Георгій КАРЖАНЕЎСКІ, арт-журналіст

Віцебск